10 гадоў таму забілі журналіста Паўла Шарамета. Заказчыкі дагэтуль не знойдзеныя
10 гадоў таму, 20 ліпеня 2016 года, у цэнтры Кіева быў забіты беларускі журналіст Павел Шарамет. Ён загінуў у выніку выбуху аўтамабіля, у якім ехаў на радыёэфір. Заказчыкі гэтага злачынства дагэтуль не знойдзеныя.
У гадавіну трагічнай падзеі БАЖ згадвае, што адбылося ў той дзень, якім быў Павел Шарамет, што страціла з ягонай смерцю беларуская журналістыка і што вядома пра расследаванне забойства.

Павел Шарамет. Фота: Радыё Свабода
Помста за прафесійную дзейнасць
20 ліпеня 2016 года Павел Шарамет спяшаўся на радыёэфір – ён вёў аўтарскую праграму «Раніца Паўла Шарамета» на «Радио Вести». Да студыі ехаў на аўтамабілі Subaru, які належаў ягонай грамадзянскай жонцы, уладальніцы сайту «Украинская правда» Алене Прытуле.
У 7:45 у некалькіх сотнях метраў ад дома журналіста, на скрыжаванні вуліцаў Багдана Хмяльніцага і Івана Франко аўтамабіль выбухнуў. Шарамет не загінуў адразу, яму спрабавалі аказаць медычную дапамогу, аднак выратаваць ягонае жыццё не атрымалася – журналіст памёр у машыне хуткай дапамогі.

Аўтамабіль, на якім ехаў Павел Шарамет у дзень забойства. Фота: Інтэрфакс
Ва Украіне адразу пачалі расследаваць здарэнне. Нацыянальная паліцыя распачала крымінальную справу на падставе артыкулу «Наўмыснае забойства».
Першая экспертыза адразу паказала, што ў машыне спрацавала выбуховая прылада. Магутнасць выбухоўкі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400–600 грам у тратылавым эквіваленце. Пасля высветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны МОН-50.
Да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, па дапамогу да якіх звярнуліся ўкраінскія ўлады. У якасці асноўнай версіі забойства разглядалі помсту за прафесійную дзейнасць. Следства таксама не выключала, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі становішча ва Украіне, праз асабістыя матывы або памылкова (мэтай магла быць грамадзянская жонка загінулага – уладальніца «Украинской правды» Алена Прытула, менавіта на яе аўтамабілі рухаўся Шарамет у момант трагедыі).
Як жыў і як загінуў асабісты вораг Лукашэнкі: гісторыя Паўла Шарамета. ВІДЭА
«Новая Газета» пісала, што, са словаў сяброў Шарамета, незадоўга да забойства, ён і ягоная жонка скардзіліся на сачэнне. Хто менавіта яго вёў – невядома.
Тагачасны прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка даручаў забяспечыць ахову Алене Прытуле.
Суд на паўзе
Журналісты ўкраінскага праекту «Слідство.Інфо» разам з калегамі з міжнароднай сеткі OCCRP з першых гадзінаў пасля выбуху працавалі на месцы падзеяў. Пазней яны выдалі фільм, у якім старанна прааналізавалі падзеі ночы перад забойствам.
Каманда выявіла як мінімум 6 сведкаў, якія знаходзіліся на месцы злачынства. Былі апытаныя прадстаўнікі батальёна «Азоў», з якімі ўвечары напярэдадні забойства меў зносіны Шарамет. Яны заяўлялі, што яшчэ тады заўважылі сачэнне. Таксама ў выніку прагляду відэа з камер назірання быў ідэнтыфікаваны аўтамабіль маркі «Шкода».
На відэазапісу, дзе былі бачныя падазроныя людзі, якія знаходзіліся ноччу каля Subaru жонкі Шарамета, журналісты ідэнтыфікавалі былога супрацоўніка СБУ Ігара Усціменку. Пасля забойства спецслужбы выдалілі запісы з серверу, на якім знаходзіліся відэа з камераў назірання.

Мемарыял у памяць пра Паўла Шарамета ў Кіеве. Фота: «Украінская праўда»
У канцы 2019 года былі затрыманы трое падазраваных – лекарка і валанцёрка Юлія Кузьменка, музыка Андрэй Антоненка, вайсковая медсястра Яна Дугар. Следства было завершана ў траўні 2020-га, а праз некалькі месяцаў пачаўся суд.
Вайна паўплывала на разгляд справы. Некаторыя прысяжныя не змаглі ўзяць удзел з‑за мабілізацыі і выезду за мяжу. Двое з фігурантаў пайшлі ваяваць.
Судовыя пасяджэнні па справе Шарамета не праводзіліся з 21 лютага 2022 года. Склад суда быў зменены ў верасні 2023 года. У чэрвені 2023 года стала вядома, што суд, які цягнецца амаль тры гады, пачнецца спачатку ў сувязі са зменай складу прысяжных.
Усе падазраваныя адмаўляюць сваё дачыненне да злачынства і лічаць пераслед палітычным. Верагодныя заказчыкі забойства названыя не былі. Расследаванне ў дачыненні да іх выдзелена ў іншую справу і працягваецца.
Хто заказчык?
У інтэрв’ю заснавальніку праекта Gulagu.net Уладзіміру Асечкіну экс-агент ФСБ Расіі Аляксандр Лісянкоў, які пакінуў тэрыторыю РФ і звярнуўся па прытулак у Еўропе, заявіў, што забойства Паўла Шарамета – адна з аперацыяў расійскіх спецслужбаў.
Па меркаванні Лісянкова, украінскім уладам і ўкраінскім спецслужбам Шарамет не перашкаджаў і што ва Украіне ў Паўла не было ворагаў нават на побытавым узроўні. Аднак для Масквы і ФСБ ён быў асабістым ворагам, бо даваў праўдзівую інфармацыю і карыстаўся вялікім аўтарытэтам у абедзвюх краінах.
У 2024 годзе былы кіраўнік МУС Украіны Юры Луцэнка таксама казаў, што заказчыкам забойства Шарамета была расійская ФСБ.
«Шарамет жа сеў у машыну жонкі. І ён, і яна вельмі вядомыя журналісты, больш за тое, журналісты, якія размаўлялі з «Азовам», які на той момант быў вельмі аўтарытэтным у добраахвотніцкіх колах. Гэты выбух мусіў прывесці да расколу грамадства», – казаў экс-чыноўнік.
Луцэнка распавядаў, што таксама разгяладалася версія датычнасці да забойства беларускіх уладаў, аднак «пад яе не было ніводнага зразумелага эпізоду». Былы кіраўнік украінскага МУС не верыў, што беларускія сілавікі маглі б самастойна арганізаваць такое забойства.
«Скрасці чалавека з Мінска і паспрабаваць выпхнуць яе за мяжу яны яшчэ здольныя, але нешта рабіць тут без ФСБ немагчыма – ні тэхнічна, ні па сістэме чынашанавання. Не можа КДБ Беларусі без дазволу старэйшага брата зайсці на міжнародную аперацыю», – зазначаў Луцэнка.
У ліпені 2025 года арганізацыя былых беларускіх сілавікоў BYPOL апублікавала расследаванне, згодна з якім да арганізацыі забойства Шарамета мела дачыненне кіраўніцтва Беларусі, а сам злачынства здзейснілі афіцэры падраздзялення КДБ «Альфа». BYPOL спасылаўся на словы былога супрацоўніка Службы бяспекі Лукашэнкі, які звязаўся з удзельнікамі арганізацыі. Прычынай ён назваў асабістую непрыязь, якую Лукашэнка меў да Шарамета яшчэ з 1997 года, калі журналіст рабіў рэпартаж пра кантрабанду на беларуска-літоўскай мяжы і быў арыштаваны.

Павел Шарамет на акцыі ў абарону свабоды слова ў Мінску, 1997 год. Фота: Віктар Талочка / ТАСС
Выбар на карысць журналістыкі, а не прапаганды
Павел Шарамет працаваў у трох краінах – Беларусі, Расіі і Украіне – і ўлады кожнай з іх крытыкаваў. Ворагі і ахвочыя прымусіць журналіста замаўчаць сапраўды маглі быць у кожнай з іх.
У прыватнасці, Шарамет паслядоўна выступаў супраць рэжымаў Аляксандра Лукашэнка ў Беларусі і Уладзіміра Пуціна ў Расіі, лічыўся персанальным ворагам Лукашэнкі.
З 1992 года Шарамет працаваў на беларускім тэлебачанні. Вядомасць атрымаў як вядучы штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспект».
«Пасля выбараў (1994-га года) Паўла планавалі зрабіць тэлевізійным тварам улады. Група Паўла паехала ў Будапешт на саміт АБСЕ, дзе былі Клінтан, Коль, Мітэран, Ельцын. Паслалі групу не афіцыйнай агенцыі, а групу маленькай прыватнай тэлекампаніі (на пачатку 1990‑х Павел Шарамет быў аўтарам і вядучым тэлепраграмы «Праспект», якую рабіла тэлекампанія ФіТ). Гэта быў недвухсэнсоўны намёк Паўлу. Але ён зрабіў выбар на карысць журналістыкі, а не прапаганды», – распавядаў пра тыя часы рэжысёр Леанід Міндлін.
У 1996 годзе Шарамет працаваў галоўным рэдактарам «Белорусской деловой газеты». У тым жа годзе быў прызначаны загадчыкам беларускім бюро Грамадскага расійскага тэлебачання (цяпер – Першы канал) і ўласным карэспандэнтам канала па Беларусі.

Рэдакцыя Беларускай дзелавой газеты, 1997 год
Першы беларускі журналіст, арыштаваны за працу
Шарамет стаў першым рэпарцёрам у незалежнай Беларусі, якога арыштавалі за прафесійную дзейнасць. Гэта было ў 1997 годзе пасля рэпартажу з беларуска-літоўскай мяжы, які Павел рабіў разам з пазней зніклым аператарам Дзмітрыем Завадскім.
У матэрыяле ішла гаворка пра непразрыстасць і кантрабанду. Журналіста затрымалі, ён некалькі месяцаў правёў у СІЗА. Успаміны пра тыя часы Шарамет уключыў у кнігу «Выпадковы прэзідэнт», суаўтарам якой выступаў.

Дзмітрый Завадскі і Павел Шарамет у Ашмянскім судзе падчас працэсу па справе аб незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы. 1998 год. Фота: Bymedia.net
Вызвалілі журналіста пасля таго, як Лукашэнку фактычна закрылі паветраны калідор у Расію, а Барыс Ельцын, які тады быў прэзідэнтам РФ, запатрабаваў: «Хай Шарамета выпускае».
«У мяне спыталіся, якія значныя журналісцкія расследаванні можна прыгадаць у гісторыі Беларусі. І першае, што прыйшло на памяць, гэта фільм Паўла Шарамета «Дзікае паляванне». Выдатнае расследаванне яны рабілі разам з Дзмітрыем Завадскім і наконт празрыстасці беларуска-літоўскай мяжы.
Гэта ўзоры рызыкоўнай якаснай журналісцкай працы Паўла Шарамета. Яны паказваюць яго смеласць і прафесіяналізм. Менавіта гэтыя якасці зрабілі Паўла вядомым журналістам і ў Беларусі, і ў Расіі, і ва Украіне. Дзякуючы свайму таленту, Павел меў вялікую колькасць прыхільнікаў, але і вялікую колькасць ворагаў», – казаў пра той рэпартаж і пра Паўла Шарамета старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
«Свята верыў, што праўда можа змяніць свет»
У 1998 годзе Шарамет распачаў працу на расійскім тэлебачанні. У 1999 годзе вёў штотыднёвую аналітычную праграму «Время». Сышоў на пачатку 2000 года і пазней называў той досвед сорамам.
Канчаткова з расійскім «Першым тэлеканалам» Шарамет развітаўся ў 2008 годзе пасля публікацыі ў газеце «Ведомости» аб тым, што Расія ідзе па шляху Беларусі. Потым працаваў у часопісе «Огонёк», на тэлеканале РЭН-ТВ, пачаў весці блог у газеце «Украинская правда» і працаваў у школе для журналістаў пры гэтым выданні.

Павел Шарамет у эфіры украінскага радыё. Фота: Reuters
Таксама, паралельна з гэтай працай, у 2005 годзе, Шарамет стварыў сайт «Белорусский партизан», вядомы сваімі крытычнымі матэрыяламі пра дзеячаў беларускіх уладаў.
У 2010 годзе стаў першым беларусам, якога пазбавілі беларускага грамадзянства, афіцыйна растлумачыўшы гэта атрыманнем ім расійскага пашпарта.
Анэксію Крыму Расіяй у 2014 годзе і падзеі на Данбасе Шарамет назваў «крывавай авантурай і пагібельнай памылкай расійскай палітыкі» і пераехаў ва Украіну.
У чэрвені 2015 года запусціў аўтарскі праект «Дыялогі» на ўкраінскім тэлеканале 24. З верасня 2015 года вёў ранішнія перадачы на «Радио Вести», з пачатку 2016-га – будзённую праграму «Раніца Паўла Шарамета» там жа.
«Павел быў асаблівым чалавекам. Сыходзяць велічыні, асобы вялікага маштабу <…>;. Я з велізарнай цеплынёй успамінаю Паўла, у ім сумясціліся велічыні журналіста і чалавека. Мы будзем памятаць яго, гэта не проста наш абавязак, а нармальныя пачуцці чалавека», – казаў журналіст Дзмітрый Наважылаў, які шмат гадоў ведаў Шарамета.
«Павел быў чалавекам, які свята верыў, што праўда можа змяніць свет. Нам таксама як ніколі патрэбная праўда. Пра тых замоўцаў, аўтараў выканання гэтага нахабнага пакарання. Не толькі для Паўла, але і ўсёй журналістыкі. Калі мы любім Паўла, пошук гэтай праўды павінен быць справай гонару кожнага з нас», – казала Жанна Літвіна, экс-старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў».

Помнік на магіле Паўла Шарамета на Паўночных могілках у Мінску. Фота: БАЖ
@bajmedia