Арыштаваная і ўратаваная: кніга Аляксандра Фядуты пра галоўную кнігу беларускай літаратуры
За што «галоўную кнігу нашай нацыянальнай літаратуры» выключылі са школьнай праграмы? На гэтае пытанне адказвае Аляксандр Фядута сваёй кнігай пра кнігу – «Лексікон «Каласоў пад сярпом тваім».

Былы палітвязень Аляксандр Фядута выступае з лекцыяй у Беларускім моладзевым хабе. Варшава, Польшча. 15 красавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Лексікон» – гэта не толькі пра раман Караткевіча
Пяць гадоў таму, 11 красавіка 2021 года, у Маскве ФСБ затрымала групу беларусаў, якіх перадалі КДБ Беларусі і абвінавацілі быццам бы ў рыхтаванні перавароту супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Сярод затрыманых – пісьменнік і журналіст Аляксандр Фядута. Ён жартаўліва напісаў пра той арышт: «Так упершыню за шмат гадоў у мяне з’явіўся вольны час».
І гэты час ён, як творца слова, прысвяціў увасабленню ідэі, якую выношваў вельмі даўно – стварыць грунтоўны каментар да галоўнага беларускага гістарычнага раману «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча: «Я меў тэкст раману і чыстыя сшыткі».
Але праз немагчымасць доступу да бібліятэкі, у якой мог бы паглядзець, што пісалі іншыя аўтары пра караткевічаўскі раман, Аляксандр Фядута змяніў першапачатковую канцэпцыю і вырашыў выкласці «свае разуменне раману, сваю трактоўку» ў выніку шматгадовага яго чытання.
Адсутнасць меркаванняў іншых знаўцаў творчасці Караткевіча – насамрэч не слабасць, а моцны бок «Лексікону», гэткай міні-энцыклапедыі з 51 артыкулу, прысвечаных героям і розным з’явам з раману. Аляксандр Фядута фактычна дзеліцца самым дарагім, што яго кранала за кратамі, і што чытаецца між радкоў. У выніку «Лексікон» – гэта кніга не толькі пра раман Караткевіча, пра беларускі народ, які ў ёй паўстае ў вобразе розных герояў, але і кніга пра самога Аляксандра Фядуту, пазбаўленага волі. Кніга пра пераасэнсаванне пратэстаў 2020 года.
«Лексікон» сам аўтар адрасаваў гісторыку Адаму Мальдзісу, як «аднаму з першых адкрывальнікаў Атлантыды беларускай мінуўшчыны», але той памёр 3 студзеня 2022 года, так і не пабачыўшы твору. А яшчэ пакуль Фядута быў за кратамі, адзін з галоўных лукашэнкаўскіх ідэолагаў і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін, знаны прарасейскімі поглядамі, дамогся выключэння ў 2023 годзе «Каласоў» са школьнай праграмы.
Фядута: Спачатку зніклі кнігі Святланы Алексіевіч, потым — інагентаў
Рукапіс у закладніках у КДБ
Калі кніга была гатовая, ёй зацікавіўся КДБ у асобе падпалкоўніка Аляксандра Акуліча, які «міласціва» прапанаваў перадаць твор на волю. Такое ўжо было з Фядутам падчас арышту ў 2010 годзе, калі за кратамі ён напісаў кнігу ўспамінаў пра Горадню 1970–1980‑х «Мой маленькі Парыж».
Але гэтым разам падпалкоўнік КДБ сваё слова не стрымаў, і кніга ледзь не знікла, як і шматлікія творы іншых палітвязняў. Але Аляксандр Фядута вырашыў праявіць прынцыповасць, каб вярнуць твор, і абвесціў «медычную забастоўку» – адмовіўся прымаць лекі, неабходныя праз дрэнны стан здароўя.
Праз два тыдні пісьменніку стала зусім блага, але ён працягваў змагацца за рукапіс. Адміністрацыя ж турмы зайшла з тузоў: надумала настроіць супраць Фядуты тых 14 чалавек, хто з ім сядзеў у адной камеры, паабяцаўшы штоднёвыя ператрусы. Аляксандр Фядута вымушаны быў пагадзіцца прымаць лекі, але не страціў надзеі вярнуць «Лексікон», для чаго стаў «бамбаваць лістамі» Генеральную пракуратуру.

