• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журфак БДУ ладзіць «шок-экскурсіі» для будучых ваенкараў і вучыць «традыцыйным каштоўнасцям»

    На практычныя заняткі па прадмеце «Ваенная журналістыка» студэнтаў возіць выкладчыца журфака прапагандыстка Ксенія Лебедзева, якая знаходзіцца пад санкцыямі 27 краін. Навучэнцы другога курса занураюцца ва ўнікальны прадмет «Журналістыка традыцыйных каштоўнасцяў».

    Студэнты журфаку БДУ на занятках па «Ваеннай журналістыцы». Фота: Міністэрства інфармацыі

    Апошнія 5 год кардынальна змянілі факультэт журналістыкі БДУ. Пасля 2020 года даволі значная частка дасведчаных выкладчыкаў пакінула факультэт, што не магло не адбіцца на якасці акадэмічнай падрыхтоўкі.

    Студэнты праходзяць практыку выключна ў дзяржаўных СМІ. Тэарэтычна яны могуць пайсці і ў прыватныя, але, па-першае, такіх у Беларусі амаль не засталося, па-другое, дзяржСМІ застаюцца прыярытэтам, бо журфак мае партнёрскія стасункі з галоўнымі з іх.

    Абітурыентаў заўжды чакаў высокі конкурс пра паступленні, апошнія ж гады бяруць усіх — канкурэнцыі на гэты факультэт няма.

    У 2020‑м на журфак было прынята 88 чалавек на бюджэт і 42 — на платную форму навучання. Прахадны бал — 347, на аўдыявізуальную журналістыку — 379, на веб-журналістыку — 363 балы.

    У 2024 годзе на спецыяльнасць «журналістыка» ў БДУ залічылі 80 чалавек, у тым ліку 6 «мэтавікоў». А дакументы на факультэт падаў 81 чалавек. Прахадны бал — 289. Усе паступілі на бюджэт — на журфаку з 2023-га няма «платнікаў».

    У 2025‑м конкурс быў умоўны — каля 1,2 чалавека на месца. Ізноў набралі 80 «бюджэтнікаў» ды 10 «мэтавікоў».

    На журфак БДУ сёлета амаль няма конкурсу

    Шок-прадметы

    «Як стаць журналістам, гатовым да ўсяго? Шок-экскурсія для будучых ваенкараў», — такі загаловак у зацемкі на афіцыйным тэлеграм-канале Мінінфарма. А распавядаецца там пра студэнтаў журфака БДУ, якія вывучаюць «Ваенную журналістыку».

    Як высветлілася з раскладу заняткаў, «Ваенная журналістыка» — гэта спецкурс для студэнтаў 3 курса. Усе заняткі — выязныя.

    Выкладае гэты спецкурс старшая выкладчыца кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі, спецкар Белтэлерадыёкампаніі Ксенія Лебедзева.

    Вядомасць 38-гадовая прапагандыстка набыла падчас асвятляння пратэстаў 2020–2021 гадоў і наступных рэпрэсій. Лебедзева выязджала «на рэйды» з ГУБАЗіКам, задавала правакацыйныя і хамскія пытанні заходнім дыпламатам у Курапатах і на судах і іншае.

    Паводле аднаго з інфарматараў Лебедзевай наконт беларускіх актывістаў у Літве, літоўскага юрыста Мантаса Данелюса, яна сказала яму, што з’яўляецца супрацоўніцай КДБ. Увогуле, як заявіла яна, усе зоркі БТ у супрацы з гэтым ведамствам.

    Лебедзева знаходзіцца пад санкцыямі 27 заходніх краін.

     Ксенія Лебедзева

    У 2026‑м Ксенія Лебедзева пачала яшчэ выкладаць і ў «Школе маладога журналіста» журфаку БДУ. Фота: Insta­gram журфаку БДУ

    Што адбываецца на занятках «ваенкараў»?

    «Для будучых журналістаў была арганізавана экскурсія па адзіным у краіне цэнтры поўнага вытворчага цыклу бронекамізэлек. Студэнтам таксама далі магчымасць прымерыць экіпіроўку, аналагічную той, якую выкарыстоўваюць журналісты ў зонах баявых дзеянняў», — распавядае Мінінфарм.

    Студэнты журфаку БДУ на занятках па «Ваеннай журналістыцы». Фота: Міністэрства інфармацыі

    Паводле Лебедзевай, «практычныя выезды дазваляюць студэнтам сутыкнуцца з рэальнымі жыццёвымі сітуацыямі і зразумець, як наладжваць узаемадзеянне з вайскоўцамі».

    Сама прапагандыстка вядомая ўменнем наладжваць узаемадзеянне з сілавікамі і вайскоўцамі. Яе праца заўважана і ў суседняй краіне — у снежні 2024 года Лебедзева атрымала прэмію ўрада Расійскай Федэрацыі ў галіне СМІ за стварэнне дакументальнага фільма «Марыупаль».

    У раскладзе заняткаў для другога курса заўважаны таксама ўнікальны для сусветнай журналістыкі прадмет: «Журналістыка традыцыйных каштоўнасцяў». Выкладае яго вядомая літаратуразнаўца Галіна Тычко.

    У абноўленай рубрыцы «Знакамітыя выпускнікі» сайта журфака БДУ зараз спрэс адыёзныя прапагандысты і чыноўнікі — Ігар Тур, Марыя Пятрашка, Лілія Ананіч і іншыя.  

    Скрыншот з сайту факультэта журналістыкі БДУ

    Дарэчы, ужо вядомы план прыёму на 2026–2027 навучальны год. «Шчасліўчыкамі стануць 90 чалавек на «Журналістыцы» і 42 студэнты на «Інфармацыі і камунікацыі», — паведамляе Міністэрства інфармацыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.