• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як праз тэатр зразумець, што адбываецца ў грамадстве? Адказ шукалі на фестывалі Druga próba

    Мінулы тыдзень у тэатральным асяродку Познані праходзіў пад знакам беларуска-ўкраінска-польскага фестывалю «Другая спроба. Тэатр па-над межамі». Тэатральны крытык Настасся Панкратава распавядае, як фестываль дапамагае жыхарам пазбавіцца штампаў у адносінах да мігрантаў, а таксама зводзіць разам дзеячаў трох краін, каб тыя змаглі супаставіць, якія тэмы хвалююць кожнага з нас, і знайсці пэўныя кропкі судакранання.

    фестываль «Другая спроба»

    Сцэна са спектаклю «Бежанцы 1915». Фота: Anna Krotofil

    Вымушаная эміграцыя як ключ да паразумення

    «Другая спроба» становіцца добрай традыцыяй для тэатральных дзеячаў трох краін: фестываль ужо трэці раз запар сабраў у Познані акцёраў, рэжысёраў і драматургаў. Яго нязменнай ідэйнай натхняльніцай з’яўляецца вядомая беларуская рэжысёрка Валянціна Мароз. Радуе, што ініцыятыву эмігрантаў працягваюць падтрымліваць мясцовыя ўлады і польскія інстытуцыі, што дае магчымасць запрасіць да ўдзелу вялікую колькасць творцаў, якіх параскідала па розных гарадах і краінах.

    Арганізатар фестывалю — незалежная арганізацыя Barak Kul­tu­ry, дзейнасць якой накіравана на падтрымку незалежных праектаў. Сярод сталых партнёраў – Бібліятэка Рачынскіх і Teatr Ósmego Dnia. Супрацоўніцтва з апошнім асабліва сімвалічнае, бо гэты польскі тэатр, што на працягу шасці дзесяцігоддзяў імкнецца да творчых эксперыментаў і часта выказваецца на актуальныя сацыяльна-палітычныя тэмы, сам зведаў вымушаную эміграцыю. У 1980‑х калектыву, што адкрыта падтрымаў польскі рух за незалежнасць «Салідарнасць», давялося адчуць на сабе пераслед уладаў і праз гэта выехаць на некалькі гадоў за межы краіны.

    Прыемным адкрыццём асабіста для мяне стала тое, што інтэрнацыянальныя пастаноўкі цягам пяці дзён прыцягвалі не толькі прадстаўнікоў беларускай і ўкраінскай дыяспары. Залы былі запоўненыя мясцовай публікай. Канешне, таму спрыяла вялікая колькасць спектакляў і чытанняў на польскай мове, аднак выклікае павагу жаданне познанцаў паглядзець у нязвыклым для сябе ракурсе на тэмы, якія хвалююць мігрантаў.

    фестываль «Другая спроба»

    Сцэна са спектаклю «Пчала ў горле». Фота: Anna Krotofil

    «Пішу табе з Мінска»…

    Так, палякі актыўна дзяліліся сваімі адчуваннямі на абмеркаванні метафарычнага спектакля беларускай рэжысёркі Наталлі Ляванавай «Пчала ў горле», якім адкрываўся фестываль. У аснове – п’еса ананімнага суайчынніка пра спробу аднавіць адчуванне жыцця ў абставінах, калі сотні неабсяжных кіламетраў, якія ў адно імгненне леглі паміж роднымі людзьмі, штодзень скоўваюць да стану непераадольнага здранцвення. «Толькі вось пін-код, каб разблакаваць свет, ніяк не знаходзіцца. Канверт згублены. Тэхпадтрымка не адказвае. Уключае мне песню механічнай злой пчалы», – апісвае зразумелы многім беларусам стан гераіня пастаноўкі.

    Да слова, арыгінальная п’еса была напісана – і прачытана летась у межах папярэдняга фестывалю – па-руску. Аскетычна-надрыўны тэкст не проста знайшоў водгук у наведвальнікаў і арганізатараў фестывалю: творчай камандзе прапанавалі перавесці яго на польскую і зрабіць паўнавартасны спектакль. Была надзея, што ў перспектыве пастаноўка зможа стаць часткай рэпертуару адной з познаньскіх культурных інстытуцый.

    Апошняе пакуль не рэалізаванае, што сапраўды шкада, бо спадарыні Ляванавай удалося вывесці знаёмы ёй тэкст на новы ўзровень мастацкай вобразнасці. Да таго п’еса, якая ў эпіграфе мае словы «Пішу табе з Мінска», становіцца сваёй не толькі для тых, хто аказаўся замкнутым у глухіх межах сваёй краіны, але і для людзей па іншы бок гэтай амаль што жалезнай заслоны: бо немагчымасць выказаць простыя словы самаму блізкаму чалавеку – паняцце ўніверсальнае.

