Павел Мажэйка запусціў гістарычную праграму на «Белсаце»
На YouTube-канале Belsat History апублікаванае першае выданне праграмы Паўла Мажэйкі «Беларускі след». Аўтар называе яе гістарычным дэтэктывам. Першы выпуск прысвечаны беларускім партызанам у пачатку 20‑х гадоў ХХ стагоддзя, калі краіна была падзеленая паміж Польшчай і Савецкай Расеяй.

Тэлевядоўца і грамадскі дзеяч Павел Мажэйка падчас здымак праграмы «Беларускі след». Варшава, Польшча. 29 жніўня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Мы ўсе сёння працуем ва ўмовах той подлай вайны, якую Расея вядзе з Украінай. Гэта вайна не за тэрыторыі, гэта вайна супраць праўды. Праўдзівая беларуская гісторыя – гэта гарантыя нашай нацыянальнай устойлівасці і нашай будучыні ў самастойнай дзяржаве. Мы не замыкаемся ў мінулым: у падзеях, пра якія мы гаворым, мы найперш шукаем веды, досвед і надзею на будучыню.
У аснове „Беларускага следу“ тры прынцыпы: гэта павага да гістарычных фактаў, бо значэнне мае толькі праўда; выразны аўтарскі голас, мы смела мыслім, аналізуем і даводзім сваю пазіцыю; і любоў да Беларусі – тут тлумачэнні будуць лішнімі», – так пра свой праект кажа журналіст, былы палітвязень Павел Мажэйка.
14 кастрычніка на «Белсаце» адбылася прэм’ера праграмы «Беларускі след», якую аўтар называе гістарычным дэтэктывам пра малавядомыя старонкі беларускай гісторыі XX стагоддзя.
Першы выпуск прысвечаны беларускім партызанам, якія змагаліся за Беларусь пры падтрыманні Літвы супраць Польшчы ў пачатку 20‑х гадоў, калі нашая краіна была падзеленая паміж Польшчай і Савецкай Расеяй. Гісторыя пра тое, як беларусаў, якія змагаліся за сваю дзяржаву, выкарыстоўвалі сілы суседніх краінаў, і чаму для іх самых гэта стала драматычным выбарам.
«Белсат» абвясціў новы сезон. У эфір вяртаюцца і былыя палітвязні
@bajmedia