У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма другі раз за месяц уключылі TikTok-акаўнт «Не Минск | Новости»
Увечары 17 лютага на сайце Міністэрства інфармацыі ізноў папоўнілі Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Апошнім часам некаторыя інфармацыйныя рэсурсы трапляюць у яго не па адным разе, а па два, а то і па тры.

У абноўленым «экстрэмісцкім» спісе ўжо другі раз сустракаецца акаўнт «Не Минск | Новости» ў TikTok (ідэнтыфікатар tiktok.соm/@nie_minsk). Першы раз, 3 лютага 2026 года, кантэнт гэтага рэсурсу прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Мінскага раёна Мінскай вобласці. Услед за ім 12 лютага тое самае зрабіў суд Ельскага раёна Гомельскай вобласці. Гэты рэсурс транслюе навіны анлайн-медыя «Зеркало» і мае амаль 44 тысячы падпісчыкаў.
13 лютага 2026 года суд Мінскага раёна Мінскай вобласці пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» акаўнт Charter97.org у сацсетцы Threads (ідэнтыфікатар @charter97org). Гэта адзін з інтэрнэт-рэсурсаў «Хартыі’97» — грамадзянскай ініцыятывы, якая стала незалежным СМІ. 30 ліпеня 2022 года «Хартыя’97» рашэннем МУС Беларусі была абвешчаная «экстрэмісцкім фармаваннем».
11 лютага 2026 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкім» змест сайта «Прастора» (ідэнтыфікатар https://prastora.info). «Прастора» — праект, запушчаны ў снежні мінулага года. Яго сайт, паводле аўтараў ідэі, — «анлайн-платформа, дзе беларусы разам абмяркоўваюць і дапрацоўваюць праекты Канстытуцыі, законаў і рэформаў Новой Беларусі». Рэсурс прадугледжвае магчымасць ананімнага каментавання і збору прапаноў.
@bajmedia