• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Польскія ўлады адмовіліся раскрыць сутнасць справы Аляксандра Буракова, паводле якой яму забаронены ўезд у Шэнгенскую зону

    Ініцыятарам унясення журналіста ў «бан» была Польшча. Аляксандр Буракоў амаль пяць гадоў спрабаваў высветліць у чым заключаюцца прэтэнзіі, на падставе якіх яму забаронена наведваць шэраг еўрапейскіх краін — сябраў Шэнгенскага пагаднення.

    Аляксандр Буракоў

    Алесь Буракоў-старэйшы. Фота: БАЖ

    Напярэдадні новага году Аляксандр Буракоў-старэйшы атрымаў ліст ад свайго адваката Пятра Дзенішэўскага наконт фінальнага рашэння кіраўніка Упраўлення па справах замежных грамадзян. Летась адвакат звяртаўся ў гэты орган з просьбай выдаць для азнаямлення матэрыялы справы беларускага журналіста.

    Нагадаем, у 2021 годзе Аляксандр Буракоў даведаўся, што яму — нягледзячы на нядаўна выдадзеную польскую візу — забаронены ўезд у краіны Шэнгенскага пагаднення да 2 сакавіка 2026 года.

    Шэнгенскі бан для журналіста і праваабаронцы. Як бюракратыя прыводзіць да жыццёвай драмы

    Улетку 2025 года Аляксандр Буракоў праз адваката дамагаўся тлумачэння падстаў, паводле якіх журналіста ўключылі ў ў базу SIS (Шэнгенскую інфармацыйную сістэму, якая выкарыстоўваецца для мер бяспекі), каб аспрэчыць забарону.

    Ваяводскі адміністрацыйны суд у Варшаве 9 ліпеня 2025 года прызнаў, што адмова выдаць для азнаямлення матэрыялы справы — неправамоцная. Але ў тым жа месяцы яму зноў адмовілі: «З той прычыны, што падставы ўнясення мяне ў SIS падпадаюць пад дзеянне асобных пунктаў заканадаўства, калі замежнік не мае права на азнаямленне з дакументамі».

    Без шанцаў на рассакрэчванне матэрыялаў справы

    29 снежня 2025 года адвакат Пётр Дзенішэўскі атрымаў адказ ад суда, у якім пацвярджаецца, што Упраўленне па справах замежнікаў застаецца на сваёй пазіцыі і патрабуе адхілення скаргі Буракова.

    «Суд абвясціў, што справа будзе разглядацца ў спрошчаным парадку на закрытым пасяджэнні. Гэта азначае, што рашэнне будзе вынесена на падставе матэрыялаў справы і працэсуальных дакументаў, без прызначэння слухання і без удзелу бакоў. Суд разгледзіць дакументы, на падставе якіх вас унеслі ў SIS. Рашэнне, імаверна, будзе вынесена цягам 1–2 месяцаў», — паведаміў адвакат журналіста.

    «Я задаў пытанне, ці значыць гэты ліст, што адвакатам не дадуць зірнуць маю справу», — распавёў Службе інфармацыі Аляксандр Буракоў. — І выглядае, што так, не дадуць».

    Вось адказ адваката Пятра Дзенішэўскага: «У адказ на ваша пытанне: так, гэтыя матэрыялы пакуль застануцца засакрэчанымі. Польскае заканадаўства аб абароне сакрэтнай інфармацыі ў гэтым дачыненні вельмі строгае. Мы зрабілі ўсе магчымыя юрыдычныя крокі, каб нашы адвакаты маглі азнаёміцца з засакрэчанымі доказамі, аднак улады аспрэчылі нашы запыты, спасылаючыся на правілы канфідэнцыйнасці.

    Як ужо адзначалася, у межах цяперашняга разгляду мы ў першую чаргу засяроджваемся на тым, каб незалежны суд меў магчымасць разгледзець сабраныя матэрыялы. Мэта апеляцыі — забяспечыць бесстароннюю ацэнку гэтых доказаў.

