Мы памятаем: 26 гадоў таму знік Дзмітрый Завадскі
Відэааператар тэлеканала ОРТ Дзмітрый Завадскі знік 7 ліпеня 2000 года. У той дзень ён паехаў у аэрапорт сустракаць свайго калегу і сябра Паўла Шарамета — з таго часу яго ніхто не бачыў. На аўтастаянцы каля аэрапорта знайшлі машыну журналіста, але ў ёй не выявілі слядоў барацьбы. Дзмітрыю Завадскаму было толькі 27 гадоў.

Дзмітрый Завадскі. Фота: з архіва
27 лістапада 2003 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прыняў рашэнне аб прызнанні зніклага журналіста памерлым. Аднак цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзенае. Да гэтага часу невысветлена, хто замовіў забойства беларускага журналіста і дзе ён пахаваны.
Родныя Дзмітрыя Завадскага і дэмакратычная супольнасць лічаць яго знікненне справай рук «эскадрона смерці», чыімі ахвярамі раней сталі палітыкі Віктар Ганчар, Юрый Захаранка і бізнесовец Анатоль Красоўскі. Расследаванне іхняга знікнення таксама не дало вынікаў.
Пра датычнасць «эскадрона смерці» да знікнення Завадскага супрацоўнікі пракуратуры Дзмітрый Петрушкевіч і Алег Случак паведамілі яшчэ ў 2001 годзе.
25 траўня 2023 года, пасля працяглага змагання з анкалагічнай хваробай, Вольга Завадская памерла, так і не дазнаўшыся праўды пра лёс сына.
@bajmedia