Віленскі код: як жыла і за што змагалася беларуская прэса міжваеннага часу
Чаму беларускія газеты ў Вільні пастаянна мянялі назвы, пра што туды пісалі вяскоўцы, наколькі выкарыстоўваліся фэйкі і чаму савецкая ўлада нішчыла гэтую спадчыну? Гісторыкі і журналісты разважаюць пра тое, чаму нам важна перапыніць «бясконцае абнуленне» і ведаць сваіх папярэднікаў.

Ілюстрацыя створана БАЖ з дапамогай chat GPT
Вільня як медыйны вір
Міжваенная Вільня была паліфанічным вірам, дзе сярод іншых набірала моц і беларускае слова. У гэтым горадзе канцэнтраваліся інтэлектуальныя рэсурсы, палітычныя жарсці і выдавецкія амбіцыі беларусаў, якія пасля Рыжскай дамовы апынуліся ў Рэчы Паспалітай. У Заходняй Беларусі, у адрозненне ад БССР, свабода прэсы ўсё ж была, хоць і са сваімі акалічнасцямі. Але пра гэты медыйны вір малавядома сённяшнім чытачам беларускіх медыя.
Між тым, як заўважае журналіст, краязнаўца і архівіст Ян Рамэйка, памятаць пра гэта трэба, «бо мы не першыя, хто жыве на гэтай зямлі».
«Усведамляем мы гэта ці не, але працягваем нацыянальную, незалежніцкую справу, якую пачалі нашыя папярэднікі. Тое самае датычыць і гісторыі беларускай прэсы. Таму варта пра гэта памятаць хаця б дзеля агульнага развіцця, бо чалавек мусіць ведаць гісторыю. Грамадства павінна ведаць сваю гісторыю, і кожная прафесійная супольнасць таксама мусіць ведаць сваю», — зазначае даследчык.
Гэтая тэма малавядомая шырокаму колу людзей: «І парадаксальна, што яна застаецца малавядомай, хоць сёння практычна ўсю тагачасную беларускую прэсу можна, не выходзячы з дому, знайсці ў інтэрнэце, спампаваць і прачытаць».
Архівы алічбаваныя, файлы даступныя, але для большасці сучаснікаў гэты пласт застаецца «невядомай Атлантыдай». Між тым менавіта тады, ля віленскіх муроў, гартавалася і расквітала беларуская публіцыстычная думка.
«Кажуць людзі сёння, што на свеце свабода». Пра што беларусы Беластока пісалі ў газеты 90 гадоў таму
Тры плыні беларускай міжваеннай прэсы
Практычна ўся беларуская перыёдыка Заходняй Беларусі, за рэдкімі выключэннямі, выходзіла менавіта ў Вільні.
Першая плынь — левая сацыялістычная прэса. Яе стваралі асяродкі, з якіх у 1925 годзе сфармавалася Беларуская сялянска-работніцкая грамада. Пры гэтым выданні гэтага кірунку існавалі і да стварэння Грамады, і пасля яе закрыцця.
Цяжка назваць нейкае адно найбольш вядомае выданне, бо дзейнічалі спецыфічныя нормы тагачаснага заканадаўства. Левая беларуская прэса пастаянна балансавала на мяжы дазволенага, і газеты рэгулярна закрывалі.
У тагачасным польскім заканадаўстве дзейнічаў заяўны прынцып рэгістрацыі газет. Чалавек падаваў у дзяржаўныя органы дакументы, паведамляючы, што збіраецца выдаваць газету, указваў яе назву, перыядычнасць, выдаўца, рэдактара, адрас рэдакцыі — і выданне пачынала выходзіць. Працавала яно да таго часу, пакуль улады яго не закрывалі.

Нумар газеты «Народная справа», 1926 год. Фота з архіва Яна Рамэйкі
«Таму па адным і тым жа адрасе, напрыклад, на Віленскай, 12, па чарзе выходзілі газеты пад рознымі назвамі. Спачатку гэта была «Беларуская справа». Калі яе закрывалі, ужо праз тыдзень з’яўлялася «Народная справа» — з той жа вёрсткай, тымі ж шрыфтамі, такім жа рэдактарскім стылем, той жа тэматыкай і тым жа адрасам рэдакцыі. Потым выходзілі «Наша справа», «Наша праца», «Народная праца» і г. д.», — кажа Ян Рамэйка.
«Дызайн газеты падказваў, да якога палітычнага лагера яна належыць»
Літаратуразнаўца, даследчык Ціхан Чарнякевіч заўважае, што гэтыя дзясяткі грамадоўскіх выданняў набіраліся «тымі ж шрыфтамі, з амаль аднолькавым афармленнем».
«Фактычна дызайн газеты сам падказваў чытачу, да якога палітычнага лагера яна належыць. Калі замест «Вольнай працы» з’яўлялася «Да працы», людзі цудоўна разумелі, што гэта тое ж самае выданне, толькі пад новай назвай, — кажа ён. — Для левай прэсы гэта была звычайная практыка. Дарэчы, падобным чынам калісьці выходзіла і «Праўда» ў Расійскай імперыі, яна таксама неаднаразова мяняла назву».
Калі казаць пра тэматыку гэтых газет, то яны пісалі пра ўнутраную і міжнародную палітыку, пра беларускія справы як у Польшчы, так і ў БССР.
«Пры гэтым вельмі вялікую, магчыма нават чвэрць аб’ёму выданняў, займалі лісты з вёсак. Да таго часу ўжо сфармавалася беларуская вясковая інтэлігенцыя. На вёсцы былі звольненыя настаўнікі, якіх польскія ўлады не бралі на працу, адстаўныя царскія афіцэры і падафіцэры. Але пісалі і простыя сяляне, якіх цягнула да асветы і беларускай грамадскай дзейнасці, — распавядае Ян Рамэйка. — Сотні людзей з самых розных мясцовасцяў дасылалі допісы пра праблемы, якія хвалявалі беларусаў.
Разам з гэтым рос і ўзровень нацыянальнай свядомасці, і культурны ўзровень беларускіх вяскоўцаў. Часта аўтары закраналі балючыя эканамічныя пытанні. Пісалі пра канфлікты з буйнымі землеўладальнікамі, да якіх сяляне наймаліся на працу, пра спрэчкі вакол аплаты працы, пра зямельныя канфлікты. Дарэчы, у гэтых допісах было шмат гумару. Мова карэспандэнцый была вельмі жывая».
Зрэшты, практычна кожная беларуская газета мела сельскагаспадарчы раздзел, бо асноўнай аўдыторыяй былі сяляне.
«Увогуле структура нумара была даволі стандартная. На першай паласе — актуальная перадавіца, звычайна прысвечаная рэпрэсіям супраць беларусаў, выступленням у Сойме, чарговаму палітычнаму канфлікту або, напрыклад, нейкай антыбеларускай публікацыі ў польскай прэсе.
Ніжэй, у так званым «падвале», друкавалі літаратуру: пераклады, апавяданні, вершы. Часта публікавалі п’есы, якія працягваліся з нумара ў нумар, — тлумачыць Ціхан Чарнякевіч. — Другая паласа, як правіла, была прысвечаная замежным навінам. Шмат пісалі пра Японію, Кітай, Індыю, В’етнам, Яву. Асаблівую ўвагу надавалі нацыянальна-вызваленчым рухам у Азіі, дзейнасці Махатмы Гандзі, антыкаланіяльнай барацьбе.

Галоўны рэдактар сайта bellit.info Ціхан Чарнякевіч. Круглы стол «Вынікі 2024 года ў беларускай культуры: тэндэнцыі, адкрыцці, чаканні». 18 снежня 2024 года. Фота: Вадзім Заміроўскі
Побач ішлі навіны з савецкай Усходняй Беларусі і з Вільні. Асобнымі калонкамі друкаваліся сельскагаспадарчыя матэрыялы: як даглядаць жывёлу, лячыць яе ад хвароб, займацца пчалярствам, паляпшаць земляробства.
А апошняя старонка амаль заўсёды аддавалася карэспандэнцыям з вёсак — своеасаблівая зваротная сувязь. Людзі пісалі пра тое, што адбывалася ў іх мясцовасцях: пра вечарыны, канфлікты, крымінальныя здарэнні, дзейнасць паліцыі, напады бандытаў.
Вельмі часта гэтыя лісты распавядалі пра рэпрэсіі і канфлікты вакол зямлі. Напрыклад, рэгулярна з’яўляліся паведамленні пра супрацьстаянне з асаднікамі — калі нехта з іх пагражаў сялянам, ужываў зброю ці проста сілай адстойваў свае правы. Дарэчы, былі і анекдоты. Гумару ў беларускай прэсе таксама хапала».
Лацінка ці кірыліца?
Залежала ад аўдыторыі. Праваслаўнае насельніцтва было больш схільнае да кірыліцы, а каталіцкае — да лацінкі, бо многія каталікі яшчэ ў царскія часы вучыліся чытаць па-польску ў таемных школках, каб карыстацца польскімі малітоўнікамі. Таму лацінка была для іх культурна і цывілізацыйна больш звыклай.
«У 30‑я гады, асабліва ў выданнях, блізкіх да Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, нярэдка можна сустрэць абедзве графікі ў адным нумары: частка артыкулаў друкавалася кірыліцай, частка — лацінкай.
Нярэдка карэспандэнцыі проста друкавалі тым шрыфтам, якім іх дасылаў аўтар, — зазначае Ян Рамэйка. — Калі ж казаць пра сацыялістычную прэсу, то яна пераважна выходзіла кірыліцай. Хіба што падчас росквіту Грамады выходзіў «Народны звон» — выданне таго ж палітычнага кірунку, але надрукаванае лацінкай. Гэта быў, бадай, адзіны такі выпадак».
Левая сацыялістычная прэса фактычна знікла ўжо ў 1929 годзе.
Другая плынь — прэса, блізкая да Беларускай хрысціянскай дэмакратыі
Найдаўжэйшым беларускім выданнем міжваеннага часу была газета «Крыніца». Да 1925 года яна выходзіла пад назвай «Крыніца», пасля — як «Беларуская крыніца».

Нумар газеты «Крыніца», 1936 год. Фота з архіва Яна Рамэйкі
Газета пачала выходзіць у Петраградзе ў 1917 годзе, у 1919‑м адрадзілася ў Вільні і выдавалася да 1937 года, калі яе закрылі ўлады. Прычым законы ўжо былі закручаныя настолькі, што аднавіць выданне не дазволілі.
«Беларуская крыніца» зноў пачала выходзіць толькі ў 1939 годзе, калі Вільня ўжо адышла Літве. Газета выдавалася да 1940 года — да далучэння Літвы да СССР. Дарэчы, працяглы час у «Беларускай крыніцы» працаваў Ян Пазняк — дзед Зянона Пазняка.
На яе старонках друкаваліся публіцыстычныя артыкулы, перадавіцы з палітычнымі каментарамі, беларускія, польскія і міжнародныя навіны. Як і ў левай прэсе, значнае месца займалі лісты чытачоў з правінцыі.
«Але тут дадавалася яшчэ і рэлігійная праблематыка. Для многіх людзей балючымі былі пытанні беларускай мовы ў касцёле і царкве, стаўлення духавенства да беларускай культуры. Гэта займала значную частку публікацый», — заўважае Ян Рамэйка.
Напрыканцы 1920‑х гадоў у Вільні намаганнямі ксяндза Адама Станкевіча была заснаваная Беларуская друкарня імя Францыска Скарыны: «Ідэя была простая: не аддаваць друк газет староннім друкарням, а мець уласную, што было і танней, і больш надзейна».
Неўзабаве, у 1928 годзе, пачаў выходзіць часопіс «Хрысціянская думка», які выдаваўся да 1939 года. Гэта быў каталіцкі часопіс, што друкаваўся беларускай лацінкай. Яго аўтарамі сталі выбітныя дзеячы беларускай каталіцкай інтэлігенцыі, перадусім духавенства. Частка матэрыялаў была выключна рэлігійнага зместу — каментары да Евангелля, жыцці святых.

