А як у Эстоніі? «Калі мы не будзем размаўляць з гэтай аўдыторыяй, гэта зробіць нехта іншы»
У Эстоніі няма Міністэрства інфармацыі, але ёсць трэцяе месца ў свеце па свабодзе прэсы. Беларускія журналісты паехалі ў Талін, каб зразумець, як краіна супрацьстаіць расійскай прапагандзе, навошта стварыла рускамоўны ETV+ і чаму вучыць дзяцей медыяграматнасці ледзьве не з садка.

Намеснік міністра культуры Эстоніі Андрэс Йыэсаар. Фота: БАЖ
На мінулым тыдні беларуская дэлегацыя журналістаў незалежных СМІ наведала эстонскую сталіцу. Візіт беларускіх журналістаў у Талін быў арганізаваны Офісам дэмакратычных сіл Беларусі ў Эстоніі пры падтрымцы фонда EstDev i Journalists for human rights.
Медыйнае жыццё без профільнага ведамства
У Эстоніі няма Міністэрства інфармацыі. Пры гэтым краіна займае трэцяе месца ў рэйтынгу свабоды прэсы ад «Рэпарцёраў без межаў», саступаючы толькі Нідэрландам і Нарвегіі.
Медыйнай сферай краіны займаецца Міністэрства культуры, адказны за медыясектар — намеснік міністра (у эстонскай сістэме гэтая пасада называецца медыядарадца) Андрэс Йыэсаар.
У размове з беларускімі журналістамі Андрэс Йыэсаар зазначыў, што пра пагрозу ўплыву прапаганды Масквы ў Эстоніі задумаліся яшчэ ў 2007 годзе. Тады Йыэсаар займаў пасаду старшыні Эстонскай тэлерадыёкарпарацыі (ERR) і адначасова займаўся медыядаследаваннямі як асацыяваны прафесар Талінскага ўніверсітэта.

Намеснік міністра культуры Эстоніі Андрэс Йыэсаар на сустрэчы з беларускімі журналістамі. Фота: БАЖ
У 2007 годзе, калі ў Таліне пераносілі помнік савецкаму салдату з цэнтра горада на вайсковыя могілкі, расійскія СМІ, якія былі дасяжныя рускамоўным грамадзянам, распальвалі негатыўныя і агрэсіўныя эмоцыі гэтай часткі грамадства.
«Прэм’ер-міністр запытаў, што мы можам зрабіць у медыясферы, бо большая частка дэзынфармацыі і агрэсіі сыходзіла з расійскіх медыя. Як мы можам інтэграваць гэтых людзей у эстонскую медыяпрастору? Я сказаў, што Эстоніі патрэбны тэлеканал на рускай мове. Не гадзінная праграма на рускай сярод эстонскага вяшчання, а асобны тэлеканал. Але забурэнні скончыліся, было вырашана накіраваць грошы на больш, як падавалася, надзённыя патрэбы», — распавёў намеснік міністра.
Пасля Крыма і ваеннага канфлікту ў Данбасе пытанне супрацьдзеяння расійскай агрэсіўнай прапагандзе паўстала яшчэ з большай сілай: «Рызыку не ацанілі своечасова, на жаль. Са стварэннем свайго тэлеканала мы спазніліся, атака з Усходу ішла вельмі моцная. Важна было не толькі ствараць свой рускамоўны тэлеканал, неабходна было ўзмацняць усю медыяпрастору. А ў 2015‑м пачаў яшчэ працаваць і «Спутник», у якога былі і прадукты на эстонскай».
Паводле намесніка міністра, «хаця і не зусім карэктна гэта гаварыць, але пасля 2014-га дзякуючы Пуціну ў нас усё ж з’явіўся рускамоўны тэлеканал».
«Калі Расія атакавала Крым і быў збіты малайзійскім пасажырскі «Боінг», я праводзіў даследаванне. Мы апытвалі грамадства наконт вінаватых у катастрофе — карціна была абсалютна чорна-белай. Аўдыторыя, якая глядзела расійскія ТБ-каналы, казала — украінцы, эстонская аўдыторыя — расійскія ваенныя», — успамінае Андрэс Йыэсаар.
Для прадухілення такога падзелу і супрацьдзеяння варожай прапагандзе тады ўсё ж быў створаны ETV+ — рускамоўны тэлеканал, які працуе і сёння.
Трэба зазначыць, што рускамоўная аўдыторыя — гэта амаль чацвёртая частка насельніцтва Эстоніі, мільён грамадзян краіны эстонскамоўныя, 300 тысяч стасуюцца рускай.

Адно з рускамоўных выданняў Postimees. Фота: БАЖ
«Калі мы не будзем размаўляць з гэтай аўдыторыяй, то будзе нехта іншы»
Гэта неафіцыйны слоган мы чулі і ў Міністэрстве культуры, і ў парламенце Эстоніі і ў рэдакцыях, якія наведвалі, гэта Delfi, Postimees, ERR.
Ад 2022 года рускамоўныя рэдакцыі эстонскіх медыя атрымліваюць дадатковую падтрымку ад урада — 300 тысяч еўра на год. «Трэба прапісаць план, патлумачыць важнасць і эфект ад праектаў, карацей, гэта такі ўрадавы грант, галоўная ўмова — у медыя мусіць быць эстонская рэдакцыя, так, рускамоўная газета з Нарвы не змагла атрымаць падтрымку, бо ў іх не было эстонскай версіі. Але хто зможа трымаць эстонскамоўны штат у выключна рускамоўным горадзе — таму газета была прададзеная», — распавядае суразмоўца ў DELFI.
«Можна казаць, што ў нас ёсць сталае кола рускамоўных гледачоў, мы праводзім даследаванні. Гэта насамрэч радуе, бо не будзем мы інфармаваць гэтую частку грамадства, вельмі хутка яе пачнуць інфармаваць вядома хто», — заўважае прадстаўніца ERR.

Эстонская тэлестудыя. Фота: БАЖ
Адкуль грошы на медыя ў Эстоніі і як рэгулюецца медыясектар
«Грошы ў Мінкульт прыходзяць з дзяржаўнага бюджэту, а туды — з падаткаў на алкаголь, азартныя гульні і тытунь. Забаўна гучыць, але культуру, у тым ліку і медыя, у Эстоніі фінансуюць казіно, забаўляльныя ўстановы з алкаголем і спажыўцы алкаголю і цыгарэт. Такая мая асабістая інтэрпрэтацыя сітуацыі з фінансаваннем культуры», — напаўжартам заўважае Андрэс Йыэсаар.
«У нас невялікае міністэрства, менш 80 чалавек у розных сферах. Мы — даволі маленькая, але эфектыўная структура, — кажа Андрэс Йыэсаар. — Мая адказнасць — фармаванне палітыкі дзяржавы ў сферы медыя. Мы рыхтуем змены ў заканадаўстве. Зараз, напрыклад, працуем з імплементацыяй European Media Freedom Act, які ўступіў у моц летась: нам трэба адаптаваць сваё заканадаўства да агульнаеўрапейскага.
Больш складаная гісторыя — гэта папраўкі да Закона аб эстонскім вяшчанні. Гэта тычыцца сістэмы фінансавання, якую мы б хацелі крыху змяніць. Заўважу, што ва ўрада няма ніякіх магчымасцяў уплываць на праграмную палітыку медыя. Грамадскае вяшчанне — незалежнае, законамі забаронена камусьці з улады ўмешвацца ў палітыку грамадскага вяшчальніка.
Няма законаў і пра прыватныя медыя. Мы рэгулюем толькі частоты FM-станцый, тэлебачанне не ліцэнзуем. Так што калі хочаце адкрыць тэлекампанію ў Эстоніі, газету ці вэб-партал — проста рэгіструйцеся ў нашым рэестры. Ды ўвогуле няма ў нас законаў пра журналістыку. Толькі адзін артыкул у Закона пра медыяпаслугі — ён пра абарону журналісцкіх крыніц», — распавёў намеснік міністра.

У студыі ERR. Фота: БАЖ
Што да камерцыйных медыя, то «для іх рускамоўная аўдыторыя не тое, каб нецікавая — ім цікавая любая аўдыторыя, але яна занадта малая, каб будаваць на гэтым бізнес»: «Утрымліваць тэлеканал для 300 тысяч чалавек — гэта занадта маленькая аўдыторыя, на ёй немагчыма зарабляць. А для радыёстанцый аўдыторыя яшчэ меншая. Таму прыватныя рускамоўныя радыёстанцыі пераважна ставяць музыку. Журналісцкага кантэнту там значна менш, чым на эстонскіх, дзе ёсць ток-шоу, расследавальніцкая журналістыка і выпускі навін».
