«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: украінскія сайты «Дрон Медиа» і «Слово i дiло», а таксама «Одноклассники» Паўла Севярынца
Міністэрства інфармацыі Беларусі 31 ліпеня ў чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Павел Севярынец. Вільня, Літва, 3 студзеня 2026 года. Фота: «Белсат»
У яго ўключылі інтэрнэт-сайт «ДРОН МЕДИА» (ідэнтыфікатар https://dron.media), дзе публікуюцца навіны з Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны, Расіі і краін Заходняй Еўропы. Гэты рэсурс быў створаны ўлетку 2022 года журналістамі розных краін і існуе за кошт прыватных інвестыцый. «Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» яго прызнаў 29 ліпеня 2026 года суд Ленінскага раёна Магілёва.
У той самы дзень суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкім» кантэнт украінскага аналітычнага партала «Слово i дiло» (ідэнтыфікатар https://slovoidilo.ua). Яго таксама ўнеслі ў «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма. Гэты інтэрнэт-рэсурс інфармуе чытачоў пра дзейнасць палітыкаў і органаў улады, асвятляе грамадска значныя падзеі ва Украіне.
У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі і чатыры расійскія аналітычныя Telegram-каналы: «Популярная политика» (ідэнтыфікатар https://t.me/politica_media); «Острый угол» (ідэнтыфікатар https://t.me/OUgol); Кaliyev channel (ідэнтыфікатар https://t.me/kaliyevchannel); «Политизируйтесь с Кавказским» (ідэнтыфікатар https://t.me/NKavkazsky). 28 ліпеня 2026 года іх змест прызнаў «экстрэмісцкім» суд Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці.
«Экстрэмісцкім» таксама прызнаны кантэнт старонкі «Павел Севярынец» у сацыяльнай сетцы «Одноклассники» (ідэнтыфікатар https://ok.ru/profile/121794911721), якая належыць экс-палітвязню, палітыку, пісьменніку і журналісту Паўлу Севярынцу. Яе ўключылі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў у адпаведнасці з рашэннем суда Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці ад 28 ліпеня 2026 года.
@bajmedia