Нумар «Хрысціянскай думкі», 1937 год. Фота з архіва Яна Рамэйкі
«Але шмат публікацый прысвячалася і іншым тэмам.
Напрыклад, айцец Язэп Германовіч пасля ад’езду на місію ў Харбін некалькі нумароў запар апісваў сваё падарожжа. Ксёндз Віктар Шутовіч, які некалькі гадоў служыў у ЗША, пісаў пра амерыканскае грамадства і Каталіцкі касцёл у Амерыцы. Іншыя аўтары дасылалі лісты з Рыма, распавядалі пра рымскія касцёлы і катакомбы.
У 1939 годзе Чэслаў Сіповіч з Рыма падрыхтаваў матэрыял пра інтранізацыю Папы Пія XII, на якой прысутнічаў асабіста», — распавядае Ян Рамэйка.

Нумар «Хрысціянскай думкі», 1937 год. Фота з архіва Яна Рамэйкі
Паводле Ціхана Чарнякевіча, спачатку прэса гэтага напрамку не мела такога ўплыву, як левыя выданні:
«Але сітуацыя ў дзяржаве змянялася. Калі польскія ўлады пачалі масава арыштоўваць рэдактараў, беларускіх паслоў, партыйных актывістаў, дзеячаў Таварыства беларускай школы і іншых прадстаўнікоў нацыянальнага руху, уплыў хадэцкай прэсы і «Сялянскай нівы» пачаў расці. Фактычна яны займалі тое месца, якое вызвалялася пасля разгрому іншых беларускіх арганізацый. Да іх пераходзілі чытачы, падпісчыкі і частка той аўдыторыі, з якой раней працавалі ТБШ і іншыя нацыянальныя структуры.
Беларускі сялянскі саюз на чале з паслом Фабіянам Ярэмічам і Беларуская хрысціянская дэмакратыя на чале з Адамам Станкевічам паступова сталі аднымі з галоўных цэнтраў беларускага грамадскага жыцця».
Яшчэ адным важным выданнем гэтага кірунку стаў часопіс «Шлях моладзі», які выходзіў з 1929-га па 1939 год. Ён планаваўся як орган беларускай моладзевай арганізацыі, але ўлады не дазволілі яе стварыць.

Нумар «Шляху моладзі», 1939 год. Фота з архіва Яна Рамэйкі
Тым не менш часопіс з’явіўся дзякуючы друкарні імя Францыска Скарыны. Першыя гады яго выпускалі фактычна на валанцёрскіх пачатках:
«Моладзь, якая працавала ў друкарні, займалася выданнем вечарамі пасля працы, а ксёндз Адам Станкевіч за ўласныя грошы купляў паперу. Фактычна часопіс існаваў дзякуючы ахвярнасці і энтузіязму. На яго старонках друкаваліся навукова-папулярныя артыкулы, літаратурныя творы, паэзія, публіцыстыка, а часам і рэпартажы. Доўгі час рэдактарам быў Мар’ян Пецюкевіч, які публікаваў там і свае этнаграфічныя матэрыялы».
Яшчэ адным цікавым выданнем стаў літаратурна-навуковы квартальнік «Калоссе», што выходзіў у 1935–1939 гадах, як зазначае Ян Рамэйка:
«Гэта быў сапраўды ўнікальны праект. Фактычна ўся заходнебеларуская інтэлігенцыя, незалежна ад палітычных поглядаў, аб’ядналася вакол гэтага часопіса. Тут друкаваліся вершы Максіма Танка, Міхася Машары, апавяданні Фёдара Ільяшэвіча, навуковыя артыкулы ксяндза Адама Станкевіча, Янкі Шутовіча, Станіслава Грынкевіча, Міколы Шкялёнка і многіх іншых. Узровень выдання быў вельмі высокі. Пры гэтым яно трапляла і ў правінцыю».

Нумар «Калосся», 1939 год. Фота з архіва Яна Рамэйкі
Паланафілы
Трэці напрамак — выданні розных паланафільскіх груп.
«Польскія ўлады і спецслужбы ўвесь час спрабавалі стварыць лаяльныя да сябе беларускія асяродкі і фінансаваць іх дзейнасць. Але, як правіла, нічога асабліва паспяховага з гэтага не атрымлівалася. Такія групы не мелі вялікага ўплыву, а іх прэса існавала нядоўга», — распавядае Ян Рамэйка.
Даследчык лічыць, што самым цікавым выданнем гэтага кірунку была газета «Родны край», якая выходзіла ў 1933–1936 гадах. Фактычна яе рэдагаваў Антон Луцкевіч:
«Калі ў 1920‑я гады ён супрацоўнічаў з грамадоўскай прэсай, то пазней зрабіў стаўку на магчымасць дамовіцца з польскімі ўладамі, — тлумачыць эксперт. — На маю думку, «Родны край» быў адной з найлепш адрэдагаваных беларускіх газет таго часу — і паводле стылю, і паводле тэматыкі».

Нумар «Роднага краю», 1935 год. Фота з архіва Яна Рамэйкі
Паводле Ціхана Чарнякевіча, прэса, лаяльная да польскай дзяржавы, з’явілася даволі рана:
«Напрыклад, Францішак Аляхновіч выдаваў «Беларускае жыццё» яшчэ ў 1918–1919 гадах. Потым гэты лагер таксама падзяліўся: былі больш памяркоўныя выданні, а былі і такія, якія фактычна адстойвалі выключна польскія інтарэсы. Дарэчы, Ян Станкевіч падчас суда над дзеячамі Грамады ў 1928 годзе вельмі трапна сказаў: маўляў, ёсць беларускія газеты розных кірункаў, а ёсць яшчэ адна польская газета, якая проста выходзіць па-беларуску. Усе тады добра разумелі, хто за кім стаіць».
Цікавыя крыніцы існавання гэтых прапольскіх выданняў: «Існавала Часовая беларуская рада на чале з Арсенем Паўлюкевічам і яшчэ некалькімі дзеячамі.
Польскія ўлады выдалі ім канцэсіі на азартныя гульні — і ў беларускіх клубах запрацавалі рулетка, лато, покер. За кошт гэтых прыбыткаў яны фінансавалі свае выданні, у якіх крытыкавалі левыя беларускія арганізацыі, дзеячаў БНР, беларускіх паслоў і іншыя нацыянальныя асяродкі.
Акрамя таго, былі людзі, якія атрымлівалі фінансаванне проста для таго, каб адцягваць галасы ад нацыянальнага беларускага руху».
Гэта была цалкам рэальная палітычная барацьба: «Пасля парламенцкіх выбараў 1922 года беларускі палітычны рух выразна падзяліўся на некалькі лагераў. Беларускі пасольскі клуб праводзіў сваю лінію, а яго апаненты актыўна крытыкавалі яе ў сваіх выданнях. Праўда, істотнай падтрымкі на выбарах гэтыя праўрадавыя беларускія групы тады так і не атрымалі. Беларускіх паслоў у Сойм тады было 11, украінскіх — 20. Увогуле яны ўваходзілі ў Блок нацыянальных меншасцяў, куды таксама ўваходзілі габрэі і прадстаўнікі іншых народаў. Разам яны мелі, здаецца, каля сотні мандатаў. Але ўсё адно заставаліся ў апазіцыі, бо ў польскім парламенце было больш за 400 дэпутатаў, таму ўплываць на агульную палітыку Сойма нацыянальныя меншасці не маглі. Хоць іх галасы былі добра чутныя».
Пазней, калі пачалася радыкалізацыя беларускага руху і была створана Беларуская сялянска-работніцкая грамада, сітуацыя змянілася — пра левы кірунак вялося вышэй.
«Як вядома, Грамада атрымала значныя сродкі з СССР на развіццё сваёй прэсы. Менавіта тады і наступіў сапраўдны росквіт беларускай перыёдыкі — газет стала вельмі шмат, — зазначае Ціхан Чарнякевіч. — Аднак і ўнутры гэтага лагера адбыўся раскол.
Частка беларускіх паслоў выйшла з Грамады, стварыла Беларускі сялянскі саюз і пачала выдаваць газету «Сялянская ніва». Яны таксама называлі сябе сялянскай партыяй, але падкрэслівалі, што не падзяляюць поглядаў Браніслава Тарашкевіча, Сымона Рак-Міхайлоўскага і іншых дзеячаў сацыялістычнага і пракамуністычнага кірунку. Паміж гэтымі выданнямі разгарнулася актыўная палеміка, якая займала значную частку газетных палос».
Нелегалы з усходняй падтрымкай і бестселеры
Камуністычная партыя Заходняй Беларусі таксама выдавала сваю прэсу, найбольш вядомая — газета «Чырвоны сцяг».
«Гэта заўсёды былі падпольныя выданні. Як правіла, іх друкавалі на тэрыторыі СССР, а потым нелегальна перапраўлялі ў Заходнюю Беларусь. Гэта добра відаць нават па якасці паперы і друку. Шчыра кажучы, сёння чытаць іх даволі цяжка — перадусім з‑за стылю, — распавядае Ціхан Чарнякевіч. — «Чырвоны сцяг» і цяпер даволі часта трапляецца даследчыкам і калекцыянерам.
Думаю, прычына простая: наклады былі велізарныя, Савецкі Саюз не шкадаваў сродкаў на такую прапаганду. Да таго ж гэтыя выданні не так старанна знішчалі пасля вайны. А вось грамадоўскую прэсу нават у савецкі час захоўваць дома было небяспечна».
Паралелі з нашымі часамі відавочныя — прэса тады таксама была часткай палітычнай барацьбы і залежала ад фінансавання.
Гарэлка, кнігі, кіно: рэклама ў беларускіх газетах 100 гадоў таму
Акрамя таго, існавалі і вузкаспецыялізаваныя беларускія выданні. Напрыклад, часопіс «Беларуская борць» для пчаляроў, які выдаваў Васіль Захарка. Быў сельскагаспадарчы часопіс «Саха», што выходзіў пад пратэкцыяй Аляксандра Уласава.
«Вельмі папулярнымі былі і календары. Яны таксама змяшчалі шмат артыкулаў на сельскагаспадарчыя тэмы. Гэта — бестселеры, асабліва адрыўныя. Калі паглядзець архіўныя лісты ў беларускія кнігарні, то людзі найперш просяць даслаць каляндар.
Захаваліся нават паштоўкі з просьбамі: «Вышліце каляндары». Або нехта піша: «Прашу даслаць яшчэ 400 асобнікаў, бо ўжо прадаў 800». Гэта былі сапраўды вялікія наклады, якія разыходзіліся вельмі хутка. Выпускаліся таннейшыя варыянты — без драўлянай падстаўкі, і даражэйшыя — ужо з дошчачкай, каб можна было павесіць на сцяну», — расказвае Ціхан Чарнякевіч.
Штучны тавар
Тут асаблівай увагі заслугоўвае жыццё Віленскай беларускай гімназіі. Там вучні стваралі ўласны часопіс, ці друкавалі, ці карысталіся шапірографам — прымітыўным, але дзейсным апаратам для размнажэння тэкстаў. Мастацкае афармленне такіх выданняў, за якое часта адказваў Раман Семашкевіч, рабіла іх сапраўднымі арт-аб’ектамі.
Як зазначае Ціхан Чарнякевіч, гэта быў некамерцыйны праект: «Часопісы выходзілі перадусім для гімназічнай супольнасці.
Але трэба разумець, што ў беларускай гімназіі ўжо тады вучыліся некалькі соцень чалавек. Гэта была вялікая і вельмі ўдзячная аўдыторыя, таму такія выданні маглі існаваць даволі доўга. Усё залежала ад канкрэтных абставін і магчымасцяў».
Для многіх выданняў і календароў рабіў ілюстрацыі славуты мастак Язэп Драздовіч, тады, зразумела, не такі вядомы. Але ўвогуле беларуская прэса ілюстравалася даволі бедна:
«Фотаздымкаў і малюнкаў было мала, найперш праз недахоп сродкаў. Даводзілася эканоміць, таму галоўнай каштоўнасцю быў сам тэкст, актуальная інфармацыя. Фатаграфіі і ілюстрацыі ўжо былі другаснымі».
Інфармацыйныя войны: «Асінавы кол» і вулічныя сутычкі
Тон тагачаснай палемікі быў беспрэцэдэнтна жорсткім, «тое, што мы сёння называем «хэйт-спічам», было нормай жыцця», кажа Ціхан Чарнякевіч.
«Калі ўзяць, напрыклад, Антона Луцкевіча, то пра яго можна сабраць некалькі тамоў абразлівых фельетонаў і памфлетаў. Пісалі, што яму нібыта ў сне з’яўляецца брат Іван, што яго душаць цені. Пасол Васіль Рагуля нават сцвярджаў, што «беларускі народ павінен забіць яму асінавы кол у грудзі». Яго называлі польскім шпіёнам, «рукой Варшавы».
Гэта была надзвычай агрэсіўная, брудная інфармацыйная вайна без якіх-небудзь межаў, — распавядае даследчык. — Фэйкі стваралі ўсе. Польскія выданні таксама. Вельмі шмат сіл ішло на тое, каб прыдумваць кампрамат, абвяргаць яго, адказваць адзін аднаму. Часам палова нумара газеты складалася з узаемных абвінавачанняў. Даходзіла да боек і нават да дуэляў.
Аднойчы каля рэдакцыі на Антона Луцкевіча напалі людзі, звязаныя з асяроддзем Арсеня Паўлюкевіча. Але Луцкевіч адбіўся сваёй цяжкай ляскай. Быў і выпадак з Фабіянам Ярэмічам. Пасля чарговага публічнага канфлікту Луцкевіч выклікаў яго на дуэль. Ярэміч не прыйшоў, і секунданты Луцкевіча апублікавалі ў газеце паведамленне, што Антон Луцкевіч атрымаў перамогу без бою».

Фота: Вікіпедыя
Падобныя гісторыі здараліся не толькі ў беларускай прэсе:
«Польскім рэдактарам таксама нярэдка даставалася. Вядома, што рэдактара газеты Słowo некалькі разоў збівалі людзі, якіх ён крытыкаваў у сваіх артыкулах. У рэдакцыі газеты Dziennik Wileński таксама здараліся бойкі. Для пасляваеннага пакалення гэта было амаль звычайнай з’явай: многія насілі зброю, і градус палітычнага супрацьстаяння быў вельмі высокі».
За данаты
Наколькі для людзей было дасяжна выпісваць або купляць беларускія газеты?
«Гэта не было ні асабліва дорага, ні асабліва танна — прыкладна на сярэднім узроўні. Але, вядома, селянін, які выпісваў беларускую газету, ішоў на пэўную рызыку. Ён разумеў, што выданне могуць хутка закрыць, і падпіска проста знікне. Таму гэта быў яшчэ і своеасаблівы акт падтрымкі», — кажа Ціхан Чарнякевіч.
Амаль у кожным нумары друкаваліся спісы ахвярадаўцаў — хто даслаў грошы на выданне ці на падпіску:
«Сёння сказалі б — данаты. Дапамога прыходзіла не толькі з Заходняй Беларусі. Грошы дасылалі беларусы з Латвіі, дзе таксама існавалі свае школы, прэса і грамадскія арганізацыі. Даволі рэгулярна падтрымка ішла і з Амерыкі, асабліва ў першай палове 1920‑х гадоў».
«Не бачу ў гэтай гісторыі нейкай паразы»
Дагэтуль не існуе сістэмнага даследавання гэтага пласта беларускай журналістыкі. Ціхан Чарнякевіч займаецца даследаваннем Віленскай гімназіі:
«Зараз я проста чытаю ўсю міжваенную беларускую перыёдыку, да якой магу дабрацца. На сёння ўжо апрацаваў 38 пазіцый. Пад пазіцыяй я разумею канкрэтнае выданне. Недзе захавалася два нумары, недзе — 200, а бывае і 400. Але гэта ўжо — 38 розных назваў. І гэта яшчэ далёка не ўсё.
Усё, што цяпер чытаю, ужо адсканавана. Вялікі дзякуй Літоўскай акадэмічнай бібліятэцы — яны алічбавалі практычна ўсю заходнебеларускую міжваенную прэсу, якая ў іх захоўваецца. Ёсць і польскамоўныя выданні, крыху рускамоўных. Літоўскай, здаецца, амаль няма. А вось беларускія перыядычныя выданні нехта вельмі грунтоўна падрыхтаваў і зрабіў даступнымі.
Пакуль што я вывучаю гэта найперш дзеля сваёй асноўнай тэмы — гісторыі Беларускай гімназіі ў Вільні. Менавіта да гэтай кнігі я цяпер іду. Але, натуральна, чытаючы газеты, пастаянна знаходзіш шмат цікавага і па-за сваёй тэмай. Бо вельмі часта даводзіцца звяртацца да выступленняў беларускіх паслоў у Сойме: там можа раптам усплыць пытанне адукацыі, школы або гімназіі».
Як казаў Браніслаў Тарашкевіч у адным са сваіх выступленняў у Сойме ў 1923 годзе, «Зямля і школа — гэта тое, дзеля чаго нас беларускі народ сюды паслаў».
«Гэтыя словы вельмі добра адлюстроўваюць прыярытэты таго часу. На жаль, далей сітуацыя толькі пагаршалася.
Польскія рэпрэсіі ўзмацняліся, магчымасцей станавілася ўсё менш, і ўрэшце гэты рух быў задушаны. Але на першым этапе людзі яшчэ шчыра верылі, што нешта можна змяніць. І так, гэтыя словы і сёння зноў гучаць вельмі актуальна, — зазначае Ціхан Чарнякевіч. — Але барацьба трывае. Я не бачу ў гэтай гісторыі нейкай паразы.
Насамрэч людзі тады працавалі неверагодна шмат, часта аддавалі апошнія грошы, каб выдаць кнігу, газету ці часопіс, арганізаваць беларускую вечарыну. Усё вельмі часта рабілася літаральна «на каленцы», але ў выніку ўзнікла вялізная беларуская культурная і медыйная плынь.

Святкаванне ўгодак абвяшчэння БНР у Віленскай беларускай гімназіі, 1935. Фота: Вікіпедыя
Праз Віленскую беларускую гімназію прайшлі тысячы людзей. З беларускімі газетамі былі звязаныя сотні паэтаў, празаікаў, драматургаў, акцёраў, журналістаў, мастакоў, друкароў. Працавала беларуская друкарня імя Францыска Скарыны. Гэта была сапраўдная вялікая беларуская экасістэма ў Вільні».
І ўсе ведалі, што яна існуе, гэтая экасістэма:
«Дзясяткі арганізацый, дзясяткі выданняў — нейкія жылі доўга, нейкія хутка закрываліся праз рэпрэсіі або фінансавыя цяжкасці, былі і ўтапічныя праекты, і адкрыта паланафільскія. Але ўсе яны ў той ці іншай ступені працавалі на беларускую справу. Калі чытаеш гэтыя газеты ад першай да апошняй старонкі, проста захапляешся маштабам зробленага».
Пачатак, росквіт і заняпад
Беларуская прэса паўстала пасля «ваеннага перапынку».
«Яе адлік варта весці з 1919 года. Напрыканцы 1918 года пасля рэвалюцыі ў Германіі немцы пачалі пакідаць акупаваныя тэрыторыі. Адыход адбываўся паступова.
У гэты час у Вільні яшчэ выходзіла газета «Гоман», якая фактычна працягвала традыцыю «Нашай Нівы» і выдавалася з дазволу нямецкай акупацыйнай адміністрацыі, — распавядае Ціхан Чарнякевіч. — Наогул пры немцах адбылося шмат важных для беларусаў падзей. У Вільні адкрылася першая беларуская школа, была дазволеная беларускамоўная адукацыя, а руская, наадварот, забароненая. Нават быў выдадзены спецыяльны дэкрэт, паводле якога беларусы як карэннае насельніцтва мелі права карыстацца сваёй мовай, выдаваць кнігі і навучаць дзяцей па-беларуску.
Увогуле немцы ў той час спрабавалі працаваць з рознымі народамі, хоць найбольш падтрымлівалі літоўцаў. Менавіта яны дапамаглі стварыць літоўскую дзяржаўнасць і на першым этапе выдзялялі значныя сродкі, у тым ліку на друк».
Пасля, калі адбыўся так званы «бунт» генерала Жалігоўскага, з’явілася дзяржава Сярэдняя Літва, дарэчы, першапачаткова гэты праект нібыта нават разглядаўся пад назвай Заходняя Беларусь.
Польскія ўлады дэкларавалі свабоду друку, таму тут працягвалі выходзіць польскія, беларускія, літоўскія, габрэйскія і рускамоўныя газеты. Такая шматмоўная прэса існавала фактычна да канца 1930 гадоў.
«Менавіта гэтая полікультурнасць і шматмоўнасць — адна з галоўных асаблівасцяў віленскай журналістыкі таго часу. Палякі чыталі беларускія і літоўскія газеты, беларусы адказвалі на публікацыі польскай прэсы, літоўскія выданні Vilniaus garsas ці Lietuvos kelias цытавалі беларускія, беларускія — літоўскія.
Усе ўдзельнічалі ў адной вялікай грамадскай дыскусіі, — падкрэслівае Ціхан Чарнякевіч. — Таму гісторыю міжваеннай віленскай прэсы нельга разглядаць асобна для кожнага народа. Гэта была адзіная інфармацыйная прастора, дзе побач існавалі і ўплывалі адна на адну польская, беларуская, літоўская, габрэйская і рускамоўная журналістыка».

Газета «Гоман»
Літоўскія газеты ў Вільні, як і беларускія ці польскія, таксама пастаянна закранала цэнзура: закрывалі выданні, арыштоўвалі рэдактараў, канфіскоўвалі асобныя нумары:
«Але ў 1920‑я гады яны ўсё ж выходзілі даволі актыўна. Праўда, чым далей, тым мацнейшы рабіўся ціск. Многія рэдакцыі былі вымушаныя пераязджаць у Коўна, тагачасную сталіцу Літвы, дзе ўжо спрабавалі аднавіць сваю працу. Так было і з габрэйскай прэсай. На жаль, я не магу чытаць выданні на ідышы, але іх было вельмі шмат. Яны былі папулярнымі, бо амаль палова насельніцтва Вільні была габрэйскай. Пры гэтым яны таксама пісалі пра беларускія, літоўскія і польскія справы».
Пасля 1939-га
На жаль, зазначае Ян Рамэйка, лёс рэдактараў і журналістаў беларускіх выданняў падчас і пасля Другой сусветнай вайны склаўся даволі трагічна.
Калі ў верасні 1939 года савецкія войскі занялі Вільню, а праз месяц перадалі яе Літве, то яшчэ да гэтай перадачы былі арыштаваныя Ян Пазняк і Антон Луцкевіч, іх разам з іншымі віленчукамі вывезлі ў турму ў Беластоку.
Пазней імя Яна Пазняка з’явілася ў беларускім Катынскім спісе, а Антон Луцкевіч неўзабаве памёр у савецкім лагеры.
«У 1939 годзе віленская беларуская прэса фактычна спыніла сваё існаванне. Апошні нумар «Хрысціянскай думкі» выйшаў 1 верасня 1939 года. Рэдакцыя яшчэ не ведала, што пачалася вайна. Апошнім выйшаў «Беларускі летапіс» — орган былых дзеячаў ТБШ. Яго датавалі 3 верасня 1939 года, — кажа Ян Рамэйка. — Калі Вільня ўжо апынулася ў складзе Літвы, адразу аднавілася выданне «Беларускай крыніцы». Газета стала выходзіць двойчы на тыдзень і засталася адзінай беларускай газетай у Вільні.
Цікава назіраць, як паступова змяняўся яе змест. Па меры таго як СССР усё мацней ціснуў на Літву, прымушаючы яе да кантраляваных камуністамі выбараў, а пасля і да ўваходжання ў склад Савецкага Саюза, газета таксама была вымушаная станавіцца ўсё больш прасавецкай. У апошнія месяцы існавання на яе старонках ужо з’яўляліся матэрыялы пра «вялікі Савецкі Саюз». Але як толькі СССР далучыў Літву, газета адразу перастала выходзіць».

«Беларускі летапіс» (да снежня 1936 года — «Летапіс Таварыства беларускай школы»). Фота: Вікіпедыя
Адама Станкевіча, які быў галоўнай фігурай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, пасля Другой сусветнай вайны арыштавалі савецкія ўлады. Ён памёр у лагеры.
Мар’ян Пецюкевіч спачатку быў адміністрацыйным парадкам высланы ў Сібір, а пазней таксама трапіў у лагер. Праз ГУЛАГ прайшоў Янка Шутовіч. Такая ж доля напаткала Адольфа Клімовіча — выдаўца кааператыўна-гаспадарчага часопіса «Самапомач». Пасля вызвалення ён жыў у Вільні да канца жыцця.
«Такім чынам, савецкая ўлада, калі не забіла гэтых людзей, то прынамсі зламала іх лёсы. Таму і можна казаць, што гэтая старонка гісторыі сёння малавядомая і што пераемнасць беларускай журналістыкі была перапыненая. Гвалтоўна былі знішчаныя і самі выданні, і людзі, якія іх стваралі. На некалькі дзесяцігоддзяў традыцыя беларускай прэсы проста перарвалася», — падсумоўвае Ян Рамэйка.
Небяспека «гістарычнага абнулення»
«Нам патрэбныя і падручнікі, і даследаванні, бо ў Беларусі, шчыра кажучы, амаль нічога з гэтага няма, — лічыць гісторык і крытык Дзяніс Марціновіч. — Чаму гэта неабходна? Калі пачаць чытаць любую гістарычную кнігу, то там абавязкова будуць навуковыя зноскі. Напрыклад, калі згадваецца газета «Мужыцкая праўда», будзе тлумачэнне: што гэта за выданне, хто яго выдаваў, калі яно выходзіла і гэтак далей. Можа падацца, што гэта тычыцца выключна гісторыі, а сучаснасці гэта не патрабуе. Але гэта не так».
У якасці прыкладу эксперт прыводзіць газету «Народная воля»:
«Калі б у другой палове 1990‑х нехта папрасіў растлумачыць, што гэта за выданне, такое пытанне, напэўна, выклікала б іронію: настолькі вядомай была «Народная воля». Але газета ў 2020‑х спыніла існаванне. І цяпер прыходзіць новае пакаленне людзей, якое ўжо зусім не ўяўляе, што гэта было за медыя, хто яго выдаваў, якой пазіцыі яно прытрымлівалася і гэтак далей.
Я сам пэўны час працаваў у «Народнай волі», ведаю галоўнага рэдактара, супрацоўнікаў. Але для больш маладых людзей гэта ўжо фактычна невядомая гісторыя. І хаця выданне спыніла існаванне зусім нядаўна, у будучых даследаваннях ужо трэба будзе тлумачыць, што гэта была за газета».
Але патрэбныя не толькі зноскі. Спадар Марціновіч упэўнены, што неабходныя абагульняльныя працы па гісторыі беларускай журналістыкі: «Але галоўная праблема ў тым, што такіх выданняў няма або іх вельмі мала».

Дзяніс Марціновіч. 2024 год. Фота: Настасся Панкратава
Безумоўна, пэўныя факты з гісторыі беларускай журналістыкі ёсць у падручніках, якія выдаюць супрацоўнікі журфака БДУ і па якіх вучацца студэнты. Аднак гісторык заўважае:
«Гэтыя падручнікі звычайна напісаныя дастаткова акадэмічна і суха: напрыклад, проста пералічваецца, хто быў галоўным рэдактарам таго ці іншага выдання. Акрамя таго, там відавочна не будзе паўнавартаснага аналізу незалежнай журналістыкі, бо яе трэба даследаваць, а не проста згадваць. І зноў жа — кніг амаль няма».
Калі паспрабаваць згадаць даследаванні па гісторыі беларускай журналістыкі, то першымі прыходзяць у галаву кніга «Марцаў» Сашы Раманавай, зборнік размоў з галоўнымі журналістамі 90‑х «Время несбывшихся надежд» Наталлі Кулінкі і Наталлі Фядотавай, успаміны Зінаіды Бандарэнкі, выбітнай беларускай радыёвядоўцы, былі яшчэ працы пра гісторыю Белтэлерадыёкампаніі.
«Але паколькі апошнія ствараліся на замову самой Белтэлерадыёкампаніі, відавочна, што нейкія вострыя моманты там маглі не закранацца. То-бок колькасць такіх кніг можна пералічыць на пальцах сваіх рук, — кажа Дзяніс Марціновіч. — Прычым нават з тымі выданнямі, якія існуюць, ёсць праблемы.
Класічны прыклад — кніга Сашы Раманавай пра Пятра Марцава. Як сама Раманава прызнавалася, яна размаўляла з Марцавым і запісвала фактычна яго ўспаміны, але не ставіла перад сабой задачу правяраць усе факты, якія ён агучваў.
У выніку, з пункту гледжання гісторыка, там ёсць даволі прыкрыя памылкі. Самы вядомы прыклад — гісторыя пра аддзел расследаванняў «Белорусской деловой газеты» (БДГ). У кнізе можна прачытаць, што ў яго ўваходзілі журналісткі. Нават апісваецца, што тыя быццам літаральна «лезлі ў ложак», каб здабыць інфармацыю. Але людзі, якія ўваходзілі ў рэдакцыю БДГ, ведаюць, што ў гэтым аддзеле працавалі выключна мужчыны.

Вокладка кнігі «Время несбывшихся надежд» Наталлі Кулінкі і Наталлі Фядотавай
То-бок на такую кнігу нельга спасылацца як на навуковую крыніцу, яе можна чытаць — яна сапраўды напісаная захапляльна, — але там шмат суб’ектыўнасці і фантазіі.
Цікава, што пасля выхаду гэтай кнігі ў другой палове дзясятых журналісты БДГ гучна абурыліся. Яны казалі, што напішуць свае ўспаміны, складуць зборнік, але нічым гэта так і не скончылася. І сёння, калі мы захочам напісаць гісторыю БДГ, узнікае пытанне: на што ж спасылацца? Кнігу «Марцаў» трэба правяраць амаль па кожным факце, а іншых крыніц практычна няма».
Даследаванняў па гісторыі беларускай журналістыкі вельмі не хапае — гэта факт. Яшчэ адной праблемай Дзяніс Марціновіч называе «абнуленне»:
«Калі мяне просяць ахарактарызаваць стан беларускай культуры ці беларускага тэатра пасля 2020 года, я выкарыстоўваю гэтае слова. І, на мой погляд, яно ўніверсальнае для беларускай гуманітарыстыкі ўвогуле і для журналістыкі ў прыватнасці. Што я маю на ўвазе? Сыходзіць адна эпоха, а мы амаль нічога пра яе не памятаем. Кожнае новае пакаленне не ведае, што рабілі папярэднікі, і фактычна пачынае вынаходзіць ровар замест таго, каб абапірацца на іх працу.
Гэта абнуленне шкоднае, бо яно не дазваляе развівацца. Нярэдка тое, што ўжо было даследавана і высветлена, людзі пачынаюць рабіць з нуля. Мы проста губляем працу папярэднікаў. Існуе ілюзія, што ранейшыя пакаленні рабілі нешта несур’ёзнае, а вось мы зараз зробім надзвычай вялікае, і нас запомняць. Але гэты прынцып працуе ўніверсальна: калі забудуць папярэднікаў, забудуць і нас.
Адзіны спосаб перарваць гэтае бясконцае абнуленне — пачаць шанаваць тое, што рабілі людзі да нас. Гэта не азначае, што трэба адмаўляцца ад крытыкі іх крокаў.
Зразумела, нармальныя заўвагі неабходныя. Але разам з крытыкай павінна быць і павага да працы папярэднікаў. Бо без іх не было б нас. Калі будзе створаная паўнавартасная гісторыя беларускай журналістыкі, гэта дапаможа вырашыць цэлы шэраг праблемаў. Таму тое, што робіць Ціхан Чарнякевіч і іншыя даследчыкі, вельмі патрэбнае і карыснае. Я спадзяюся, што гэтая праца будзе працягвацца».
На думку Дзяніса Марціновіча, кожны журналіст «у ідэальным свеце павінен пакінуць пасля сябе нейкія ўспаміны пра рэдакцыю, дзе ён працаваў, пра людзей, з якімі працаваў».
«Нават невялікія ўспаміны, асобныя штрыхі могуць стаць вельмі каштоўнымі. Бо калі гісторыкі будуць вывучаць гэты перыяд, кожная такая ўзгадка дапаможа скласці больш поўную карціну і напісаць сістэматычную працу, якая застанецца для наступных пакаленняў журналістаў, — падкрэслівае гісторык. — Яны змогуць убачыць, што рабілі мы сёння».
@bajmedia