Рэдактара s13 Сяргея Чабоцьку ўключылі ў пералік «экстрэмістаў»
21 лістапада на сайце МУС аднавіўся пералік асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод іншых у ім з’явілася прозвішча Сяргея Чабоцькі, рэдактара гродзенскага гарадскога партала s13.

Сяргей Чабоцька. Фота: Facebook
31 кастрычніка 2025 года Гродзенскі абласны суд прыгаварыў Чабоцьку да 3 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу памерам памерам 1 000 базавых велічынь (42 000 рублёў, ці прыблізна 14 230 долараў па курсе НБРБ).
Суд праходзіў у прысутнасці пракурора Антона Шалковіча. Суддзя Юрый Казакевіч пастанавіў лічыць Сяргея Чабоцьку вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў:
- арт. 361–1 КК РБ (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім),
- арт. 367 КК РБ (Паклёп у дачыненні прэзідэнта РБ).
Сваёй віны падчас працэсу Чабоцька не прызнаў. Але абскарджваць рашэнне суду ён не стаў, і зараз прысуд уступіў у законную сілу. Куды асуджанага накіравалі адбываць пакаранне, пакуль невядома.
За кратамі былы рэдактар гарадскога партала знаходзіцца ўжо больш за год. Сілавікі затрымалі яго 23 кастрычніка 2024 года, і ў той самы дзень перасталі абнаўляцца сайт і сацсеткі выдання. Праз два дні суд Ленінскага раёна Гродна пастанавіў лічыць змест сайта s13.ru і звязанага з ім Telegram-канала «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй». Яшчэ праз пару дзён суд дадаў да «экстрэмісцкіх» старонкі ў сацсетках і лагатыпы анлайн-выдання — іх усе ўнеслі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Адразу пасля затрымання Сяргею Чабоцьку прызначылі 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць).
Потым, не выпускаючы на волю, дадалі «суткі» паводле часткі 1 артыкула 24.23 КаАП (парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства). Трэці адміністрацыйны арышт быў прызначаны Чабоцьку зноў па абвінавачанні ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Але і пасля з‑за кратаў рэдактар гродзенскага сайта s13.ru не выйшаў — у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу.
Наступныя падзеі паказалі, што Чабоцьку вінавацяць паводле «экстрэмісцкага» артыкула: 9 снежня 2024 года сайт s13.ru з’явіўся ў «Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». У якасці групы грамадзян, якія, на думку сілавікоў, здзяйснялі «экстрэмісцкую дзейнасць» былі названыя Сяргей Чабоцька і Раман Алешка.
З інфармацыі на сайце МУС вынікала, што Камітэт дзяжбяспекі Беларусі абвесціў партал s13.ru «экстрэмісцкім фармаваннем» 5 лістапада 2024 года, і ў той жа дзень рашэнне сілавога ведамства набыло моц.
На той момант Сяргей Чабоцька якраз адбываў апошні адміністрацыйны арышт. Неўзабаве стала вядома, што яго ўзялі пад варту і перавялі ў следчы ізалятар пры гродзенскай турме № 1.
28 снежня 2024 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Сяргея Чабоцьку палітычным вязнем.
Пакуль рэдактар знаходзіўся ў СІЗА пад вартай, у Гродне працягвалі шукаць крамолу на інтэрнэт-рэсурсах ягонага праекта. Рашэннем суда Ленінскага раёна ад 14 сакавіка 2025 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» былі прызнаныя TikTok-акаўнт «s13.ru» і YouTube-канал «s13.ru».
Гродзенскі партал s13.ru праіснаваў 19 гадоў. Ён з’явіўся ў 2005 годзе і першапачаткова працаваў як блог. Пазней ператварыўся ў агрэгатар навін. Уласнага кантэнту на сайце было няшмат, але доўгія гады рэсурс быў адным з самых папулярных у горадзе.
@bajmedia