TVP: «Белсат» у кастрычніку сабраў 52,3 мільёнаў праглядаў
У Польшчы падлічылі ахопы замежных каналаў, якія ўваходзяць у структуру TVP — Ośrodek Mediów dla Zagranicy. Медыяцэнтр падкрэслівае істотны рост анлайн-аўдыторыі некалькіх замежных рэдакцый. У яго пераліку ёсць і «Белсат».

Ньюзрум «Белсата». Варшава, Польшча. 23 студзеня 2025 года. Фота: «Белсат»
«Рост ахопаў больш як на дзве траціны»
Паводле афіцыйных падлікаў, у кастрычніку «Белсат» сабраў 52,3 мільёна праглядаў у сваіх анлайн-акаўнтах, піша signs.pl.
Па аб’ёме трафіку лідзіруе Facebook: старонкі тэлеканала ў гэтай сацсетцы сабралі 39,1 мільёна праглядаў. Яшчэ 4,6 мільёна праглядаў прыпала на YouTube.
У справаздачы падкрэсліваецца, што «Белсат» працягвае павялічваць ахоп у сацыяльных сетках і ўтрымлівае высокую пазіцыю сярод замежных каналаў польскага грамадскага вяшчальніка. Адзначаецца, што рост адбываецца на фоне пашырэння кантэнтных фарматаў і запуску новых інфармацыйных праграм.
Кіраўнік і галоўны рэдактар Медыяцэнтра для замежжа Міхал Бранятоўскі адзначыў:
««Белсат», якому крытыкі прадракалі сыход у забыццё, пасля яго ўключэння ў склад OMdZ, не толькі ўмацаваў сваю пазіцыю (рост ахопаў больш як на дзве траціны), але і запусціў дадатковыя навінавыя праграмы ў жывым эфіры. А таксама штотыднёвае раняшняе шоу для беларусаў — таксама ў жывым эфіры».
Замежныя каналы TVP: што яшчэ змянілася
Замежныя каналы польскага тэлебачання дэманструюць выдатныя паказчыкі. Паводле ведамства, у кастрычніку сумарныя прагляды замежных праектаў TVP наблізіліся да рэкордных 379,7 мільёнаў праглядаў. Асобныя каналы паказалі гістарычныя максімумы.

Вядоўца «Вот так» Марыя Макарава, кіраўніца «Slawa TV» Марыя Гурская і галоўная рэдактарка «Белсата» Аліна Коўшык бяруць інтэрв’ю ў міністра замежных спраў Польшчы Радослава Сікорскага падчас ягонага візіту ў рэдакцыю «Белсата». Варшава, Польшча. 9 красавіка 2025 года. Фота: «Белсат».
Асабліва прыкметны рост назіраецца ў рускамоўным анлайн-праекце Vot Tak, які раней быў раней невялікім дадаткам да «Белсата». Яго інтэрнэт-каналы ўпершыню перасягнулі 100 мільёнаў штомесячных праглядаў. Аналітыкі адзначаюць, што праект умацоўвае пазіцыю адной з найбольш значных крыніц незалежнай інфармацыі для рускамоўнай аўдыторыі.
Украінскамоўная рэдакцыя Slawa пачала вяшчанне ў сакавіку 2025 года. Ужо цяпер яна прысутнічае ў кабельнай дыстрыбуцыі ва Украіне, дзе дасягае месячных ахопаў звыш мільёна ўнікальных карыстальнікаў.
— Вельмі радуюся, што праграмы, створаныя ў Ośrodek Mediów dla Zagranicy, дасягаюць такіх выдатных вынікаў. Гэта паказвае, наколькі прафесійнымі з’яўляюцца каманды TVP World, Vot Tak, Slawa і «Белсата», і як добра яны разумеюць патрэбы і патрабаванні сучасных атрымальнікаў інфармацыі, а таксама спецыфіку сацыяльных медыя, якія з’яўляюцца нашым асноўным каналам дыстрыбуцыі, — дадаў Міхал Бранятаўскі.
@bajmedia