Блогерка Данута Хлусня: Я заўсёды старалася нават у цяжкія моманты дадаваць сатыру і гумар у ролікі
Влогер Наталля Багданава з Гомеля, вядомая ў сацыяльных сетках як Данута Хлусня, з’ехала з Беларусі, каб пазбегнуць арышту. За апошнія шэсць гадоў яна паспела пажыць ва Украіне і Польшчы. Яна працягвае сачыць за беларускімі падзеямі, вядзе YouTube-эфіры і разважае пра жыццё беларусаў у эміграцыі, адаптацыю дзяцей, палітычныя рознагалоссі і магчымасць вяртання на радзіму.

Наталля Багданава (Данута Хлусня). Фота: з асабістага архіва гераіні
– Беларусь – Украіна – Польшча. Як за гэтыя гады змянілася Ваша асабістае разуменне слова «эміграцыя»? Гэта часовая камандзіроўка, выгнанне ці пачатак новага жыцця?
– Ну, да гэтага спісу далучылася яшчэ і Іспанія. Тут я жыву ўжо восем месяцаў. З улікам таго, што гэтая «камандзіроўка» зацягнулася на шэсць гадоў, можна смела лічыць гэты перыяд пачаткам новага жыцця.
Ці выгнанне гэта? Магчыма, і так. Я наўрад ці стала б з’язджаць з Гомеля і ўвогуле з Беларусі, каб не абставіны пад назвай дыктатура.
– Вы часта карыстаецеся і беларускай, і расійскай мовамі ў влогу. На Вашу думку, ці магчыма напоўніцу застацца беларусам па-за межамі Радзімы, калі ты адарваны ад яе зямлі і кантэксту?
– Што менавіта трымае гэтую «беларускасць» у эміграцыі? Я карыстаюся беларускай і расійскай мовамі, каб мяне пачулі і зразумелі ўсе беларусы ў краіне. Будзем шчырымі: русіфікацыя ў Беларусі квітнее на ўсіх узроўнях. Я асабіста ведаю некалькі чалавек, якія не толькі не размаўляюць, але нават не разумеюць роднай мовы.
Але гэта залежыць ад асобнага чалавека. Некаторыя стараюцца асімілявацца і нават дома размаўляюць па-польску, на замежнай для іх мове. Я поўнасцю лічу сябе беларускай, і ніводная краіна, дзе б я ні жыла, не паўплывала на маю беларускасць. А трымаюць гэтую беларускасць успаміны пра Радзіму, сувязь з роднымі, якія засталіся там, і вера ў тое, што мы хутка вернемся.
– Ці адчуваеце Вы, што Ваш сын Багдан, які рос і вучыўся ў Польшчы, а цяпер у Іспаніі, застаецца беларусам, ці інтэграцыя ў еўрапейскае грамадства непазбежна сцірае гэтыя межы для моладзі?
– Я скажу, у тым ліку на прыкладзе тых дзяцей – равеснікаў Багдана, якія таксама ўжо шэсць гадоў знаходзяцца ў міграцыі, – што яны ўжо не хочуць вяртацца на радзіму. Асабіста Багдан, безумоўна, лічыць сябе беларусам. Але на пытанні пра будучыню адказвае так: з задавальненнем хачу мець магчымасць свабодна ездзіць на Радзіму, але жыць буду не там.

Наталля Багданава (Данута Хлусня). Фота: з асабістага архіва гераіні
– Вы з’ехалі, каб пазбегнуць арышту, але працягваеце штодня сачыць за падзеямі дома. Як Вы сёння ацэньваеце тое, што адбываецца ўнутры Беларусі? Ці ёсць у вас адчуванне, што грамадства там прыстасавалася да рэпрэсій, ці гэта проста «зацішша перад навальніцай»?
– Канешне, людзі прызвычаіліся, і грамадства прыстасавалася. І нельга іх за гэта абвінавачваць. Зразумела, што нянавісць да рэжыму прысутнічае, але ў цяперашніх абставінах бяззбройныя людзі не могуць нічога зрабіць супраць узброенай улады Беларусі і Расіі. А каб пачалася «навальніца», трэба яе арганізаваць і працаваць над гэтым. Інакш паўторыцца 2020 год, але з нашмат большай колькасцю ахвяр.
– На Вашых YouTube-эфірах заўсёды шмат каментароў. Ці адчуваеце Вы розніцу ў настроях паміж тымі беларусамі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся «ўнутры»? Ці няма паміж імі сцяны неразумення?
– З цягам часу погляды на жыццё ў эміграцыі мяняюцца. Людзі прызвычайваюцца да нармальнага жыцця. У крамах – розныя прадукты харчавання і танныя брэндавыя рэчы. Узровень жыцця параўнальна з беларускім вышэйшы. Для многіх даступны адпачынак на еўрапейскіх курортах – і не адзін раз за год. Людзі назіраюць свабодныя выбары і змену ўлады. У той час як людзі ўнутры краіны (Беларусі – рэд.) вымушаны жыць і цярпець дыктатарскія «законы».
Думаю, яны чакаюць ад нас нейкіх дзеянняў, а людзі ў міграцыі, магчыма, чакаюць дзеянняў ад тых, хто застаўся ўнутры. Адны часам зайздросцяць тым, хто з’ехаў, а тыя, хто з’ехаў, зайздросцяць тым, хто застаўся. А яшчэ людзі ў Беларусі жывуць у пастаянным страху быць уцягнутымі ў вайну. У гэтым сэнсе беларусам замежжа значна лягчэй.
Калі гаварыць пра беларускі YouTube, то блогерам стала складаней развівацца, бо беларусы баяцца ставіць падабайкі, каментаваць і падпісвацца на “экстрэмісцкія” каналы (якімі мае каналы і сацсеткі і з’яўляюцца), што негатыўна ўплывае на алгарытмы пляцовак.
– Распавядзіце пра Вашу працу ў складзе Каардынацыйнай Рады.
– Зараз я ўваходжу ў склад фракцыі «Хопіць баяцца» Таццяны Мартынавай. Спачатку, у складзе КР‑3, я была чальцом фракцыі «Незалежныя беларусы» Максіма Шабуцкага, а пасля яго хуткага сыходу – фракцыі Сяргея Бяспалава.
Мне хацелася сумленна распавядаць беларусам пра працу Каардынацыйнай Рады, таму я працавала ў медыякамандзе – была вядоўцай YouTube- і TikTok-пляцовак, камунікавала з дэлегатамі і брала ў іх каментары для выпускаў.
За дзевяць месяцаў поўнай занятасці мне, дзякуючы Анжаліцы Мельнікавай, аплацілі толькі тры месяцы працы. І то гэтыя грошы я атрымала толькі праз год.

Наталля Багданава са Святланай Ціханоўскай. Фота: з асабістага архіва гераіні
Паралельна займацца ўласным блогам часу практычна не заставалася. Толькі дарога да студыі і назад займала каля трох – трох з паловай гадзін. Я ездзіла грамадскім транспартам, з трыма перасадкамі.
Тым не менш нейкі час мне ўдавалася здымаць кароткія ролікі для ўласных TikTok– і YouTube-shorts.
Я лічу, што Каардынацыйная Рада магла б рабіць больш карысных справаў для беларусаў, якія застаюцца ўнутры краіны. Прыкладна паўтара года таму на адным з пасяджэнняў я ініцыявала стварэнне Камісіі па камунікацыі з беларусамі ўнутры Беларусі. Аднак чальцы КР‑3 гэтую ініцыятыву не падтрымалі.
– У сацыяльных сетках часта бачны хэйт, узаемныя абвінавачванні і суцэльная «грызня» паміж рознымі палітычнымі і грамадскімі фракцыямі ў эміграцыі. Чаму, на Ваш погляд, мы так лёгка пачынаем ваяваць адзін з адным?
– Складанае і адначасова лёгкае пытанне. Безумоўна, праца спецслужбаў прысутнічае. І гэта трэба разумець усім, хто ўдзельнічае ў гэтых спрэчках. Дыскрэдытацыя дэмакратычных сілаў – гэта першапачатковая задача, якая стаіць перад спецслужбамі рэжыму Лукашэнкі.
Але таксама ёсць і барацьба за рэсурсы паміж грамадска-палітычнымі арганізацыямі. І на гэта вельмі сумна глядзець.
– Вы працавалі на БТ, ведаеце сістэму знутры. Што б Вы сказалі сваім былым калегам, якія дагэтуль застаюцца працаваць на дзяржаўным тэлебачанні Беларусі?
– Некаторыя мае калегі, якія працавалі са мной у той час, ужо не працуюць на сваіх пасадах. Частка з іх звольнілася самастойна, частку звольнілі, а частка нават была асуджана і ўжо адбыла свой тэрмін.
А тым, хто застаўся, хачу пажадаць працягваць там працаваць, каб аднойчы ў прамы эфір пусціць паведамленне, што прыйшоў час Х.

Наталля Багданава (Данута Хлусня). Фота: з асабістага архіва гераіні
– Як блогеру захаваць эмацыйную стабільнасць, калі ты штодня прапускаеш праз сябе такія цяжкія тэмы – рэпрэсіі, аварыі, вайну – і пры гэтым трымаеш сатырычны, баявы тон на канале?
– Магчыма, гэта залежыць ад самога чалавека. Я заўсёды старалася нават у цяжкія моманты дадаваць сатыру і гумар у ролікі. І зараз усё часцей і часцей да мяне пішуць людзі з запытам аднавіць працу на канале з сатырычным кантэнтам. Над гэтым я сур’ёзна думаю.
@bajmedia