Андрэс Йыэсаар падкрэслівае, што ён і яго аднадумцы ва ўрадзе не разглядаюць прапагандысцкія расійскія медыя як медыя: «Просты адказ такі: гэтыя каналы — не журналісцкія каналы. Гэта — зброя. Гэта частка ваеннай дзейнасці, і гэта не журналістыка, якую мы павінны абараняць. І, безумоўна, гэтыя каналы не падтрымліваюць свабоду слова ці свабоду выказвання. Мы падтрымліваем свабоду слова, але не ваенныя дзеянні».
Паводле намесніка міністра, галоўны козыр эстонскіх медыя на рускай мове — гэта тое, што «мы можам і ўжо прапануем унікальны кантэнт — мы гаворым з мясцовымі людзьмі пра мясцовыя праблемы».
«Бо Russia Today і падобныя каналы ніколі не закранаюць гэтыя штодзённыя тэмы, не гавораць пра эстонскіх знакамітасцяў, пра рускамоўную музыку ці мастацтва ў Эстоніі і гэтак далей, — кажа ён. — І гэта аказалася даволі паспяховым.
Калі казаць лічбамі: з 300 тысяч рускамоўных жыхароў каля 200 тысяч хаця б раз на тыдзень глядзяць ETV+ мінімум 15 хвілін. А дзесяць гадоў таму гэтая лічба была не зусім нулявой, але вельмі маленькай. Змены адбыліся. Мы праводзім больш глыбокія даследаванні медыяспажывання раз на год. І ў апошнія гады мы ўбачылі, што нават рускамоўная аўдыторыя ў цэлым даволі моцна давярае грамадскаму вяшчанню».
Але калі задаецца канкрэтнае пытанне пра давер да асвятлення вайны ва Украіне, то: «Адказ: «Не». Яны нікому не давяраюць. Ні ETV+, ні Russia Today, ні грамадскаму вяшчанню — нікому. Тут усё абсалютна ў чырвонай зоне. Калі пытацца пра іншыя тэмы — культурныя ці менш палярызаваныя — тады адказ: «Так, мы давяраем». Эстонцы давяраюць больш, але рускамоўная аўдыторыя таксама кажа: «Так, грамадскае вяшчанне цалкам нармальнае». Але ў стаўленні да вайны адрозненні велізарныя».

Бронекамізэлька аднаго ж журналістаў эстонскага тэлебачання, які працаваў ва Украіне. Фота: БАЖ
Маладое ж пакаленне, нават калі не свабодна валодае эстонскай, выдатна ведае англійскую. Але, як кажа Андрэс Йыэсаар, для маладога пакалення тэлебачанне ўжо амаль нічога не значыць, галоўнай крыніцай інфармацыі стаў інтэрнэт.
«Пры тым у Эстоніі ёсць нацыянальная праграма медыяграматнасці, якая з’явілася ў 2014 годзе. Медыяграматнасць інтэграваная ва ўсе адукацыйныя праграмы і на ўсіх узроўнях навучання. А ва ўніверсітэтах, напрыклад, у Талінскім, у нас ёсць спецыяльныя курсы. Але гэта ўжо не столькі медыяграматнасць, колькі даследаванне дэзінфармацыі і прапаганды, розных тэхнік і стратэгій, якія выкарыстоўвае Расія. Гэта больш акадэмічны падыход.
А практычныя навыкі і разуменне прыходзяць яшчэ ў школе. І гэта сапраўды важна. На шчасце, мы бачым, што студэнты крытычна ставяцца да інфармацыі. Журналістамі становяцца ў Тартускім і Талінскім універсітэтах. У Талінскім журналісцкая адукацыя больш адносіцца да мастацтваў. Тут кожны год паступаюць 30 студэнтаў. У Тарту журналістыку выкладаюць яшчэ з 1950‑х гадоў, гэта вельмі старая традыцыя, навучанне больш даследчае. Сюды набіраюць па 40 чалавек штогод».
Тыктокераў, інстаграм-блогераў і гэтак далей у Эстоніі прыкладна 5 тысяч чалавек: «Яны спрабуюць на гэтым зарабляць, хаця сапраўды паспяховых менш за дзесяць — тых, у каго хаця б 10 тысяч падпісчыкаў. Для Эстоніі 10 тысяч падпісчыкаў — гэта ўжо вельмі шмат, бо краіна маленькая. Мяркую, у самай паспяховай эстонскай блогеркі каля 80 тысяч падпісчыкаў. Але ў яе ёсць і міжнародная аўдыторыя.
