• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мост праз межы: як рэгіянальныя рэдакцыі застаюцца сваімі для чытачоў унутры Беларусі

    БАЖ працягвае размову пра трансфармацыю (або не) рэгіянальных медыя ў выгнанні. Сёння гаворым з Hrodna.life, Proinfo.news, якія трымаюцца даэміграцыйнага фармату з папраўкамі на абставіны, і Palatno.media, якое робіць «зусім іншае, чым тое, што рабілі ў Беларусі», хаця і застаецца прыхільным да свайго рэгіёна.

    рэгіёны, вокладка

    Ілюстрацыя створана БАЖ з выкарыстаннем Gem­i­ni

    Разгромы рэдакцый у 2021–2023 гадах прымусілі беларускія рэгіянальныя СМІ шукаць новыя формы існавання: ад стварэння брэндаў-спадкаемцаў да поўнага пераасэнсавання фармату і сыходу ў глыбокія даследаванні ды ментарынг. Як захаваць каштоўнасную сувязь з каранямі, рыхтаваць новае пакаленне аўтараў і заставацца апорай для сваіх землякоў — гутарым з прадстаўнікамі трох медыя.

    Маштабаванне ці лакалізацыя. Як беларускія рэгіянальныя медыя пераасэнсоўваюць працу ў выгнанні

    Лакальны патрыятызм супраць прапаганды: чаму чытач абірае свае медыя

    Hrodna.life — гродзенскае гарадское анлайн-медыя. Пачало працу ўвосень 2016 года ў выніку рэбрэндынгу выдання «Твой стыль». У 2019‑м Hrodna.life быў названы найлепшым рэгіянальным сайтам Беларусі, у 2020‑м Hrodna.life перамог у намінацыі «Найлепшае рэгіянальнае медыя». У 2022‑м выданне Hrodna.life было прызнанае беларускімі ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем». Рэдакцыя працягвае працу ў выгнанні.

    Рэдактарка Hrodna.life Ірына Новік падкрэслівае, што выданне «заўсёды факусавалася на лакальным парадку дня»:

    «Лакальны патрыятызм — гэта ўвогуле такая вельмі гарадзенская рыса. І мы ў гэтым такія самыя прыхільнікі свайго горада, як і тыя гарадзенцы, гарадзенкі, якія нас чытаюць.

    Што тычыцца агульнанацыянальнай павесткі, то гэта не значыць, што мы ад яе адмовіліся. Проста ўсе пытанні, якія ўзнікаюць перад усімі беларусамі і беларускамі, узнікаюць і ў Гродне. І мы разглядаем гэтую агульнанацыянальную павестку праз прызму Гродна і гарадзенцаў. Так больш блізка, так больш зразумела, так больш эмацыйна кранае.

    Мы гэта ведалі заўсёды, ведаем зараз і трымаемся сваёй лініі. Мы — за тое, каб любіць сваё, бачыць сваё і праз гэта сваё ўспрымаць усё астатняе».

    Ірына Новік

    Ірына Новік з саламяным павуком-абярэгам на фоне традыцыйнай посцілкі. Фота: з архіва гераіні

    Ірына Новік кажа, што праца ў выгнанні моцна змяніла і рэдакцыю, і іх аўдыторыю:

    «Сёння вельмі складана сказаць дакладна, хто і адкуль нас чытае, бо вялікая частка нашай аўдыторыі карыстаецца яшчэ і VPN. Але, мяркую, што гэта людзі, для каторых Гродна — гэта не шараговае месца, гэта — асаблівае месца, гэта людзі, каторыя неабыякава ставяцца да нашага горада, да яго гісторыі і сучаснасці, да таго, як там жывецца людзям.

    Мы, канешне, больш за ўсё арыентуемся на гарадзенцаў, якія засталіся ў Беларусі, бо адна з місій нашага выдання — не пакідаць без інфармацыі тых, хто застаўся ў Беларусі ва ўмовах рэпрэсій і палітычнага ціску. Але, тым не менш, кожны і кожная, хто любіць Гродна, каму не ўсё роўна на гэты горад, ёсць нашымі карыстальнікамі. І мы гэта бачым па тых водгуках, што атрымліваем. Так, зараз мы не можам прымаць іх проста на сайце, але можам у нейкіх асабістых паведамленнях, у размовах з калегамі, з сябрамі. І бачым, што нас чытаюць і з Беларусі, і па-за краінай».

    Журналістка заўважае, што рэгіянальны парадак дня — гэта яшчэ і эмацыйная блізкасць:

    «Гэта тыя людзі, што жывуць побач з табой, гэта тыя, каго ты сустракаеш на вуліцах, з кім жывеш у адным двары, з кім дзяцей у адну школу водзіш ці ў садок. Безумоўна, вось на гэтай блізкасці будуецца і будавалася заўсёды рэгіянальная журналістыка. І зараз у нас такой магчымасці няма, бо мы жывём за сотні кіламетраў ад свайго горада. Гэта, канешне, дадатковая складанасць, дадатковы выклік. Але гэта не значыць, што мы не можам душою заставацца ў сваім горадзе.

    Тэхналогіі зараз настолькі развітыя, што чытаючы розныя сацыяльныя сеткі, гледзячы той самы Threads, Tik­Tok ці мясцовыя Telegram-каналы, можна разумець, чым жыве горад, чым ён дыхае і якія там узнікаюць праблемы. Таксама мы маем магчымасць звяртацца да мясцовых чыноўнікаў, што праўда, не ў якасці журналістаў, а як проста неабыякавыя гараджане, і атрымліваць нейкія адказы, хоць нешта, што таксама дае магчымасць удзельнічаць у жыцці горада.

    Беларуская дыяспара таксама частка нашай аўдыторыі, але, шчыра кажучы, усё ж больш мы арыентуемся на тых, хто застаўся ў Беларусі. Тым не менш, эмігранты таксама нас чытаюць, бо гэтая настальгія, гэтая памяць, гэты лакальны гарадзенскі патрыятызм застаюцца. Канешне, чытаюць яшчэ і таму, што многія пакінулі ў Гродне сваіх блізкіх, сваіх сяброў, сваякоў, бацькоў і цікавяцца іх жыццём. Таму, так, для эмігрантаў нашае медыя таксама ёсць важнай крыніцай інфармацыі.

    Хаця, паўтаруся, мы больш арыентаваныя на тое, каб даваць правераную, адфільтраванаую ад прапаганды інфармацыю, тым, хто застаўся ў Беларусі».

    «Паміраць збірайся, а жыта сей»

    Наконт таго, ці можа быць доўгатэрміновай праца рэгіянальнага медыя ў экзылі, то спадарыня Новік заўважае, што ў такой сітуацыі, у такіх умовах, у якіх мы жывем зараз, вельмі цяжка разважаць пра доўгатэрміновасць і ўстойлівасць.

    «Свет зараз такі няўстойлівы, што было б дзіўна будаваць планы на дзесяцігоддзі.Мы жывем у перыяд падвышанай нявызначанасці. Аднак гэта не значыць, што мы не думаем пра будучыню. Тут мы, хутчэй, вярнуліся ўжо не да савецкіх «рэалістычных» планаў, кшталту «наша пакаленне будзе жыць пры камунізме», а да народнай мудрасці, якая кажа: «Паміраць збірайся, а жыта сей». Мы ж таксама не толькі працуем на тых, хто чытае нас сёння, але і на тых, хто будзе нас чытаць заўтра і паслязаўтра, — падкрэслівае суразмоўніца. — А яшчэ больш клапоцімся пра тых, хто будзе пісаць і ствараць іншыя матэрыялы для Гродна, пра Гродна, для гарадзенцаў і гарадзенак у будучыні.

    Таму нашыя журналісты не толькі пішуць, ствараюць кантэнт зараз, але і працуюць як медыятрэнеры ў некалькіх школах, якія рыхтуюць журналістаў і журналістак для беларускіх медыя. Безумоўна, гэта дае нам магчымасць і выкарыстаць свой досвед працы на месцы, і досвед працы ў экзылі, і веданне новых тэхналогій, і паглядзець яшчэ ў вочы тым, хто толькі ў журналістыку прыходзіць.

    Тое, што да нас звяртаюцца за ментарынгам, за навукаю, сведчыць, што наш падыход да журналістыкі, да таго, як мы робім Hrodna.life, карыстаецца попытам не толькі ў тых, хто хацеў бы чытаць нашу журналістыку, але і ў тых, хто хацеў бы рабіць журналістыку на такім узроўні, як робім мы».