Кнігі Аляксандра Фядуты «Лексікон «Каласоў пад сярпом тваім» і Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Фота: Alexandr Feduta / Facebook
Гэтае змаганне за рукапіс «Лексікону» з падпалкоўнікам КДБ Аляксандрам Акулічам каштавала Аляксандру Фядуце заробленай на ўсё жыццё мігальнай арытміі сэрца. Урэшце рукапіс пагадзіліся вярнуць, але з адной умовай – Фядута павінен быў падпісаць пратакол крымінальнай справы: «Так нататкі пра раман Караткевіча ператварыліся ў закладнікаў».
І Фядута пайшоў на такі крок, пасля чаго сшыткі з «Лексіконам» былі перададзеныя да яго жонкі. Аднак паўстала яшчэ адна ўмова ад КДБ – Фядуту прыйшлося паабяцаць, што ён не будзе друкаваць кнігу пра кнігу Караткевіча яшчэ год. Урэшце рукапіс быў «вызвалены» толькі пасля вызвалення і дэпартацыі з Беларусі яго аўтара. І цяпер выйшаў у выдавецтве «Полацкія лабірынты» ў выдатным перакладзе на беларускую мову Ганны Майскай і з прадмовай Сяргея Дубаўца.
«Каласы» як нашая «Вайна і мір»
Былы настаўнік літаратуры Аляксандр Фядута адразу ставіць усе кропкі над і ў плане дасканаласці беларускай літаратуры ды тлумачэння часу. Беларусам часам закідаюць, што ў нас няма твораў, як «Вайна і мір» Льва Талстога. Робяць гэта тыя, хто з нашай літаратурай добра не знаёмы, а само гэтае параўнанне сягае ў савецкую школьную праграму 1970‑х, дзе «твор Талстога» бачыўся своеасаблівым ідэалам не праз яго звышнатуральнасць, а колькасць спасылак на гэты твор у сачыненнях стваральніка СССР Уладзіміра Леніна.
«Каласы» Караткевіча Фядута параўноўвае з «Вайной і мірам», але бачыць іх большае падабенства з творамі Вальтэра Скота, а ў плане яго незавершанасці і наяўнасці 150 цытатаў на іншыя літаратурныя творы – тоесным пушкінскаму «Яўгенію Анегіну».
Конь як сімвал Беларусі
51 артыкул «Лексікону» змешчаны ў той паслядоўнасці, як яны і пісаліся за кратамі, што дазваляе прасачыць і за хадою думак ды перажыванняў Аляксандра Фядуты ў зняволенні. Пачынаецца ўся з «Каня», аднаго з галоўных вобразаў «Каласоў».
Адразу перад вачамі паўстае чорны конь Чорнага Войны і два белыя кані Алеся Загорскага (Урга і Тромб) – у гэтым бачыцца пераход ад барацьбы адзіночак-партызанаў да масавага нацыянальна-вызвольнага руху. А яшчэ ж белы вершнік – сімвал нашай Пагоні, сімвал Беларусі, а караткевічаўскае белае жарабя – гэта будучы конь, на якім прыедзе Збаўца «ратаваць свае белыя землі»:
«Увесь раман Караткевіча фактычна пра тое, як расце белае жарабя і як расце, рыхтуючыся да выканання сваёй місіі, ягоны вершнік, якому суджана зліцца з белым канём у адзінае цэлае, ператварыцца ў кентаўра». У далейшым Аляксандр Фядута пашырае сваё разуменне: «Белы вершнік на белым кані становіцца двайніком святога Юрыя (Георгія), сімвалам веры ў Боскую апеку над барацьбой за вызваленне Беларусі. Беларусь становіцца мэтай і сцягам у гэтай барацьбе, а беларускасць (то бок усведамленне сябе адным з беларусаў) – яе неабходнай умовай і характарыстыкай».
Пасля сімвалу Беларусі, наступныя артыкулы ў «Лексіконе» прысвечаныя «адмоўным» персанажам, з якімі, відавочна, сам Фядута сутыкаецца за кратамі. Гэта жандарм Мусатаў, імператрыца Кацярына ІІ, памешчык Канстанцін Кроер. У апошнім, паводле трапнай заўвагі Фядуты, Караткевіч быцца бы схаваў апісанне смерці Іосіфа Сталіна: «Ад аслабелага жорсткага таталітарнага кіраўніка атачэнне разбягаецца, толькі адчуўшы ягоны непазбежны сыход».