Гэта новыя сферы. Пабачым, наколькі доўга яны захаваюцца. Бум пачаўся гадоў 10–15 таму. Тады ўсе хацелі быць інфлюэнсерамі. Але цяпер гэтага становіцца ўсё менш і менш».
Парады фактчэкера
Фактчэкінг — гэта працэс праверкі сцверджанняў, навін, лічбаў і іншага кантэнту на дакладнасць, праўдзівасць і адпаведнасць рэчаіснасці. Тэрмін паходзіць ад англійскага fact-checking («праверка фактаў»). Гэта абавязковы элемент працы журналістаў, аўтараў, фактчэкераў, а таксама аснова крытычнага мыслення для любога карыстальніка інтэрнэту.
Ужо звыкла гучыць, што мы жывем і працуем сёння ў эпоху постпраўды. Але дзе праўда ў эпоху постпраўды? І што такое постпраўда?
Паводле Оксфардскага слоўніка, постпраўда — гэта «абставіны, пры якіх аб’ектыўныя факты менш значныя для фармавання грамадскай думкі, чым апеляцыя да эмоцый і асабістых перакананняў».
Практыкум для беларускай дэлегацыі правёў фактчэкер Ілля Бер. Расіянін, які з’ехаў з краіны ў 2022‑м. Ён быў знаўцам клуба «Што? Дзе? Калі?», рэдактарам інтэлектуальных гульняў «Свая гульня», «Хто хоча стаць мільянерам?», «Гульня галавой», вядоўцам і аўтарам тэкстаў гістарычнай тэлепраграмы «Улада факта» на расійскім канале «Культура», журналістам Рускай службы BBC і РИА «Новости».

Ілля Бер. Фота: ERR
Ужо ў Эстоніі Ілля Бер заснаваў і стаў адным з каардынатараў аўтарытэтнага міжнароднага праекта Provereno.Media, а таксама працуе фактчэкерам у Delfi і Facebook.
Ілля Бер прапануе выкарыстоўваць базавы інструментар фактчэкера. Гэта:
— пашыраны пошук Google — https://www.google.ru/advanced_search
— пошук па Telegram — tgstat.ru/search
— пошук па кнігах — books.google.ru/advanced_book_search
— пошук па навуковых працах — scholar.google.com
— пошук па інтэрнэт-архіве — web.archive.org + кэш
— зваротны пошук па малюнках у Google — https://www.google.com/imghp](https://www.google.com/imghp
— праверка выяў на адсутнасць слядоў мантажу — FotoForensics, Forensically і InVID-WeVerify
Архівы — незаменныя інструменты
Акрамя таго, выдатным рэсурсам Бер называе https://ljsear.ch/, гэта пошук па архіве LiveJournal за 2000–2017 гады, «найважнейшы тэкставы пласт інтэлектуальнага, палітычнага і сацыяльнага жыцця першых 17 гадоў стагоддзя».
«Калі вы падымаеце нейкую тэму і разумееце, што ў тыя часы яна там актыўна абмяркоўвалася, тут можна знайсці вельмі шмат. Практычна ўсё, бо гэта рэальны поўны здымак адкрытых запісаў. Гэта суперрэсурс, да якога я даволі часта звяртаюся, але пра які людзі амаль нічога не ведаюць», — адзначае Ілля Бер.
Яшчэ адзін надзвычай карысны рэсурс сусветнага інтэрнэту, без якога праца журналіста, на погляд Бера, немагчымая, — гэта Wayback Machine — Internet Archive, вэб-архіў усяго сусветнага інтэрнэту.
Гэта некамерцыйны рэсурс, заснаваны ў 1997 годзе стваральнікам камерцыйнага каталога Alexa Internet: «Ён стварыў сайт, які па прынцыпе пошукавіка абыходзіць увесь інтэрнэт і захоўвае копіі старонак на пэўную дату і час — тых старонак, якія алгарытмы лічаць найбольш важнымі для архівавання.
Гэта своеасаблівыя «здымкі» інтэрнэту ў пэўны момант. Пасля з сайтам можа адбывацца што заўгодна: інфармацыю могуць змяніць, старонку могуць выдаліць, але з архіва яна ўжо нікуды не знікне. Гэта ўжо абсалютна стандартная судовая практыка ў розных краінах свету, калі завераныя старонкі з гэтага архіва прымаюцца судамі як доказ».
Што праўда, тут ёсць свае складанасці: напрыклад, архіў дрэнна працуе з сацыяльнымі сеткамі. Але існуюць іншыя, больш новыя архівы, якія з гэтым спраўляюцца: «А заўтра могуць ужо і не спраўляцца — такое жыццё. Таму раю пастаянна правяраць розныя архівы, што сёння працуе, а што не, дзе сёння можна заархіваваць інфармацыю і г. д. Увогуле, архіўныя інструменты — гэта самае надзейнае, што можа быць».
«Самая вялікая фэйк-памыйка і галоўная пляцоўка для распаўсюду дэзынфармацыі — гэта Telegram. Мы карыстаемся сэрвісам TGStat. Нармальны пошук па Telegram, можна сказаць, не працуе. Ён выдае шмат допісаў, але вы не можаце нармальна адфільтраваць вынікі і ніколі не ўпэўненыя ў іх поўнасці, нават калі шукаеце па фразе ў двукоссі. А ў нашай працы арыентавацца на «як пашанцуе» нельга. Таму мы плацім за добра арганізаваны пошук па ўсіх каналах: ён групуе вынікі, дазваляе фільтраваць па часе і паказвае матэрыялы па сюжэтах», — рэкамендуе фактчэкер.

Студыя на эстонскім радыё. Фота: БАЖ
Ілля Бер падкрэслівае: «Заўсёды трэба шукаць першакрыніцу. Бо якім бы дасканалым ні быў дыпфэйк, яго ўсё роўна трэба нейкім чынам легалізаваць і ўкінуць у медыясферу. І калі ты знаходзіш гэты «партал уваходу», то па характары крыніцы, якая яго распаўсюдзіла, у 95 % выпадкаў можаш дакладна зразумець, з чым маеш справу.
Як шукаць першакрыніцу? Уводзіць ключавыя словы, а пасля адкручваць час назад, звужаючы часовую шкалу і шукаючы момант першага з’яўлення. Найперш гэта працуе з тэкстамі. І варта памятаць, што пры любым IT-умяшанні, асабліва падчас рэдызайну сайтаў, узнікаюць розныя праблемы. Гэта ўплывае і на ўнутраны пошук. Калі сайт існуе даўно і перажываў рэдызайн, вельмі часта ўнутраны пошук працуе кепска. Вы дакладна ведаеце, што матэрыял ёсць, шукаеце па ключавых словах — і не знаходзіце яго. А ён там ёсць. Гэта абсалютна стандартная сітуацыя».
Не чароўны сродак для ўсіх
Паводле Іллі Бера фактчэкінг — не нейкая чароўная палачка. Чаму ён можа быць карысны? «Перш за ўсё таму, што ні якасная журналістыка, ні якасны фактчэкінг не здольныя пераканаць людзей, якія ўжо ідэалагічна «заіндактрынаваныя». Гэта даказана даследаваннямі і практыкай, — кажа Бер. — Пры гэтым даследаванні паказваюць, што па любым вострым пытанні — палітычным, рэлігійным ці іншым — такіх жорстка заангажаваных людзей не больш за 20 %. Для іх спроба апеляваць да рацыянальнага (а фактчэкінг — гэта максімальна сухі, узважаны, без ацэначнай лексікі падыход) проста не будзе працаваць. Значыць, фактчэкінг працуе для людзей, якія зацікавіліся тэмай, але яшчэ не маюць сфармаванай пазіцыі. Ім сапраўды хочацца разабрацца, як усё ёсць насамрэч. І калі пры параўнанні крыніц ім трапляецца якасны фактчэк, яны гэта ўспрымаюць».
Увогуле, паводле Іллі Бера, «прыгажосць і жах усёй гэтай сферы — і прапаганды, і якаснай журналістыкі, і контрпрапаганды — у тым, што ніхто ў свеце дагэтуль не навучыўся навукова вымяраць іх эфект».
«Усё застаецца на ўзроўні «ну, лагічна», «мне так здаецца». Можна вымераць клікі, рэакцыі, але гэта не прамы ўплыў, а толькі ўскосныя паказчыкі. Гэта вельмі цікава: у гэтую сферу з усіх бакоў укладаюцца мільярды, але даказаць эфектыўнасць або неэфектыўнасць амаль немагчыма. Але, як мне падаецца, гэта ўплывае на лідараў меркаванняў, на актараў — на тых людзей, ад якіх далей нешта залежыць і якія прымаюць рашэнні», — зазначае Ілля Бер.
@bajmedia