«Журналістыка — гэта частка маёй ідэнтычнасці». Кацярына Андрэева — пра эфіры з драйвам і вяртанне на «Белсат»
Журналістка і былая палітзняволеная Кацярына Андрэева, якая правяла за кратамі амаль пяць з паловаю гадоў, вяртаецца на «Белсат» у якасці вядоўцы інфармацыйнай «Студыі». Першы жывы эфір з ейным удзелам адбыўся 21 верасня.
Напярэдадні дэбюту Кацярына распавяла пра свой першы журналісцкі матэрыял, напісаны ў 2015 годзе з Усходняга вакзалу ў Менску, і патлумачыла, чаму ейнае вяртанне на «Белсат» – натуральная справа.

Журналістка тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева пазіруе фатографу. Варшава, Польшча. 19 верасня 2026 года. Фота: Белсат
«Белсат»: Каця, як журналістка «Белсату», ты заўсёды была ў эпіцэнтры падзеяў, у атачэнні людзей і жывых гісторыяў. У драйве! А цяпер будзеш стаяць у асветленай і бяспечнай студыі і чытаць апошнія навіны…
Кацярына Андрэева: Праца ў студыі – гэта ўсё адно праца ў жывым эфіры. І праца – дзеля нашых гледачоў, камунікацыя з імі. Таму я не магу сказаць, што буду адчуваць менш драйву альбо менш кантакту з аўдыторыяй. У свой час для мяне быў вельмі карысны досвед – працаваць як вядоўца стрымаў у Беларусі. Але цяпер гэта немагчыма. І разважаючы, што лепш за ўсё атрымалася б у мяне пасля столькіх гадоў без працы, я падумала, што гэта можа быць вядзенне ў жывым эфіры. Так, у студыі. І я пастараюся зрабіць усё, каб гэта было і карысна для гледача, і цікава. І гэта, спадзяюся, будзе даваць мне эмоцыі, падобныя да тых, якія я перажывала і атрымлівала падчас стрымаў.
«На гэтым этапе калегі часткова замянілі мне сямʼю»
– Мы пабачым тую ж самую Кацярыну Андрэеву, якую бачылі на экранах больш за пяць гадоў таму?
– Па-першае, праца ў студыі мае трошкі іншую спецыфіку. Па-другое, я прыходжу з падрыхтаванымі гісторыямі, якія хачу распавесці. У стрымах ты знаходзіш сабе спікера ці мікратэму на хаду, жыўцом. І падчас жывых размоваў з гасцямі ў студыі такія мікратэмы таксама будуць узнікаць. Але ты рыхтуешся да эфіру, і гэта вялікая частка працы. Спадзяюся, што глядач пазнае, прыме і адчуе частку той энергетыкі, якую, як кажуць, я перадавала падчас сваіх эфіраў.
Ці пабачаць абсалютна тую ж Кацярыну Андрэеву? Вядома, не. Бо, як усё жывое, я змяняюся. І гэта цалкам нармальна, што досвед апошніх пяці гадоў мяне ў чымсьці змяніў. Сябры кажуць, што нават па маіх вачах бачна, што я прайшла праз складаную гісторыю. Праходжу яе, дарэчы, дагэтуль…
– Ты выйшла на свабоду паўгода таму. Ці не заўчаснае тваё вяртанне ў эфір? Ты ўжо знайшла раўнавагу і маеш поўны кантроль над эмоцыямі?
– Кантроль над эмоцыямі – безумоўна. Я навучылася іх кантраляваць яшчэ ў турме. Турма – гэта такі трэнінг самакантролю (усміхаецца). Адно што ён не мусіць быць такім працяглым – аж на пяць гадоў. Але калі жыццё ў такіх стрэсавых умовах чамусьці цябе яшчэ і вучыць, то застаецца гэта прымаць і паварочваць гэты досвед сабе на карысць. Вось у гэтым, я думаю, галоўнае майстэрства зараз. Нават не кажучы пра працу, а кажучы проста пра выжыванне, пра адаптацыю, пра вяртанне да нармальнага, актыўнага, прадуктыўнага жыцця.
– Ад аднаго палітвязня чуў, што патрэбны як мінімум год, каб вярнуцца да такога жыцця…
– Усё індывідуальна. І залежыць у тым ліку ад таго, якую чалавек мае падтрымку. Я тут, на жаль, апынулася без сям’і, але з вельмі добрымі калегамі і сябрамі, якія мяне падтрымлівалі. І асабліва – з калегамі з рэдакцыі, якія мяне напачатку ўвогуле не пакідалі на самоце. Калі мне штосьці было патрэбна, яны заўжды з’яўляліся побач і дапамагалі адаптавацца. Можна сказаць, на гэтым этапе яны часткова замянілі мне сям’ю. Так цёпла сустрэлі мяне ў рэдакцыі, так цярпліва тлумачылі моманты, якія я прапусціла.
І мне вельмі падабаецца атмасфера на працы, бо з мяне не ствараюць нейкай цікавінкі – да мяне ставяцца як да адной з нас, цалкам на роўных, падтрымліваючы пры гэтым. Гэта тое, што было мне патрэбна.
І яшчэ. Перад першым маім эфірам велізарнай пазітыўнай эмоцыяй было вызваленне маіх каляжанак і сябровак з калоніі. Я пабачыла людзей, якія выходзяць адтуль з крыштальна ясным розумам і свядомасцю. Людзі выходзяць з ізаляцыі, а разважаюць лепш, чым многія аналітыкі. І гэта натхняе мяне перад першым эфірам!

Журналістка тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева. Варшава, Польшча. 19 верасня 2026 года. Фота: Белсат
«Я ні з кім ужо не баюся камунікаваць»
– «Белсат» змяніўся за гэтыя гады…
– Для мяне «Белсат» – натуральнае месца працы. Мяне забралі ў самы разгар асвятлення падзеі, таму для мяне гэтае вяртанне выглядае вельмі натуральным. «Белсат» змяніўся ў тэхнічным плане. Я бачу шмат новых праграмаў, новыя падыходы. Я бачу, як па-іншаму абсталяваны ньюзрум. У такіх рэчах – так. Але нашыя базавыя каштоўнасці застаюцца нязменнымі: мова, навіны, інфармацыйны кантэнт без цэнзуры па-беларуску. Мы па-ранейшаму застаемся адзіным беларускамоўным незалежным тэлеканалам. 80 % нашых гледачоў спажываюць наш кантэнт у Беларусі. Глядзяць «Белсат» у Беларусі, нягледзячы на тое, што гэта небяспечна. Я маю гэтыя лічбы і ведаю дакладна. Гэта таксама натхняльна.
– Мне падабаецца, як ты глядзіш проста ў вочы. Прафесійна. Хіба ў турме такі кантакт – вочы ў вочы – нёс бы небяспеку?
– Мне здаецца, я ненавязліва гляджу людзям у вочы… Вядома, калі буду працаваць у студыі, буду глядзець у камеру. Але я не баюся камунікаваць. Я думаю, ні з кім ужо не баюся камунікаваць. І што дала мне турма – гэта, з аднаго боку, вядома, разгубленасць пасля вялікага прамежку часу, выкінутага, па сутнасці, з нармальнага жыцця, але, па-другое, упэўненасць у сваіх сілах. Бо калісьці мне здавалася, што я і 15 содняў не змагу адседзець…
– Там, у няволі, не наведвалі цябе думкі пра тое, каб па вызваленні сысці з прафесіі і паспрабаваць чагосьці іншага – пачаць з нуля?..
– Пра гэта марылі б у Менску – каб мне не захацелася вярнуцца ў журналістыку. Я не зраблю ім такога падарунку.
– Працаваць журналістам у Беларусі і на выгнанні – дзве розныя рэчы. Напрыклад, з Варшавы ты не можаш адкрыта звязвацца са сваімі крыніцамі ці чыноўнікамі ў Беларусі, каб спраўдзіць інфармацыю.
– На сваёй зямлі заўжды адчуваеш сябе больш упэўнена. Але, з іншага боку, тут я адчуваю сябе ўпэўнена ў іншым сэнсе. Бо маю цудоўную прэс-карту з запаветнай фразай: «Просім улады ўсяляк спрыяць уладальніку гэтай карткі ў выкананні яго прафесійных абавязкаў». Я працую ў свабоднай краіне і ад гэтага атрымліваю задавальненне. Я ніколі ў жыцці не мела акрэдытацыі.
«Журналістыка – частка маёй ідэнтычнасці»
– Калі б я захацеў зняць фільм пра твой шлях у журналістыцы, з якога кадру ты параіла б мне пачаць?
– З дзяцінства. Мой дзядуля – вядомы журналіст [Сяргей Ваганаў. – Заўв. рэд.], і я яшчэ ў маленстве ведала, што азначаюць такія словы, як «набор», «вёрстка», «рэдакцыя», «калонка» і гэтак далей. Дзядуля працаваў галоўным рэдактарам газеты «Труд в Белоруссии». Усе палітычныя працэсы 1990‑х – пачатку 2000‑х я бачыла на ўласныя вочы, а з 12 гадоў разбіралася ўжо ў палітычных партыях, якія тады існавалі. У 17 гадоў бацькі мяне не пускалі на палітычныя мітынгі, бо вельмі хваляваліся. Я вырасла ў гэтым.
Вучылася ў 23‑й беларускамоўнай гімназіі, дзе на некалькі класаў вышэй вучыўся Франак Вячорка. І беларуская мова – адтуль, з дзяцінства. І ад такіх людзей, як пісьменнік Віктар Казько, паэт Уладзімір Някляеў, палітык Станіслаў Шушкевіч і ягоная ўнучка Стася Гліннік, ды многіх іншых. Таму для мяне прыход у журналістыку і мае каштоўнасці – беларуская мова, гісторыя, культура – гэта частка маёй ідэнтычнасці, якая проста ўмантаваная ў мяне. Мой ДНК.

Прэс-карта Кацярыны Андрэевай. Варшава, Польшча. 19 верасня 2026 года. Фота: Белсат
– Не было жадання ўзбунтавацца і збочыць з гэтай сямейнай сцежкі?
– Сама вырашыла па ёй пайсці. Ніхто з родных не хацеў бачыць мяне ў журналістыцы, бо ўсе разумелі, што гэта такое. Ілюзіяў не было ніколі. А былі засцярогі, каб я чагосьці не рабіла або рабіла асцярожней.
Я не журналіст з адукацыі. Вучылася ў Лінгвістычным універсітэце на выкладчыка іспанскай мовы, але давучыцца да канца мне не далі. На пятым курсе я ўжо працавала як фрылансер для Радыё Свабода і пачынала супрацу з «Белсатам». Незадоўга да абароны маёй дыпломнай працы мне сказалі ў дэканаце: «Вам лепей забраць дакументы…»
«Скажыце, а дзе тут у вас прэса стаіць?..»
– Памятаеш сваю першую публікацыю ў СМІ?
– Пачала супрацоўнічаць з «Народнай Воляй», калі мне быў 21 год. І ў той момант – жнівень 2015-га – якраз вызвалялі палітвязняў. І я памятаю сваю заметку з аўтавакзалу «Усходні», калі вызвалялі Міколу Статкевіча. Пра тое што яго прывязуць туды, я даведалася ад сяброў. Патэлефанавала Іосіфу Сярэдзічу [галоўны рэдактар «Народнай Волі». – Заўв. рэд.], запытала, ці трэба напісаць. Кажу яму: «Я буду там. Я напішу заметку». Прыйшла на вакзал, пытаюся ў калегаў: «Скажыце, а дзе тут у вас прэса стаіць?..» Было вельмі смешна. Але я напісала гэтую заметку. І была яшчэ фотка, якую я зрабіла на стары кнопачны тэлефон і якая потым апынулася на першай паласе «Народнай Волі».

Журналістка тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева. Варшава, Польшча. 19 верасня 2026 года. Фота: Белсат
– А з чым дэбютавала на «Белсаце»?
– Прыйшла на «Белсат» увесну 2017-га. Асвятляла пратэсты супраць падаткаў на «дармаедства», якія тады якраз уводзіў Лукашэнка. Было цікава паспрабаваць працаваць у кадры. Калегі сказалі, што атрымалася добра, і гэта вельмі натхніла. Я думаю, што з часам я зрабілася трошкі закладнікам такога вобразу журналіста, які працуе на вулічных акцыях, пратэстах, мітынгах і вядзе стрым. У нас шмат розных сямейных жартаў наконт гэтага. Напрыклад, калі я не адказваю бацьку на паведамленні, ён можа мне тэлефанаваць і казаць: «Кацярына, студыя?..» (Смяецца.) Дык вось, у 2017‑м я ездзіла па розных гарадах, трапляла ў пастарункі. І гэта тое, што трэба, калі табе 21–22 гады і ты толькі прыйшла ў прафесію.
– Працавала ў кадры. Любіш камеру, і камера любіць цябе…
– Ну, ці любіць мяне камера – гэта трэба пытацца ў рэдактара і аператараў. Мая задача – зрабіць так, каб мяне любіў наш глядач. Ці люблю камеру я? Не баюся – і гэта дакладна. Хоць у мяне – з вядомых прычынаў – пагоршыўся зрок…
– Голас не змяніўся?
– Трохі мог змяніцца, бо я некалькі разоў хварэла на пнеўманію. У турме вельмі нервовая атмасфера, і вельмі шмат хто паліць. Падчас першага суда я сама вельмі шмат паліла, і гэта давала негатыўны эфект. Я зразумела, што трэба кідаць. А потым быў другі тэрмін – і я зноў пачала шмат паліць. Ну бо… восем гадоў – гэта ж вечнасць, і што тут ужо губляць, маўляў, усё адно мы тут усе памром. Пасля я сутыкнулася з яшчэ больш складанымі абставінамі, ужо крайне складанымі, праз якія, мне здавалася, прайсці немагчыма. І тады я сказала сабе, што мушу выжыць і захаваць сябе, бо я патрэбная сям’і. Аднойчы адным рухам адклала пачку цыгарэтаў – схавала яе на паліцу за сваімі рэчамі ў падсобным памяшканні. Аж да моманту вызвалення не дакранулася да яе. А калі мяне забіралі з калоніі, я выкінула яе – як знак перамогі. Апошні раз курыла ў 2023 годзе.
– Ты вельмі добра выглядаеш.
– Адмова ад шкоднай звычкі дапамагае прывесці сябе ў норму. Гэта нармальна для тэлевядоўцы – сачыць за сабой. Я стараюся наведаць лішні раз касметолага, увяла ў свой рацыён карыснае харчаванне. Але я яшчэ раз хачу выказаць падзяку ўсім тым, хто пасля майго вызвалення забяспечыў мне медычную дапамогу і медычны дагляд. Бо шмат што ў нашым выглядзе залежыць ад таго, што ўнутры. А пра маё здароўе вельмі добра паклапаціліся. І тыя, хто гэта зрабіў, ведаюць, што я зараз кажу пра іх. Хачу, каб гэтыя людзі ведалі, што зрабілі вялікі ўнёсак не проста ў маё жыццё, а, атрымліваецца, і ў маю працу.

Журналістка тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева. Варшава, Польшча. 19 верасня 2026 года. Фота: Белсат
«Размова з Ігарам была лепшаю за любы журфак»
– Як паўплывала на цябе як журналістку тое, што на сваім жыццёвым і прафесійным шляху ты спаткала Ігара Ільяша?
