«Індэкс цэнзуры» распачынае відэакампанію ў падтрымку зняволенага журналіста Андрэя Аляксандрава
Міжнародная арганізацыя Index on Censorship прапануе да дня народзінаў Андрэя Аляксандрава запісаць відэа з вершам журналіста і падзяліцца ім у сацсетках.

Андрэй Аляксандраў
27 студзеня журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў у шосты раз сустракае дзень народзінаў за кратамі.
Як зазначаюць у «Індэксе цэнзуры», «наш былы калега зноў сустрэне свята несправядліва зняволеным — за тое, што выступаў супраць дыктатарскага рэжыму ў сваёй краіне».
Каб адзначыць гэтую дату, «Індэкс цэнзуры» заклікае выказаць салідарнасць з Андрэем і ўсімі палітычнымі зняволенымі: «Запішыце відэа, на якім вы чытаеце верш Андрэя, і падзяліцеся ім у сацыяльных сетках».
Верш «#»:
When you look out through the bars at the sky,
It’s not bars you see but the sky overhead.
Yesterday’s bread smells of mould and loss,
but tomorrow’s smells like genuine bread.
You say: the sky is a trick of the light.
But the bars are the trick of the light, I say!
Because bars are a hashtag, just a habit, right?
And this is the hashtag trending today.
Yet the sky cares nothing for hashtags at all,
the sky has no thought for trends up ahead,
it does not feel the ground where our feet fall,
nor count the centuries and slices of bread.
The sky just draws clouds of cotton wool
over time — this is all that goes on really.
And the sky does not see any bars at all
when it peers deep into the sky in me.
Відэа можна размяшчаць на платформах X, BlueSky, Instagram, Facebook, LinkedIn.
Важна пазначыць сваю публікацыю хэштэгам #FreeAndrei і адзначыць Index on Censorship ва ўсіх публікацыях.
Верш «#» быў дасланы Андрэем сябрам з‑за кратаў. У 2023 годзе — да акцыі «1000 дзён за кратамі», якую таксама ладзіў «Індэкс цэнзуры» — быў перакладзены беларускай паэткай Ганнай Комар на англійскую мову. Тады радкі зачыталі праваабаронцы і выдаўцы, якія асабіста ведаюць Андрэя Аляксандрава.
Вось арыгінал верша пад сімвалічнай назвай «#»:
#
Калі на неба глядзіш праз краты,
не бачыш кратаў, а бачыш неба.
Учорашні хлеб пахне цвіллю і стратай,
а заўтрашні пахне сапраўдным хлебам.
Ты кажаш: неба — падман аптычны.
Але падман — гэта краты, вер мне!
Бо краты — толькі хэштэг,
як звычка,
А гэты хэштэг зараз проста ў трэндах.
Ды справы няма да хэштэгаў небу,
пра трэнды неба зусім не ў курсе,
яно пад нагамі не чуе глебы,
не лічыць стагоддзяў і хлебных лустаў.
І неба цягне аблокаў вату
над часам — адзінае, што жыве.
І неба таксама не бачыць кратаў,
калі ўглядаецца ў неба ўва мне.
Index on Censorship — міжнародная некамерцыйная арганізацыя і аднайменны часопіс, якія базуюцца ў Лондане і з 1972 года абараняюць свабоду слова і супрацьстаяць цэнзуры ва ўсім свеце. Арганізацыя публікуе працы аўтараў, якія падвяргаюцца пераследу, праводзіць даследаванні, а таксама штогод уручвае прэмію Freedom of Expression Awards журналістам, мастакам і актывістам.
Справа Андрэя Аляксандрава
Беларускі журналіст і медыяменеджар, былы намеснік дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН быў затрыманы сілавікамі 12 студзеня 2021 года.
6 кастрычніка 2022 года суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка прысудзіў Андрэю Аляксандраву 14 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі. Гэта адзін з самых працяглых тэрмінаў зняволення, прызначаных беларускім журналістам-палітвязням.

Падчас судовага працэсу Андрэй Аляксандраў і ягоная дзяўчына Ірына Злобіна, якую затрымалі разам з журналістам і асудзілі да 9 гадоў пазбаўлення волі, сталі мужам і жонкай.
На момант затрымання дзяўчына развівала ўласны бізнес — мела краму па продажы кветак і сувеніраў. Вяселле з Андрэем Аляксандравым яны таксама планавалі, але ажыццявіліся гэтыя планы ў мінскім следчым ізалятары — там адбыўся роспіс. Паводле ўспамінаў сукамерніц Ірыны, дзеля гэтай падзеі ёй перадалі прыгожую сукенку чорнага колеру. Сведак на рэгістрацыі шлюбу не было — прысутнічалі толькі канваіры.

Ірына Злобіна. Фота: з уласнага архіва
Былы намеснік дырэктара незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў нарадзіўся ў 1978 годзе ў расійскім Ніжнім Тагіле ў сям’і вайскоўца, але з дзяцінства жыў у Паставах на Віцебшчыне. Пасля школы скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, але знайшоў сябе ў творчай працы.
Журналісцкую кар’еру ён пачаў у наваполацкай газеце «Хімік», вядомай сваімі дэмакратычнымі традыцыямі яшчэ з савецкіх часоў.
Андрэй шмат вучыўся, да таго ён атрымаў ступень магістра мэдыяменеджменту ва Уэстмінстэрскім універсітэце ў Лондане. Падчас вучобы займаўся грамадскай дзейнасцю: супрацоўнічаў з праваабарончымі арганізацыямі Index on Censorship і Article 19, быў сябрам «Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі», актыўна ўдзельнічаў у жыцці беларускай дыяспары. Меў магчымасць застацца за мяжой, але вярнуўся ў Беларусь.
Цягам 2009–2012 гадоў быў у кіраўніцтве Беларускай асацыяцыі журналістаў, стаў адным з ініцыятараў інфармацыйнай кампаніі БАЖ «Журналісты за гістарычную спадчыну».

Андрэй Аляксандраў на гульні ўлюбёнага ФК «Лівэрпуль»
З 2015-га па 2018 год быў у дырэктараце БелаПАН, потым стаў яго медыякансультантам. У 2020 годзе Андрэй Аляксандраў не змог заставацца ў баку ад палітычных падзей у выніку чаго і апынуўся за кратамі. 18 студзеня 2021 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным вязнем.
@bajmedia