• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларускі Мінінфарм абурыўся забаронай вяшчання ў Латвіі дзяржаўнага «Радыё Беларусь»

    Міністэрства інфармацыі Беларусі «рашуча асуджае» рашэнне Нацыянальнай рады па электронных СМІ Латвіі (NEPLP) аб забароне ў краіне распаўсюду «Радыё Беларусь». Абурэнне апублікаванае 24 верасня як галоўная навіна на сайце ведамства.

    Радыё Беларусь

    Беларускія чыноўнікі абвінавачваюць Латвію ў «палітыцы падвойных стандартаў» і «непрыхаваным жаданні латвійскіх уладаў не дапусціць распаўсюду» інфармацыі, якую Мінінфарм называе «аб’ектыўнай і праўдзівай».

    «Відавочна, што ўвядзенне цэнзуры супраць няўгодных медыяў, замежных у тым ліку, стала фірмовым стылем працы афіцыйных уладаў Латвіі», — гаворыцца ў паведамленні Мінінфарма.

    Нацыянальная рада па электронных СМІ Латвіі (NEPLP) забараніла распаўсюд на тэрыторыі краіны праграмы «Радыё Беларусь». Абмежаванне датычыць усіх спосабаў распаўсюду, уключаючы сеціва інтэрнэт. Адпаведнае рашэнне было прынятае 17 верасня і апублікаванае 23 верасня ў афіцыйным выданні Latvi­jas Vēst­ne­sis.

    Рэгулятар вызначыў, што перадачы «Радыё Беларусь» дасяжныя ва ўсходніх памежных раёнах Латвіі, у тым ліку ў Даўгаўпілсе, Краслаўскім і Аўгшдаўгаўскім краях. Радыёстанцыя вяшчае з перадатчыка ў Браславе на частаце 107,7 МГц.

    NEPLP зазначае, што «Радыё Беларусь» з’яўляецца адной з праграм Белтэлерадыёкампаніі, якая з чэрвеня 2022 года знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза. Таму радыёстанцыя не разглядаецца як незалежная ад дзяржаўнага вяшчальніка, на які накладзеныя санкцыі.

    Паводле латвійскага боку, у эфіры радыёстанцыі распаўсюджваліся аднабаковыя і тэндэнцыйныя звесткі пра вайну Расіі супраць Украіны, апраўдваліся ваенная агрэсія і публікаваліся матэрыялы ў падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

    Рэгулятар указаў, што ў праграмах крытыкавалася палітыка Літвы, іншых краінаў Балтыі і ЕС у дачыненні да Беларусі, а ўвядзенне санкцый звязвалася з ростам кошту жыцця ў еўрапейскіх краінах. Слухачоў, у тым ліку жыхароў Латвіі, заклікалі наведваць Беларусь, якую прэзентавалі як бяспечную і дружалюбную краіну.

    Акрамя таго, паводле NEPLP, у эфіры ставілася пад сумнеў незалежнасць латвійскіх СМІ, рашэнні ўладаў Латвіі і інстытутаў Еўрасаюза, а падзеі Другой сусветнай вайны выкладаліся выбарачна і аднабакова.

    «Аўдыяпраграма “Радыё Беларусь” выкарыстоўваецца для распаўсюду расійскай і беларускай прапаганды, накіраванай супраць Латвіі, Літвы, Польшчы і іншых дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза», — гаворыцца ў рашэнні.

    Рада прыйшла да высновы, што кантэнт, які распаўсюджваецца радыёстанцыяй, пагражае нацыянальнай бяспецы і дзяржаўнай незалежнасці Латвіі. Забарона будзе дзейнічаць да адмены санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да асобы ці арганізацыі, наўпрост ці ўскосна звязаных з «Радыё Беларусь». У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра Белтэлерадыёкампанію.

    Мінінфарм Беларусі абураецца забаронай у той час, як за апошнія 6 гадоў уладны рэжым фактычна цалкам знішчыў незалежныя медыі ўнутры Беларусі, зрабіў немагчымай працу іх журналістаў, а таксама карэспандэнтаў многіх замежных СМІ.

    Лік інфармацыйных рэсурсаў, іх асобных прадуктаў, акаўнтаў у сацсетках, прызнаных беларускімі судамі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» і ўнесеных у адмысловы спіс на сайце Мінінфармацыі, ідзе на дзясяткі тысяч. Штотыдзень гэты Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папаўняецца, гэтак жа, як і працягваецца прызнанне незалежных СМІ «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

    Дзясяткі журналістаў прайшлі праз турмы. Станам на 23 верасня 2026 года за кратамі застаюцца 15 супрацоўнікаў медыяў. Нямногія прыватныя СМІ, якія яшчэ засталіся ў Беларусі, вымушаныя працаваць ва ўмовах цэнзуры і самацэнзуры, каб не паўтарыць лёс сваіх шматлікіх калег, дзейнасць якіх была забароненая і крыміналізаваная.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.