• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Брытанскі журналіст: міліцыянт узяў мяне за шыю, прыціснуў галаву да сьцяны, ударыў па нагах

    Шэсьць гадзін у аддзяленьні міліцыі 25 сакавіка правёў брытанскі журналіст Філіп Уорвік (Filip Warwick). Ён пацярпеў зьбіцьця, а беларускія праваахоўнікі ўвесь гэты час адмаўляліся паведаміць пра яго ў брытанскую амбасаду.

    Украінская рэдакцыя Радыё Свабода распытала Уорвіка пра гэта затрыманьне і паездку ў Беларусь.

    — Я не чакаў, што буду затрыманы. Я толькі прыйшоў на плошчу, было шмат людзей — нехта выкрыкваў лёзунгі, хтосьці размахваў сьцягамі. Гэта была розная публіка: пэнсіянэры, гіпстэры, моладзь, мужчыны, жанчыны. АМАП затрымліваў усіх, людзі пачалі панікаваць. Гэта было вельмі добра арганізавана.

    Калі група АМАПаўцаў падышла да мяне ўпершыню, я пачаў крычаць па-ангельску, што я турыст, я іншаземец, і ў нейкі момант гэта спрацавала: адзін амапавец пачуў, што я кажу на іншай мове, ён адпусьціў мяне, і тады адпусьцілі ўсе астатнія. Побач былі двое мясцовых журналістаў, апэратараў — яны параілі мне схавацца за іх. І праз 20–30 сэкундаў пачалася другая хваля. Яны «загрэблі» плошчу, схапілі мяне. Я тады сказаў тое ж — што я турыст — але гэтыя людзі нічога ня чулі.

    — Яны наогул ня слухалі, што Вы кажаце?

    — Не, гэта было, як на аўтапілоце. Яны схапілі мяне і кінулі ў аўтазак, кінулі так, як сабаку кідаюць мячык, каб ён лавіў.

    — Чаму Вы крычалі, што Вы турыст, а не журналіст?

    — Таму што я не прыехаў асьвятляць пратэст, я прыехаў наведаць горад, таму што Лукашэнка прапанаваў грамадзянам ЭЗ 5‑дзённы ўезд бязь візаў. Я ніколі да гэтага ня быў у Беларусі, гэта была мая першая паездка. Я ня быў акрэдытаваны і быў там у якасьці турыста.

    — Што ў паводзінах праваахоўнікаў Вас больш за ўсё шакавала, было незвычайным?

    Я ніколі ня быў у падобнай сытуацыі і не плянаваў быць затрыманым, таму ў мяне не было пляну «В» — як рэагаваць. Я дзейнічаў інстынктыўна. Я б адзначыў фізычны аспэкт — грубасьць, зь якой мяне закінулі ў гэтую маленькую клетку ў аўтазаку, потым туды закінулі яшчэ аднаго чалавека — яго кінулі наўпрост зьверху, на мяне. Але паколькі ў мяне ня было да гэтага часу такога вопыту, я дагэтуль гэта пераварваю.

    — Як АМАП паводзіў сябе з вамі: як з брытанскім грамадзянінам або як з грамадзянамі Беларусі — была нейкая розьніца?

    Калі шчыра, я ня меў шмат кантактаў з беларускімі грамадзянамі. Адзін выпадак, пра які я казаў, — гэта калі тыя двое мужчын на плошчы спрабавалі дапамагчы мне, схаваць мяне. Калі мяне ўжо даставілі ў паліцэйскі ўчастак, пазьней я атрымаў інфармацыю, што ёсьць жанчына, якая зьяўляецца сьведкам таго, як мяне зьбілі. Яна сказала пра гэта міліцыі — на расейскай або беларускай мове — каб мяне адпусьцілі, паколькі я замежнік.

    Калі мяне паставілі тварам да сьцяны, рукі — на сьцяне, ногі на шырыні плячэй, я паспрабаваў павярнуцца, каб убачыць міліцыянта ззаду мяне — тады ён узяў рукой мяне за шыю, прыціснуў маю галаву да сьцяны, ударыў па нагах, і я ўпаў.

    Тады малады чалавек з затрыманых, які таксама стаяў ля сьцяны, прашаптаў мне — паводзь сябе ціха, выконвай іх каманды, і калі цябе вызваляць, ты распавядзеш сьвету, што адбываецца тут, у Беларусі. Гэта быў лепшы спосаб, якім ён мог мне дапамагчы. Слухацца, выйсьці і расказаць, што я бачыў.

    Траўма атрыманая падчас затрыманьня сілавікамі

    — Які матыў такіх дзеяньняў, на Ваш погляд, — Вы ўспрымаеце гэтую сытуацыю як дэманстрацыю непавагі да правоў чалавека ў прынцыпе, ці дэманстрацыю непавагі да іншаземцаў?

    — Ёсьць шмат прычын. Залежыць ад таго, ці казаць пра беларускую ўладу, ці пра камандзіраў АМАПу, ці пра беларускіх міліцыянтаў.Я апынуўся ня ў тым месцы, ня ў той час, таму што я быў далёкі ад дэманстрацый. Яны выконвалі сваю працу. Магчыма, часам мясцовыя выдаюць сябе за замежнікаў, і АМАПаўцы менавіта так падумалі?

    — Якое было Вашае галоўнае пытаньне пра Беларусь, калі Вы зьбіраліся ў гэтую краіну?

    З таго, што я чуў пра Беларусь, — мне казалі, што вуліцы чыстыя. Што там ёсьць рэшткі сталінскай і савецкай архітэктуры.

    Украіна зрабіла крок наперад, вялікі посьпех пасьля 2014 года ў палітычным і эканамічным пляне. Што да Беларусі, то аспэкт, які зьмяніўся, датычыцца спрашчэньня візытаў для замежнікаў — гэта тое, што падалося мне цікавым. Таму што ў Расеі, напрыклад, гэты працэс больш забюракратызаваны. А ў Менск ты можаш прыляцець, паглядзець 5 дзён і паляцець, і не трэба падавацца на візу. Я зрабіў фота савецкіх мазаік, ГУМу, які да гэтага часу навявае ўражаньне савецкіх часоў. Для мяне гэта было як падарожжа ў часе назад.

    — Вы згадалі, як людзі спрабавалі вам дапамагчы ў розных сытуацыях. Як Вы адчуваеце, грамадзяне Беларусі — эўрапейцы?

    — Мне б хацелася мець больш зносін зь імі, у мяне было толькі 24 гадзіны да таго, як усё гэта адбылося. Але калі я гуляў па вуліцах, я заўважыў: калі мы кажам пра моладзь — яны модныя. Яны носяць тую ж вопратку, якую вы можаце ўбачыць на Захадзе — у Нямеччыне, Францыі, Вялікабрытаніі. Калі вы возьмеце беларускага падлетка і перанесяце яго ў Нямеччыну, ён мала чым адрозьнівацца.

    А ці былі ў міліцэйскім пастарунку, дзе Вас затрымалі, паміж міліцыянтамі людзі, зь якімі склаліся зносіны, якія спрабавалі дапамагчы?

    Там ніхто не размаўляў па-ангельску. Таму ў адзін момант міліцыянт набраў нумар тэлефона, і я пачуў ангельскую, мне далі перакладчыка, і ўсё далейшыя зносіны адбывалася празь яго.

    Што я да гэтага часу адчуваю — гэта недахоп справаздачнасьці і адказнасьці ў рабоце міліцыі. Я прасіў міліцыянтаў зьвязацца з брытанскай амбасадай. Я прасіў пра гэта ўсе шэсьць гадзінаў. Яны казалі, што спрабуюць зьвязацца — ня ведаю, ці гэта была праўда — потым мне сказалі, што амбасада зачыненая на выходныя. У мяне зьнялі адбіткі пальцаў. Гэта працэдура, якую робяць, калі ты зьдзейсьніў злачынства, калі ты арыштаваны. Калі я спытаўся, ці гэта ня дзіўна, навошта яны гэта робяць — яны казалі, што робяць гэта для маёй бясьпекі. Калі я папрасіў іх назваць іх імёны, адзін сказаў, што ён Іван Іванавіч, старшы лейтэнант, а другі, яго камандзір, — што ён Аляксандр Аляксандравіч. А калі я запытаўся, у якім я пастарунку — яны сказалі, што гэта пастарунак № 36. Потым я даведаўся, што няма ў Менску пастарунку 36, гэта фэйк. Магчыма, нехта хацеў мяне знайсьці? Ты нават ня ведаеш апорныя пункты, калі цябе затрымалі ў Беларусі.

    Падчас знаходжаньня ў аўтазаку

    — Як Вас вызвалілі?

    Прайшло 6 гадзінаў. Усе міліцыянты былі ў добрым настроі. Было складзена два пратаколы, як яны іх назвалі (але я не даваў ніякіх паказаньняў!). Я папрасіў перакласьці адзін з пратаколаў, дзе мяне абвінавачвалі ва ўдзеле ў дэманстрацыі. Але гэта сьмешна, таму што я ня ўдзельнічаў у дэманстрацыі. Я зразумеў, што калі АМАП затрымлівае людзей, яны не фіксуюць, каго і дзе яны затрымалі. І калі чалавек зьяўляецца ў паліцэйскім участку, паліцыя ня мае і паняцьця, што ты зрабіў. Вас усіх скідаюць у адзін мяшок — вы ўсе «пратэстоўцы»… І вось у апошнюю гадзіну служачы АМАПу (у яго была толькі чорная форма і шаўрон АМАПу, ні імя, ні званьня) пачаў нешта высьвятляць у міліцыянткі, і маё імя было згадана некалькі разоў у гэтай гутарцы. Пасьля таго, як яна скончыла друкаваць гэты «дакумэнт» (яго копію мне не далі, мне не далі наогул нічога), усе былі задаволеныя канцом працоўнага дня, пераапрануліся ў грамадзянскую вопратку, і потым жанчына-міліцыянтка, чалавек, якога я не ідэнтыфікаваў і перакладчык, падвезьлі мяне ў мой гостэл на грамадзянскай машыне.

    — Які Ваш асабісты вывад з таго, што адбылося? Вы сказалі, што гэта Ваш першы вопыт затрыманьня.

    — Упершыню ў Беларусі, упершыню ў Менску першы раз, калі я быў затрыманы.

    — Як Вы пачуваецеся пасьля гэтага?

    Гэта адбылося некалькі дзён таму, я да гэтага часу пераварваю гэта… Хачу падзякаваць усім сваім сябрам і калегам па ўсім сьвеце за падтрымку. Ці я хачу яшчэ наведаць Менск? Гэта пытаньне, якое я пакіну адкрытым. Але несумненна: тое, што адбылося са мной — гэта ж адбываецца са звычайнымі беларусамі. Я не магу сказаць, гэта адбываецца толькі, калі адбываюцца пратэсты, або па нейкіх іншых прычынах. Але я трапіў у тую ж машыну, у якую беларусы трапляюць штодня. Вядома, гэта непрыемна. Магчыма, Беларусь не стаіць на сусьветным парадку дня як прыярытэт, але я магу сказаць, што правы чалавека там парушаюцца. Несумненна.

    Прыехаўшы цяпер ва Ўкраіну, я атрымліваю твіты, людзі зь Беларусі кантактуюць са мной — гэта людзі, якім сорамна за ўрад, якія вельмі просяць прабачэньня за тое, што адбылося са мной. І больш за ўсё яны спадзяюцца, што я данясу да многіх інстанцый мэсэдж аб тым, што сытуацыя, якая цяпер у Беларусі, патрабуе больш увагі ЭЗ. Я атрымаў мэйлы ад жанчыны, якая стаяла тады, у аддзяленьні, побач са мной, яна была сьведкам майго зьбіцьця і крычала міліцыянтам, каб яны гэта спынілі, бо я замежнік. Маладыя беларусы выкарыстоўваюць сучасныя тэхналёгіі, каб данесьці тое, што ў іх адбываецца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці