Былую журналістку Ціну Палынскую і яе дачку ўнеслі ў спіс «экстрэмістаў»
У пералік асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», трапілі палачанка Ціна Палынская і яе дачка Маргарыта Рабіновіч, заўважыла Віцебская Вясна.

Ціна Палынская і яе дачка Маргарыта Рабіновіч. Калаж: «Вясна»
Паводле гэтага спіса на сайце МУС, Ціна Палынская і Маргарыта Рабіновіч прызнаныя вінаватымі па частках 1 і 2 артыкула 361–4 КК РБ (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і зараз «адбываюць пакаранне».
Па інфармацыі праваабаронцаў, былую журналістку Ціну Палынскую і яе старэйшую дачку асудзілі да 2 гадоў калоніі – такое рашэнне прыняў Віцебскі абласны суд. Апрача пакарання зняволеннем, на абедзвюх былі наклaдзены штрафы.
Жанчыны абскарджвалі гэты вырак у Вярхоўным судзе, але вынік разгляду апеляцыі, які адбыўся каля двух тыдняў таму, невядомы.
Меркавана, іх справа звязана з прызнаннем Беларускай аналітычнай майстэрні прафесара Андрэя Вардамацкага «экстрэмісцкім фармаваннем». Гэтая арганізацыя праводзіла сацыялагічныя апытанні беларускіх грамадзян. Жанчын затрымалі ў траўні 2025 года.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ціну Палынскую і Маргарыту Рабіновіч палітычнымі зняволенымі.
@bajmedia