• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прапагандыстка Бондарава адкарэктавала свой пост пра медыя Grodno.in. Верагодна, яна прайграла суд гродзенскаму парталу

    Эканамічны суд Гродзенскай вобласці разгледзеў іск аб абароне дзелавой рэпутацыі ад уладальніка партала Grodno.in да Вольгі Бондаравай, заўважыў тэлеграм-канал «Право имеют». Пасля гэтага ў канале прапагандысткі з’явіўся дзіўны допіс, а стары пост са згадкай сайта Grodno.in быў адкарэктаваны.

    Вольга Бондарава

    Вольга Бондарава. Фота: Гродзенская праўда

    Пра суд, які адбыўся 25 красавіка 2024 года, ні Вольга Бондарава, ні гарадскі партал Grodno.in нічога не паведамлялі. Аднак пра вынікі пасяджэння можна ўскосна меркаваць па абнаўленням у тэлеграм-канале праўладнай актывісткі. 

    Пасля абеду 25 красавіка ў канале з’явіўся допіс, у якім Бондарава заяўляе, што сайт Grodno.in не з’яўляецца экстрэмісцкім, а таксама яна дае дазвол парталу на распаўсюд паста з гэтай інфармацыяй.

    Як вынікае з допісу, канфлікт быў справакаваны пастом Бондаравай ад 12 студзеня 2024 года, у якім яна крытыкавала выставу «бчб-мастака Уладзіміра Сакалоўскага» і «экстрэмісцкі» рэсурс, які размясціў рэкламу мерапрыемства. У якасці ілюстрацыі выкарыстоўваўся скрыншот з навіной Grodno.in.

    Зараз гэты пост адкарэктаваны Бондарава пакінула той жа тэкст, але фота з Grodno.in замяніла на скрыншоты з публікацыяй на Reform.news. Рэдакцыя Reform.news са свайго боку адзначае, што іх сайт на той момант не быў прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі, але быў заблакаваны ў Беларусі.

       

    Пост пра выставу да і пасля суду. Скрыншот з тэлеграм-канала Вольгі Бондаравай

    Выданне Hrodna.life знайшло ў старым канале Бондаравай ў пасце за снежань 2022 года яшчэ адну згадку пра Grodno.in. Прапагандыстка скардзіцца, што партал апублікаваў афішу студэнцкага мерапрыемства «у стылі лесбіянак» з ілюстрацыяй, на якой намаляваныя дзве дзяўчыны ў абдымку. Верагодна, суд не датычыўся гэтага допісу, бо скаргі засталіся на месце.

    Grodno.in — гродзенскі інфармацыйна-рэкламны партал са стужкай навін, афішай, каталогам і дошкай аб’яваў. Працуе з 2013 года.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці