«Пакуль я ў Беларусі, я ў стане абараняць Саюз палякаў». Пачобут патлумачыў, чаму хоча вярнуцца ў Беларусь
Былы палітвязень, гродзенскі журналіст і адзін з лідараў Саюза палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут заявіў, што хоча вярнуцца на радзіму, бо лічыць сваю прысутнасць важнай для захавання арганізацыі і падтрымкі польскай меншасці.

Фота: скрын з эфіру Kanał Zero ў Youtube
Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю польскаму рэсурсу Kanał Zero, якое даў з бальнічнага ложка. На размову звярнула ўвагу выданне «Зеркало».
— Сутнасць справы такая, што так званая мая крымінальная справа, усё гэта [што адбылося са мной] — справа не толькі ва мне ва ўсім гэтым, — сказаў Пачобут. — Справа ў Саюзе палякаў, справа ў паляках, справа ў польскай меншасці ў Беларусі. Я там патрэбны.
Паводле Пачобута, Саюз палякаў застаўся адзінай недзяржаўнай арганізацыяй, якая працягвае дзейнічаць у Беларусі пасля хвалі рэпрэсій.
— Прашу звярнуць увагу на факт, што з усіх [грамадскіх недзяржаўных] арганізацый, якія дзейнічалі ў Беларусі [да пачатку масавых рэпрэсій], выжыў толькі Саюз палякаў. Чаму? Таму што людзі не выехалі, а засталіся, засталося кіраўніцтва. Мы адмовіліся з Анжалікай [Борыс, экс-кіраўніцай Саюза палякаў] выязджаць, будучы за кратамі, іншыя сябры адмовіліся выязджаць і не паддаліся рэпрэсіям, будучы там.
То-бок, калі там ёсць людзі, якія гатовыя ахвяраваць сваёй свабодай у імя таго, каб гэтая арганізацыя існавала, каб магла дзейнічаць, гэта прыносіць вынік. Таму трэба так гэта разумець. Не варта глядзець на маю справу толькі праз прызму майго асабістага лёсу.
На пытанне, што будзе ў выпадку новага арышту, Пачобут адказаў:
— Я свята перакананы, што праз тое, што я вядомы ў Польшчы, у свеце, у мяне большая абарона ў Беларусі. Менш у дачыненні да мяне могуць сабе дазволіць, чым у дачыненні да нашых шэраговых сяброў, асабліва тых, хто працуе «на зямлі». І пакуль я ў Беларусі — няважна, за кратамі ці не — я ў стане абараняць Саюз палякаў.
Прэзідэнт Польшы ўручыў Анджэю Пачобуту ордэн Белага Арла — найвышэйшую дзяржаўную ўзнагароду краіны
Ён падкрэсліў, што нават ва ўмовах жорсткіх абмежаванняў арганізацыя працягвае сваю дзейнасць, а дзеці ў Беларусі ўсё яшчэ маюць магчымасць вывучаць польскую мову.
— Мая прысутнасць там патрэбная ўсім тым людзям, якія свядома рызыкуюць, і тое, што я быў у зняволенні, таксама дадавала ім падтрымкі — тое, што я не здаюся, і яны не павінны здавацца.
Пачобут таксама прызнаўся, што за ўсе гады зняволення ніколі не думаў пра капітуляцыю.
— Абсалютна не, не-не. Не было такога нават у самых цяжкіх сітуацыях. Я, хутчэй, быў у сітуацыі, калі думаў, што здароўе не вытрымае і што магу загінуць. Што магу не выйсці з турмы. Такія думкі былі, але здавацца — не.
28 красавіка 2026 года на польска-беларускай мяжы адбыўся абмен зняволенымі па формуле «пяць на пяць». Сярод вызваленых быў Анджэй Пачобут, які адразу пасля выхаду на волю заявіў пра намер вярнуцца ў Беларусь.
«Каждую ночь мне снится тюрьма». Почобут рассказал о своем состоянии
@bajmedia