• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Які лёс напаткаў аднаго з самых вядомых рэдактараў міжваеннай Беларусі? Расповед пра Францішка Умястоўскага

    Увесну 1943 года ў Катыні падчас эксгумацыі аднаго з месцаў масавых расстрэлаў знайшлі цела беларускага журналіста, падпаручніка польскага войска Францішка Умястоўскага. Пры ім былі дзве візітоўкі, медыцынская даведка і фотаздымак.

    Францішак Умястоўскі

    Беларускі журналіст, падпаручнік польскага войска Францішак Умястоўскі

    У міжваеннай Заходняй Беларусі Францішак Умястоўскі быў адным з самых вядомых беларускіх рэдактараў і публіцыстаў. Ён выдаваў і рэдагаваў «Беларускую культуру» і «Беларускі дзень», пастаянна палемізаваў з польскімі ўладамі, беларускімі палітыкамі і тымі беларускімі дзеячамі, якія прыхільна глядзелі на Савецкі Саюз.

    Сваю журналісцкую біяграфію Умястоўскі пачаў яшчэ ў 1906 годзе. Першы нумар першай легальнай беларускай газеты «Наша Доля», якую Умястоўскі заснаваў разам з Цёткай, Іванам і Антонам Луцкевічамі, адкрываў безапеляцыйны рэдактарскі маніфест:

    — Мы аб’яўляєм вайну ўсім цёмным сілам, каторым дзеля карысці сваёй вялікая выгода была трымаць васьмімільённы народ беларускі ў нядолі і паняверцы, баламуціць і дурыць яго.

    У «Нашай Долі» ён друкаваўся пад псеўданімам Дзядзька Пранук, і гэтая творчая мянушка ўвайшла ў гісторыю беларускай публіцыстыкі. Газета выходзіла накладам у 10 000 асобнікаў — палова кірыліцай, палова лацінкай. Добры наклад на той час.

    Віленскі код: як жыла і за што змагалася беларуская прэса міжваеннага часу

    Ролю і задачу тагачасных беларускіх выданняў Умястоўскі разумеў вельмі выразна:

    яны павінны абараняць палітычныя правы беларусаў, беларускую культуру і школу, даваць прававыя і гаспадарчыя парады, распавядаць пра жыццё беларусаў як у Польшчы, так і ў Савецкай Беларусі.

    Нарадзіўся Францішак Умястоўскі 10 лютага 1882 года ў Вільні. Вучыўся ў Віленскай расейскай гімназіі, з якой яго выключылі ў шостым класе за ўдзел у акцыі пратэсту падчас адкрыцця помніка расейскаму генерал-губернатару Мураўёву-Вешальніку.

    Пазней было яшчэ шмат канфліктаў з уладамі: суды, арышты, турма і паліцэйскі нагляд. За дзейнасць у Беларускай рэвалюцыйнай грамадзе, а затым у Беларускай сацыялістычнай грамадзе Умястоўскага тройчы судзілі. Ён сядзеў у царскіх турмах і толькі дзякуючы добрым адвакатам і сувязям жонкі пазбег высылкі ў Сібір.

    Францішак Умястоўскі з жонкай Аленай

    Францішак Умястоўскі з жонкай Аленай напярэдадні Першай сусветнай вайны. Здымак з фондаў сучаснага Віленскага Беларускага Музея імя Івана Луцкевіча. Публічная дамена

    Першую сусветную вайну Умястоўскі праслужыць афіцэрам расейскай арміі ў Латвіі і Персіі. Па вяртанні ў 1919 годзе ў родную Вільню, адразу кінецца ў вір беларускай працы: зоймецца выдавецкімі праектамі. І вельмі хутка далучыцца да Беларускай вайсковай камісіі, будзе дапамагаць ствараць беларускія вайсковыя аддзелы. Такая была задума ў Польскай дзяржавы.

    У верасні 1920 года лідар Польшчы Юзаф Пілсудскі прызначыць Францішка Умястоўскага адным з кіраўнікоў гэтай Беларускай вайсковай камісіі. Беларус пераедзе ў Лодзь, куды з Менску быў перанесены цэнтральны офіс камісіі. Пасля Рыжскай дамовы беларускае нацыянальнае войска перастала быць палякам патрэбным і ў траўні 1921 года камісію зліквідавалі.

    Умястоўскі асабіста ведаў Пілсудскага і доўгі час звязваў з ім надзеі на паляпшэнне становішча беларусаў і спрыянне беларускаму руху. Менавіта гэтыя палітычныя сімпатыі пазней зрабілі Умястоўскага спрэчнай фігурай у заходнебеларускім палітычным жыцці.

    Асяроддзе, якое ўсё больш паддавалася савецкай маніпуляцыі,  не прымала поглядаў Умястоўскага і пачало раздаваць ярлыкі: абвінавачваць у правядзенні палітыкі польскіх уладаў, сувязях з «дэфензывай», ігнараваць, абясцэньваць ягоную ранейшую беларускую актыўнасць і называць здраднікам.

    Сам Умястоўскі неаднаразова пісаў пра неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў, палякаў і літоўцаў, каб пазбегнуць уплыву Расіі і Германіі. Быў перакананы, што толькі так

    на абшарах былога Вялікага Княства Літоўскага змоўкнуць нацыянальныя сваркі, а ўсе тры народы дружнай сям’ёй пачнуць будаваць новае жыццё, баронячы супольнымі сіламі сваю бацькаўшчыну ад супольных ворагаў.

    Умястоўскі жорстка крытыкаваў польскія ўлады за палітыку ў дачыненні да беларусаў: за занядбанне беларускай школы, за чыноўнікаў-прыбышоў, якія не разумелі мясцовай нацыянальнай сітуацыі, за пашырэнне вайсковага асадніцтва ў Беларусі.

    Не менш рэзка Умястоўскі выступаў і супраць беларускіх дзеячаў, зачараваных Савецкім Саюзам. Ён лічыў савецкую нацыянальную палітыку, у прыватнасці беларусізацыю, часовай і кан’юнктурнай і папярэджваў, што ў беларускай справе нельга мець ілюзій адносна сапраўдных мэтаў бальшавікоў.

    У сваіх артыкулах Умястоўскі абураўся тым, што міжваенныя беларускія дзеячы крытыкуюць толькі польскія ўлады, а зусім не гавораць пра пераслед беларусаў у Савецкім Саюзе. Асабліва востра выступаў ён пасля арышту бальшавікамі Францішка Аляхновіча, з якім быў у сваяцкіх сувязях. Умястоўскі не мог дараваць беларускім палітыкам маўчання і патраваў змагацца за вызваленне беларускага тэатральнага дзеяча.

    Дарэчы, калі Аляхновіча вызваляць з ГУЛАГу ў 1933 годзе, а дакладней абмяняюць у Польшчу на іншага беларуса, Браніслава Тарашкевіча, Аляхновіч шчыра падзякуе Умястоўскаму за падтрымку.

    Палітычна Умястоўскі быў блізкі да краёвай ідэі і трымаўся канцэпцыі аўтаноміі літоўска-беларускіх земляў з цэнтрам у Вільні і роўнымі правамі народаў. У 1927 годзе ён створыць з аднадумцамі Краёвую народную партыю літоўска-беларускіх земляў «З’яднанне».

    На выбары у Сейм Умястоўскі пойдзе, падтрымліваючы польскі ўрад, двойчы зазнае паразу, выкліча на сябе агонь чарговай крытыкі і абвінавачванняў з боку дзеячоў беларускага руху. І з моцным расчараваннем і крыўдай паступова адыйдзе ад беларускай актыўнасці.

    Францішак Умястоўскі

    Цаглінка з біяграфічнымі дадзенымі Францішка Умястоўскага ў Катыні

    У 1939 годзе на фоне гітлераўскай агрэсіі ў Еўропе, савецка-нямецкага пакта, 57-гадовага Францішка Умястоўскага мабілізуюць у Польскае войска, ён трапіць у палон. І будзе забіты без суда і следства савецкімі карнымі органамі ў Катыні пад Смаленскам.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.