• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пражскі суд адхіліў пазоў журналісткі з Беларусі, якую вінавацяць у супрацы з ГРУ

    Пражскі гарадскі суд адхіліў пазоў журналісткі Наталлі Судлянковай супраць рашэння чэшскага ўрада, які ўключыў яе ў нацыянальны санкцыйны спіс.

    Пражскі гарадскі суд адхіліў пазоў журналісткі Наталлі Судлянковай

    Наталля Судлянкова. Фота: Kateři­na Šulová / ČTK

    Пражскі гарадскі суд пастанавіў, што беларуская грамадзянка, журналістка і кансультантка па СМІ і PR Наталля Судлянкова была актыўным інструментам варожай дзейнасці Расіі ў Чэхіі, паведамляе чэшскае грамадскае медыя iROZHLAS.cz. Праз гэта яе скарга на дзеянні ўрада Чэхіі засталася незадаволенай. Выданне атрымала рашэне суда, якое было прынятае ў закрытым працэсе.

    Нагадаем, у красавіку 2025 года папярэдні кабінет міністраў Петра Фіялы увёў супраць Наталлі Судлянковай нацыянальныя санкцыі. Дзяржава замарозіла ўсе ўнутраныя актывы Судлянкавай, і журналістка была вымушана пакінуць Чэхію. Яна выехала ў Расію.

    Судлянкова з Масквы падала пазоў супраць рашэння чэшскага кабінета міністраў. Гарадскі суд у Празе разглядаў яе справу 10 месяцаў. Паводле звестак iROZHLAS.cz, у жніўні ён вынес адмоўнае рашэнне. 

    «Магу пацвердзіць, што па гэтай справе вынесены вердыкт аб адхіленні пазову», — заявіла iROZHLAS.cz Юлія Галузава, прадстаўніца Пражскага гарадскога суда.  

    Такім чынам, інстанцыя пацвердзіла рашэнне ўрада, заснаванае на высновах Службы інфармацыйнай бяспекі (BIS) аб тым, што Судлянкова працавала супраць інтарэсаў Чэшскай Рэспублікі.

    Публікавала прарасійскія артыкулы

    Наталля Судлянкова пражыла ў Чэхіі больш за 20 гадоў. У 1999 годзе яна атрымала там палітычны прытулак праз пераслед у Беларусі. Паводле Судлянковай, яна балатавалася ў беларускі парламент ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі, але яе абвінавацілі ў фінансавых злачынствах.

    У Чэхіі Судлянкова працавала галоўным рэдактарам расейскамоўнага штотыднёвіка «Пражский телеграф», які выдаваўся ў Празе. У мінулым яна таксама супрацоўнічала з Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода і з выданьнямі Týden і Lidové noviny.

    Афіцыйна «Пражский телеграф», які выдавала Судлянкова, мусіў садзейнічаць развіццю чэшска-расійскіх адносін. Але журналістку вінавацяць у тым, што як мінімум з 2020 года яна праз публікацыі прасоўвала варожыя інтарэсы Расійскай Федэрацыі, яе санкцыйных бізнесменаў і ўплывовых асоб. А таксама ў тым, што гэтая дзейнасць фінансавалася расійскай разведкай.

    Акрамя таго, з матэрыялаў судовага прысуду вынікае, што Судлянкова дзейнічала ў інтарэсах расійскага алігарха Алішэра Усманава.

    «Яна супрацоўнічала з Фондам падтрымкі і абароны правоў суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, удзельнічала ў дзейнасці міжнароднага руху «Бессмяротны полк» і пасля супрацоўнічала з арганізацыяй «Бессмяротны полк Расіі», а таксама займалася кіраваннем PR-дзейнасцю па падтрымцы інтарэсаў расійскай дзяржаўнай карпарацыі «Расатам» у Чэхіі», — адзначацца таксама ў рашэнні суда, які атрымала рэдакцыя.

    Скардзілася на парушэнне свабоды слова

    Паводле iROZHLAS.cz, у распараджэнні BIS было 14 сакрэтных дакументаў, якія ўтрымліваюць доказы супрацоўніцтва Судлянкавай з ГРУ і пракрамлёўскімі арганізацыямі. У справаздачы за 2024 год BIS называе журналістку адной з найбольш актыўных супрацоўнікаў расійскіх спецслужбаў у Чэхіі.

    Адзначаецца, што яна забяспечвала публікацыю артыкулаў, у якіх, напрыклад, крытыкавалася дапамога Украіне, дзейнасць чэшскіх арганізацый або ўвядзенне еўрапейскій сакнкцый супраць Алішэра Усманава. Нібыта за гэта яна атрымала дзясяткі тысяч еўра ў крыптавалюце. У якасці куратара Судлянковай называецца супрацоўнік расійскай ваеннай разведкі ГРУ Аляксей Шаўроў.

    Наталля Судлянкова абвергла абвінавачанні ў супрацы з расійскай разведкай і знаёмства з Шаўровым. У сваім пазове супраць чэшскага ўраду яна скардзілася на парушэнне яе права на справядлівы разгляд справы на на тое, што ўведзеныя санкцыі пазбаўляюць яе права на свабоду слова як журналісткі.

    Аднак суд вырашыў, што «інтарэсы Чэшскай Рэспублікі ў захаванні і аднаўленні міжнароднага міру і бяспекі, а таксама ў падтрымцы дэмакратыі і вяршэнства закона пераважаюць права, на якое спасылаецца пазоўнік».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.