    Спадзяюся, што гэтую працу Наталлі Ляванавай не спасцігне бяда многіх беларускіх праектаў у экзайлі, калі паказы абмяжоўваюцца колькасцю пальцаў адной рукі. Хочацца, каб на шосты год татальнай беларускай эміграцыі распрацоўкі незалежных рэжысёраў мелі не толькі апладысменты гледачоў і станоўчыя водгукі крытыкаў, але нарэшце і сапраўдную інстытуцыянальную падтрымку.

    фестываль «Другая спроба»

    Сцэна са спектаклю «L.U.B.A: украінскі плач без антракту». Фота: Anna Krotofil

    Тэатр як люстэрка палітычных працэсаў

    За тры гады «Другая спроба» вырасла не толькі па сваёй працягласці, але і ў палітры фарматаў. Так, яшчэ да афіцыйнага адкрыцця мерапрыемства, але пад яго маркай прайшла трохдзённая закрытая лабараторыя дакументальнага тэатру, а на працягу ўсяго фэсту ладзіліся фотавыставы, перфарматыўныя чытанні, паказы спектакляў, абмеркаванні ўбачанага.

    У фестывальнай завірусе знайшлося месца і для навуковай дыскусіі: эксперты з Украіны, Польшчы і Беларусі абмеркавалі, як тэатр рэагуе на палітычныя выклікі і сацыяльныя змяненні, якія сёння віруюць у гэтых грамадствах.

    Як трапна зазначыў польскі тэатразнаўца Пётр Дабравольскі, тэатр – гэта заўсёды інстытуцыя, якая патрабуе пляцоўкі, людзей і грошай. У яго краіне прадстаўнікам творчых прафесій прасцей у параўнанні з калегамі з Усходу сабраць усе гэтыя тры чыннікі. Зараз у Польшчы дзейнічае больш за сотню тэатраў, якія фінансава падтрымліваюцца дзяржавай. Яны маюць магчымасць свабодна адгукацца на вострыя тэмы, таму ў рэпертуары польскіх калектываў можна сустрэць пастаноўкі і пра міграцыйны крызіс на мяжы, праблемы забруджвання рэк ці пра спрэчныя дзеянні сучасных палітыкаў. Гэтыя спектаклі не заўсёды будуць мець падтрымку крытыкаў і публікі, але ніхто не аспрэчвае права творцаў уздымаць на сцэне тыя пытанні, што актыўна абмяркоўваюцца ў грамадстве.

    Для беларусаў у эміграцыі камплект тых трох чыннікаў, што пералічыў прафесар познаньскага ўніверсітэта імя Адама Міцкевіча, – хутчэй з разраду мары (для многіх, як не шкада, пакуль фантастычнай). Гэта адбіваецца не толькі на выбары тэм, але і на формах сучаснага тэатра.

    Па меркаванні беларускай тэатразнаўцы Ксеніі Князевай, у тым ліку з гэтай прычыны такую папулярнасць сярод беларускіх творцаў у экзайлі атрымалі перфарматыўныя чытанні і драматургічныя лабараторыі. У гэтых варунках асцярожны аптымізм выклікае тэндэнцыя, калі частцы айчынных акцёраў і рэжысёраў атрымліваецца выказвацца на прафесійных сцэнах у замежжы.

    Цікава, што ва ўкраінцаў, у параўнанні з беларусамі, не ўзнікла паняцця эміграцыйнага тэатру. Як патлумачыла харкаўская актрыса і рэжысёрка Аліна Касцюкова, яе калегі кропкава граюць або ставяць па-за межамі сваёй краіны (тут можна ўзгадаць вядомага беларускаму гледачу па супрацоўніцтве з РТБД рэжысёра Стаса Жыркова, які пасля пачатку поўнамаштабнай вайны з’ехаў з Кіева і цяпер працуе ў Германіі). Аднак пра хвалю стварэння ўкраінскіх калектываў у замежжы гаворкі няма.

    Спадарыня Касцюкова зазначыла іншую тэндэнцыю: на пятым годзе вайны ад украінскіх творцаў чакаюць на падмостках ізноў расповедаў пра бомбы, палон, адарваныя канечнасці і жахі фронту. А ім хочацца ўсё ж выйсці з межаў маналогаў адно пра пакуты і слёзы і давесці, што яны могуць уздымаць куды большы спектр тэм.

    Калі ж заставацца ў ваенных успамінах, то дадаваць у палітру новых жанравых фарбаў. Так украінскія драматургі пачалі часцей уводзіць у свае тэксты гумар і абсурд. Яркім прыкладам такога падыходу на «Другой спробе» стаў спектакль з элементамі стэндапу ўкраінскай рэжысёркі і выканаўцы Марыі Бруні «L.U.B.A: украінскі плач без антракту». Фестывальная публіка пабачыла ўвесь набор клішэ адносна працы польска-ўкраінскай мяжы, узаемадзеяння з ужондамі, стаўлення тутэйшых да прыехаўшых. Аднак праз гамерычны рогат над нязграбнай украінкай, што на Only­Fans зарабляе грошы на ВСУ, украінская аўтарка Талія Беразова падводзіць гледача да сур’ёзных разваг на складаныя сацыяльныя і псіхалагічныя тэмы.

    У гэтым жа ключы працавала і сама Аліна Касцюкова, прадставіўшы ў Познані перфарматыўнае чытанне п’есы «Варвары колеру цыбулі» ўкраінскай драматургіні Кацярыны Пяньковай. Тая смела іранізуе над стэрэатыпамі, якія склаліся за гэтыя чатыры гады ў палякаў і ўкраінцаў адносна адзін аднаго.

    фестываль «Другая спроба»

    Сцэна са спектаклю «Баланс». Фота: Anna Krotofil

    Акопы, пратэсты і татальная нелюбоў

    Перфарматыўныя чытанні, пра якія не раз заходзіла гаворка ў гэтым артыкуле, – адзін з галоўных складнікаў «Другой спробы». Куратарка праграмы Валянціна Мароз імкнецца атрымаць у фестывальную падборку найбольш актуальныя тэксты, што адгукаюцца на злобу дня.

    Так сёлета публіка пачула п’есу «Баланс» Аліны Сарнацкай – адной з самых вядомых прадстаўніц інклюзіўнага «Тэатра ветэранаў». Гэты ўнікальны культурніцка-адукацыйны праект паўстаў ва Украіне яшчэ ў 2024‑м годзе, каб дапамагчы ўдзельнікам вайны рэабілітавацца з дапамогай творчасці. Асаблівы акцэнт у працы «Тэатра ветэранаў» робіцца на навучанне драматургіі, каб людзі праз створаныя імі п’есы змаглі зафіксаваць і адрэфлексаваць тыя трагічныя падзеі, што разгортваюцца ў іх на вачах. Аліна Сарнацкая была ваенным медыкам. Таму ў сваіх тэкстах яна з шакавальнай дакладнасцю перадае стан і адчуванні тых, хто трапляе на фронт.

    Фестываль, створаны беларусамі, не мог абысціся без рэфлексій адносна падзей 2020 года. Сёлета гэтую тэму ўзняла рэжысёрка Вікторыя Ягорава праз дакументальную п’есу «Рудая Вавёрка» – рэальную гісторыю двух медыкаў, чыё сяброўства трывае выпрабаванне праз чатыры месяцы ў СІЗА, пабег ад «хіміі» і спробу будаваць сваё жыццё з нуля ў эміграцыі.

    фестываль «Другая спроба»

    Сцэна са спектаклю «Рыжая_Вавёрка». Фота: Anna Krotofil

    Цікава, што ў працы над гэтай вельмі беларускай гісторыяй задзейнічаны толькі адзін айчынны акцёр – купалавец Дзмітрый Есяневіч, чый шыкоўны камедыйны дыяпазон дадаў тэксту неверагодную палітру эмацыйных адценняў. А вось ролі галоўных гераінь выконваюць польская і ўкраінская актрысы, якія да сутыкнення з тэкстам нават не падазравалі пра маштабнасць рэпрэсіяў у суседняй краіне. Дарэчы, падчас першага паказу праекта на сёлетнім фестывалі Sopot non-fic­tion Алівіі Адамовіч пашчасціла пазнаёміцца з прататыпам сваёй гераіні. «Распавядаць са сцэны гісторыю, калі ў залі сядзіць рэальны чалавек, з якім адбываліся тыя жудасныя рэчы, – гэта незвычайная адказнасць», – прызналася польская артыстка.

