Паміж салідарнасцю і недатыкальнасцю. Як экспертная рэфлексія дапаможа захаваць якасць беларускіх медыя
Сучаснае беларускае інфармацыйнае поле сутыкаецца з парадоксам: СМІ штодня аналізуюць і крытыкуюць грамадска-палітычныя працэсы, але самі часта застаюцца па-за зонай сістэмнай экспертнай рэфлексіі. Эксперты Ірына Сідорская і Дзмітрый Нікановіч у гутарцы з БАЖ разважаюць пра неабходнасць інстытуцыянальнай медыякрытыкі.

Ілюстрацыя створана БАЖ з выкарыстаннем Gemini
У сённяшняй беларускай інфапрасторы з гледзішча медыйнай рэфлексіі цалкам адсутнічаюць спецыялізаваныя рэсурсы і платформы, а праца, якая раней праводзілася такімі структурамі, як, прыкладам, Media IQ, набыла выключна спарадычны, праектны характар і паступова згарнулася праз рэсурсны дэфіцыт.
З аднаго боку, існуе выразны запыт з боку грамадства і палітычных суб’ектаў на ацэнку якасці кантэнту, рэдакцыйнай палітыкі і этычных межаў. З іншага боку, устойлівай інфраструктуры, якая забяспечвала б рэгулярную экспертную рэфлексію, няма, замест гэтага — спарадычныя сваркі ў сацыяльных сетках разам з карпаратыўнай самаабаронай.
Ірына Сідорская, прафесарка, экспертка па стратэгічных камунікацыях, зазначае актуальнасць тэмы: «Зразумела, ніхто не любіць, калі яго крытыкуюць. І пры ўсім тым, наколькі некарэктна, скажам мякка, прыкладам, Сяргей Ціханоўскі ўзяўся за гэтую тэму, бачна, што яна вельмі актуальная, пра яе трэба гаварыць, тут сапраўды ёсць прадмет размовы.
Напрыклад, наколькі грамадскасць неабазнаная ў тым, што такое медыі, як яны працуюць, прымаюць рашэнні і фінансуюцца. Журналістам гэта здаецца відавочным, але людзі, якія не скончылі журфак ці не працавалі ў медыя, зразумела, не ведаюць».
Ірына Сідорская заўважае важнасць разумення тэрмінаў:
«Медыякрытыка адрозніваецца і ад маніторынгу, і ад фактчэкінгу, і ад расследаванняў. Зараз у гэтых спрэчках пра медыякрытыку амаль не кажуць. Кажуць, мне здаецца, пра дзве рэчы. Першая рэч — гэта пра памылкі журналістаў (тое, што можа вырашыць фактчэкінг), а другая рэч — гэта канфлікты. Зразумела, памылкі і канфлікты больш кідаюцца ў вочы, але гэта дакладна толькі вельмі вузкая частка медыякрытыкі.
І я разумею гэтае слова значна больш шырока, для мяне медыякрытыка — гэта пастаянная, мэтанакіраваная экспертная і грамадская рэфлексія пра якасць журналістыкі і пра якасць той публічнай дыскусіі, якую журналісты фармуюць.
Гэта значна шырэй за памылкі, за канфлікты, якія непазбежныя і якія будуць увесь час, прытым, мне здаецца, канфлікты і памылкі значна прасцей вырашаць і выпраўляць».
Патрэбная адмысловая інфраструктура
На думку Ірыны Сідорскай, для медыякрытыкі перш за ўсё трэба ствараць спецыяльную інфраструктуру.
«Канешне, можна сказаць: няхай вырашаюць усё альбо самі спажыўцы, альбо гэта будзе прафесійная размова ў журналісцкім асяродку. Але медыякрытыка — гэта пастаянная экспертная і грамадская рэфлексія, то-бок сістэматычны аргументаваны аналіз таго, як працуюць медыя, як яны выконваюць свае грамадскія функцыі, як фармуюць парадак дня, як прадстаўляюць рэчаіснасць, — кажа экспертка. — Але структуры няма. А запыт на такую дзейнасць ёсць».

