Ігар Карней: Немагчыма дараваць сістэме, што паразлучала самых блізкіх людзей
Журналіст і былы палітзняволены разважае пра тое, чаго пазбаўленыя большасць вымушаных эмігрантаў.

Былы палітзняволены Ігар Карней. 2025 год. Фота: Генадзь Верацінскі
«Ужо толькі тое немагчыма дараваць крыважэрнай сістэме, што без усялякіх згрызотаў сумлення паразлучала самых блізкіх людзей. Праз беспадстаўныя зняволенні, праз цынічныя выдварэнні, праз вымушаную эміграцыю. Асабліва калі гаворка пра тых, для каго ў сілу ўзросту кожны пражыты дзень – як падарунак лёсу», — піша Ігар Карней у міні-эсэ «Самотнае нараджэнне мамы».
5 верасня матуля Ігара Карнея адзначыла 85-гадовы юбілей:
«Свой юбілей мама адзначае ў поўнай адзіноце. Мужа, нашага бацькі, на гэтым свеце няма ўжо 40 гадоў; два сыны са сваімі паловамі ў замежжах, як і любімыя ўнукі. І ніякай магчымасці штосьці перакруціць у іншы бок. Папярэднюю круглую дату яшчэ пасьпелі адсвяткаваць на фоне трывожных чаканняў у 2021‑м. Зараз жа — толькі праз відэамост, дзякуй тэхнічнаму прагрэсу і за гэткую ласку».
Ігар Карней разам са сваякамі адзначае дзень народзінаў маці на Азорскіх выспах, дзе зараз і жыве: «Пад такую аказію да нас на выспы прылятае малодшы брат Зміцер, павіншуем хоць так. Бо выцягнуць маці нават кудысьці па-суседству (ад Смаргоні да літоўскай мяжы — 50 км) — справа амаль безнадзейная. Як і для бальшыні сталых вяскоўцаў, кожная вандроўка параўнальная са стрэсам. Ды і, на жаль, даюць знаць сумныя прыкметы ўвядання — правалы ў памяці, добра, што кароткачасовыя. У астатнім сябе даглядае самастойна, што вялікая палёгка для ўсіх».
Маці Ігара ўсё жыццё адпрацавала аграномам: «Пачынала пад Крэвам, потым было шмат пераездаў пад калгаснае ўзбуйненне, урэшце асела ў Залессі (так-так, таго самага Міхала Клеафаса Агінскага). Заўсёдная перадавіца, двойчы ардэнаноска, у першую прэзідэнцкую кампанію-1994 актыўнічала ў ініцыятыўнай групе кандыдата Зянона Пазняка».
Калі Ігара Карнея вызвалілі, то ён «праездам» быў ля свайго дому:
«Па злой іроніі, год таму мяне на ўсіх парах пракацілі зусім побач з домам, калі з мяхом на галаве выкідвалі ў Літву. А да таго, увосень 2024-га, здзекваліся, не даючы павіншаваць са шклоўскай катавальні. Мала таго, што па-беларуску, дык яшчэ ў вершаванай форме — яўна зашыфраваныя сігналы за калючы дрот».
Гэтую гісторыю журналіст апісвае ў сваёй кнізе, што нядаўна выйшла з друку.
@bajmedia