• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Памерла пісьменніца і журналістка Святлана Курс

    20 ліпеня сышла з жыцця пісьменніца і журналістка Святлана Курс. Ёй было 54 года. У апошні час яна змагалася з анкалагічным захворваннем.

    Памерла пісьменніца і журналістка Святлана Курс

    Святлана Курс. Фота: яе старонка ў Face­book

    Пра смерць Святланы стала вядома з паведамлення ў Face­book, апублікаванага яе сынам і мужам.

    «Сям’я Святланы Курс з бязмерным смуткам паведамляе пра яе заўчасны зыход з жыцця. Пра час і месца развітання са Святланай паведамім дадаткова», — гаворыцца ў допісе.

    Святлана Курс (псеўданім — Ева Вежнавец) — пісьменніца, перакладчыца, рэдактарка і журналістка. Нарадзілася ў 1972 годзе ў вёсцы Загалле Мінскай вобласці, скончыла філфак БДУ. У літаратуру прыйшла праз журналістыку:  у 1990‑я і 2000‑я гады Святлана Курс актыўна супрацоўнічала з незалежнымі беларускімі медыямі. Працавала ў «Нашай Ніве», а пасля 13 гадоў на Еўрарадыё. 

    З 1996 па 1999 годы была галоўнай рэдактаркай часопіса Беларускага Хельсінкскага камітэта «Чалавек». Аўтарка публікацый у выданнях «Наша Ніва», «Свабода», «ARCHE», «Наша гісторыя», «Дзеяслоў», арт-праекце «Партызан», а таксама на Радыё Свабода, Еўрарадыё і тэлеканале Белсат.

    У першым нумары часопіса «ARCHE» за 1998 год быў апублікаваны яе першы аповед «Мы, два хохлікі». У 2008 годзе ў кнігарні «Наша Ніва» выйшаў зборнік апавяданняў «Шлях дробнага падлюкі». У 2015 годзе ў «Нашай Ніве» быў апублікаваны яе аповед «Параска і яе чорны бык» не пад псеўданімам, а пад сапраўдным прозвішчам.

    Святлана Курс шырока вядомая як аўтарка прозы, якая глыбока даслядуе беларускую рэчаіснасць, чалавечыя лёсы і памяць. Яе творы атрымалі прызнанне як у Беларусі, так і за яе межамі.

    Найбольш вядомая кніга пісьменніцы — «Па што ідзеш, воўча?», якая ў 2021 годзе атрымала Прэмію Ежы Гедройця, а пазней была перакладзена на іншыя мовы.

    Беларуская асацыяцыя журналістаў выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Святланы Курс.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.