Ірына Сідорская, фота з асабістага архіва
На думку суразмоўніцы, самі медыя павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб сістэмная медыякрытыка была:
«І самі медыя, упэўнена, павінны замаўляць даследаванні, аўдыты, маніторынгі, кансалтынг і рэкамендацыі. Існуюць жа медыядаследчыкі і медыядаследчыцы. Я даю безліч каментароў незалежным медыям па розных пытаннях, звязаных з іх кантэнтам, але за амаль пяць гадоў у эміграцыі мяне толькі аднойчы запрасілі правесці аналіз, даследаванне і сфармаваць рэкамендацыі для аднаго медыя па асвятленні пэўнай праблематыкі.
Так што перш за ўсё самі медыя павінны быць зацікаўленыя ў развіцці гэтага сектара. Гаворка ж ідзе не толькі пра медыядаследчыкаў: сацыёлагі, спецыялісты па правах чалавека, палітычных працэсах, гендарных пытаннях маглі б ажыццяўляць медыякрытыку па сваіх кірунках — праводзіць даследаванні і даваць рэкамендацыі».
Выключна складаныя ўмовы, у якіх зараз працуюць беларускія медыя, усё ж не даюць свабоду ад выканання стандартаў.
«Ніхто не спрачаецца з тым, што ўмовы цяжкія, але гэта не значыць, што «мы пераможам Лукашэнку, вернемся ў Беларусь і тады будзем працаваць якасна, а зараз — як можам». Гэта няправільная пастаноўка пытання.
Самі медыя і найперш Беларуская асацыяцыя журналістаў павінны клапаціцца пра якасць медыя, а значыць — пра пастаянную медыякрытыку. Рэсурсаў мала, але трэба ставіць пытанне перад партнёрамі, што патрэбныя пастаянныя даследаванні і маніторынгі, каб працу вывучалі эксперты», — дадае прафесарка.
Чаму самі журналісты не могуць з гэтым спраўляцца?
«Прафесійная размова і самарэгуляванне мусяць быць. Але сфера вузкая, усе адзін аднаго ведаюць, і прафесійная крытыка можа ўспрымацца як асабістая. Чалавек падумае некалькі разоў, ці варта крытыкаваць сяброў і таварышаў.
Калі крытыка будзе абмяжоўвацца толькі самімі журналістамі, гэта будзе замкнёная сістэма з кучай агаворак. Працавалі разам, сябруем гадамі, а тут я буду штосьці казаць, каб яны пакрыўдзіліся? Ніхто гэтага не хоча. Але нават і без гэтага фактару чалавечых адносін сістэма не можа паглядзець на сябе збоку. Калі мы варымся ў сабе, мы шмат чаго не заўважаем», — зазначае Ірына Сідорская.
«Падчас працы на журфаку БДУ на кафедры тэхналогій камунікацыі і сувязяў з грамадскасцю я заўсёды казала студэнтам: любая арганізацыя павінна распавядаць пра сябе і тлумачыць сваю дзейнасць мэтавым аўдыторыям. Зараз жа атрымліваецца, што журналісты і медыя лічаць, што нібыта ім гэта не патрэбна.
Спажыўцы не ведаюць, як фармуецца парадак дня, чаму запрашаюць менавіта гэтых экспертаў, як фармулююцца загалоўкі і якія сродкі выкарыстоўваюцца. Таму і ствараюцца фантастычныя канспіралагічныя тэорыі, — кажа экспертка. — Людзі абсалютна не разумеюць, як працуе інфармацыйная сфера, публічная прастора, медыя і чым медыя адрозніваюцца ад блогераў ды ютубераў. Пра гэта трэба камунікаваць».
Трэба тлумачыць «нават пра тое, што ёсць сістэмай грантаў»:
«У людзей ёсць уяўленне: табе далі грошы, і ты мусіш выконваць кожнае жаданне таго, хто іх даў. Гэта не так працуе, але патлумачыць цяжка. Сфармаваўся негатыўны стэрэатып: калі арганізацыя жыве на гранты, то яна дрэнная і мае «лялькаводаў». Але ж на старонках СМІ можна арганізаваць дыскусію і адукацыйную кампанію, каб тлумачыць людзям ролю незалежных медыя. Людзі не бачаць розніцы, не разумеюць, а як гэта — можна мець гранты, рэкламу ці ахвяраванні, але быць незалежнымі ў сваёй рэдакцыйнай палітыцы.
Гэта паказчыкі хваробы: сфармаваліся негатыўныя стэрэатыпы і міфы, бо не было інфармацыі ад саміх медыя.
Дадаўся яшчэ фактар блогераў. Зараз не ўсе разумеюць розніцу, чаму YouTube-праекты не могуць замяніць медыя. Людзі мяркуюць: «У мяне ёсць тры любімыя блогеры, я на іх падпісаны і ўсё ведаю».
«Незалежныя медыя сшываюць нашу агульную размову»
На думку эксперткі, трэба падкрэсліваць тое, што «робяць незалежныя медыя: яны сшываюць нашую агульную размову»:
«Мы зараз — падзеленае грамадства: падзеленыя дзяржаўнымі межамі, жывем у розных краінах, маем розныя ўмовы жыцця і магчымасці ўступіць у публічную дыскусію. Людзі ў Беларусі і нават тыя, хто выехаў, вымушаныя займацца самацэнзурай дзеля бяспекі блізкіх і маёмасці.
Задача незалежных медыяў, нягледзячы на перашкоды, ствараць агульную беларускую грамадскую дыскусію і інфармацыйную прастору. Аніякі блогер гэтага не зробіць. Калі я аддам магчымасць фармаваць маё медыяспажыванне алгарытмам YouTube, у мяне будуць толькі тыя, хто мне падабаецца. А незалежныя медыя прадстаўляюць розныя погляды і праблемы.
Часта медыякрытыку разумеюць вузка: памылка, абраза ці канфлікт. Але гэта вяршыня айсберга. Медыякрытыка — гэта пытанні: пра што мы гаворым і пра што не гаворым? У якой рамцы разглядаем праблему? Хто прысутнічае як лідары меркаванняў і эксперты? Наколькі розныя групы прадстаўленыя ў дыскусіі? Звычайны чытач/глядач/слухач, мне здаецца, не будзе задаваць гэтыя пытанні, але менавіта такая медыякрытыка вядзе да павышэння якасці журналістыкі і публічнай дыскусіі».
Пра экспертны погляд і цэхавую салідарнасць
На думку Ірыны Сідорскай, БАЖ, як менавіта прафесійная арганізацыя, перш за ўсё павінен займацца пытаннем інстытуалізацыі медыякрытыкі:
«Але БАЖ зараз сканцэнтраваны на дапамозе і абароне журналістаў, безумоўна, гэтае становішча зразумелае, але ўсё ж, мне падаецца, гэта не азначае, што ўсёй нашай супольнасці трэба чакаць вяртання дадому і перамогі, каб пачаць працаваць з нуля.
І зараз мусіць быць размова паміж журналістамі (прафесійная), грамадская размова (чытачы як спажыўцы мусяць мець магчымасць выказвацца) і экспертная дыскусія. Менавіта эксперты могуць убачыць тое, што не бачна звычайнаму чытачу і журналісцкаму калектыву.
Экспертны погляд збоку неабходны, без сумневу. Я бачу рэакцыю ўнутры журналісцкага цэха на любую крытыку: яна катэгарычна не прымаецца. Гэта выдаткі працы замкнёнага цэха, карпаратыўнай салідарнасці. У медыцыне тое ж самае: калі стаецца памылка з пацыентам, лекары аб’ядноўваюцца і кажуць: «Ніякай лекарскай памылкі няма». Гэта натуральная цэхавая салідарнасць».

Ірына Сідорская. Фота з сайта ratingbynet.by
На яе думку, медыя не мусяць заставацца па-за крытыкай:
«Калі вядзецца пра грамадскі інстытут, а медыя — гэта безумоўна грамадскі інстытут, то яны павінны быць падсправаздачныя грамадству. Я не кажу пра «кантроль над медыямі» — такая фармулёўка мне не падабаецца. Менавіта пра падсправаздачнасць грамадству.
І тут мы вяртаемся да сістэматычных даследаванняў. Як экспертка, я не магу паставіць дыягназ без даследавання. Я не магу ўпэўнена адказаць на пытанне, як змянілася якасць матэрыялаў за апошнія гады, бо няма даследаванняў і доказаў. Калі пачалася дыскусія і Павел Баркоўскі напісаў у Facebook, што «медыі ў крызісе», то ўзнікае праблема: з аднаго боку ёсць прыкметы крызісу, з другога — а дзе доказы, дзе поўныя сістэматычныя даследаванні? Адчуванне і незадаволенасць ёсць, а доказаў няма».
Стандарты нельга адаптаваць
Ірына Сідорская не падзяляе пазіцыю адаптацыі журналісцкіх стандартаў ва ўмовах выгнання і цяперашніх абставін існавання беларускіх медыя:
«Стандарты немагчыма адаптаваць. Ва ўсім свеце яны існуюць у прапісаным выглядзе: аддзяленне фактаў ад меркаванняў, паўната інфармацыі і г. д. Адаптавацца могуць спосабы рэалізацыі стандартаў (у 2019 годзе інфармацыю атрымлівалі на прэс-канферэнцыі чыноўніка, зараз — іншымі шляхамі, але сам стандарт не змяніўся).
Калі кажуць, што, умоўна, у «Нашай Нівы» адны стандарты, а ў «Позірка» іншыя — гэта памылка. Стандарты ва ўсіх медыяў аднолькавыя. Выкананне стандартаў — мінімальнае патрабаванне. «Наша Ніва» і «Позірк» мусяць адрознівацца не стандартамі, а дадатковымі бонусамі для сваіх аўдыторый. Калі медыя не выконвае стандарты, гэта ўжо наогул вельмі кепская сітуацыя. Я не ўпэўненая, што тады можна гаварыць пра медыя».
«Медыякрытыка як устойлівы інстытут у нас не сфармавалася»
Медыяэксперт, кандыдат навук, экс-выкладчык журфака БДУ Дзмітрый Нікановіч не лічыць, што ў беларускім інфармацыйым полі медыякрытыка ўвогуле цалкам адсутнічае:
«Мне здаецца, што яна ўсё ж існуе, але існуе ў пераважна неінстытуцыяналізаваных фрагментах: асобныя публікацыі ў сацыяльных сетках ад палітыкаў, актывістаў, журналістаў і рэдактараў.
Я б не называў такую крытыку непрафесійнай — людзі маюць досвед і экспертызу. Іншая справа, што яны не займаюцца медыякрытыкай сістэмна — не праводзяць пастаяннага аналізу інфармацыйнага поля.
Ёсць прафесійныя прыклады: Telegram-канал прафесаркі Ірыны Сідорскай з аналітычнымі тэкстамі пра незалежныя медыі, прапаганду і ўстойлівасць публічнай сферы. Ёсць праект MediaIQ з маніторынгамі і рэйтынгамі (хоць апошнім часам праз рэсурсы праца стала менш рэгулярнай). Ёсць даследаванні дзяржаўнай прапаганды і дэканструкцыя прапагандысцкіх наратываў.
Быў класны праект Mediaкritikа.by. Я выкарыстоўваў яго матэрыялы (напрыклад, артыкулы Паўлюка Быкоўскага і Аляксандра Класкоўскага) на журфаку на занятках як метадычныя дапаможнікі. Але медыякрытыка як устойлівы інстытут у нас не сфармавалася».
Уплываюць і хібы праектнай логікі: ёсць фінансаванне — ёсць маніторынг і аналітыка, скончыўся праект — праца прыпыняецца або ўвогуле страчвае актуальнасць і ніхто гэтым не займаецца.
«Пры гэтым я не ведаю на сёння ніводнай сталай ініцыятывы, галоўнай задачай якой была б публічная сістэмная медыякрытыка як незалежнага сектара, так і медыя ўнутры Беларусі. БАЖ, Прэс-клуб, MediaIQ не ставяць перад сабой задачы рэгулярна займацца выключна медыякрытыкай. БАЖ — гэта найперш абарона журналістаў і салідарнасць, падтрымка ўразлівага сектара і г. д. Таму белая пляма, сапраўды, існуе», — зазначае Дзмітрый Нікановіч.

Дзмітрый Нікановіч. Фота з асабістага архіва
«Ізноў жа пра паняткі. Медыякрытыка — гэта сфера аналітычнай, творчай і даследчыцкай дзейнасці, скіраваная на вывучэнне, інтэрпрэтацыю і ацэнку функцыянавання медыя, іх кантэнту і ўплыву на грамадства. Абывацельская ўстаноўка: крытыка — гэта абавязкова негатыўная ацэнка. Гэта не так.
Медыякрытыка існуе не для таго, каб знайсці памылкі і кагосьці палаяць. Яна патрэбная, каб тлумачыць працэсы, заўважаць тэндэнцыі, аналізаваць практыкі і дапамагаць развівацца журналістыцы. Глабальная задача — спрыянне развіццю крытычнага мыслення аўдыторыі, — кажа Дзмітрый Нікановіч. — Крытычнае мысленне — гэта не звычка сумнявацца ва ўсім, а ўменне задаваць правільныя пытанні і не рабіць паспешлівых высноў. Як, прыкладам, зрабіў Павел Баркоўскі, сказаўшы ў Facebook, што трэба зменшыць фінансаванне для ўсіх медыяў, і яны пачнуць лепш працаваць. Гэта паспешлівая выснова без абгрунтаванняў».
Чаму не сфармавалася?
Як заўважае Дзмітрый Нікановіч, беларуская медыясфера палітычна ўразлівая і палярызаваная:
«Інфаполе палярызаванае ўжо даўно, у ім існуе даволі жорсткае размежаванне паміж дзяржаўнымі і незалежнымі медыя, праўладнымі і незалежнымі. Маем класічны падзел на сваіх і чужых. І ў такой сітуацыі публічна крытыкаваць сваіх бывае вельмі складана. Гэта можа выклікаць і падазрэнні, і непаразуменні, і нейкія абвінавачанні ў тым, што ты працуеш на карысць апанентаў, скажам мякка. Ёсць і вельмі зразумелыя асцярогі, што, напрыклад, негатыўная публічная крытыка можа нанесці рэпутацыйную шкоду незалежным медыя. А гэты ж сектар і так знаходзіцца пад велізарным ціскам, можа быць, лепш прамаўчаць, часам думаем мы, каб не нашкодзіць і без таго вельмі ўразліваму сектару.
Пасля 2020 года да гэтага дадаліся беспрэцэдэнтныя па маштабах рэпрэсіі, вымушаная эміграцыя, страта рэсурсаў і залежнасць многіх ініцыятыў ад гэтага славутага праектнага фінансавання.
Асноўны парадокс: салідарнасць унутры супольнасці неабходная, але калі яна азначае адмову ад публічнага абмеркавання прафесійных памылак, гэта перашкаджае развіццю. Салідарнасць не мусіць азначаць недатыкальнасць.
Развіццё звязана з працай над памылкамі, з пераглядам практык. Рост заўсёды суправаджаецца балючымі рэфлексіямі і адмовай ад заганных практык».
Уплыў праз давер і аўтарытэт
Дзмітрый Нікановіч салідарызуецца з Ірынай Сідорскай што да неабходнасці інстытуцыяналізацыі медыякрытыкі:
«Патрэбная структура, якая, канешне, не будзе дыктаваць нейкія там устаноўкі, а праз прафесійны аўтарытэт і давер зможа ўплываць.
Безумоўна, канструктыўную прафесійную крытыку трэба адрозніваць ад палітычнай атакі — вось ад таго, што робіць сёння Ціханоўскі з аднадумцамі.
Крытыкаваць медыі могуць і павінны ўсе ахвотныя — гэта частка грамадскай дыскусіі. Медыі мусяць быць падсправаздачныя свайму галоўнаму замоўцу — і гэта не донары, гэта — грамадства.
І, паўтаруся, разам з тым мусіць існаваць узважаная прафесійная інстытуцыянальная крытыка, аргументаваная і заснаваная на выразных крытэрах. Яна не гарантуе аўтаматычнага паляпшэння якасці журналістыкі, маўляў, вось пачытаюць журналісты разумныя заўвагі і адразу пачнуць працаваць лепш. Але гэта прынамсі стварае для гэтага перадумовы, дае пажыву для розуму, глебу для развіцця, дае падставы для прафесійнай рэфлексіі і самаацэнкі. Указаць журналісту ці рэдакцыі на памылку можа кожны, але не кожны мае рэальную магчымасць і паўплываць на сітуацыю, і зрабіць гэта ўзважана з выкарыстаннем метадаў».
Што да Рады па медыяэтыцы, то «ёсць розніца паміж фармальнымі арганізацыямі і іх рэальным уплывам на прафесійную культуру»:
«Ёсць пэўная асіметрычнасць, скажам так, фармальны механізм, але ці ёсць нейкія актыўныя дзеянні, нейкія механізмы стрыманняў і процівагаў. А яны патрэбныя».
Медыяпісьменнасці бракуе ўсім
На думку эксперта, «у нас бракуе медыяпісьменнасці ва ўсім грамадстве, у палітыкаў у тым ліку»:
«У ідэальным свеце трэба было б, каб курс па медыяпісьменнасці прайшлі ўсе беларусы. Што ж, трэба тлумачыць нават відавочныя рэчы, тут я не пагаджаюся з вядомым выразам: «Калі трэба тлумачыць, то не трэба тлумачыць». Якраз не — трэба тлумачыць.
Каб не сутыкацца з такімі тэзамі, кшталту той, якую высунуў шаноўны спадар Павел Баркоўскі: скрачэнне фінансавання медыя пойдзе на карысць, бо зробіць іх больш прафесійнымі і г. д. Ну, канешне. З гэтай сферы сыйдуць моцныя прафесіяналы, яны будуць вымушаныя шукаць іншую працу, спрабаваць сябе ў бізнесе і гэтак далей. І застануцца, значыць, слабейшыя, якія будуць горш рабіць агульную для нас усіх справу. І ў гэтай справе, якая робіцца горш, буде нашмат больш памылак.
Таму ніяк скарачэнне фінансавання не паўплывае на павышэнне якасці журналістыкі. Гэта трэба тлумачыць. І ў гэтым, у тым ліку задача і журналістаў, і медыясектара, і медыякрытыкі. Людзі не ведаюць, як працуе журналістыка, як працуе рэдакцыя, якая ў рэдакцыі эканоміка».
Крок, які пакуль не зроблены
«Мне здаецца, што журналісты самі зацікаўленыя ў тым, каб з’явіліся людзі, якія часам будуць дапамагаць паглядзець на іх збоку. Гэтыя медыякрытычныя структуры, падаецца, павінны быць створаныя пры садзейнічанні саміх журналістаў і рэдакцый СМІ, — разважае Дзмітрый Нікановіч. — Я разумею, што зноў мы будзем сутыкацца з гэтай праектнай логікай, нараканнямі на тое, што навошта множыць структуры ды яшчэ выдаткоўваць на іх рэсурсы і г. д. Але прызнанне таго, што гэта патрэбна, мне здаецца, гэта вельмі важны крок, які пакуль нашая беларуская журналістыка ў цяперашніх умовах не зрабіла. Прычым спробы былі выдатныя, зноў жа ўзгадаю mediakritika.by».

Дзмітрый Нікановіч. Фота з асабістага архіва
На думку эксперта, медыякрытычная практыка «не павінна з’яўляцца ад збыткоўнасці, маўляў, зоймемся крытыкай, калі рэсурсаў з’явіцца на ўсё»:
«Нават калі ў нас рэсурсаў няшмат, то ўсё роўна ж трэба працаваць над сваімі памылкамі. Канешне, умовы ў нас зараз зусім не звычайныя, але класічныя стандарты журналістыкі нікуды не дзеліся, яны павінны прымяняцца. Нікуды не дзеліся і падвойная праверка інфармацыі, і слова ўсім бакам, і крыніцы, і ўзважанасць, і аб’ектыўнасць, і этыка і г. д. Стандарты прафесійныя ніхто не адмяняў.
Разам з тым, я стаю за беларускую журналістыку. Лепш захаваць нашы беларускія медыя нават, можа быць, не ў найлепшым стане, з нейкімі не самымі ідэальнымі практыкамі, чым не захаваць. Бо хто прыйдзе на іх месца? Харошыя ці не вельмі рускія, прапаганда Лукашэнкі, нейкія СМІ з цьмяным бэкграўндам і паходжаннем і будуць безальтэрнатыўна запаўняць эфір? У гэтым сэнсе я, канешне, адназначна за беларускую журналістыку».
@bajmedia