У Турцыі з пачатку года затрымалі 9 журналістаў. Што адбываецца?
У Турцыі з пачатку 2026 года ўзмацніліся рэпрэсіі супраць свабоды СМІ. Гэта адбываецца на фоне пракурдскіх пратэстаў у краіне, паведамляе Міжнародная федэрацыя журналістаў (IFJ).

Жанчыны маршыруюць пад транспарантам падчас сутыкненняў паміж паліцыяй і пракурдскімі пратэстоўцамі ў Нусайбіне 20 студзеня 2026 года пасля сірыйскага ваеннага наступу супраць курдаў. Фота: OZAN KOSE / AFP
Турэцкія ўлады затрымалі некалькіх журналістаў па ўсёй краіне падчас асвятлення пракурдскіх пратэстаў, якія ўспыхнулі пасля аднаўлення баёў паміж курдскімі сіламі і сірыйскім урадам у пачатку студзеня. Паліцыя разагнала дэманстрацыі ў такіх гарадах, як Шырнак, Нусайбін і Стамбул.
14 студзеня журналіст Недзім Аруч, рэпарцёр курдскага навінавага выдання Ajansa Welat, быў затрыманы ў раёне Джызрэ горада Шырнак у Турцыі падчас асвятлення дэманстрацыі, звязанай з меркаванымі парушэннямі правоў чалавека ў Сірыі.
20 студзеня французскі журналіст Рафаэль Букандура, карэспандэнт газеты «Libération» у Турцыі, быў затрыманы падчас асвятлення пракурдскага пратэсту ў Стамбуле, нягледзячы на наяўнасць дзеючай акрэдытацыі журналіста. На наступны дзень яго вызвалілі .
21 студзеня ўлады затрымалі яшчэ шасцярых журналістаў, у тым ліку сустаршыню асацыяцыі журналістаў DFG Кесірэ Онэля.
26 студзеня Зілан Гюль, прэс-сакратарка пракурдскай штодзённай газеты «Ені Яшам», была затрымана падчас ранішняга рэйду ў яе доме ў Дыярбакыры на паўднёвым усходзе Турцыі.
Журналістаў судзяць за «тэрарызм» і «абразу прэзідэнта»
IFJ адзначае таксама ўзмацненне ціску на журналістаў і работнікаў СМІ ў Турцыі з пачатку 2026 года праз судовую сістэму, а таксама ўсё больш жорсткі рэжым цэнзуры.
Напрыклад, 13 студзеня журналіст Зафер Арапкірлі , аглядальнік газеты BirGün, быў абвінавачаны ў «абразе прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана» з‑за публікацыі ў сацсетках у 2024 годзе.
У Турцыі збіраюцца судзіць шведскага журналіста. Яму пагражае да 12 гадоў турмы
20 студзеня журналістку-фрылансерку Эліф Акгюль абвінавацілі ў «прыналежнасці да тэрарыстычнай арганізацыі».
20 і 21 студзеня журналісты Цімур Сойкан, Барыс Пехліван, Шуле Айдын і Мурат Агірэль паўсталі перад судамі па абвінавачваннях , у тым ліку ў паклёпе, распаўсюджванні інфармацыі, якая ўводзіць у зман, і парушэнні канфідэнцыяльнасці.
«Гэта сістэматычная кампанія па падаўленні незалежнай журналістыкі ў Турцыі»
Міжнародная і Еўрапейская федэрацыі журналістаў асудзілі гэтыя напады на свабоду прэсы і заклікаюць турэцкія ўлады неадкладна спыніць судовы пераслед і вызваліць затрыманых журналістаў.
«Гэтыя інцыдэнты з’яўляюцца часткай працяглай і сістэматычнай кампаніі па падаўленні незалежнай журналістыкі ў Турцыі. З таго часу, як прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган прыйшоў да ўлады больш за два дзесяцігоддзі таму, журналісты неаднаразова падвяргаліся крымінальным пераследам, пазбаўленню волі і вялікім штрафам», — заяўляюць арганізацыі.
Цэнтральным элементам гэтых рэпрэсій з’яўляецца працяглае выкарыстанне артыкула 299 Крымінальнага кодэкса Турцыі , які крыміналізуе дзеянні, якія «абражаюць прэзідэнта». Журналістаў таксама пераследуюць і саджаюць у турму ў адпаведнасці з больш шырокімі палажэннямі крымінальнага кодэкса і заканадаўствам аб барацьбе з тэрарызмам.
Паводле звестак IFJ, у канцы 2025 года ў Турцыі за кратамі знаходзіўся 21 журналіст выключна з‑за сваёй журналісцкай працы.
Паводле звестак групы па маніторынгу свабоды прэсы Expression Interrupted, у Турцыі ў цяперашні час за кратамі знаходзяцца 28 журналістаў.
@bajmedia