    Суд праверыць, ці апраўдваюць гэтыя дакументы ўключэнне вашых даных у SIS і ў спіс непажаданых асобаў, незалежна ад пазіцыі іміграцыйных службаў і Агенцтва ўнутранай бяспекі, якія засакрэцілі гэтыя дакументы».

    «То-бок, у любым выпадку матэрыялы справы застануцца таямніцай. Кошт усяго гэтага для мяне — 3000 еўра і амаль 5 гадоў абскарджвання. Застаецца дачакацца вердыкту суда, які будзе, хутчэй за ўсё, у лютым. Але ў любым выпадку з матэрыяламі справы не дазволяць пазнаёміцца. Гэты прыклад прымушае сумнявацца ў верхавенстве права ў ЕС, зварот у суд нічога не даў, — зазначыў Аляксандр Буракоў. — Між тым, польскі бан на маё наведванне Шэнгенскай зоны сканчаецца 2 сакавіка 2026 года. Калі, канечне, яны яго не працягнуць з нейкіх засакрэчаных падставаў».

    Трапіў у «бан», нават не заехаўшы ў Польшчу

    Паводле журналіста, спачатку ён спрабаваў разабрацца самастойна, што мог парушыць, каб трапіць пад забарону на ўезд у Шэнгенскую зону. Але для яго гэта так і засталося загадкай: 2 сакавіка 2021 года ён без праблем атрымаў польскую гуманітарную візу, але скарыстацца ёй не паспеў, бо наспела патрэба рэлакацыі ў Літву.

    Калі праз два месяцы Аляксандр падаў дакументы ў Літоўскую амбасаду, высветлілася, што з ініцыятывы польскага боку ён унесены ў спіс асоб, якія нясуць пагрозу ўнутранай бяспецы польскай дзяржавы. Хаця ў Польшчу журналіст нават не заязджаў.

    Таямнічыя наступствы старога канфлікту

    Падставай, як мяркуе сам Аляксандр Буракоў, маглі стаць хіба што падзеі 20-гадовай даўніны:

    «У сярэдзіне 2000‑х падчас журналісцкай дзейнасці адбыўся даволі сур’ёзны канфлікт, звязаны з выкарыстаннем грошай на абсталяванне. Гэта адбывалася ў Польшчы, і я стаў аўтарам ліста, які мы даслалі ў Міністэрства замежных спраў Польшчы, якое фінансавала праект. Скончылася тым, што абсталяванне тэрмінова закупілі, але ж у хуткім часе мяне спынілі на мяжы і таксама анулявалі візу».

    Тады Аляксандру забаранілі ўезд у Польшчу на тры гады. Але потым журналіст некалькі разоў атрымліваў шэнгенскія візы ў амбасадзе Літвы, спакойна перасякаў мяжу і наведваў краіны Еўрасаюза.

    На сёння Аляксандр Буракоў-старэйшы вымушаны жыць у замежжы — у адной з краін, якая не ўваходзяць у Шэнгенскую зону. Журналіст выехаў з Беларусі з прычыны палітычна матываванага пераследу.

    Ён працаваў фрылансерам на «Белсаце», радыёстанцыях «Радыё Рацыя», Deutsche Welle, пасля пратэсных падзей 2020 года яго двойчы затрымлівалі за прафесійную дзейнасць і прызначалі адміністрацыйныя арышты. У ізалятары Аляксандр трымаў галадоўку на знак пратэсту з нялюдскімі ўмовамі ўтрымання вязняў.

    У лютым 2021 года супрацоўнікі ГУБАЗіК прыйшлі да журналіста з пастановай на ператрус, а ў выніку зладзілі сапраўдны пагром у кватэры. Сілавікі пашматалі канапу, парэзалі падушкі, на кухні павысыпалі прадукты. Ператрэслі кош з бруднай бялізнай. У выніку забралі ноўтбук, тэлефон і некалькі флэшак.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці