• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    З Францыі высылаюць расійскую прапагандыстку

    Францыя прыняла рашэнне выслаць з краіны расійскую прапагандыстку Ксенію Фёдараву. Пра гэта паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў Францыі, пацвердзіўшы інфармацыю, апублікаваную раней газетай Libéra­tion, піша Euronews.

    З Францыі высылаюць расійскую прапагандыстку Ксенію Фёдараву

    Ксенія Фёдарава. Фота: AP Photo/Francois Mori

    У ведамстве заявілі, што дзейнасць Фёдаравай наносіць шкоду фундаментальным інтарэсам французскай дзяржавы, а яе знаходжанне ў краіне ўяўляе асабліва сур’ёзную і непасрэдную пагрозу грамадскаму парадку.

    Ксенія Фёдарава раней узначальвала французскае аддзяленне расійскага дзяржаўнага тэлеканала RT France, які фінансаваўся Крамлём. Пасля закрыцця канала яна стала адной з найбольш прыкметных прарасійскіх медыйных асоб у Францыі і рэгулярна ўдзельнічала ў эфірах тэлеканала CNews, які ўваходзіць у медыягрупу французскага бізнэсмена Венсана Баларэ.

    Паводле пастановы МУС Францыі, Фёдарава распаўсюджвала наратывы, якія адпавядаюць інфармацыйным кампаніям, арганізаваным расійскімі ўладамі. Французскія ўлады лічаць, што такая дзейнасць накіраваная на дэстабілізацыю грамадскага парадку, маніпуляванне грамадскай думкай і падрыў даверу грамадзян Францыі і Еўрапейскага саюза да дзяржаўных інстытутаў.

    У дакуменце таксама адзначаецца, што Ксенія Фёдарава садзейнічала распаўсюджванню дэзынфармацыі і рыторыкі, якая выкарыстоўваецца для ўплыву на грамадскія настроі.

    У пачатку чэрвеня фракцыя Renew Europe у Еўрапейскім парламенце ўжо заклікала ўвесці санкцыі супраць Ксеніі Фёдаравай. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў распаўсюджванні прапагандысцкіх матэрыялаў, звязаных з вайной ва Украіне і палітыкай Еўрапейскага саюза.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.