• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аляксандра Буракова аштрафавалі на 6 млн. рублёў (ДАДАЎСЯ ТЭКСТ ПАСТАНОВЫ)

    Такое рашэнне прыняла 8 кастрычніка суддзя Ленінскага раённага суда г. Магілёва Алена Волкава, прызнаўшы Аляксандра Буракова вінаватым у парушэнні ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ – незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ. Пастанову суда журналісту ўжо аддалі, матывавальная частка будзе гатовая праз некалькі дзён.

    Прыкладам “незаконнай прадукцыі”, якую нібыта “вырабіў і распаўсюдзіў” журналіст, суд палічыў размешчаны на сайце DW.de 25 жніўня 2014 года артыкул “Тропой контрабандиста: работают ли российские санкции в приграничье?” за подпісам Аляксандра Буракова і некаторыя іншыя публікацыі. Артыкулы на сайце рускай службы радыё “Нямецкая хваля” сталі таксама падставай для ператрусу ў яго асабістай кватэры і кватэры яго бацькоў 16 верасня.

    “Я падлічыў, што на кожны рубель майго штрафу дзяржава выдаткавала два альбо тры”, – заявіў пасля заканчэння суда 8 кастрычніка службе маніторынгу ГА “БАЖ” Аляксандр Буракоў. З матэрыялаў адміністрацыйнай справы вынікае, што толькі на экспертызу забраных у яго камп’ютараў пайшло 5 млн. рублёў. А з улікам праведзеных цэлай групай міліцыянтаў ператрусаў і двухдзённага разгляду яго справы ў судзе гэтая сума істотна вырасла, – разважае журналіст.

    Пасля атрымання матывавальнай часткі рашэння ён збіраецца абскарджваць яго ва ўсіх магчымых інстанцыях аж да Камітэта па правах чалавека ААН.

    Журналіст па-ранейшаму не прызнае за сабой ніякай віны, пра што ў чарговы раз заявіў у судзе 8 кастрычніка.

    ««Культурнага шоку» ад рашэння суда няма, але ўсё роўна непрыемна», – так ацэньвае вынікі разгляду Аляксандр Буракоў.

    “Для мяне было відавочна, і я даводзіў суду, што мая віна не даказаная, – зазначыў ён у гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ”. – І тое, што працэс доўжыўся 2 дні, таксама пра гэта сведчыць. Учора суддзя, прагледзеўшы матэрыялы экспертызы, была ў разгубленасці, і гэта было відавочна для ўсіх, хто прысутнічаў на працэсе. Як усім было зразумела і тое, што судзіць па гэтым артыкуле (22.9 ч.2 КаАП – заўв. БАЖ) можна толькі юрыдычную асобу. Тым не менш, суддзя прыходзіць пасля перапынку і зачытвае вырак: 40 базавых…”

    “Я перакананы, што гэтыя захады супраць журналістаў скончацца толькі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года”, – так адказаў Аляксандр на пытанне пра магчымыя захады беларускай і міжнароднай журналісцкай супольнасці па абароне правоў сваіх калег.

    “Суддзя Алена Волкава ўжо “адзначылася” ў мінулым годзе, калі фактычна прызнала сродкамі масавай інфармацыі забраныя ў грамадскага актывіста Юрыя Новікава лісты з подпісамі супраць размяшчэння расійскіх авіябаз у Беларусі, – нагадаў магілеўскі юрыст Барыс Бухель. – На гэтых слуханнях, калі бок адказчыка прыводзіў бясспрэчныя доказы невінаватасці Буракова, яна толькі ўздыхала. Яна цудоўна ведае, што робіць”.

    Днём раней, 7 кастрычніка, суддзя Гродзенскага раённага суда Ганна Лявусік прызнала мясцовага журналіста Андрэя Мялешку вінаватым у парушэнні таго ж арт. 22.9. ч. 2 КаАП і пастанавіла спагнаць з яго 5 млн. 250 тыс. рублёў (35 базавых велічыняў) штрафу.

    Нагадаем, што сёлета ў Беларусі было заведзена ўжо як мінімум дзевяць адміністрацыйных спраў за працу без акрэдытацыі на замежныя СМІ. Ужо шасцёра з іх атрымалі штрафы памерам ад 30 да 40 базавых велічыняў. Яшчэ шасцёра журналістаў у гэтым годзе атрымлівалі папярэджанні пракуратуры за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

    Прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч неаднаразова заклікала беларускія ўлады адмяніць патрабаванне абавязковай акрэдытацыі журналістаў, у тым ліку і ў часе свайго афіцыйнага візіту ў Мінск сёлета ў сярэдзіне верасня.

    ГА «БАЖ» у канцы верасня выступіла з заявай на гэтую тэму, якую накіравала ў шэраг дзяржаўных органаў (Генеральнаму пракурору, міністру ўнутраных спраў, старшыню Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, а таксама старшыню Вярхоўнага Суда) з патрабаваннем зрабіць захады для спынення пераследу журналістаў.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці