• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Адпадзеньне ад рэчаіснасьці

    – А ці можна Вам задаць пытаньне? (Яна ахвотна пагаджаецца.)

    – Скажыце, а Вы сочыце за выбарнай кампаніяй?

    – Не.

    – І ня пойдзеце галасаваць?!

    – Не, не пайду.

    – А што здарылася? Вы так заўсёды ставіліся да выбараў?

    – Не. Проста цягам апошняга году мае меркаваньні зьмяніліся.

    – Цікава! І што так паўплывала на Вас?

    Бачна, што маладая асоба ня хоча адказваць. Я паўтараю пытаньне ў іншай форме. Нарэшце, яна нэрвова адказвае.

    – Я не абмяркоўваю палітыку. Я хачу застацца са сваёй сям’ёй.

    Супакойваю як магу.

    – Ды ня бойцеся Вы! Дзе Вы бачылі, каб міліцыянты і гэбэшнікі размаўлялі на беларускай мове. (Яна пасьміхаецца. На знак даверу. Але дыялёг нечакана перапыняецца. Падышла чарга.)

    У гэтай незавершанай гісторыі мяне ўразіў страх маладой жанчыны. Новы страх. Раней жа яго не было. Адкуль ён узяўся? Хто яго генэруе? Што насамрэч зьмянілася? Чаму цягам апошняга году палітыка ператварылася для яе ў зону небясьпекі? Да таго ж гэты страх мае выразныя формы. Яго амаль немагчыма адасобіць ад магчымасьці апынуцца ў вязьніцы.

    Чалавек, як вядома, прызвычайваецца жыць разам са сваімі страхамі І тады імкнецца “рацыяналізаваць” іх. Напрыклад, сацыяльная пасыўнасьць ці падкрэсьленая дэпалітызаванасьць — гэта праявы “рацыяналізаванага” страху.

    У гэтай гісторыі есьць, аднак, і яшчэ адзін бок. Калісьці, год таму ці яшчэ раней, страху не было зусім. Не было, таму што не было аніякай супярэчнасьці з той самай рэальнасьцю, якая тады падавалася натуральнай і арганічнай. Дык што ж адбылося? За год распалася сама “рэчаіснасьць”? Калі так, то, відавочна, — толькі ў сьвядомасьці гэтай жанчыны. “Рэчаіснасьць” усё ж засталася. Адпала асоба, аддзялілася ад яе. І цяпер гэтая ідэалягічная рэчаіснасьць, якая раней падавалася натуральнай, пагражае. Пагражае ўяўным (у сьвядомасьці) і рэальным пакараньнем. Як у СССР, за нелаяльнасьць да “рэчаіснасьці”. То бок, паводле артыкула 58, — антысавецкая дзейнасьць і агітацыя.

    Страхі маюць уласьцівасьць вяртацца. Цікавая паралель – праз застрашваньні Андропаў спрабаваў рэанімаваць веру ў камуністычную ідэалёгію, якая ў сьвядомасьці значнай колькасьці савецкіх людзей ужо пасьпела на той час памерці. Выглядае на тое, што на нашых вачах памірае ці ўжо памерла для часткі звычайных беларусаў, якія да апошняга часу ні пра што сур’ёзна не задумваліся, “прыўкрасная” рэчаіснасьць, створаная высілкамі рэжымных прапагандыстаў ды іхнымі мэдыя.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці