• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    2107 новых «экстрэмісцкіх матэрыялаў»: вынікі 2025 года ў Беларусі

    У 2025 годзе беларускі рэжым працягнуў тэндэнцыю па прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкай».

    2107 новых «экстрэмісцкіх матэрыялаў»: вынікі 2025 года ў Беларусі

    Ілюстрацыя: spring96.org

    За год суды прызналі «экстрэмісцкімі» 2107 інфармацыйных матэрыялаў — ад Telegram-каналаў і Tik­Tok-акаўнтаў да кніг, сайтаў міжнародных арганізацый і старонкі са спісам палітвязняў. «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» разросся да 1928 старонак і 8172 пазіцый. «Вясна» падводзіць вынікі года: якія суды сталі найбольш рэпрэсіўнымі і што ўлады называлі «экстрэмізмам».

    Што ў 2025 годзе прызнавалі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»?

    На канец 2025 года «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Беларусі заняў ужо 1928 старонак. Паводле інфармацыі «Вясны», па стане на пятага снежня агулам у Беларусі прызнана 8172 матэрыялаў «экстрэмісцкімі», чвэрць — 2107 — з якіх была прызнана сёлета.

    За ўвесь час «экстрэмісцкімі» ў Беларусі прызналі:

    • 2421 Telegram-каналаў і ‑чатаў;
    • 1077 Insta­gram-старонку;
    • 985 Tik­tok-акаунта;
    • 826 старонкі і суполкі ў VK;
    • 585 старонкі і суполкі ў Face­book;
    • 540 youtube-старонак;
    • 360 старонкі і суполкі ў «Аднакласніках»;
    • 180 старонак у X;
    • 36 сторанкі ў Viber.

    У 2025 годзе «экстрэмісцкімі» прызналі:

    • 469 Telegram-каналаў і ‑чатаў;
    • 411 Insta­gram-старонкі;
    • 319 Tik­tok-акаунта;
    • 222 старонкі і суполкі ў Face­book;
    • 143 старонкі і суполкі ў VK;
    • 118 youtube-старонак;
    • 99 старонкі і суполкі ў «Аднакласніках»;
    • 21 старонак у X;
    • 4 сторанкі ў Viber.

    Якія суды прынялі больш за ўсё рашэнняў па прызнанні матэрыялаў «экстрэмісцкімі»?

    З Валанцёрскай службай «Вясны» прааналізавалі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» на колькасць прынятых судамі рашэнняў. Гэтымі рашэннямі могуць быць прызнаныя да 20 пазіцый адначасова. Такім чынам, у 2025 годзе топ‑5 самых рэпрэсіўных судоў па «экстрэмізму» выглядаў так:

    • суд Ленінскага раёна г. Магілёва — 102 рашэнні;
    • суд Ленінскага раёна г. Гродна — 91;
    • суд Ленінскага раёна г. Брэста — 83;
    • суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы — 75;
    • суд Цэнтральнага раёна г. Мінска — 73.

    Агулам за ўвесь час сітуацыя выглядае так:

    • суд Цэнтральнага раёна г. Мінска — 513 рашэнняў;
    • суд Ленінскага раёна г. Брэста — 364;
    • суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы — 313;
    • суд Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці — 219;
    • суд Ленінскага раёна г. Гродна — 218;
    • суд Ленінскага раёна г. Магілёва — 194;
    • суд Барысаўскага раёна Мінскай вобласці — 181;
    • суд Мінскага раёна Мінскай вобласці — 176;
    • суд Кастрычніцкага раёна г. Віцебска і суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці — 156;
    • суд Чыгуначнага раёна Гомеля — 122.

    Выглядае адметным, што задачу па прызанні матэрыялаў «экстрэмісцкімі» перадалі ў пэўны суд. Напрыклад, калі за ўвесь час у Мінску было прызнана судом Цэнтральнага раёна ажно 513 рашэнняў, то суд Кастрычніцкага раёна Мінска прыняў за ўвесь час толькі адно рашэнне.

    Што ў 2025 годзе прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»?

    Старонкі музычнага гурта Naviband 

    9 кастрычніка суд Докшыцкага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі» старонку ў Face­book «Nav­iband – Belarus», а таксама старонкі ў Insta­gram «nav­iband» і «ksunav­iband». 

    Тэлеграм-канал Беларускага ПЭНа

    Гэта адбылося 23 снежня. У адказ на гэтую навіну на Беларускі ПЭН заклікаў тых, хто застаецца ў Беларусі, адпісацца.

    «Беларускі ПЭН заўсёды застаецца адданы свабодзе слова і правам чалавека і будзе працягваць працу, нягледзячы на перашкоды з боку дзейнай улады», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.

    Telegram-стыкеры

    У снежні прапагандысты заявілі, што больш за 100 Telegram-стыкераў прызналі «экстрэмісцкімі». Сцвярджаецца, што стыкеры «былі створаны з мэтай рэабілітацыі нацызму, публічнага дэманстравання, распаўсюджвання і прапаганды нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі, распальвання расавай, сацыяльнай і нацыянальнай варожасці і варажнечы, а таксама стварэння недаверу да дзяржаўнай улады». Некаторыя з іх «змяшчалі абразы палітычных і дзяржаўных дзеячаў Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікаў праваахоўных органаў у сувязі з іх прафесійнай і службовай дзейнасцю, а таксама заклікі да расавай сегрэгацыі і прымянення гвалту». Але пра якія дакладна стыкеры ідзе гаворка — невядома.

    У лістападзе «экстрэмісцкімі» прызналі Telegram-стыкеры «Hitler919» і «Hitler12».

    Напрыканцы снежня Бялыніцкі суд прызнаў «экстрэмісцкім» Telegram-стыкер «Чык чырык».

    Старонка са спісам беларускіх палітвязняў

    Суд Ленінскага раёну Брэста 19 снежня прызнаў «экстрэмісцкай» старонку «Вясны» са спісам беларускіх палітвязняў. Гаворка пра старонку prisoners.spring96.org, на якой размешчаны актуальны спіс палітвязняў, а таксама спіс былых палітычных зняволеных. Пры гэтым, уся інфармацыйная прадукцыя «Вясны» была прызнаная «экстрэмісцкай» яшчэ ў 2022 годзе.

    Кнігі і выданні

    У лістападзе «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі дзве кнігі Сашы Філіпенкі. Гаворка пра друкаваныя выданні «Слон» і «Чырвоны крыж» (выдавецтва Guten­berg Pub­lish­er Sp.z.o.o., Krarow 2025). Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Кастрычніцкага раёну Мінска 13 лістапада. У верасні гэтыя кнігі дадалі ў спіс забароненых да распаўсюду на тэрыторыі Беларусі.

    29 верасня суд Кастрычніцкага раёну Мінска ўнёс у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» кніжныя выданні Валера Гапеева «Вольнеры. Прадвесце» і «Вольнеры. Бясконцы дзень». «Вольнеры» — серыя фэнтэзійна-прыгодніцкіх гісторый пра старшакласнікаў адной з мінскіх школ, па матывах беларускай міфалогіі.

    У верасні ў «экстрэмісцкі спіс» дадалі тры нумары часопіса «Беларусь i свет», кнігу Цімаці Снайдэра «Пра свабоду», а таксама «Код адсутнасці» і «Трэба ўявіць сізіфа шчаслівым» Валянціна Акудовіча.

    У ліпені «экстрэмісцкімі» былі прызнаныя кнігі Эрыха фон Манштэйна «Згубленыя перамогі», Эрвіна Рамэля «Баявыя аперацыі ў Паўночнай Афрыцы і на заходнім фронце ў Еўропе», Джына Шарпа «Ад дыктатуры да дэмакратыі».

    У траўні «экстрэмісцкімі» прызналі кнігу «Украiнская ноч вельмi асабiстыя гiсторыi рэвалюцыi» і «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода». Такое рашэнне прыняў суд Кастрычніцкага раёну Мінска 23 траўня.

    Таксама ў траўні «экстрэмісцкай» прызналі кнігу «Забойства на вулiцы Макаёнка». Адпаведнае рашэнне было прынятае таксама судом Кастрычніцкага раёну Мінска.

    6 сакавіка суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі» кнігі «Кроў i попел Дражна: Гiсторыі Партызанскага злачынства», «Партизаны СССР: от мифов к реальности», «Советские партизаны: Мифы и реальность».

    У сярэдзіне студзеня «экстрэмісцкай» былі прызнаныя кнігі «Нарыс гiсторыi Беларусi (1795 — 2002)», «Тайны белорусской истории».

    Апроч гэтага, Міністэрства інфармацыі вядзе спіс забароненых да распаўсюду кніг. Агулам у спісе 225 пазіцый. Падрабязней можна прачытаць у праекце Беларускага ПЭНа «Belarus. Banned books»

    Сайт «Канферэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый»

    5 снежня суд Партызанскага раёну Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт «Канферэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый (CINGO)» — у рашэнні суда быў пазначаны афіцыйны сайт Савета Еўропы.

    10 снежня гэты самы суд адмяніў сваё рашэнне — афіцыйны сайт Савета Еўропы зноў стаў не «экстрэмісцкім» у Беларусі.

    19 снежня суд Партызанскага раёну Мінска дадаў у экстрэмісцкі спіс шэраг старонак з сайта Савета Еўропы — тых, што датычацца дзейнасці Канферэнцыі міжнародных няўрадавых арганізацый (CINGO).

    Старонкі палітвязняў і былых палітзняволеных

    Суд Дзяржынскага раёну напачатку траўня прызнаў «экстрэмісцкай» Tik­Tok-старонку палітыка і былога палітвязня Андрэя ДзмітрыеваНа гэтую старонку было падпісана амаль 8000 чалавек. У сакавіку «экстрэмісцкай» прызналі Insta­gram-старонку Дзмітрыева.

    У ліпені «экстрэмісцкім» прызналі YouTube-канал палітвязня, які на той момант пяць гадоў знаходзіўся за кратамі. Гаворка пра YouTube-старонкі «Серый Кот» і «Серый Кот Стримы» — яны належаць палітзняволенаму блогеру Змітру Казлову, які з 10 чэрвеня 2020-га году знаходзіцца за кратамі. У верасні 2025 яго вызвалілі пры садзейнічанні ЗША.

    Пятага лістапада суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкім» сайт былога палітзняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага tihanovski.com, а таксама ўсіх сацсетках праекта — старонках у Фэйсбуку, Х, Insta­gram, ютубе і телеграме. На сваім сайце ён публікуе навіны, анонсы сустрэч і выступаў. Нагадаем, блогер Сяргей Ціханоўскі быў асуджаны да 19 гадоў і 6 месяцаў калоніі ў снежні 2021 года. У верасні 2025 яго вызвалілі пры садзейнічанні ЗША.

    Напрыканцы снежня «экстрэмісцкай» прызналі тік-ток акаунт былой палітзняволенай Кіры Баярэнкі.

    Краўндфандынгавы праект Gronka

    У сярэдзіне студзеня стала вядома, што сайт і сацсеткі платформы «Gron­ka» ўнеслі ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Яшчэ праз паўмесяцы платформу ўнеслі ў «спіс экстрэмісцкіх фармаванняў».

    Інфармацыйная прадукцыя медыя

    Напрыканцы снежня стала вядома, што Insta­gram-старонка «citydog_by» была прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

    31 снежня стала вядома, што ў «экстрэмісцкі спіс» дадалі старонку ў Threads «Медиазона. Беларусь».

    18 ліпеня суд Ленінскага раёну Магілёва ўнёс у «экстрэмісцкі спіс» YouTube-канал «Delfi Литва». На яго падпісаныя больш за 100 тысяч чалавек.

    Інфармацыйныя прадукцыя парталу «Медыя-Палессе» была прызнаная «экстрэмісцкай» 16 красавіка судом Пінска і Пінскага раёну.

    У сярэдзіне студзеня «экстрэмісцкім» быў прызнаны Tik­Tok беларускага медыя «pozirk_online».

    Сацсеткі брэнду ўпрыгожванняў Belaruskicry 

    Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Партызанскага раёну 23 ліпеня, але з’явілася ў Спісе Мінінфарма значна пазней. Гаворка пра сайт, а таксама старонкі ў Insta­gram, Telegram, Face­book, Tik­Tok і «Х». Неўзабаве Belarus­kicry прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

    Facebook-старонка палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага

    Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Горацкага раёну 31 ліпеня. У «экстрэмісцкі спіс» трапіў і Telegram-канал «Klask­ous­ki».

    Украінская сетка Telegram-каналаў «Труха»

    Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Чыгуначнага раёну Гомеля 3 студзеня. Сцвярджаецца, што нагодай для гэтага рашэння стала «публікацыя загадзя ілжывых звестак пра Беларусь, удзел у дэструктыўнай прапагандзе і інфармацыйных укідах».

    Telegram-каналы сеткі «Труха» маюць вялікую колькасць падпісантаў — адзін толькі канал «Труха⚡️Україна» мае больш за 2 мільёны 680 тысяч чытачоў.

    «Місія дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве»

    У лістападзе ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі старонку ў Face­book «Місія дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве» (палітычнае прадстаўніцтва офіса Святланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінета).

    Дакументальны фільм пра сталінскія рэпрэсіі

    Гаворка пра фільм «Лес», які быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» судом Цэнтральнага раёну Гомеля 29 студзеня. У дакументальным фільме «Лес» паказана некалькі рэальных гісторый 1930‑х гадоў аб сталінскіх рэпрэсіях. Адна з іх — пра гомельскага чыноўніка, які перажыў расстрэл у сумна вядомым Навабеліцкім лесе пад Гомелем.

    Прызнанне персанальных старонак «экстрэмісцкімі матэрыяламі»: наступствы і парады ад юрысткі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці