Яраслаў Кірвель пра фестываль KULOK: «Будзе шмат мастацтва, і яно будзе рознае»
25 кастрычніка ў Варшаве пройдзе першы незалежны фестываль KULOK — пляцоўка для музыкі, тэатра, візуальнага мастацтва і адукацыйных сустрэч. Адзін з арганізатараў і вядоўца фэсту, мастак Яраслаў Кірвель распавядае пра канцэпцыю і мэты першага «Кулька».

Яраслаў Кірвель на фестывалі Tutaka-2025. Фота з асабістай старонкі ў Instagram
Арганізатары заяўляюць мэтамі імпрэзы KULOK «падтрымку палітвязняў і людзей з анкалагічнымі захворваннямі, а таксама стварэнне прасторы свабоднага самавыяўлення і ўзаемнай падтрымкі».
Як кажа Яраслаў Кірвель у інтэрв’ю Budzma, уваход на імпрэзы будзе адбывацца за free donation. Грошы, якія атрымаецца сабраць, вырашана падзяліць 50 на 50 на творцаў і дабрачыннасць.
Мастак кажа, што апошнім часам тэма анкалогіі стала досыць заўважнай у беларускай дыяспары, «вельмі шмат стрэсу, трывожнасці, гэта таксама, напэўна, спрыяе такім захворванням, і ёсць людзі, якія пакутуюць на анкалогію ў турме, умовы там падвышаюць рызыкі»/
У афішы фэсту — беларускія, украінскія і польскія творцы. Сярод музычных удзельнікаў — гурты Dzieciuki, Atesta, Torn, артыст Mandzik.
«Dzieciuki тут як бы нас ахрышчваюць і даюць дарогу маладым музыкам», — заўважае Яраслаў Кірвель.

Паэт Артур Камароўскі прэзентуе зборнік «Анатомія», актрыса Вольга Каралёнак — трасянкавую камедыю «Гдзе прэзідзент?», рэжысёр Арцём Лобач — фільм «Дом там, дзе я?».
Даследчык і падарожнік Аляксандр Гойшык правядзе лекцыю пра трохгадовае кругасветнае падарожжа.
Таксама пройдзе паказ серыялу «Чин-Чины в Мундирах» і гутарка з адным са стваральнікаў фільма Змітром Есяневічам.
У межах фестывалю адбудзецца мастацкая выстава «Цень», сярод творцаў беларускія Yaraslau Kirvel, Sierafimus, Arcemij Kopach, Serbski Nož, Alex Atyasov, Ztinavl, Cimur Cienišau; украінскія Karolina Pidkova, Kacia Kulik і польскія Oskar Wiatr, Jeremi Nowiński, Sabina Krysik, Madga Dubis, Jagoda Saigon.
Яраслаў Кірвель кажа, што адной з задач было прыцягненне да ўдзелу ў фэсце маладых творцаў не толькі з Беларусі.
Гэта пра інтэграцыю маладых людзей, «каб людзі не замыкаліся ў сваіх культурных бурбалках, мы ж усё-такі знаходзімся ў адным культурным полі, мы знаходзімся ў Варшаве, мы ўсе жывём у гэтым горадзе, мы хочам развівацца, займацца творчасцю».
«І калі мы будзем займацца гэтым разам, то культура, мастацтва будуць больш разнастайнымі, а культурныя сувязі праз гэта толькі ўзмацняцца. Мы ўсе сталеем, у будучыні працягнем займацца культурай, такія міжкультурныя сувязі дапамогуць. І праз такія справы, як наш фэст, яны і ўтвараюцца ў тым ліку», — зазначыў мастак.
Канцэпцыя фестывалю «закладзена ў самой назве KULOK». «Гэта слова «кулёк» добра вядомае творцам. І не трэба думаць, што «кулёк» — гэта толькі пра менскі Універсітэт культуры. У маёй роднай Гародні, напрыклад, каледж мастацтваў гэта таксама «кулёк», — распавядае Яраслаў Кірвель. — Больш за тое, у кожным горадзе Беларусі і Украіны, дзе ёсць культурныя навучальныя ўстановы, іх называюць аднолькава — «кулёк», установа, дзе вучацца адначасова і музыкі, і акторы, і мастакі, і кіношнікі.
Сама назва фэсту паказвае, што тут будзе шмат мастацтва, і яно будзе рознае — як у сапраўдным «кульку».

Гурт Dzieciuki. Фота са старонкі гурта ў Фэйсбуку
Што да выставы «Цень», куратарам і ўдзельнікам якой ёсць Яраслаў Кірвель, то гэта пра нашае «падсвядомае, увогуле цёмны бок». «Менавіта цяпер, у часы эміграцыі, мноства асабістых і глабальных крызісаў, цень застаецца побач з намі як маўклівы напамін пра перажыты досвед, пра тое, што мы часам спрабуем забыць, але яно ўсё роўна ідзе побач з намі», — зазначае куратар выставы. Выстава рабілася менавіта пад прастору сквота «Syrena», «гэта прастора якраз адпавядае нашай задумцы наконт ценяў, фізічных і метафізічных».
«Мы будзем рады вітаць усіх на нашым фестывалі, бо ён мае на мэце аб’яднанне і прыўнясенне радасці ў гэта жыццё. Хочацца, каб фестываль стаў прасторай для новых знаёмстваў, новых уражанняў, эмоцый, успамінаў, якія будуць грэць нас у халодную пару, — і не толькі ў Варшаве, можа быць, на фэст прыедуць і людзі з іншых гарадоў», — зазначае Яраслаў Кірвель.

Яраслаў Кірвель на фестывалі Tutaka-2025. Фота з асабістай старонкі ў Instagram
Фестываль пройдзе на дзвюх знаных у Варшаве пляцоўках — Przychodnia і Syrena Skłot, вядомых сваёй DIY-культурай, актывізмам і атмасферай свабоды.
@bajmedia