• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Не абавязкова быць экспертам — дастаткова проста нешта рабіць». Журналісты Беластока абмеркавалі, як будаваць супольнасць вакол культуры

    У польскім мястэчку Тыкоцін пад Беластокам 10–11 ліпеня прайшла інтэграцыйная сустрэча беларускай медыясупольнасці Беластока, арганізаваная Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

    сустрэча журналістаў Беластока

    На сустрэчы беларускай медыясупольнасці Беластока. Тыкоцін, 10–11 ліпеня 2026 года. Фота: БАЖ

    Сустрэча на тэму «Беларуская ідэнтычнасць: прастора адказнасці і магчымасцяў для медыя» сабрала з тузін беларускіх медыйшчыкаў, якія жывуць у Беластоку.

    Падчас сустрэчы медыяэкспертка Ірына Новік, вядомая як блогерка «цёця Іра», правяла дыскусію на тэму, як культурныя практыкі дапамагаюць будаваць супольнасць вакол медыя і пашыраць яго аўдыторыю. Удзельнікі абмеркавалі, як паспяхова ўзаемадзейнічаць з аўдыторыяй праз культурныя праекты — «дайсці не толькі праз мазгі, але праз рукі».

    Ірына Новік на сустрэчы журналістаў Беластока

    На сустрэчы беларускай медыясупольнасці Беластока. Тыкоцін, 10–11 ліпеня 2026 года. Фота: БАЖ

    Медыйшчыкі падчас майстар-класа з дапамогай цёці Іры навучыліся рабіць традыцыйныя лялькі-неразлучнікі ў форме модных цяпер абвесак на торбачкі. Так яны выпрабавалі на сабе адзін са спосабаў папулярызацыі беларускай культурнай спадчыны.

    «Не абавязкова быць экспертам у культуры. Дастаткова проста нешта рабіць», — перакананая цёця Іра.

    На сустрэчы беларускай медыясупольнасці Беластока. Тыкоцін, 10–11 ліпеня 2026 года. Фота: БАЖ

    Адной з самых заўзятых падзей стаў квіз на тэму журналістыкі і ролі медыя ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці, які зладзіў Аляксей Шота.

    Тры каманды ўзгадвалі назвы раённых беларускіх газет, скандальныя фотаздымкі, лагатыпы тэлевізійных і YouTube-каналаў. Героем аднаго з пытанняў стаў нават пралукашэнкаўскі прапагандыст Андрэй Мукавозчык, а голас, які пазналі не ўсе, належаў нядаўна вызваленаму журналісту і грамадскаму дзеячу Анджэю Пачобуту.

    На сустрэчы беларускай медыясупольнасці Беластока. Тыкоцін, 10–11 ліпеня 2026 года. Фота: БАЖ

    У групах журналісты шукалі адказы на тэму партнёрства паміж калегамі ў адным горадзе: чым яны могуць падзяліцца ў камандзе, якія маюць рэсурсы, кантакты, сувязі, а ў чым маюць патрэбу самі.

    Удзельнікі працоўных груп агучвалі свае кампетэнцыі, ад сторытэлігу да дапамогі ў юрыдычных пытаннях, і патрэбы — у знаўцах праграмы Excel, фінансавай падтрымцы і адпачынку.

    «Ужо цяпер можна абмяняцца адно з адным», — падсумаваў Аляксей Шота.

    Зоя Хруцкая на сустрэчы журналістаў Беластока

    На сустрэчы беларускай медыясупольнасці Беластока. Тыкоцін, 10–11 ліпеня 2026 года. Фота: БАЖ

    Журналісты прыдумвалі, якія сумесныя мэдыяпраекты варта зрабіць на Беласточчыне і з кім. Сярод іх — медыяпраект пра нацыянальныя меншасці на беларуска-польскім памежжы ў польскіх і беларускіх медыя, каляндар падляскіх беларускіх святаў, мэдыявыстава на фестывалі Tuta­ka ў 2027 годзе, пантэон беларускіх журналістаў на беластоцкіх могілках у сучасным фармаце.

    «Гэта вельмі лёгка. Такая інфармацыя ўжо ёсць, засталося яе перапакаваць у лічбавы фармат», — адзначыла адна з удзельніц дыскусіі пра ідэю віртуальных могілак.

    На сустрэчы беларускай медыясупольнасці Беластока. Тыкоцін, 10–11 ліпеня 2026 года. Фота: БАЖ

    Менавіта гэты праект пра могілкі перамог падчас галасавання ўдзельнікаў за самы перспектыўны, цікавы і даступны для рэалізацыі праект. Ініцыятары прапанавалі распрацаваць мапы пахаванняў вядомых беларусаў на Беласточчыне, маршруты па іх, зрабіць анлайн-картатэкі, забяспечыць догляд за могілкамі, двойчы на год на Дзяды і Радаўніцу сустракацца супольна ля магіл продкаў, ускладаць кветкі, запальваць знічы.

    Аляксей Шота на сустрэчы журналістаў Беластока

    На сустрэчы беларускай медыясупольнасці Беластока. Тыкоцін, 10–11 ліпеня 2026 года. Фота: БАЖ

    Журналісты шукалі адказы на пытанні, як умацаваць сувязі паміж прадстаўнікамі медыясупольнасці, якія сумесныя праекты можна рэалізаваць, як выкарыстоўваць культурную тэматыку для развіцця аўдыторыі і ўмацоўваць сувязі з беларускімі супольнасцямі.

    Адначасна яны выказвалі думкі, як лепш кантактаваць з чытачамі, слухачамі, гледачамі, заахвочваць іх дзяліцца інфармацыяй з медыя, але пры гэтым захаваць бяспеку людзей у Беларусі. 

    На сустрэчы беларускай медыясупольнасці Беластока. Тыкоцін, 10–11 ліпеня 2026 года. Фота: БАЖ

    Супрацоўнікі медыя правялі акцыю салідарнасці з калегамі, якія цяпер знаходзяцца ў беларускіх турмах з палітычных прычын, зрабілі фота з іх партрэтамі.

    «Самая невыносная думка там, што пра цябе на волі забыліся», — падзялілася былая палітзняволеная журналістка Ларыса Шчыракова.

    Яна дадала, што за кратамі яе падтрымлівала думка, што пра яе памятаюць, пішуць лісты, нагадваюць пра яе ў публічнай прасторы на волі.

    Падчас акцыі салідарнасці з палітзняволенымі калегамі. Фота: БАЖ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.