Хіба не за такія словы-прадказанні падпалкоўнік Акуліч, які, магчыма, таксама бачыў між радкоў, пастанавіў закрыць «Лексікон» Фядуты?

Былы палітвязень Аляксандр Фядута выступае з лекцыяй у Беларускім моладзевым хабе. Варшава, Польшча. 15 красавіка 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Галоўны ж антыгерой раману, паводле Фядуты, – Расейская імперыя: «Злая, антынацыянальная і антычалавечая сіла». Менавіта ёй кідае выклік галоўны герой Алесь Загорскі, прадстаўнік новага пакалення, у адрозненне ад старога, навучанага на паразах, якое ўсвядоміла марнасць сілавога супраціву імперыі: «Яны поўныя веры ў сваю перамогу, якая падаецца ім непазбежнай і гістарычна абумоўленай. І фінальны верш Алеся Загорскага ўдае на маніфест новага палітычнага пакалення грамадзян імперыі: «Я выходжу». На сцэну гісторыі выходзіць новае пакаленне». Хіба гэта не вобраз Рамана Бандарэнкі, забітага пры ўдзеле набліжаных да Лукашэнкі Дзмітрыя Баскава і Наталлі Эйсмант 12 лістапада 2020 года?
А як жа груша, з якой і пачынаецца раман ды якую Фядута разумее як сімвал упартасці жыцця? Яна не скараецца свайму спрадвечнаму ворагу і ўвасабляе неўміручасць цэлага народу. Тут ізноў Аляксандр Фядута быццам звяртаецца да беларусаў на пратэстах 2020 года: «Як і дрэва грушы, ён не рыхтуецца да смерці – ён буйна квітнее. І гэта квецень і ёсць жыццё асобных людзей…»
Ад турэмнай літаратуры да навуковай фантастыкі. Якія беларускія кнігі выйшлі ў 2025 годзе
Кастусь Каліноўскі як беларускі патрыёт
Таксама адным з галоўных дасягненняў Уладзіміра Караткевіча Аляксандр Фядута бачыць створаны вобраз Кастуся Каліноўскага як беларускага патрыёта, за што ў выніку раман і быў выкраслены Гігіным са школьнай праграмы.
Аднак пры гэтым, як падкрэслівае гарадзенскі пісьменнік, караткевічаўскага Каліноўскага ні ў якім разе нельга вінаваціць у антырасейскасці, бо тут у адпаведнасці з савецкай афіцыйнай канцэпцыяй ёсць выразная мяжа паміж расейскім народам і імперскай уладай, як тое занатавана ў адным з лістоў да героя раману Алеся Загорскага: «Ты ведаеш… я тут палюбіў рускіх людзей. Высакародны, харошы народ. І таксама няшчасны, як мы…» Вайна ва Украіне паказала, што гэта зусім не так.
Затое менавіта Каліноўскі з «Каласоў» стаўся прыкладам для шмат каго з беларусаў і застаецца такім сёння: «Можна сказаць, што ў масавай свядомасці патрыятычна арыентаваных беларусаў сёння існуе менавіта такі Кастусь, якога прыдумаў і апісаў Уладзімір Караткевіч, – светлы, рамантычна-ўзнёслы, з іскрынкамі ў вачах і з валявой складкай рота. Такі, якога можна палюбіць і якому варта было паверыць».
І менавіта за такія вобразы мы і любім «Каласы пад сярпом тваім». Але як Аляксандр Фядута разумее галоўнага героя раману Алеся Загорскага ды іншых постацяў ці што закадавана ў цукры, як разумеецца Караткевічам свабода? Вы знойдзеце адказ у «Лексіконе».
31 траўня а 12:00 у Варшаве на кніжным кірмашы на Нацыянальным стадыёне Аляксандр Фядута прэзентуе кнігу.

Кніга Аляксандра Фядуты «Лексікон «Каласоў пад сярпом тваім»». Фота: Alexandr Feduta / Facebook
@bajmedia