Прапагандысты Гродна стварылі свой каталог. Ён падобны на ліквідаваны «экстрэмісцкі» партал
У інтэрнэце з’явіўся партал «Базар Гарадзенскі». Сайт мае каталог і стужку навін. Даменам валодае дзяржгазета «Гродзенская праўда», а прынцып працы партала нагадвае ліквідаваны прыватны сайт Grodno.in.

Скрыншрот з сайта «Базар Гарадзенскі». Крыніца: Hrodna.life
«Базар Гарадзенскі» стварылі ў жніўні 2025, але яго запаўненнем заняліся не так даўно. Каталогі арганізацый паступова запаўняюць. Усяго на сайце прадугледжана 20 катэгорый, самыя папулярныя з якіх – крамы (ужо дадалося 308 арганізацый), аўтамабілі і аўтасэрвісы (200), турызм і сэрвіс (198), а таксама забаўкі (168).
Менш за ўсё арганізацый у катэгорыях паляванне і рыбалка (11), сад і агарод (10), а таксама праца – усяго дзве арганізацыі. Апісанне некаторых арганізацый ідэнтычна таму, што было ў Grodno.in.
На сайце таксама публікуюць навіны арганізацый – праўда, іх усяго чатыры. Анонс выставаў “Белагра” і “Нафта і Газ Узбекістана”, стажыроўка вадзіцеляў у аўтапарках Гродзенскай вобласці, а таксама вынікі конкурсу, на якіх ваўкавыскі мясакамбінат стаў пераможцам прэміі.
Ёсць і навіны Гродна — іх крыху больш. Першую, апублікаваную ў сярэдзіне чэрвеня, прысвяцілі Фестывалю нацыянальных культур.
Прынцып працы сайта “Базар Гарадзенскі” нагадвае ліквідаваны ўладамі Grodno.in. У снежні 2024 года партал і яго сацсеткі прызналі экстрэмісцкімі. Цяпер сайт недаступны.
Яго аналаг, верагодна, распрацоўвалі на замову ўладаў, таму што даменам «Базару Гарадзенскага» валодае дзяржаўная газета «Гродзенская праўда». Рэгістравала сайт дзяржкампанія “Облачные технологии”.
@bajmedia