• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    2022 год прайшоў пад знакам працягу рэпрэсій супраць журналістаў

    У краіне амаль не засталося незалежных медыя, бо ўлада іх крыміналізавала, заявіў намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

    Паводле яго слоў, у краіне амаль не засталося незалежных медыя, бо ўлада іх крыміналізавала.

    За кратамі на канец снежня знаходзіліся 33 прадстаўнікі СМІ, год таму іх было каля 30.

    “Колькасць калегаў за кратамі істотна не змяншаецца, нягледзячы на тое, што большасць рэдакцый незалежных СМІ з’ехала з краіны. Дзесяць супрацоўнікаў медыя вызваліліся ў 2022 годзе, але пад варту былі змешчаныя новыя”, — сказаў Гарэцкі.

    Паводле інфармацыі БАЖ, з пачатку 2022 года сілавікі больш за 40 разоў затрымлівалі журналістаў, у калег прайшло 55 ператрусаў, 20 чалавек адбывалі адміністрацыйны арышт. Агульная сума штрафаў склала не менш за 109.280 рублёў.

    Многім калегам, якія сядзелі ў СІЗА, у адыходзячым годзе былі вынесены прыгаворы, адзначыў прадстаўнік БАЖ. Каля паловы журналістаў ужо адбываюць пакаранне.

    “Рэпрэсіўны апарат не спыняецца, ён патрабуе новых і новых ахвяр, — зазначыў Гарэцкі. — Калі ў краіне не застаецца людзей, якія актыўна супрацоўнічаюць з незалежнымі СМІ, сілавікі прыходзяць да тых, хто некалі там працаваў. Яўген Меркіс, Ларыса Шчыракова, Зміцер Семчанка, Аляксандр Любянчук ужо не мелі дачынення да журналістыкі, але сталі палітвязнямі”.

    У той жа час, на думку Гарэцкага, нягледзячы на драматычныя падзеі 2022 года, калі многія рэдакцыі і асобныя журналісты пасля пачатку вайны перажылі другую рэлакацыю — з Украіны ў дзяржавы ЕС, медыясектар адчувае сябе лепш, чым у канцы 2021 года.

    “У перыяд рэлакацыі і адразу пасля яго была сур’ёзная блытаніна, запускаліся новыя працэсы. Усе гэтыя цяжкасці пераадолелі, рэдакцыі вярнуліся на добрыя аўдыторныя паказчыкі, у СМІ зноў з’явіўся ўвесь спектр жанраў, палепшылася якасць матэрыялаў”, — заявіў прадстаўнік БАЖ.

    Гарэцкі лічыць, што выдужаць журналістам дапамагло ўсведамленне сваёй місіі: працягваць даносіць інфармацыю, што б ні адбывалася.

    Разам з тым вынікі даследавання “Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у 2022 годзе”, праведзенага пад кіраўніцтвам сацыёлага Філіпа Біканава пры падтрымцы нямецкага фонду Фрыдрыха Эберта сярод жыхароў гарадоў, паказваюць зніжэнне даверу да незалежных СМІ. У адыходзячым годзе ім давярала 45% рэспандэнтаў супраць 56% у 2021‑м. Давер да дзяржСМІ вырас з 34% да 39%.

    На прэзентацыі даследавання 12 снежня Біканаў зазначыў, што рост даверу да праўладных медыя і дзяржструктур у цэлым звязаны сярод іншага з вайной ва Украіне, на фоне якой людзі маюць патрэбу ў тлумачэнні неабходнасці для Беларусі рэжыму Лукашэнкі і знаходзяць яго ў адпаведных СМІ.

    Праблему недахопу даверу да незалежных СМІ прадэманстравалі і вынікі сацыялагічнага даследавання, праведзенага “Беларускай ініцыятывай” аналітычнага цэнтра Chatham House сярод жыхароў гарадоў. Расійскаму тэлебачанню давяраюць 39% апытаных (не давяраюць 33%), беларускаму — 38% (35%), недзяржаўным беларускім медыя — 29% (30%), недзяржаўным расійскім СМІ — 21% (31%).

    Кіраўнік “Беларускай ініцыятывы” Рыгор Астапеня на прэзентацыі даследавання 20 снежня адзначыў, што па недзяржаўных СМІ моцна ўдарылі “блакіроўкі і рэпрэсіі”.

    Каментуючы вынікі даследаванняў, Барыс Гарэцкі зазначыў, што пры дыктатуры ў сацапытаннях людзі не выказваюць сваё меркаванне адкрыта: “Сацыялогія пры дыктатарскім рэжыме дае хібы ў бок меркавання, што ўхваляецца ўладай, бо людзі жывуць у страху”.

    У той жа час прадстаўнік БАЖ канстатаваў агульны крызіс даверу да медый, паколькі дзяржаўныя СМІ не адлюстроўваюць сітуацыю аб’ектыўна, а незалежныя нясуць негатыўны парадак дня, таму што іншага няма. Ад яго людзі стаміліся, у цэлым сталі больш апалітычныя. У тым ліку таму можа зніжацца давер і да незалежных СМІ, сказаў Гарэцкі.

    Чытайце яшчэ:

    Журналісты рэгіянальных медыя: «Для многіх нашых чытачоў важна хаця б ведаць, што незалежныя СМІ яшчэ існуюць»

    Независимые СМИ столкнулись с проблемой безопасности аудитории, наступлением пропаганды

    “Адчуваюць сябе нядрэнна, наколькі гэта магчыма ў зняволенні” — З чым ідуць у новы год нашы калегі-палітвязні

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці