• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Офісы СМІ ў Кіеве пацярпелі ад расійскіх удараў

    Масіраваны расійскы ўдар па Кіеве ў ноч на нядзелю, 24 траўня, закрануў міжнародныя і украінскія СМІ. Як мінімум пяць рэдакцый і медыя паведамілі пра разбурэнні офісаў і працоўных прастор. Сярод пацярпелых — таксама журналісты і члены іхніх сем’яў, распавёў прэзідэнт Саюза журналістаў Украіны Сяргей Таміленка.

    Офісы кіеўскіх рэдакцый пасля абстрэлу. Фота: Face­book Сяргея Таміленкі

    Станам на сёння вядома пра пашкоджанні шэрагу медыя і рэдакцый. Так, падчас абстрэлу пацярпеў кіеўскі офіс Deutsche Welle (DW). Ударная хваля пашкодзіла вокны і столі памяшкання ў цэнтры сталіцы. Каманда не пацярпела і працягвае працу.

    «Ранішнія навіны сталі шокам і яшчэ раз дэманструюць умовы, у якіх працуюць журналісты, асвятляючы тое, што адбываецца ва Украіне. Яны штодня падвяргаюць сябе неймавернай небяспецы і будуць працягваць гэта рабіць, каб забяспечыць людзям ва Украіне, Расіі і ва ўсім свеце доступ да незалежнай інфармацыі пра вайну ва Украіне», — заявіла 24 траўня гендырэктар DW Барбара Масінг.

    Таксама былі моцна пашкоджаны і часткова разбураны памяшканні студыі нямецкага тэлеканала ARD. У ёй выбіты вокны, знішчана абсталяванне, у іншых частках офіснага будынка абрынуліся сцены. Журналісты працягваюць вяшчанне з выкарыстаннем мабільных сродкаў з іншых лакацый.

    Рэдакцыя рэлакаванага з Луганшчыны медыя «Реальная газета» зазнала сур’ёзныя разбурэнні. Галоўны рэдактар Андрэй Дыхцяранка паведаміў: «У памяшканні рэдакцыі не засталося ніводнага цэлага акна… Але ўсе жывыя».

    У офісе інфармацыйнага агенцтва  УНІАН выбіла вокны. Таксама пацярпелі офіс і студыя анлайн-медыя «Шелтер».

    Сяргей Таміленка, адзначыў, што паступаюць паведамленні ад кіеўскіх журналістаў пра пашкоджанне або страту жылля.

    Нацыянальны саюз журналістаў Украіны заклікаў да міжнароднай рэакцыі на расійскі ўдар па медыйнай інфраструктуры Кіева.

    Абстрэл Кіева ў ноч на 24 траўня стаў адным з самых масіраваных з пачатку шырокамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. Войскі РФ у агульнай колькасці выкарысталі 90 крылатых і балістычных ракет, а таксама 600 ударных БПЛА. Мэр Кіева Віталь Клічко пацвердзіў інфармацыю пра як мінімум двух загінулых і некалькі дзясяткаў параненых.

    Больш за 175 журналістаў сталі ахвярамі злачынстваў РФ ва Украіне

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.