БАЖ і Нацыянальны саюз журналістаў Украіны ў гадавіну забойства заклікаюць узгадаць Паўла Шарамета ля помніка ў Кіеве
У панядзелак, 20 ліпеня, спаўняецца 10 гадоў з моманту забойства вядомага журналіста Паўла Шарамета.

Павел Шарамет. Фота: Рамиль Ситдиков / РИА Новости
Ураджэнец Мінска Павел Шарамет працаваў у трох краінах — Беларусі, Расіі і Украіне — і ў кожнай з іх рабіў незалежную журналістыку. У Беларусі Павел быў адным з пачынальнікаў вострых фарматаў на тэлебачанні, потым – журналістам ОРТ, пазней – стваральнікам і рэдактарам незалежнага сайта «Беларускі партызан», сябрам Беларускай асацыяцыі журналістаў. Апошнія гады жыцця Павел Шарамет жыў і працаваў у Кіеве: вёў ранішняе шоў на ўкраінскім «Радіо Весті», пісаў у газету «Українська правда».
Павел Шарамет загінуў у выніку тэракта. Афіцыйнае следства і экспертызы паказваюць, што галоўным матывам забойства стала прафесійная дзейнасць журналіста і яго крытычныя расследаванні, не выключаюць і «беларускі след».
Вінаватыя ў забойстве Паўла дагэтуль не названыя і не панеслі пакарання.

Помнік Паўлу Шарамету ў Кіеве. Фота: РИА Новости
У гадавіну забойства Паўла Шарамета Беларуская асацыяцыя журналістаў і Нацыянальны саюз журналістаў Украіны заклікаюць калег цягам дня прыходзіць з кветкамі да помніка Паўлу ў Кіеве на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка.
@bajmedia