– Мы пазнаёміліся, калі я была зусім юнай журналісткай. І, ведаеш, я адразу трапіла пад ягоны моцны інтэлектуальны ўплыў. Гэта ніколі не было чымсьці навязлівым – заўжды з павагай да маіх асабістых межаў і інтарэсаў. Гэта была праца над супольнай тэмай, якая нас аб’яднала. І я вучылася ў яго ўсяму. Для мяне тады размова з Ігарам пра журналістыку была лепшаю за любы журфак. У прафесійным плане магу сказаць, што ў яго вучылася, што гэта фактычна мой настаўнік, адзін з настаўнікаў. Галоўны.
– Вы з Ігарам сапраўды гулялі ў шахматы, як у фільме «Пад шэрым небам»?
– Канешне. Бо так ён вучыў мяне аналітычна разважаць і пралічваць крокі наперад, мысліць стратэгічна, што вельмі дапамагло мне потым у жыцці… Так, у гэтым, напэўна, ёсць іронія. Бо мы пралічвалі ўсё, што заўгодна, але не пралічылі таго, што мне давядзецца сесці на пяць гадоў у турму…
А што тычыцца Ігара, то я зраблю ўсё магчымае і немагчымае, каб ён апынуўся на волі ў найбліжэйшым часе. У гэтым снежні ў нас дзесяцігоддзе шлюбу. Так хутка час прайшоў! Здаецца, толькі пазнаёміліся…
Ігар дамагаўся майго вызвалення, пакуль быў на волі, значна даўжэйшы час. Я не ведаю, якую трэба мець сілу волі, каб рабіць гэта чатыры гады. Я раблю гэта цягам апошніх шасці месяцаў, і гэта таксама – праца. Але я ніколі яе не кіну, пакуль ён да мяне не вернецца. І, зрэшты, пакуль усе мае калегі і ўсе палітвязні не будуць на волі, мая місія як чалавека, які асацыюецца з «Белсатам», – казаць пра іх. Калі пра палітвязняў кажа палітвязень, гэта ўжо стварае трошкі больш цікавасці да гэтай тэмы. Хаця б так.
– Каця, што кажаш сама сабе перад тым, як робіш крок і апынаешся перад камерай?
– Уяўляю сабе, што на месцы камеры – блізкі мне, знаёмы чалавек, якому я буду распавядаць пра навіны ці нейкія гісторыі.
– Уяўляеш сабе на тым баку эфіру Ігара?
– Я хачу ўяўляць Ігара на гэтым баку. Ігар для мяне, у першую чаргу, не глядач і не калега-журналіст, а мой каханы муж. Маё жыццё…

Журналістка тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева. Варшава, Польшча. 19 верасня 2026 года. Фота: Белсат
«Людзі па той бок не мусяць глядзець, як я крычу»
– Яшчэ адна фантазія. Ты ў жывым эфіры і раптам чытаеш на промтары доўгачаканую навіну, на якую хочацца адрэагаваць крыкам радасці. Закрычыш у эфіры? Дасі сабе волю зрабіць гэта?
– Не, вядома. Людзі па той бок не мусяць глядзець, як я крычу. Магчыма, не здолею схаваць лёгкую ўсмешку… Але гэта не мусіць паўплываць на хаду эфіру. Нават калі даведаюся пра вельмі шчаслівую навіну, так і скажу: «Хачу з вамі падзяліцца радаснай навіной, якая толькі што да нас прыйшла…»
– Пра якую навіну мы зараз гаворым?..
– Пра вызваленне ўсіх палітзняволеных, вядома.
– Я думаў – пра канец аднаго дыктатара. Вызваленне ўсіх палітвязняў – не ўтопія?
– Калі я зімой пры тэмпературы мінус дзесяць мусіла на зоне калоць лёд ледаколам і ў мяне адвальваліся пальцы, проста прымярзалі да гэтага ледакола, не гнуліся каленкі, а твар быў абмарожаны да такой ступені, што не рухаліся мышцы на ім, у гэты момант мне здавалася ўтопіяй, што я буду сядзець у студыі «Белсату» і казаць: «Вітаем шаноўных гледачоў «Белсату», з вамі Кацярына Андрэева»…
@bajmedia