• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ад журналіста-палітвязня Дзяніса Івашына два з паловай месяцы няма тэлефанаванняў

    Жонка палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына паведамляе, што ўжо два з паловай месяцы ні яна, ні маці Дзяніса не размаўлялі з ім па тэлефоне.

    Ад журналіста-палітвязня Дзяніса Івашына два з паловай месяцы няма тэлефанаванняў

    Фота: Дзяніс Івашын, Face­book

    «1422 дні ў палоне, 5 дзён без лістоў, два месяцы без тэлефанаванняў», — напісала Вольга Івашына 2 лютага на сваёй старонцы ў Face­book.

    Апошні ліст ад палітзняволенага журналіста, які атрымала ягоная маці, быў датаваны 28 студзеня. У ім Дзяніс распавядаў пра атрыманую карэспандэнцыю і дзякаваў за напісаную яму цікавую інфармацыю з галіны астраноміі, штучнага інтэлекту, культуры ды інш.

    Раней Дзяніс Івашын распавядаў, чым займае свой час у турме, якія чытае кнігі і газеты. У адным з апошніх лістоў напісаў пра свае ўражанні ад беларускай перыёдыкі, што трапляе за краты:

    «На гэты месяц — гэта «СБ» і «Вечерний Гродно». Нашая гродзенская газета, на жаль, свой фармат не змяніла — літаральна некалькі паўнавартасных артыкулаў, афіша, праграма TV і рэклама. Хацелася б, каб артыкулаў было значна больш, як і фотаздымкаў горада. На жаль, адчуваецца цяжкая пячатка фармалізму».

    Палюбіў гарадзенец чытаць газету «Каталіцкі веснік» і выказваў шкадаванне, што яна выходзіць рэдка — раз на месяц.

    «А вось тэлефоннага званка мы так і не дачакаліся ў студзені. Блакада тэлефанаванняў чамусьці расцягнулася на другі месяц запар», — зазначае Вольга Івашына.

    Апошні званок ад зняволенага журналіста быў 12 лістапада летась. Вольга піша, што прычыны адсутнасці тэлефанаванняў ні ёй, ні маці не вядомыя, але яны напэўна не тэхнічныя, бо ў гэтым выпадаку Дзяніс папярэдзіў бы пра гэта ў лісце. Вольга мяркуе, што мужа з нейкай нагоды пазбавілі штомесячных тэлефонных званкоў яшчэ ў снежні, і ён не можа пра гэта паведаміць.

    Справа Дзяніса Івашына

    Гродзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года.

    14 верасня 2022 года Гродзенскі абласны суд прызнаў Івашына вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 356 КК (здрада дзяржаве) і артыкула 179 КК (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці).

    Суддзя Валерый Раманоўскі прыгаварыў журналіста да пазбаўлення волі на 13 гадоў і 1 месяц у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіў выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.

    Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналісту ўзмацнілі пакаранне і перавялі з папраўчай калоніі № 15 на турэмны рэжым. Пра суд па змене рэжыму ані сваякі, ані адвакат не ведалі. Зараз палітзняволены журналіст знаходзіцца ў турме № 8 горада Жодзіна.

    Да арышту Дзяніс Івашын працаваў карэспандэнтам незалежнай агульнанацыянальнай газеты «Новы Час» і быў беларускім рэдактарам міжнароднай супольнасці расследавальнікаў Inform­Na­palm. Вядомы сваімі расследаваннямі пра скандальную будоўлю рэстарана побач з мемарыяльным урочышчам Курапаты, а таксама пра былых украінскіх «беркутаўцаў», што пасля перамогі Еўрамайдана ў 2014 годзе ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП.

    Найверагодней, публікацыі пра сілавікоў сталі «апошняй кропляй». Журналіста схапілі літаральна на наступны дзень, як ён даў інтэрв’ю пра гэта незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці