Старшыня ПАРЭ звярнуўся да зняволеных беларускіх журналістаў: «Мы не забудзем пра вас»
Старшыня Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Тэодарас Русопуляс у інтэрв’ю «Радыё Свабода» згадаў зняволеных беларускіх журналістаў і выказаў ім словы падтрымкі.

Старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Тэодарас Русопуляс. Архіўнае фота
Цягам восеньскай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прайшло некалькі важных падзеяў, зьвязаных з свабодай прэсы і свабодай журналістаў. У фае сэсійнай залі адкрылася выстава аб зьняволеных Расеяй украінскіх журналістах «Прэса ў зьняволеньні». Тры журналісты апошнім часам былі вызваленыя з расейскага палону, сярод іх Максім Буткевіч, які на гэтай сэсіі ПАРЭ атрымаў прэмію імя Вацлава Гавэла. Але яшчэ 26 ўкраінскіх журналістаў застаюцца ў расейскім палоне. У ПАРЭ прайшла акцыя памяці журналісткі Вікторыі Рошчынай, якая ў расейскім палоне загінула.
Згадвалі тут і 29 зьняволеных беларускіх журналістаў.
Гаворачы пра іхныя лёсы, Тэодарас Русопуляс у інтэрвію «Свабодзе» найперш згадаў свайго сябра, былога палітвязьня Мікіса Тэадаракіса:
«Гэта быў выдатны грэцкі кампазытар. Я вельмі блізка сябраваў зь ім, і менавіта пра гэта я ўчора расказваў расейцам, якія былі ў маім кабінэце. Я размаўляў зь Мікісам пра яго выгнаньне. Яго кідалі ў турму пры дыктатуры ў 1967 годзе, але ён шмат разоў быў увязьнены і падчас Другой усясьветнай вайны, і пасьля. Ён для нас, грэкаў, ня толькі вялікі кампазытар, а больш чым герой.
Калі я размаўляў зь ім пра выгнаньне, у якім ён жыў у Парыжы пасьля вызваленьня, а да таго быў зьняволены амаль год у Грэцыі, ён сказаў мне, што заўсёды марыў пра волю, але нават ня мог уявіць, якім будзе гэты дзень».
Тэодарас Русопуляс сказаў, што свабодай слова ў Беларусі і свабодай беларускіх журналістаў занепакоеныя ня толькі Рада Эўропы і асабіста ён, але і многія іншыя людзі.
«Майго цесьця пры дыктатуры пасадзілі ў турму на два з паловай гады. Пазьней, калі я сустрэўся з маёй жонкай, а яго дачкой, ён сказаў мне, што калі Рада Эўропы выгнала Грэцыю, выключыла, яны былі вельмі шчасьлівыя, бо адчувалі ў турме, што хтосьці клапоціцца пра іх, хтосьці думае пра іх, яны не забытыя.
Вось жа галоўнае — не забываць. Мы перадаем людзям пасланьне аб тым, што не забываемся. Вядома, мы ня можам узяць зброю і пайсьці вызваляць іх у такой краіне, як Беларусь, на жаль. Але пасланьне павінна заставацца моцным.
Часам людзі схільныя забываць, а калі вы забываецеся, то выглядае, быццам вас больш гэта не турбуе. Таму мы надалей будзем памятаць пра іх. А плятформа, якую мы стварылі для вашых суайчыньнікаў і якая даступная ім для супрацы з намі тут, у Радзе Эўропы, у Асамблеі, — гэта выразны сыгнал: мы не павінны забываць пра іх і мы будзем іх падтрымліваць», — заявіў Тэодарас Русопуляс.