    Ірына Новік

    Ірына Новік на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Ірына Новік зазначае вельмі важны аспект працы ў вымушанай эміграцыі:

    «Мы не можам даваць голас людзям, якія зараз жывуць у Гродне. То-бок зараз мы павінны клапаціцца не толькі пра тое, каб расказаць, але найбольш пра тое, каб не паставіць пад удар рэпрэсіўнай сістэмы нашых герояў і нашых чытачоў ды чытачак.

    Безумоўна, вельмі змянілася наша журналістыка. Ёсць праблемы з інфакрыніцамі, да таго ж, увесь час мы павінны думаць пра тое, як зрабіць бяспечнымі нашы гісторыі. Часам даводзіцца трохі карыстацца эзопавай мовай. Ну, але ж не першы раз такое.

    Было гэткае і за савецкім часам, але нейкім жа чынам выжыла беларуская журналістыка. Плюс мы маем магчымасць пераасэнсаваць стары досвед: ужыць новыя тэхналогіі ды ісці далей, застаючыся з нашай аўдыторыяй у Гродне».

    «Сёння ў правінцыі людзям не стае менавіта тых крыніц інфармацыі, якім яны прывыклі давяраць. Таму застаёмся са сваёй аўдыторыяй»

    Proinfo.news — медыя, якое распавядае актуальныя і цікавыя навіны Лунінеччыны, змяшчае апавяданні і нарысы пра лунінчан, жыццёвыя гісторыі і інтэрв’ю з цікавымі суразмоўцамі.

    Прадстаўнік выдання Proinfo.news — спадкаемцы лунінецкай «Інформ-Прогулки», Н. кажа, што агульнанацыянальны парадак дня іх таксама не абмінае:

    «Але мы не бачым сэнсу канкураваць з буйнымі беларускімі медыя, то ўсё ж застаёмся засяроджанымі менавіта на нашым рэгіёне. Найперш дзеля таго, каб у нашых чытачоў заставалася незалежная інфармацыя, якую, зразумела, яны не могуць атрымаць у мясцовых дзяржаўных выданнях.

    Акрамя таго, паколькі рэгіён знаходзіцца на даволі значнай адлегласці ад сталіцы, людзей больш цікавяць пытанні менавіта мясцовага ўзроўню. Наша адметнасць у тым, што мы арыентуемся найперш на Лунінец і Лунінецкі раён. Гэта наш рэгіён, дзе нас сапраўды ведаюць і дзе мы ўжо заслужылі пэўную рэпутацыю.

    Так, у нас няма мільённых праглядаў і ахопаў, але мы арыентуемся на гэтае невялікае кола людзей, да якіх усё ж можам даносіць праўдзівую інфармацыю. Сёння людзям не стае менавіта тых крыніц інфармацыі, якім яны прывыклі давяраць. Таму мы застаёмся са сваёй аўдыторыяй».

    «Информ-прогулка» была заснаваная яшчэ ў 1993 годзе:

    «Калі падысці да любога жыхара Лунінца ці Лунінецкага раёна і сказаць «Информ-прогулка», то ён, безумоўна, зразумее, пра што гаворка. У 2023 годзе мы, як і многія незалежныя СМІ, трапілі пад, так бы мовіць, раздачу экстрэмізму. У эміграцыі мы вырашылі стварыць новы брэнд, але нават гэты брэнд ужо заслужыў давер у нашым рэгіёне. Тым больш што ўсе разумеюць: гэта спадкаемца «Информ-прогулки».

    Таму наш галоўны чытач — там, унутры Беларусі. У нас, вядома, часам з’яўляюцца тэмы, звязаныя з эміграцыяй, але мы стараемся не надта засяроджваць на іх увагу».

    Четверть века! Именно столько лет исполняется «Информ-прогулке»

    «Вядома, у апошнія гады ўсё ўскладнілася — уся наша каманда знаходзіцца за межамі Беларусі. Напэўна, мы працуем гэтак жа, як і ўсе: шукаем інфармацыю ў сацыяльных сетках, Telegram-каналах і дзе-небудзь яшчэ. Працаваць з аўдыторыяй цяпер значна складаней, гэтага нельга адмаўляць, — кажа Н. — Такая мадэль працы для некаторых існуе ўжо пяць гадоў, і, як бачым, усё працуе.

    Мне здаецца, беларуская аўдыторыя ўсё часцей звяртаецца да СМІ ў выгнанні. Калі раней казалі, што ўнутрыбеларуская аўдыторыя скарачаецца, то цяпер мы заўважаем, што, паводле статыстыкі, колькасць чытачоў менавіта ўнутры краіны расце. Нейкім чынам людзі, напэўна, прызвычаіліся чытаць і глядзець нас праз VPN, выкарыстоўваць нейкія іншыя хітрыкі. Гэта значыць, што нават у цяперашніх умовах людзі ўсё роўна знаходзяць магчымасць чытаць нас і заставацца ў гэтым інфармацыйным кантэксце.

    Будзем працаваць, пакуль зможам. Хоць, напрыклад, калі расказваеш польскім калегам пра тое, як мы дзейнічаем цяпер, яны ўвогуле не разумеюць, як гэта магчыма: мы знаходзімся за межамі краіны, але працуем на аўдыторыю, якая застаецца ўнутры краіны. Для польскіх калег гэта ўвогуле нешта роўнае фантастыцы: яны не разумеюць, як мы спраўляемся і як нам удаецца ўтрымліваць свайго чытача. Спадзяюся, што і надалей зможам спраўляцца. Так, мы ў эміграцыі, але з кожным годам становімся ўсё лепшымі і лепшымі».

    Цалкам новая структура, але пры гэтым з захаваннем каштоўнаснай і ідэйнай пераемнасці 

    PALATNO — незалежны праект беларускіх журналістаў пра тое, як захаваць беларускасць і адшукваць свае карані. Быў заснаваны ў 2022 годзе.

    Зоя Хруцкая працавала журналісткай, а потым і намесніцай галоўнага рэдактара маладзечанскай незалежнай «Рэгіянальнай газеты» з 2010-га па восень 2021 года.

    «Наша сітуацыя была такая: у 2021 годзе пасля разгрому рэдакцыі з Беларусі выехалі трое журналістаў «Рэгіянальнай газеты», рэдакцыя якой месцілася ў Маладзечне, — тыя, хто працаваў на пратэстах. Гэта Настасся Уткіна, Ігар Палынскі і я, Зоя Хруцкая. Частка нашых калег, у тым ліку галоўны рэдактар Аляксандр Манцэвіч, заставаліся ў Беларусі. Працягваць працаваць з імі ў межах «РГ» азначала б падстаўляць людзей, якія і так з’яўляюцца мішэнню.

    Таму мы ўтраіх вырашылі, што ў нашых абставінах найбольш слушным рашэннем будзе запачаткаваць асобны медыяпраект, які будзе пераймаць каштоўнасці і традыцыі «Рэгіянальнай газеты». Тым больш мы бачылі вялізны тэматычны пласт, з якім маглі б і хацелі працаваць. І гэта зусім іншае, чым тое, што мы рабілі ў Беларусі», — кажа Зоя Хрукая, заснавальніца і сённяшняя галоўная рэдактарка медыя Palat­no.

    Зоя Хруцкая

    Зоя Хруцкая на канферэнцыі «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра». Вільня, 16 верасня 2025 года. Фота: БАЖ

    Калі рэгіянальная рэдакцыя пакідае свой горад, яна губляе не толькі аўдыторыю, але і звыклыя сувязі з крыніцамі, героямі, мясцовымі супольнасцямі. На пытанне, што з гэтых сувязяў атрымалася захаваць, а што аднавіць ужо немагчыма, Зоя Хруцкая зазначыла, што ў яе сітуацыі Беларусь пакінула толькі частка журналістаў, а кіраўніцтва і частка супрацоўнікаў засталіся:

    «Таму мы, выехаўшыя, палічылі, што павінны пакінуць «РГ» тое, што напрацаванае «РГ», і выбудоўваць цалкам новую структуру, захоўваючы толькі каштоўнасную і ідэйную пераемнасць.

    «Рэгіянальная газета» працягвала працу. На жаль, у сакавіку 2023 года Аляксандра Манцэвіча арыштавалі, і легендарная «Рэгіянальная газета» больш не магла існаваць. У лістападзе яму, стваральніку аднаго з нямногіх цалкам беларускамоўных выданняў, прысудзілі 4 гады зняволення паводле артыкула «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».

    Хутчэй за ўсё, частка былых чытачоў «РГ» стала чытачамі Palat­no. Пра некаторыя такія выпадкі мы ведаем, але рэпрэсіўныя ўмовы рэжыму стварылі татальную атмасферу страху, калі лепш ні ў чым такім не прызнавацца і нікому лішні раз не пісаць добрае слова, на ўсялякі выпадак. Мяркую, нас чакае безліч цудоўных гісторый пра ланцужкі сувязі і ўплыву адзін на аднаго, калі пра гэта будзе бяспечна расказваць, у тым ліку пра ролю незалежных медыяў для аўдыторыі».

    «Нам важная лакальнасць, пры выбары тэм імкнёмся пазбягаць сталічных» 

    Што да доступу рэгіянальных медыя ў выгнанні да інфармацыі знутры Беларусі, то, «безумоўна, пра паўнавартасны доступ сёння не можа і гаворкі ісці».

    «Цяжкасці з доступам да інфармацыі былі і ў 2010 годзе, калі я прыйшла ў «РГ», а старэйшыя калегі скардзіліся на падобныя праблемы і да гэтага. Умовы пагаршаліся з года ў год, і ніякага паляпшэння я не назіраю. Palat­no ў гэтым плане прасцей, таму што мы абралі шлях ненавінавага медыя і працуем больш з рэдкімі крыніцамі, архівамі і раней не засвечанымі ў беларускай медыяпрасторы дакументамі, чым з жывымі героямі. Праўда, і такія крыніцы не заўсёды простыя ў выкарыстанні, а архівы часта кепска сістэматызаваныя і складаныя ў працы. Але мы маем зусім іншы выклік — як верыфікаваць факт, які адбыўся сто гадоў таму і колькасць крыніц пра які максімальна абмежаваная, — кажа Зоя Хруцкая. — Нам удалося толькі за апошні год сабраць купу выдатных даследаванняў, якімі ганарымся. Фармат працы ў такіх матэрыялаў падобны.

    Мы шукаем беларускі след у сусветных падзеях, і не маглі абмінуць увагай асобу суддзі Элвіна Хелерштэйн, аўтаркі метада лячэння ПТСР, пашукаць першага ўраджэнца Беларусі, што ўдзельнічаў у зімовай Алімпіядзе, і нават адшукалі асобу з беларускімі каранямі сярод гангстараў і бутлегераў.

    Мы цэнім гэтыя працы, таму што яны не паўтараюць ужо вядомыя факты, кожная з іх — рэальнае даследаванне, па выніках якога мы высветлілі факт паходжання з беларускіх зямель, які не быў да гэтага публічна вядомым. Гэтая праца раскрывае раней невядомыя сувязі і факты і дазваляе па-іншаму паглядзець на нашу спадчыну і людзей, што паходзяць з Беларусі — у сусветным кантэксце».

    Зоя Хруцкая. Фота: Настасся Уткіна

    Журналістка кажа, што каманда медыя Palat­no адмовілася ад навінавай тэматыкі, а следам — і ад фокуса на рэгіён, з якім працавалі ў «РГ»:

    «Аднак нам важная лакальнасць, і мы імкнёмся падкрэсліваць канкрэтны населены пункт, калі гэта рэлевантна, а пры выбары тэм імкнёмся пазбягаць сталічных тэм».

    «Беларусацэнтрычнасць, увага да каранёў як крыніцы моцы і разумення ідэнтычнасці, журналісцкія стандарты і паважлівая атмасфера ў камандзе» 

    Зоя Хруцкая кажа, што падчас стварэння Palat­no яна імкнулася захаваць важныя для яе рэчы, якія скарылі сэрца ў «РГ»: беларусацэнтрычнасць, увага да каранёў як крыніцы моцы і разумення ідэнтычнасці, журналісцкія стандарты і паважлівая атмасфера ў камандзе:

    «Без гэтых складнікаў я не бачу для сябе сэнсу пераадольваць цяжкасці, якія выпалі і працягваюць выпадаюць на лёс беларускіх журналістаў.

    І яшчэ адзін важны складнік нашага ўнёску ў журналістыку — праца з аўтарамі, якія толькі пачынаюць шлях у журналістыцы. «РГ» знакамітае купай выбітных журналістаў і журналістак, якія пачыналі сябе ў прафесіі менавіта ў Маладзечне, у самой «Рэгіянальнай газеце» або ў гуртку для пачаткоўцаў пры рэдакцыі, што існаваў з канца 90‑х гадоў. Сярод нашых стажораў кожны год ёсць тыя, хто перамагае ў прафесійных конкурсах, сёлета такіх было тры аўтары. Таму, так, для мяне Palat­no з’яўляецца пераемніцай «Рэгіянальнай газеты» ў каштоўнасцях і традыцыях».

