• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Найбольш журналістаў за кратамі на тэрыторыі Еўропы — у Беларусі. Апублікаваная штогадовая справаздача аб свабодзе прэсы

    Платформа Рады Еўропы па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў прадставіла штогадовую справаздачу аб свабодзе прэсы ў Еўропе «2024: супрацьстаянне палітычнаму ціску, дэзінфармацыі і разбурэнне незалежнасці медыяў». Спампаваць PDF.

    Найбольш журналістаў за кратамі на тэрыторыі Еўропы — у Беларусі. Апублікаваная штогадовая справаздача аб свабодзе прэсы

    Прэзентацыя справаздачы ад Платформы Рады Еўропы па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў. Брусэль, 5 сакавіка 2025 года. Скрыншот відэатрансляцыі

    266 трывожных сігналаў у дачыненні медыяў

    Cамай актуальнай праблемай у 2024 годзе засталася вайна ва Украіне — як для ўкраінскіх, так і для міжнародных журналістаў. Таксама, паводле аўтараў справаздачы, выклікам для ключавой ролі СМІ ў асвятленні канфліктаў сталі парушэнні свабоды прэсы на фоне працяглага канфлікту ў Газе і шырэй на Блізкім Усходзе.

    Сярод іншых выклікаў для свабоды журналістыкі аўтары справаздачы называюць вынікі выбараў у некаторых краінах — сябрах Рады Еўропы, а таксама ў ЗША, якія выявілі рост уплыву неліберальных і папулісцкіх партый. Яны часта варожа і прыніжальна выказваліся на адрас СМІ, а таксама ўводзілі прававыя абмежаванні для дзейнасці медыяў.

    У 2024 годзе Платформа па садзейнічанні бяспецы журналістаў зафіксавала 266 трывожных сігналаў у дачыненні медыяў і журналістаў, што супадае з папярэднім, 2023 годам, але значна перавышае даковідны ўзровень. Гэтыя трывожныя сігналы ўключалі ў сябе фізічныя напады, запалохванні, затрыманні, беспакаранасць за злачынствы ў дачыненні журналістаў і іншыя абмежавальныя меры.

    У 2024 годзе Платформа ўвяла новую катэгорыю: сістэмныя перашкоды для свабоды медыяў.

    Краіны, у якіх летась Платформа зафіксавала найбольш трывожных сігналаў і пагрозаў для медыяў, гэта: Украіна — пераважна акупаваныя Расіяй тэрыторыі (40 сігналаў), Расія (32), Турцыя (28), Сербія (20) і Грузія (18).

    БАЖ далучыўся да закліку ўладам Грузіі спыніць жорсткае падаўленне пратэстаў

    Грузія агулам знаходзілася пад асаблівай увагай Платформы ў 2024 годзе праз рэзкае пагаршэнне сітуацыі са свабодай СМІ.

    Згодна справаздачы, у 2024 годзе па ўсёй Еўропе пад вартай утрымліваліся 159 журналістаў, з іх большасць — 44 — у Беларусі, 30 — у Азербайджане, 29 — у Расіі, 28 — на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны, 27 — у Турцыі, 1 — у Грузіі.

    Погляд на Беларусь

    Беларусь аўтары справаздачы згадваюць у раздзеле, прысвечаным захопу сродкаў масавай інфармацыі з боку ўрадаў, які складаецца з пяці элементаў: уласна палітычнага захопу дзяржаўных СМІ, кантролю рэгулятараў СМІ, набыцця прыватных медыяў палітычнымі саюзнікамі ўрадаў, маргіналізацыі незалежных медыяў і дыскрымінацыйнага выкарыстання дзяржаўных сродкаў для фінансавання праўладных медыяў.

    У Беларусі больш за 20 навінавых сайтаў былі заблакаваныя паводле загаду Міністэрства інфармацыі і ідэнтыфікаваныя як «экстрэмісцкія», гаворыцца ў дакладзе. Пасля надання статусу «экстрэмісцкай арганізацыі» быў выдалены дамен сайта Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    Журналістаў незалежных медыяў дзяржавы пераследуюць у тым ліку і ў выгнанні — пасля таго, як тыя выехалі за мяжу. Дзеля гэтага часта злоўжываюць сістэмай Інтэрпола.

    «Беларускага журналіста Андрэя Гнёта затрымалі ў Сербіі ў кастрычніку 2023 года пасля таго, як Беларусь выпусціла «чырвонае папярэджанне» праз Інтэрпол. Андрэя трымалі пад вартай больш за год, пакуль суды Сербіі разглядалі запыт. Гнёта вызвалілі ў кастрычніку 2024 года пасля заканчэння законнага тэрміну затрымання. Журналіст неадкладна выехаў у ЕЗ», — распавядаецца ў справаздачы.

    Андрэй Гнёт

    Андрэй Гнёт. Фота з асабістага архіва

    Для сачэння за журналістамі ўлады выкарыстоўваюць шпіёнскае праграмнае забеспячэнне, зазначае Платформа. Вядома пра выпадкі, калі тэлефоны расійскіх і беларускіх журналістаў былі заражаныя шпіёнскім праграмным забеспячэннем.

    У 2024 годзе Грузія, якая лічылася бяспечнай краінай для журналістаў у выгнанні, перастала быць такой. Беларускаму журналісту Андрэю Мялешку, які жыў у Грузіі з 2021 года, увосень 2024 года было адмоўлена ва ўездзе ў краіну.

    Адным з самых жудасных нападаў на свабоду прэсы з’яўляецца забойства журналістаў, зазначае Платформа.

    «У 2024 годзе, як і ў папярэднія гады, захавалася беспакаранасць за гэтыя дзеянні, злачынцы ў большасці выпадкаў застаюцца беспакаранымі. Гэтая культура беспакаранасці не толькі прымушае замоўчваць крытычныя галасы, але і падрывае давер грамадства да сістэмы правасуддзя і спрыяе далейшаму гвалту супраць прэсы.

    Па ўсёй Еўропе шматлікія справы сведчаць пра сістэмныя збоі ў расследаванні і крымінальным пераследзе злачынстваў супраць журналістаў.

    Гэтыя прыклады падкрэсліваюць — ёсць тэрміновая патрэба ў больш моцных гарантыях, эфектыўных расследаваннях і надзейнай заканадаўчай базе для абароны журналістаў», — гаворыцца ў Справаздачы.

    У спісе кейсаў пра беспакаранасць забойстваў журналістаў у дакладзе Платформы пазначаны беларускі журналіст Алег Бябенін, які загінуў у 2010 годзе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці