Як трансфармуюцца ранішнія медыяфарматы для беларусаў
Часы, калі глядач жыў паводле жорсткай тэлевізійнай ці радыёсеткі, сышлі ў мінулае. Ранішні эфір трансфармаваўся ў мультыплатформенны праект, які жыве ў YouTube, сацыяльных сетках і праз спадарожнік. Разам з дырэктаркай «Белсату» Алінай Коўшык і радыёвядоўцам Васілём Ядчанкам разбіраемся, як класічны фармат адаптуецца да новых звычак спажывання кантэнту.

Ілюстрацыя створана БАЖ з выкарыстаннем СhatGPT
Навошта сёння наогул патрэбныя ранішнія эфіры? Што яны могуць даць чалавеку, чаго не даюць YouTube або TikTok? Калі чалавек можа паглядзець ўсё ў любы момант — навошта яму ўвогуле прачынацца разам з медыя?
Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Аліна Коўшык пагаджаецца з тым, што сёння ўжо мала хто жыве паводле тэлепраграмы.
«Але людзі па-ранейшаму дзейнічаюць адпаведна рытму свайго дня. І вельмі важна, з чаго гэты дзень пачынаецца. «Раніца з Белсатам» выходзіць толькі ў суботу і нядзелю — і гэта свядомы выбар, — зазначае яна. — У працоўныя дні людзі часта існуюцьту вельмі хуткім тэмпе. У выхадныя з’яўляецца крыху больш часу, каб не проста праглядзець навіны, а спыніцца, асэнсаваць галоўныя падзеі тыдня, пачуць вялікую размову, адкрыць для сябе новую кнігу, навуковую тэму, музычны праект або цікавага чалавека».

Галоўная рэдактарка «Белсату» Аліна Коўшык на ўручэнні ўзнагародаў аўтарам, журналістам і партнёрам з нагоды 17‑й гадавіны стварэння «Белсату». Варшава, Польшча. 9 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Яна падкрэслівае:
«YouTube і TikTok прапануюць бясконцы паток кантэнту, які падбіраюць алгарытмы. Мы ж прапануем кантэкст. Не проста паведамляем, што адбылося, а дапамагаем зразумець, чаму гэта важна сёння і як датычыць кожнага з нас. Алгарытм ведае, што чалавек хоча паглядзець. Журналістыка павінна дапамагчы яму зразумець, што сапраўды важна.
Наш галоўны прыярытэт быў і застаецца нязменным. Гэта гледачы ў Беларусі. Менавіта для іх найперш існуе «Белсат» і для іх мы робім «Раніцу з Белсатам».
«Ранішнія фарматы якраз вельмі патрэбныя беларусам»
Сувядучы «Раніца з Дашай і Васілём» на «375 Радыё», журналіст Васіль Ядчанка нязгодны з састарэласцю ранішніх фарматаў:
«Мне падаецца, у XXI стагоддзі яны якраз вельмі патрэбныя. Асабліва беларусам і беларускам, якія цяпер жывуць у розных краінах. Калі вакол шмат раз’юшанасці, вельмі хочацца да чагосьці прытуліцца. Да нейкага простага фармату, да маленькага рытуалу».

Васіль Ядчанка. Фота з асабістага архіва
Журналіст зазначае, што асабіста за апошнія пяць год змяніў пяць краін для жыцця:
«І я, як ніхто, разумею, наколькі важныя маленькія «якары-рытуалы». Выпіў каву, уключыў беларускае ранішняе шоу, паслухаў музыку, пасмяяўся, пачуў сваіх. Я жартую, што мы такая служба хуткай псіхалагічнай і забаўляльнай дапамогі. Мы можам на нейкі час зрабіць жыццё лягчэйшым».
Васіль Ядчанка таксама заўважае, што «цяпер «ранішні» не значыць, што ўсе павінны слухаць роўна а восьмай».
«У нас проста: калі прачнуўся, тады і раніца. Хтосьці слухае з кавай у ЗША, хтосьці ў дарозе, хтосьці ўвечары пасля працы. Чалавек сам выбірае, калі ў яго пачынаецца гэты настрой, — мяркуе Васіль Ядчанка. — Таму для мяне ранішняе шоу гэта не традыцыя дзеля традыцыі. Гэта такі жывы фармат. І нам вельмі радасна рабіць гэта на «375 Радыё».
«Змяніўся не сэнс, а спосаб спажывання кантэнту»
Наконт таго, што сённяшняя свабода выбару для аўдыторыі прывяла да страты сэнсу паняццяў «ранішні» і «вечаровы» эфір, Аліна Коўшык кажа, што, хутчэй, «змяніўся не сэнс, а спосаб спажывання кантэнту»:
«Ранішні эфір не знік. Ён проста перастаў заканчвацца разам з трансляцыяй. «Раніца з Белсатам» сёння гэта не толькі жывы эфір у вызначаны час. Гэта мультыплатформенны праект. Інтэрв’ю, размовы, каментары і асобныя рубрыкі пасля эфіру працягваюць жыць на YouTube, у Facebook, Instagram, TikTok і на сайце. Для кагосьці важна быць з намі менавіта ў прамым эфіры. Хтосьці паглядзіць асобнае інтэрв’ю праз некалькі гадзін. Нехта ўбачыць кароткі фрагмент у сацыяльных сетках. І гэта нармальна».

Застаўка «Раніцы з Белсатам». Скрыншот
Паводле дырэктаркі тэлеканалу, «мы ўжо даўно не дзелім аўдыторыю на «тэлевізійную» і «лічбавую»:
«Сёння няма асобнага тэлегледача і асобнага карыстальніка сацсетак. Ёсць адзін чалавек, які ў розныя моманты па-рознаму знаходзіць патрэбны яму кантэнт. Таму паняцце ранішняга эфіру не страціла сэнсу. Яно проста стала шырэйшым. У нашым выпадку гэта яшчэ і раніца выхаднога дня. Час, калі можна не толькі даведацца, што адбылося, але і пагаварыць пра тое, як мы жывём, што нас хвалюе і якой Беларусі мы хочам».
Запіс можна паглядзець пазней, а вось прысутнасць заўсёды адбываецца толькі цяпер:
«Прамы эфір стварае адчуванне непасрэднасці, прысутнасці і супольнасці. Але для нас прамы эфір гэта не толькі навіны. У «Раніцы з Белсатам» мы сустракаемся з гісторыкамі, музыкамі, пісьменнікамі, даследчыкамі, валанцёрамі, псіхолагамі, навукоўцамі, спартоўцамі, людзьмі, якія ствараюць сучасную беларускую культуру і беларускае грамадства.
Госць можа сказаць нешта, чаго не было ў падрыхтаваным сцэнары. Можа з’явіцца важная навіна, на якую трэба адразу адрэагаваць. Гледачы пішуць нам падчас эфіру, задаюць пытанні, дзеляцца сваімі гісторыямі. Каштоўнасць жывога эфіру не толькі ў тым, што ён першы. Яна ў тым, што ён адбываецца разам з гледачом».
Партрэт гледача ранішняга шоу
Аліна Коўшык кажа, што «наш галоўны глядач знаходзіцца ў Беларусі»:
«Гэта чалавек, які хоча атрымліваць незалежную інфармацыю, чуць беларускую мову і адчуваць, што ён не адзін. Гэта чалавек, якому важна разумець, што адбываецца ў Беларусі, Украіне, Польшчы, Еўропе і ва ўсім нашым рэгіёне. Але не менш важна для яго заставацца ў беларускай культурнай і моўнай прасторы».

Вядоўцы «Раніцы з Белсатам» Аліна Коўшык і Анатоль Шырвель. Фота: «Белсат»
Паводле Аліны Коўшык, на тэлеканале думаюць не столькі пра ўзрост або прафесію, колькі пра патрэбы чалавека:
«Наш глядач не шукае яшчэ адну стужку навін. Для многіх людзей «Белсат» сёння застаецца адным з нешматлікіх месцаў, дзе можна рэгулярна чуць беларускую ў жывым сучасным эфіры.
Свая мова ў жывым эфіры — гэта не дэкарацыя і не даніна традыцыі. Гэта прастора, у якой Беларусь працягвае існаваць. І для нас гэта не толькі перавага, але і вялікая адказнасць».

Вядоўцы «Раніцы з Белсатам» Наста Суханосік і Валер Руселік. Фота: «Белсат»
Акрамя таго, для беларусаў, якія сёння жывуць у розных краінах, «Раніца з Белсатам» стала яшчэ і месцам сустрэчы:
«Мы атрымліваем паведамленні з Беларусі, Польшчы, Літвы, Германіі, ЗША і многіх іншых краін. Людзі пішуць, што п’юць ранішнюю каву разам з намі ці едуць па сваіх справах. У беларусаў сёння могуць быць розныя краіны, гарады і гадзінныя паясы, але раніца ў нас усё яшчэ можа быць агульнай».
Важная частка аўдыторыі, паводле дырэктаркі тэлеканалу, глядзіць «Белсат» праз спадарожнік.
«Мы свядома заклікаем карыстацца гэтым спосабам, бо для тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, ён застаецца самым бяспечным. Мы не можам дакладна вымераць гэтую аўдыторыю, але ведаем, што нас глядзяць унутры краіны. І хочам сказаць гэтым людзям проста: мы ведаем, што вы з намі. І кожную суботу і нядзелю выходзім у эфір найперш для вас», — зазначае Аліна Коўшык.
«Плануем жыццё матэрыялу»
Безумоўна, кажа Аліна Коўшык, ранішняе шоу — гэта мультыплатформенны праект, як і ўвесь тэлеканал сёння.
«Калі мы рыхтуем тэму або інтэрв’ю, адразу думаем, як яно будзе выглядаць у жывым эфіры, якія фрагменты пойдуць у сацыяльныя сеткі, што стане асобным відэа на YouTube, а што можна падаць у кароткім фармаце, — распавядае яна.
— Мы ўжо не плануем толькі эфір. Мы плануем жыццё матэрыялу. Ён нараджаецца ў студыі, а пасля працягвае працаваць на розных платформах. Пры гэтым жывы эфір застаецца сэрцам праекта. Менавіта там адбываецца першая размова, нараджаецца эмоцыя, з’яўляюцца нечаканыя рэакцыі і фармуецца сувязь з аўдыторыяй».

Вядоўцы «Раніцы з Белсатам» Аліна Коўшык, Андрэй Сульжыц і Анатоль Шырвель. Фота: «Белсат»
Ад традыцыйнага фармату, па словах суразмоўцы, на тэлеканалі захавалі галоўнае:
«Жывую размову, актуальнасць, дынаміку і адчуванне, што чалавек пачынае выхадны дзень разам з намі. Але свядома адмовіліся ад таго, што сёння існуе толькі па інерцыі. У нас няма класічнага надвор’я або кулінарнай рубрыкі толькі таму, што так прынята. Мы не проста запаўняем эфір. Мы напаўняем яго сэнсам».
«Я часта кажу, што «Раніца з Белсатам» гэта раніца здаровага чалавека. Не таму, што мы пазбягаем складаных тэм. Наадварот. Мы гаворым пра ўсё, што сапраўды важна для нас.
Але жыццё чалавека не складаецца толькі з палітыкі, рэпрэсій і крызісаў. Таму ў нашай праграме ёсць не толькі навіны і аналітыка. Мы гаворым пра кнігі і навуку, псіхалогію і спорт, музыку, кветкі, падарожжы, гульні, адносіны паміж людзьмі. Пра ўсё тое, з чаго складаецца нармальнае жыццё. Для мяне місія праграмы вельмі простая. Мы хочам вярнуць беларусам адчуванне нармальнасці. Мы не чакаем, пакуль такая Беларусь з’явіцца. Мы яе будуем. Гэта доўгая і фундаментальная праца», — падкрэсліла Аліна Коўшык.
«Мы канкуруем за давер»
Аліна Коўшык кажа, што ўспрымае сацсеткі больш як інструмент, не разглядае іх як канкурэнтаў:
«Мы не канкуруем з TikTok. Мы канкуруем за давер. Алгарытм утрымлівае ўвагу. Журналістыка павінна ўтрымліваць сувязь з рэальнасцю. Хуткасць без праверкі дае шум. Хуткасць разам з адказнасцю дае журналістыку. Менавіта ў гэтым і ёсць задача прафесійных медыя. Не толькі паспець першымі, але і праверыць, растлумачыць, паставіць у кантэкст і аддзяліць факты ад маніпуляцый.
Для нас сацыяльныя сеткі — гэта інструмент, які дапамагае данесці праграму да гледача і падтрымліваць з ім непасрэдную камунікацыю. Важна, каб кантэнт працягваў жыць і пасля эфіру. Каб інтэрв’ю цытавалі, асобныя фрагменты разыходзіліся ў сацыяльных сетках, а людзі дасылалі іх адзін аднаму і працягвалі размову».

Кацярына Раецкая, Максім Жбанкоў, Дзяніс Дудзінскі. Фота: «Белсат»
Што ёсць поспехам
«Прагляды важныя, але яны ніколі не будуць для нас адзінай мэтай. Для мяне сапраўдны поспех гэта калі чалавек вяртаецца да нас не выпадкова, а таму што давярае.
Калі ён ведае, што ў суботу і нядзелю раніцай атрымае не проста чарговы паток навін, а разуменне таго, што адбываецца, і адчуванне нармальнага чалавечага жыцця, — зазначае Аліна Коўшык. — Важна і тое, што за гэты час «Раніца з Белсатам» здолела стварыць уласную пазнавальную марку. Госці любяць прыходзіць да нас. Многія самі пішуць, прапануюць тэмы, анонсы і герояў. Медыйная марка нараджаецца тады, калі ёй давяраюць і хочуць быць яе часткай».

Анатоль Шырвель, Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка з Naviband, Аліна Коўшык
Аліна Коўшык кажа, што праграму стварае каманда прафесіяналаў, якія па-сапраўднаму захопленыя гэтым фарматам:
«Нашыя калегі пачынаюць працоўны дзень тады, калі большасць людзей яшчэ спіць. Уставаць а чацвёртай або пятай раніцы няпроста. Але калі ведаеш, што ў Беларусі нехта ўключыў «Белсат», наліў сабе каву і чакае сустрэчы з табой, разумееш, дзеля чаго ўсё гэта».
Не проста інфармаванне ці забаўляльны фон
Сучасныя беларускія ранішнія медыяфарматы, як бачым, перасталі быць толькі крыніцай інфармацыі або фонавым забаўляльным кантэнтам. Яны выконваюць функцыю «якараў нармальнасці», дапамагаючы аўдыторыі, раскіданай па розных краінах, захоўваць псіхалагічную ўстойлівасць і пачуццё прыналежнасці да супольнасці.
У адрозненне ад алгарытмаў сацыяльных сетак, такія праграмы ствараюць кантэкст і эмацыйную сувязь, што робіць іх запатрабаванымі нават у эпоху адмовы ад класічнага тэлевяшчання.
Галоўнай каштоўнасцю такіх праектаў становіцца стварэнне бяспечнай беларускамоўнай прасторы, дзе «нармальнае жыццё» не чакаецца ў будучыні, а будуецца ўжо цяпер праз размовы пра культуру, навуку і чалавечыя адносіны.
Пераход да мультыплатформеннасці дазваляе гэтым сэнсам існаваць па-за часавымі межамі эфіру, ператвараючы кожнае інтэрв’ю або рубрыку ў самастойны інструмент камунікацыі з гледачом, дзе б ён ні знаходзіўся.
@bajmedia