• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    На «Раніцы з Белсатам» – новая вядоўца

    Смаліць вепрукоў на «Будзьме», грае ў тэатры, робіць падкасты «Тутака» і кожную раніцу пачынае з кубачка матчы. У размове з «Белсатам» новая вядоўца ранішняга шоу Наста Суханосік расказвае пра свае мары, страхі і варʼяцтвы… Яе дэбют у эфіры адбудзецца ў суботу 20 чэрвеня. 

    Наста Суханосік

    Актрыса і вядоўца «Раніцы з Белсатам» Наста Суханосік. Варшава, Польшча. 16 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    Сустракаемся з Настай Суханосік у Варшаве ў паўзе паміж яе паездкай у Отвацк для фотасесіі і выступам у белсатаўскім «Абʼектыве», дзе яна расказвала пра музычны фэст «Тутака». У Варшаву беларуска прыехала ранішнім цягніком з Беластоку. Лёгкая, сонечная, з артыстычнымі торбамі ў руках і з – пакуль не зразумелымі для нас – чорцікамі ў вачах.

    – Здаецца нам, ты троху варʼятка, Наста. Не?

    – Калі ў добрым сэнсе гэтага слова, то – безумоўна, так. Але – адэкватная вар’ятка. Рацыянальная. Не ведаю, можа, мне проста хочацца быць такой. Я нядаўна нават сторыз пра гэта запісала. Пра тое, як хочацца часам што-небудзь адчыбучыць. У юнацтве я заўсёды трымала сябе ў руках. А цяпер вучуся трошачкі вар’яцець. Паўтаруся: у добрым сэнсе!

    Наста Суханосік

    Актрыса і вядоўца «Раніцы з Белсатам» Наста Суханосік. Варшава, Польшча. 16 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Весці «Раніцу з Белсатам» – для мяне гэта велізарны выклік»

    – Ты смаліш вепрука на «Будзьме», робіш падкасты на «Тутака» і кіруеш праектамі фундацыі, граеш у тэатры… Мала табе: вырашыла стаць вядоўцай «Раніцы з Белсатам» і сноўдаць паміж Беластокам і Варшавай. Ці ж не варʼяцтва?

    – Слухай, калі адкрыць усе карты, то гэта была не мая ідэя – мяне паклікалі. І адбылося гэта яшчэ год таму. Я прыехала на першы каст, пасядзела трошкі ў кадры, паглядзела, як гэта выглядае. Пазней былі яшчэ спробы з новымі сувядоўцамі. І нават… Я, магчыма, буду ўсё жыццё ганарыцца, што мяне паставілі аднойчы ў каст з Мікітам Мелказёравым, і мы з ім пару хвілінаў пастаялі ў адным кадры – як магчымыя сувядоўцы… Але тады не атрымалася. А цяпер буду ў пары з Валерам Руселікам, з якім, дарэчы, ні разу да гэтага не стаяла ў кадры (смяецца), але мы добрыя знаёмыя, і абое – з Горадні. Вельмі цікава, што з гэтага выйдзе.

    – Не страшна?

    – Страшна… Вельмі! Праўда! Я не баюся жывога эфіру, не баюся распавядаць і дзяліцца думкамі, а вось задаваць пытанні – гэта іншае. Гэта больш журналісцкая праца. А я не журналістка па адукацыі. Таму для мяне гэта велізарны выклік. І ў пэўным сэнсе – так, гэта варʼяцтва, канешне.

    – Дасі рады з пытаннямі – зымправізуеш.

    – Пабачым. Я ж па прафесіі акторка, нас гэтаму вучаць. Але ж ведаеш: самая файная імправізацыя – добра падрыхтаваная імправізацыя. Таму трэба рыхтавацца.

    – Тым больш, маеш ужо досвед падкаставых інтэрв’ю, а гэта цалкам журналісцкая праца.

    – Так, летась я нарэшце рэалізавала сваю даўнюю ідэю і стала вядоўцай падкасту, які мы робім у фундацыі «Тутака». Я вяду размовы з беларусамі Беласточчыны. Можна сказаць намацала троху прафесію журналіста. Бо мне гэта цікава. Уступаць у дыялог, які ніколі невядома куды цябе завядзе. Таму і там – старанная падрыхтоўка да героя.

    Наста Суханосік

    Актрыса і вядоўца «Раніцы з Белсатам» Наста Суханосік. Варшава, Польшча. 16 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Я мела дзве мары – зняцца ў кіно і папрацаваць на радыё»

     – Я калі рыхтаваўся да гераіні, то бок – да цябе, таксама ледзь не зварʼяцеў, пабачыўшы, колькі розных праектаў ты вязеш на сабе. Але дзеля працы на «Белсаце» некаторымі з іх давядзецца ахвяраваць?

    – Ёсць такая рызыка. Але напачатку я буду старацца нейкім чынам усё гэта сумяшчаць. 

    Я адкрыла для сябе ў мінулым годзе такую рэч: не хачу думаць далёка наперад – хачу жыць тут і цяпер. А для мяне гэта даволі складана, бо я з тых асобаў, хто не выходзіць на прагулянку без мэты – трэба знайсці які слуп ці дрэва, да якога трэба дайсці. Але я спрабую. І цяпер намагаюся проста гуляць у сваё жыццё, што б гэтыя словы тут ні азначалі.

    Да таго ж адзначу, што гэта будуць пакуль толькі пробы на «Раніцы». Я не ведаю, як мяне ўспрыме глядач. Не ведаю, як мы спрацуемся ў камандзе. Можа, я не спадабаюся, і мне скажуць: «Наста, дзякуй і пакуль!». А калі ўсё атрымаецца, то – так, ад некаторых праектаў сапраўды давядзецца адмовіцца, бо я не выцягну ўсяго, а хочацца рабіць сваю працу добра.

    Слухай, насамрэч у мяне з юнацтва былі дзве мары. Першая: я хацела зняцца ў кіно. Другая: папрацаваць на радыё. Дык вось, мне падаецца, што на «Белсаце» я змагу гэта сумясціць і забіць двух зайцоў. Радыё плюс кіно.

    – Цікавая трактоўка тэлебачання. А чаму з кіно не склалася?

    – Бо заўжды лічыла сябе непрыгожай. Таму разумела, што кіно для мяне – закрытая тэма. Працавала ў тэатры, таму што ў тэатры непрыгожых не бывае – можаш граць каго хочаш.

    – То бок сімпатычная гарадзенская дзяўчынка ў акулярах, якой ты была, увесь час думала, што яна – непрыгожая?..

    – Так. І калі па шчырасці – толькі пару гадоў таму змяніла гэтыя думкі… А ў радыё я хацела, таму што з дзяцінства маю нізкі тэмбр голасу, троху незвычайны. Ён рэальна быў значна ніжэйшы, чым ва ўсіх у класе дзяўчатак. Ну, і я ж вучылася ў тэатральным класе. Пасля матэматыкі бегла на заняткі сцэнічнага руху, сцэнічнай мовы і гэтак далей. Голас быў пастаўлены, таму я думала, што радыё – мой фармат. Але так і не трапіла туды. Марыла, марыла – і нічога для гэтага не рабіла. Таму зараз – тэлебачанне. Ага, і ад акуляраў я ўжо пазбавілася!

    Наста Суханосік

    Актрыса і вядоўца «Раніцы з Белсатам» Наста Суханосік. Варшава, Польшча. 16 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «10 гадоў грала ролю цёці з загсу»

    – Скончыла ў Горадні тэатральны клас. І што далей?

    – Гэта быў, дарэчы, першы, эксперыментальны, выпуск такога класу ў Беларусі. А далей я паехала паступаць у Санкт-Пецярбург на акторку, бо на той момант гэта таксама была мая мара, а Піцер быў Меккай. Не прайшла. Вярнулася ў Горадню і пайшла ў Гарадзенскі каледж мастацтваў – на рэжысуру абрадаў святаў. Можна сказаць, што цяпер я працягваю працаваць па сваёй першай адукацыі (смяецца). Пасля заканчэння – зноў паспрабавала паступіць на акторскае, ужо ў менскую Акадэмію мастацтваў. Недабрала некалькі балаў, каб прайсці на «бюджэт». У выніку пачала вучыцца завочна на рэжысуры ў Інстытуце культуры. І паралельна працавала па сваёй першай адукацыі рэжысёрам святаў у Гарадзенскім доме культуры.

    – Дзе дапрацавалася аж да пасады дырэктара, калі не памыляюся?..

    – Не, да намесніка дырэктара. Пабыла на пасадзе толькі месяц і сышла – менеджара з мяне не атрымалася. Але пад маім кіраваннем і так было чалавек 60, я кіравала ўсім творчым калектывам – рабіла святы. Ладзіла, на жаль, і дзяржаўныя святы – 9 траўня, 3 ліпеня і г.д. Некалькі разоў спрабавала звольніцца, але потым вярталася. Мае калегі аж стаўкі рабілі, праз які час я паспрабую звольніцца паўторна. І аднойчы, калі зноў накіпела, мяне запрасілі як акторку ў Гарадзенскі лялечны тэатр. Абласны. Узялі, нават не праводзячы кастынгу.

    – Мара спраўдзілася, але – з лялькамі…

    – Аказалася, што гэта нават лепш. Аказалася, што «ў ляльках» значна цікавей працаваць, чым «у драме». Адпрацавала там 5 гадоў, але гэта быў найлепшы перыяд у маім жыцці. Файная трупа, класны рэжысёр, усё складалася. А паралельна з гэтым я цягам 10 гадоў працавала яшчэ як мім і як цырымоніймайстар. Можна сказаць, грала ролю цёці з загсу – абвяшчала закаханых мужам і жонкай. Займалася, па сутнасці, тым жа, што робіш ты: сядала вось так з парай і казала: «Ну, давайце расказвайце, як вы пазнаёміліся». Потым гэта апрацоўвала, афармляла і прамаўляла падчас цырымоніі. Можа, адсюль у мяне захапленне журналістыкай. Бо гэта было – як рэпартаж зрабіць.

    Наста Суханосік

    Актрыса і вядоўца «Раніцы з Белсатам» Наста Суханосік. Варшава, Польшча. 16 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Для мяне вельмі важна, што я застаюся ў прафесіі»

    – Арганізатарка гарадскіх святаў, акторка лялек. Проста ідэальны «куклавод»! Прызнавайся, ты арганізоўвала гарадзенскія маршы ў 2020‑м?

    – Не-не, не было такога (смяецца). Але хадзіла на маршы. У 2020‑м выйшла ўсё маё асяроддзе. Немагчыма было не выйсці. Як пачаўся сезон, адразу адчула прэсінг. У 2021 годзе мяне звольнілі – са згоды бакоў. Тады яшчэ можна было так дамовіцца. Дагэтуль з цеплынёй успамінаю перыяд працы ў лялечным, але і крыўда застаецца на тэатр, на трупу – што не адбілі.

    – Але ўжо ў Беластоку ты са сваім былым калегам Аляксандрам Енджэеўскім, які таксама быў звольнены з Гарадзенскага лялечнага, стварылі свой тэатр «Прыехалі», так было?

    – Усё так. Алесь са сваёй жонкай – мастачкай Кацярынай Еўдакімавай – пераехалі крыху пазней. Мы вельмі блізкія сябры. І ў нейкі момант яны кажуць: «Слухай, ты тут і мы тут – давай зробім сямейны тэатр». І так сталася. Аляксандр у нас дырэктар, я – акторка, Каця – тэатральная мастачка. У нас ёсць розныя праекты, дзе мы запрашаем і іншых актораў. Працуем. Магу раскрыць таямніцу: працуем цяпер над новым спектаклем паводле раману Сашы Філіпенкі «Чырвоны крыж». Прэм’ера чакаецца восенню.

    Ведаеш, для мяне вельмі важна, што я застаюся ў прафесіі. Гэта як для спартоўца рэгулярна пампаваць цягліцы. Праца ў ранішнім эфіры «Белсату» – таксама прапампоўванне. У жывым эфіры ты на мандражы. Перазапісаць нешта ці зрабіць другі дубль немагчыма. Як пайшло – так і будзе. Тое самае і ў спектаклі.

    – І ў жыцці. Жывём без дубляў і чарнавікоў. Ты ў сваім жыцці заўсёды была недзе побач з тэатрам. І ніякім бокам – з тэлевізарам?

    – А было! Я калісьці вяла ранішнюю праграму на гарадзенскім тэлебачанні. Але яна выходзіла ў запісе. Некалькі эфіраў наперад запісвалі. Зусім іншая справа. Ну, і гэта была Горадня – не трэба было нікуды дабірацца. Але, прызнаюся, цяпер гэтыя паўтары-дзве гадзіны, калі ты ў дарозе з Беластоку ў Варшаву ці наадварот, – гэта час, калі можна троху падумаць ці пачытаць. Да гэтага ў мяне проста не было часу на рэфлексію.

    Наста Суханосік

    Актрыса і вядоўца «Раніцы з Белсатам» Наста Суханосік. Варшава, Польшча. 16 чэрвеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

    «Мне здаецца, прафесіі журналіста і актора – вельмі блізкія»

    – Што для цябе «Белсат» увогуле, акрамя таго, што стаўся дарогай?

    – Што для мяне «Белсат»? Магчымасць. І, безумоўна, – рэалізацыя амбіцыяў. Бо актор без амбіцыяў – дрэнны актор. Як, напэўна, і журналіст. Мне здаецца, што гэтыя дзве прафесіі ў нейкім сэнсе вельмі блізкія. Акторам праз свае дзеянні на сцэне трэба перадаць вобраз персанажа. А журналісту праз свае пытанні – характар свайго героя.

    – Якой ты ўяўляеш сябе ў эфіры «Раніцы з Белсатам»?

    – Я думаю, гэта залежыць ад таго, колькі гадзін я пасплю напярэдадні (рагочам)… 

    Магчыма, я дзесьці раскрыюся, буду больш гаваркая. Я і так гаварлівая, у мяне жывая міміка, і я актыўна слухаю. Гэта зноў-такі прафесійны навык. І мне падаецца, што мусіць штосьці з гэтага атрымацца.

    Карацей, я пакуль не ведаю, што атрымае ад майго прыходу «Белсат», але я ведаю, што атрымаю я. Мне вельмі хочацца хоць нейкай камунікацыі з беларусамі ў Беларусі. Я разумею, што не буду атрымліваць адтуль фідбэкаў. Але я ведаю, што ў Беларусі «Белсат» глядзяць. Патаемна, падпольна. Потым чысцяць браўзер, але глядзяць. Можа, такіх людзей не так і шмат, як хацелася б, бо гэта небяспечна, але яны ёсць. Веру ў гэта. Можа, гэта трошкі ружова, але ніхто не забараняе нам марыць.

    – І рабіць вар’яцтвы. Бачу ўжо зноў чорцікаў у тваіх вачах. І ведаю, што новага прыўнясеш у «Раніцу з Белсатам». Зробіш яе троху больш вар’яцкай. У добрым сэнсе, зразумела.

    – Хто ведае…

    – Я ведаю. Трымаю за цябе кулакі. Дзякуй вялікі!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.