• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    4 гады калоніі агульнага рэжыму прысудзілі медыяменеджару Канстанціну Залатых

    Пра гэта стала вядома @euroradio. Працэс над дырэктарам эканамічнай газеты «Белорусы и рынок» Канстанцінам Залатых адбываўся ў закрытым рэжыме.

    Мінскі гарадскі суд прыступіў да разгляду «крымінальнага кейса» палітвязня Канстанціна Залатых 24 сакавіка — да таго медыяменеджара 10 месяцаў утрымлівалі пад вартай у следчым ізалятары. Працэс адразу зрабілі закрытым, прычыны такога кроку суддзя Алена Шылько сваякам і калегам не патлумачыла.   

    Фігуранту інкрымінавалі цэлы шэраг палітычных артыкулаў, пераважна дыфамацыйнага характару, а менавіта — публічны распаўсюд звестак, якія ганьбяць гонар і годнасць службовай асобы. Гэтыя пункты звыкла фігуруюць у справах за іншадумства і не маюць нічога агульнага з «наўмысным паклёпам», пад што паслядоўна падводзіць абвінавачаных следства, пракуратура ды ўласна суд.   

    Такім чынам, агулам Канстанціну Залатых прад’явілі чатыры артыкулы Крымінальнага кодэкса: 

    арт. 368 ч. 1 — абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; 

    арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады;

    арт. 130 ч. 2 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці;   

    арт. 426 ч. 2 — перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў.  

    У працэсе агучвання аргументаў, атрыманых ад следства, бок пракуратуры прыйшоў да высновы: дырэктар газеты «Белорусы и рынок» цягам апошніх гадоў актыўна выказваў «уласную тэндэнцыйную пазіцыю» на падзеі ў краіне, што, сярод іншага, выявілася ў абразлівых каментарах на адрас вышэйшых асобаў дзяржавы, пакінутых у сацыяльных сетках. Акрамя таго, ён нібыта «мэтанакіравана карыстаўся службовым становішчам» для вырашэння персанальных патрэбаў.   

    На гэтай падставе абвінавачанага пакаралі 4 гадамі калоніі агульнага рэжыму.     

    Паказальна, што затрымлівалі медыяменеджара толькі за «распальванне варожасці», астатнія «злачынныя эпізоды» фігуранту канстатавалі як факт падчас яго знаходжання ў следчым ізалятары.

    Супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі затрымалі дырэктара газеты «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых, галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча і бухгалтарку Юлію Кахно 18 мая 2022 года. 

    Пасля допыту Андрэя Александровіча і Юлію Кахно адпусцілі, а Канстанцін Залатых толькі праз некалькі дзён знайшоўся ў следчым ізалятары горада Жодзіна. У пратаколе прычынай значыўся арт. 130 КК («распальванне варожасці»).   

    На пачатку чэрвеня праваабарончая супольнасць прызнала Канстанціна Залатых палітычным вязнем і запатрабавала спыніць нічым не матываваны пераслед.   

    Канстанцін Залатых — медыйны менеджар і вытворчы адміністратар, супрацоўнічаў з вядучымі незалежнымі СМІ і буйнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі, неаднаразова быў у складзе дэлегацый, якія прасоўвалі беларускую прадукцыю на знешні рынак.  

    Апошнім месцам працы была газета «Белорусы и рынок» — адно з рэдкіх незалежных выданняў, якое здолела захавацца пасля хвалі масавых рэпрэсій супраць недзяржаўных рэдакцый. 

    Летась 23 ліпеня, ужо пасля затрымання Канстанціна Залатых,  доступ да сайта газеты ў Беларусі быў заблакаваны Міністэрствам інфармацыі “з прычыны распаўсюду гіперспасылак на матэрыялы, прызнаныя судом экстрэмісцкімі”. Аднак у канцы года ведамства нечакана скасавала ранейшае рашэнне і выдала распараджэнне аб аднаўленні доступу да інтэрнэт-старонкі выдання belmarket.by. Цяпер інфармацыйны кантэнт бізнес-партала рэгулярна абнаўляецца.  

    Чытайце яшчэ:

    Мужчина, которого приняли за «тихаря» на День Воли в Вильнюсе, оказался литовским журналистом. В BYPOL извинились

    «Званіў мэру з аўтазака. Цяпер уяўляю, як дабягу да Гродна і пацалую брукаванку». Вялікая гутарка з журналістам Русланам Кулевічам

    Заява аб прызнанні Паўла Падабеда і Вячаслава Лазарава палітычнымi зняволенымi

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці