• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Варшаве адбудзецца фестываль нямога кіно пад жывую музыку

    Фестываль «Нямая ліхаманка» другі раз пакажа прызнаныя шэдэўры і малавядомыя стужкі эпохі нямога кіно ў суправаджэнні жывой музыкі беларускіх і польскіх кампазітараў. У праграме ёсць і беларуская стужка. Паказы будуць адбывацца з 1 да 17 верасня ў дворыку камяніцы ў цэнтры Варшавы пры Музеі Вольнай Беларусі і Цэнтры думкі Яна Паўла II (Fok­sal, 11). 

    Фестываль «Нямая ліхаманка»

    У праграму ўвайшлі стужкі з ЗША, Францыі, Нямеччыны і Беларусі. Музыку адмыслова да гэтых фільмаў напісалі беларускія кампазітары Вольга Падгайская і Канстанцін Яськоў, польская кампазітарка Александра Хмелеўска. Фільм адкрыцця, якім станецца камедыя Бастэра Кітана, будзе паказвацца ў суправаджэнні класічнага тапёра. У гэтай ролі выступіць Канстанцін Гарачы — беларускі піяніст-віртуоз, вядомы як сузаснавальнік джазавага гурта Apple Tea.

    «Нямыя фільмы не былі сапраўды нямымі — яны гучалі дзякуючы музыцы.

    Сёння эпоха нямога кіно амаль цалкам выключаная з увагі публікі, і для нас асабліва каштоўна, што на нашым фестывалі мы даем гэтым стужкам новае прачытанне і новае жыццё. Кампазітары Вольга Падгайская і Віталь Эпаў, якія адказваюць за музычную частку, забяспечваюць для фільмаў «Нямой ліхаманкі» прафесійнае і аўтарскае музычнае асэнсаванне.

    Мы таксама захоўваем аб’яднаўчы характар фестывалю і запрашаем да супрацы польскіх калегаў ды паказваем карціны з розных краінаў», — кажа арганізатарка фестывалю, кінакрытыца Ірэна Кацяловіч.

    Уваход на паказы вольны. Усе фільмы будуць суправаджацца субцітрамі на беларускай і польскай мовах.

    ПРАГРАМА:

    1 верасня, 20.00: «Кінааператар» — ЗША (1928)

    Першая камедыя легендарнага коміка Бастэра Кітана, адной з ключавых постацяў сусветнай кінакамедыі, знятая для студыі Metro-Gold­wyn-May­er. Хаця гэтая супраца сталася пачаткам абмежавання творчай свабоды Кітана, «Кінааператар» многімі ўважаецца найлепшай камедыяй з ягоным удзелам. У рэчышчы «кіно пра кіно» стужка расказвае гісторыю маладога чалавека, які намагаецца ўладкавацца кінааператарам на MGM, каб быць бліжэй да дзяўчыны, у якую закаханы.

    Рэжысёры: Бастэр Кітан, Эдўард Сэджўік Тапёр: Канстанцін Гарачы — фартэпіяна 

    Працягласць: 70 хвілін

     

    3 верасня, 20.00: «Пакуты Жанны д’Арк» — Францыя (1928)

    Адзін з найвялікшых фільмаў у гісторыі нямога кіно і кінематографу агулам. Дацкі рэжысёр Карл Тэадар Драер паказвае ў ім апошнія дні нацыянальнай гераіні Францыі Жанны д’Арк. Фільм быў забаронены да паказу ў Вялікай Брытаніі праз некампліментарныя вобразы брытанскіх салдатаў. На фестывалі будзе паказаная версія фільму ў арыгінальным мантажы. Яна доўга лічылася страчанаю, пакуль не была знойдзеная ў 1981 годзе ў каморы псіхіятрычнай клінікі ў Осла.

    Рэжысёр: Карл Тэадар Драер Кампазітар: Канстанцін Яськоў

    Выканаўцы: Канстанцін Яськоў — фартэпіяна, Палiна Горбач — віяланчэль 

    Працягласць: 80 хвілін

     

    10 верасня, 20.00: «Кабінет доктара Калігары» — Нямеччына (1920)

    Культавы твор нямецкага экспрэсіянізму ў жанры горару і адзін з самых уплывовых фільмаў у гісторыі сусветнага кіно. Таямнічы гіпнатызёр просіць у мэрыі дазволу паказаць на мясцовым кірмашы незвычайнага персанажа — Самнамбулу. Пазней капрызнага чыноўніка, які не надае належнай увагі і павагі візіцёру, знаходзяць забітым у ягонай спальні. Адна смерць ператвараецца ў серыю таямнічых забойстваў…

    Рэжысёр: Робэрт Вінэ Кампазітарка: Вольга Падгайская

    Выканаўцы: Вольга Падгайская — арган, Кузьма Папакуль — 1‑я скрыпка, Анастасія Пятрова — 2‑я скрыпка, Віталь Эпаў — сапрана-саксафон (Five-Storey Ensem­ble)

    Працягласць: 75 хвілін

     

    17 верасня, 20.00: «Суд павінен працягвацца» — Беларусь (1930)

    Гэта адна з цэлай серыі беларускіх стужак 1920–1930‑х гадоў, прысвечаных праблеме жаночай эмансіпацыі. У кантэксце «Нямой ліхаманкі» яна сэнсава працягне мінулагодні паказ «Прастытуткі». Фільм распавядае пра судовы працэс над пяццю мужчынамі, якія абвінавачваюцца ў згвалтаванні лабаранткі электразаводу Алены, а таксама пра вяртанне ахвяры да паўнавартаснага працоўнага жыцця.

    Рэжысёры: Яфім Дзіган, Барыс Шрэйбер Кампазітарка: Александра Хмелеўска

    Выканаўцы: Александра Хмелеўска — фартэпіяна/электроніка, Філіп Спорняк — віяланчэль

    Працягласць: 63 хвіліны

    Фестываль адбываецца пры фінансавым падтрыманні фонду Trzy Trą­by, Ger­man Mar­shall Fund Злучаных Штатаў Амерыкі (GMF), Цэнтру дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага, Старамейскага дома культуры і пры ўдзеле Музея Вольнай Беларусі, Цэнтру думкі Яна Паўла II — культурнай установы сталіцы Варшавы ды Беларускай незалежнай кінаакадэміі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.