    На думку суразмоўніцы, рэгіянальнае медыя за мяжой можа заставацца медыя свайго рэгіёна, нават калі рэдакцыя фізічна не прысутнічае на яго тэрыторыі:

    «У многіх нашых выдатных калег атрымліваецца захоўваць лакальныя аўдыторыі і заставацца медыя свайго рэгіёна, знаходзячыся ў выгнанні. Больш за тое, калегі з Hrodna.life, BGme­dia, «Першага рэгіёна», ProIn­fo працягваюць уплываць на рашэнні, якія сёння прымаюцца ўнутры Беларусі, хаця гадамі там не былі.

    Для нас жа блізкасць да нашага рэгіёна праяўляецца ў тым, каб даведацца пра яго тое, пра што не пісалі раней. Напрыклад, атрымалася падрабязна даследаваць, як жылі маладзечанскія семінарысты 150 гадоў таму — а яны лавілі сабе рыбу, гулялі ў карты і падымалі хваляванні. І гэтыя апісанні мы адшукалі ў тым ліку ва ўспамінах апошняга дырэктара ўстановы.

    Блізкасць да чытача паказвае таксама камунікацыя, якая выбудоўваецца. Для нас важныя цёплыя паведамленні, дзе чытачы дзякуюць, што прыгадалі ім слова, якое выкарыстоўвала бабуля, і разблакавалі кранальны ўспамін з дзяцінства, таму што апублікавалі падборку беларускіх загадак».

    Зоя Хруцкая. Фота: Настасся Уткіна

    Паводле галоўнай рэдактаркі Palat­no, на ўсіх платформах асноўная аўдыторыя медыя знаходзіцца ўнутры Беларусі. Журналістка дзеліцца такім назіраннем:

    «Мы заўважаем, што чым маладзейшы чытач, тым цяжэй яму даецца беларуская мова, а ўвесь наш кантэнт беларускамоўны. Калі людзям пасля 30-ці беларуская мова можа падавацца складанай на першы погляд, то пасля першага сказа яны адзначаюць, што ўсё разумеюць. А вось юныя людзі да 25 гадоў часта патрабуюць перакласці словы кшталту «кепска». Такія мы мелі вынікі даследавання, у якім прапаноўвалі ацаніць наш кантэнт розныя ўзроставыя катэгорыі».

    «Мне падаецца, што сёння асабліва важна адчуваць блізкасць са сваімі людзьмі. Сваімі могуць быць як землякі, так і тыя, з кім мы падзяляем агульныя каштоўнасці. І на гэтым разуменні, што ты не адзін, што побач ёсць людзі, якія цябе разумеюць і падтрымліваюць, можна выцягнуць сябе скрозь шматлікія цяжкасці, з якімі нам усім даводзіцца сутыкацца», — кажа напрыканцы размовы пра лакальныя медыя журналістка Зоя Хруцкая.

    *** 

    Досвед суразмоўцаў БАЖ дазваляе казаць пра тое, што галоўным вектарам беларускай рэгіянальнай журналістыкі ў экзылі застаецца праца на ўнутранага спажыўца.

    Нягледзячы на фізічную аддаленасць ад сваіх рэгіёнаў, страту прамога доступу да мясцовых супольнасцей і неабходнасць працаваць ва ўмовах жорсткага рэпрэсіўнага ціску, рэдакцыі змаглі захаваць давер лакальнай аўдыторыі.

    Пры гэтым запыт на незаангажаваную, пазбаўленую дзяржаўнай прапаганды інфармацыю ўнутры Беларусі не проста захоўваецца, але і дэманструе рост, паводле суразмоўцаў: чытачы прызвычаіліся абыходзіць блакаванні праз VPN, шукаючы навіны і матэрыялы ад брэндаў, якім давяраюць гадамі.

    Другім важным аспектам устойлівасці рэгіянальных СМІ стала іх глыбокая інвестыцыя ў будучыню і захаванне каштоўнаснай пераемнасці.

    Стратэгіі выжывання выяўляюцца як у захаванні традыцый і брэндаў-спадкаемцаў, так і ў гнуткай змене фарматаў — ад засяроджанасці на лакальных навінах да глыбокіх гістарычных даследаванняў з пашырэннем беларускага кантэксту.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.