    Для некаторых удзельнікаў крокі на «Другой спробе» ператвараюцца ў перспектыўнае супрацоўніцтва. Так на першым фестывалі праходзіла чытка п’есы Жэні Давідзенкі «Да дому наўпрост 10 гадзін язды». На наступны год гэты тэкст паўстаў перад публікай у выглядзе паўнавартаснага спектаклю. Сёлета пра творцу ізноў можна было пачуць – гэтым разам праз п’есу «Як пазбавіцца сораму». Рэжысёркай праекта выступіла вядомая сваім нестандартным падыходам да працы над матэрыялам Юлія Шаўчук. Арыгінальнасць бачная ўжо ў выбары тэксту, дзе практычна няма эмігранцкай тэматыкі. Аднак тэкст уздымае вельмі балючую для постсавецкіх краін тэму татальнай нелюбові: няўменне аддаваць сваім дзецям і бацькам сардэчнае цяпло і безумоўнае пачуццё запатрабаванасці. Ад чаго кожнае наступнае пакаленне не можа пераадолець душэўную пустэчу ў дачыненні да самых блізкіх у жыцці людзей.

    фестываль «Другая спроба»

    Сцэна са спектаклю «Бежанцы 1915». Фота: Anna Krotofil

    Што далей?

    Фестывальны тыдзень закрываўся спектаклем рэжысёра Андрэя Новіка «Бежанцы 1915». By Teatr зрабіў інсцэніроўку добра вядомай палякам кнігі сваёй суайчынніцы Анэты Прымака-Онішк пра эвакуацыю жыхароў усходніх земляў Польшчы і Беларусі ўглыб Расійскай імперыі. Палітычны замес таго часу прывёў не толькі да перамяшчэння народаў, але і да змяшэння ў прасторы і часе гаворак людзей з розных частак рэгіёну. Таму вельмі арганічна гучыць моўная палітра самога спектаклю, у якім героі звяртаюцца адзін да аднаго то па-польску, то па-беларуску, то па-руску, а часам пераходзячы і на падляшскія дыялекты.

    Тут можна было б шмат гаварыць пра рэжысёрскія цікавосткі, складаную светлавую партытуру Данілы Ганчарова (назіраць за яго працай – асобны ўзровень шчасця для тэатралаў), пра песеннае аздабленне сюжэтнай лініі ў выкананні выкшталцонай Дар’і Новік, пра выканальніцкія нюансы ў вырашэнні роляў Аляксея Сапрыкіна і польскай актрысы беларускага паходжання Марыі Чыквін. Але мяне раптам зачапіла, як сумесь гаворак на сцэне адпавядае моўнай разнастайнасці самога фестывалю.

    Кіраўнік культурнай арганізацыі Barak Kul­tu­ry Пшэмэк Прасноўскі пастаянна падкрэсліваў, што ім вельмі важна чуць беларускую мову на палях «Другой спробы». Многія абмеркаванні і панэльная дыскусія былі забяспечаны перакладчыкамі з/на яе. Шкада толькі, што з дзесятка сцэнічных паказаў амаль цалкам (за выключэннем аднаго з персанажаў) па-беларуску было толькі перфарматыўнае чытанне «Як пазбавіцца сораму». Сітуацыя цалкам лагічная: форум ладзіцца ў Польшчы, рэжысёры хочуць, каб іх праца мела доўгае сцэнічнае жыццё, а таму трэба выходзіць з эміграцыйнай бурбалкі і звяртацца да мясцовай публікі. Вось і каардынатар праекта Ілля Меджумаеў зазначаў, што мэтавая аўдыторыя форуму – прадстаўнікі ўкраінскай і беларускай дыяспар, што жывуць у Познані, а таксама карэнныя жыхары гораду.

    фестываль «Другая спроба»

    Сцэна са спектаклю «Як пазбавіцца сораму». Фота: Anna Krotofil

    Пытанне можа знаходзіцца і банальна ў эканамічнай плоскасці: каб зрабіць на кожны спектакль беларускія субцітры, дубляваць тыя ж фестывальныя сацсеткі ці флаеры на нашую мову, патрэбныя дадатковыя рукі і – адпаведна – грошы.

    Таму мы зараз знаходзімся, мяркую, як і эмігранты ва ўсе стагоддзі, на раздарожжы, і толькі час пакажа, які кірунак для беларускага тэатра ў эміграцыі будзе больш плённы: займацца захаваннем беларускамоўнай аўдыторыі і тым самым працаваць адно з хвалямі тых, хто пастаянна выязджае ў замежжа, ці праз доўгія сумненні ўсё ж пераключацца на мясцовую мову, каб данесці наш боль і спадзяванні да міжнароднай аўдыторыі. Дакладна толькі адно: правільнага адказу на гэтае пытанне не існуе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.