• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» № 4 (70)

    жнівень–кастрычнік 2022 года. Спампаваць PDF

    Беларускіх журналістаў па-ранейшаму пераследавалі за прафесійную дзейнасць; скарачалася прастора для функцыянавання незалежных СМІ.

    • 32 медыяпрацаўнікі знаходзіліся ў зняволенні на канец кастрычніка.

    • Было вынесена 9 прысудаў па крымінальных справах – журналісты атрымалі тэрміны пазбаўлення волі ад 3 да 14 гадоў. Новыя крымінальныя справы распачатыя ў дачыненні да пяці журналістаў.

    • Журналісты зазналі затрыманні, прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці і іншыя віды ціску.

    • Антыэкстрэмісцкае заканадаўства, як і раней, з’яўлялася зброяй барацьбы з незалежнай прэсай – перш за ўсё як нагода для блакіроўкі доступу да анлайн-СМІ і прыцягнення да адказнасці за распаўсюд інфармацыі. Першая крымінальная справа па новым артыкуле Крымінальнага кодэкса 130–2 (адмаўленне генацыду беларускага народа) была распачатая ў сувязі з публікацыямі ў незалежных СМІ.

    • У выніку палітыкі ўладаў працягвалася скарачэнне незалежных крыніцаў інфармацыі ўнутры Беларусі – яны вымушана спынялі сваю дзейнасць.

    • Дзейнічае цэнзура ў дачыненні да публікацыяў СМІ, уключаючы дзяржаўныя.

    Крымінальны пераслед журналістаў

    3 жніўня Гомельскі абласны суд прысудзіў журналістцы польскага тэлебачання, былой супрацоўніцы тэлеканала «Белсат» Ірыне Слаўнікавай пяць гадоў пазбаўлення волі па двух крымінальных артыкулах: па частцы 1 артыкула 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і частцы 1 артыкула 361–1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання ці ўдзел у ім)[1].

    6 верасня Брэсцкі абласны суд прызнаў экс-журналістку БелТА Іну Можчанка вінаватай у абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса) і распальванні сацыяльнай варожасці (частка 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса) і прысудзіў ёй тры гады калоніі строгага рэжыму з адбываннем пакарання на агульным рэжыме. Іна Можчанка была затрыманая ў верасні 2021 года ў сувязі з яе негатыўным выказваннем пра загінулага супрацоўніка КДБ у сацсетках[2].

    14 верасня журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына асудзілі ў закрытым працэсе па двух артыкулах: 365 (умяшальніцтва ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў) і 356 (частка 1) (дзяржаўная здрада). Камітэт дзяржаўнай бяспекі абвінаваціў журналіста ў супрацоўніцтве з украінскай выведкай – украінскімі дыпламатамі. Ён быў асуджаны на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі і аштрафаваны на 4800 рублёў. Ён таксама павінен выплаціць кампенсацыю дзевяці пацярпелым у памеры 2000 рублёў кожнаму. Хто гэтыя пацярпелыя, грамадскасці невядома. Увогуле журналіст павінен заплаціць больш за 9000 долараў[3].

    28 верасня Мінскі гарадскі суд агучыў прысуд па справе экс-журналісткі Белтэлерадыёкампаніі, лаўрэаткі дзяржаўных прэміяў за дасягненні ў прафесіі Ксеніі Луцкіной – восем гадоў пазбаўлення волі. Яна была затрыманая 22 снежня 2020 года, у адзін дзень з супрацоўнікамі беларускага «Прэс-клуба». Першапачаткова іх усіх абвінавачвалі ў нявыплаце падаткаў, а пасля таго, як справу «Прэс-клуба» зачынілі і выпусцілі ўсіх яго фігурантаў, якія напісалі прашэнне пра памілаванне, Луцкіной было прад’яўленае новае абвінавачанне – змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (артыкул 357 Крымінальнага кодэкса), матываванае тым, што яна «ўзначаліла групу інфармацыйнага забеспячэння і супрацьдзеяння дзяржаўным СМІ» ў Каардынацыйнай радзе беларускай апазіцыі[4].

    6 кастрычніка, пасля чатырох месяцаў слуханняў у закрытым рэжыме, завяршыўся суд па справе БелаПАН (незалежнага інфармацыйнага агенцтва, якое было разгромлена сілавікамі ўлетку 2021 года і пазней прызнана «экстрэмісцкім фарміраваннем»). Медыяменеджару Андрэю Аляксандраву прызначылі 14 гадоў калоніі, яго жонцы Ірыне Злобінай – 9 гадоў, былому дырэктару агенцтва БелаПАН Дзмітрыю Наважылаву – 6 гадоў, галоўнаму рэдактару і дырэктару БелаПАН Ірыне Леўшынай – 4 гады:

    • Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну абвінавачвалі па частцы 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ў падрыхтоўцы «не менш за 260 асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (так следства трактавала аплату імі штрафаў, рахункаў за паслугі адваката і да т.п. для людзей, якія ўдзельнічалі ў поствыбарных пратэстах);

    • іх жа абвінавацілі па частцы 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) за садзейнічанне фонду ByHelp у дзейнасці, «накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»;

    • Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава і Ірыну Леўшыну абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання з ліку працаўнікоў БелаПАН і іншых асобаў, а таксама ў кіраўніцтве такім фарміраваннем па частцы 1 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса;

    • Андрэя Аляксандрава і Дзмітрыя Наважылава – ва ўхіленні ад выплаты падаткаў БелаПАН па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (у Следчым камітэце заяўлялі, што супрацоўнікі БелаПАН нібыта ўхіліліся ад выплаты падаткаў на 449 тысячаў рублёй за шэсць гадоў і атрымалі схаванае фінансаванне ад замежных арганізацыяў на суму ў 1,6 млн долараў з 2014 года)[5].

    Мінскі гарадскі суд 26 кастрычніка агучыў прысуд галоўнаму рэдактару анлайн-выдання «Штодзённік», журналісту-расследавальніку Сяргею Сацуку. Ён быў асуджаны да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, бо быў прызнаны вінаватым у атрыманні хабару ў буйным памеры (частка 2 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса), перавышэнні службовых паўнамоцтваў (артыкул 426), а таксама ў распальванні сацыяльнай варожасці (артыкул 130)[6].

    27 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе журналіст Алесь Любянчук, які раней супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат», быў прызнаны вінаватым па артыкуле 361–1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання ці ўдзел у ім) і асуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі[7].

    Працягваўся крымінальны пераслед журналістаў – заведзены новыя крымінальныя справы

    Іван Мураўёў, журналіст, аператар і фатограф, быў затрыманы 29 жніўня ў Мінску супрацоўнікамі Следчага камітэта, пасле чаго яму было прад’яўленае абвінавачанне па частцы 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні). Журналіст знаходзіцца ў СІЗА[8].

    14 верасня ў Гомелі быў затрыманы журналіст Яўген Меркіс. Першапачаткова паведамлялася, што ягоная справа датычыцца нібыта заклікаў да санкцый. Пазней стала вядома, што журналісту прад’яўленае абвінавачанне па артыкуле 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці)[9].

    Журналістам-супругам Аляксандру Лычаўку і Сняжане Інанец, затрыманым 6 кастрычніка, былі прад’яўленыя абвінавачанні па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) у сувязі з удзелам у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і падпіскай на «дэструктыўныя» Тele­gram-каналы[10].

    Супраць Дзмітрыя Семчанкі, былога супрацоўніка АНТ, завялі крымінальную справу аб распальванні варожасці (частка 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса). 16 верасня ён быў затрыманы і двойчы асуджаны да адміністрацыйнага арышту, пасля чаго яму было прад’яўленае абвінавачанне. У жніўні 2020 года Семчанка звольніўся з тэлеканала АНТ, дзе ўзначальваў прэзідэнцкі пул журналістаў, у знак пратэсту супраць гвалту[11].

    У жніўні журналісту і актывісту Саюза палякаў Анджэю Пачобуту прад’явілі новае абвінавачанне, акрамя першапачатковага абвінавачання ў «распальванні варожасці» (артыкул 130 Крымінальнага кодэкса). Яму дадаткова інкрымінавалі «заклікі да абмежавальных мераў (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» (артыкул 361 Крымінальнага кодэкса)[12].

    Ціск на журналістаў і медыя

    За тры месяцы БАЖ зафіксаваў 13 затрыманняў і 12 вобшукаў, якія закранулі журналістаў; 8 разоў журналістаў асуджалі да адміністрацыйных арыштаў і адзін раз да штрафу. Акрамя таго, прадстаўнікі сілавых ведамстваў выклікалі журналістаў для апытання, наведвалі дамы журналістаў, якія з’ехалі з Беларусі[13].

    23 жніўня рэдактар сайта «Народныя навіны Віцебска» Сяргей Серабро быў выкліканы ў Віцебскі абласны аддзел ГУБАЗіК (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў), дзе на працягу гадзіны яго апытвалі, а затым узялі пісьмовыя тлумачэнні наконт асвятлення пратэсных шэсцяў пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе[14].

    Масіраваны пераслед зазнала незалежнае інтэрнэт-выданне «Бабруйскі кур’ер» і яго галоўны рэдактар Анатоль Санаценка. У сярэдзіне верасня ён быў затрыманы і двойчы асуджаны да адміністрацыйнага арышту. У яго і яго калегаў прайшлі вобшукі і была канфіскаваная тэхніка. 19 верасня быў заблакаваны сайт «Бабруйскаго кур’ера», а 26 верасня суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска прызнаў ягоны кантэнт «экстрэмісцкімі матэрыяламі». 6 кастрычніка ў Telegram-канале мясцовага дзяржаўнага радыё «ЗефірFM» з’явіўся пяціхвілінны сюжэт пра газету «Бабруйскі кур’ер» і яе супрацоўнікаў, тэкст у якім чытаў галоўны рэдактар праўладнай газеты «Бабруйскае жыццё» Мікалай Сілкоў. Асноўная ўвага ў сюжэце надавалася Анатолю Санаценку, які ў той час адбываў адміністрацыйны арышт. Яго, у прыватнасці, бяздоказна абвінавачвалі ў выпрошванні грошай у ЗША і Германіі, публікацыі «фэйкаў» пра тэракт у мінскім метро і сувязях з тэлеканалам «Белсат» (прызнаным «экстрэмісцкім фарміраваннем»)[15].

    У канцы кастрычніка быў затрыманы Андрэй Фамін, які прызнаў, што быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі пратэсных газетаў «Веснікі», якія выдаваліся і распаўсюджваліся актывістамі лакальных ініцыятыў (у сакавіку 2022 года яна аб’ядналася ў газету «Беларускі веснік»)[16].

    Ужыванне антыэкстрэмісцкага заканадаўства

    26 жніўня 2022 года супраць анлайн-медыя «‎Флагшток» і ‎Zerkalo.io была распачатая першая ў краіне крымінальная справа па новым артыкуле 130–2 (адмаўленне генацыду беларускага народа). Прычынай стала публікацыя, у якой сцвярджалася, што на адной з мапаў Гомеля, апублікаванай на сайце мясцовых уладаў, ёсць паметка пра месца масавых пахаванняў ахвяраў палітычных рэпрэсій 1937 года, пры гэтым, паводле версіі пракуратуры, у дадзеным пахаванні знаходзяцца ахвяры нацыстаў. Праз некаторы час «‎рэзанансная» мапа была выдаленая, а супраць двух СМІ распачатая крымінальная справа[17].

    Ваеннаму эксперту Ягору Лебядку, якога затрымалі ў Смалявічах 13 ліпеня і спачатку арыштавалі на 15 сутак, было прад’яўленае абвінавачанне ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці за каментары для «Еўрарадыё» (прызнанага «экстрэмісцкім фарміраваннем») па артыкуле 361–4 Крымінальнага кодэкса. У кастрычніку праўладныя крыніцы паведамілі, што супраць яго была заведзеная яшчэ адна крымінальная справа па прызнаку паўторнасці (нібыта «інтэрв’ю экстрэмістам утварае асобны склад злачынства»). Верагодна, гаворка вядзецца пра частку 2 таго ж артыкула. Пры гэтым Лебядок быў затрыманы за тыдзень да таго, як радыёстанцыя атрымала статус «экстрэмісцкага фарміравання»[18].

    Працягвалася ўключэнне сайтаў і старонак у сацсетках, якія належаць незалежным выданням, у пералік экстрэмісцкіх матэрыялаў, а іх супрацоўнікаў, якія знаходзяцца пад следствам і асуджаныя па пэўных крымінальных справах, – у спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».

    «Экстрэмісцкімі матэрыяламі» былі прызнаныя «люстэркавы» сайт і сацыяльныя сеткі выдання «‎Хартыя’97», група ў Face­book і YouTube-канал выдання Hrodna.life, сайт «‎Барысаў-інфа», старонка ў «‎Аднакласніках» выдання ‎EX-PRESS.BY, Telegram-чат і сацыяльныя сеткі выдання «‎Флагшток», Telegram-каналы «Медыя-Палессе» і «‎Першы Рэгiён», сайт «‎Бабруйскага кур’ера», а таксама канал «‎ТОК | TALK», які належыць выданню «‎Наша Нiва» і на якім публікуюцца інтэрв’ю з чальцамі грамадзянскай супольнасці. Таксама ў спіс патрапілі два сайты польскай радыёстанцыі Pol­skieRa­dio. Пад забарону патрапіў сайт, што публікуе стужку рэгіянальных навінаў, якія можна ўбачыць у беларускім сегменце Telegram, пры гэтым не падпісваючыся на самі каналы. Да «экстрэмісцкіх матэрыялаў» быў аднесены відэаролік Беларускага расследавальніцкага цэнтра пра «справу артапедаў», Telegram-канал экалагічнай арганізацыі «‎Экадом» і навінавы сайт «‎Зялёны партал»[19].

    «Экстрэмісцкімі фарміраваннямі» паводле рашэння МУС стала «група грамадзянаў, аб’яднаных пры дапамозе інтэрнэт-сайтаў, Telegram-каналаў і сацыяльных сетак інфармацыйнага рэсурсу “Хартыя’97”», а таксама «група грамадзянаў, аб’яднаных у тым ліку пры дапамозе Telegram-чата “Белсатаўшчына”», верагодна, звязанага з тэлеканалам «‎Белсат». Да «асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» былі аднесеныя журналістка Кацярына Андрэева і філосаф Уладзімір Мацкевіч[20].

    КДБ уключыў у лік «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці» Анджэя Пачобута, журналіста і аднаго з лідараў Саюза палякаў Беларусі, а таксама былых супрацоўніцаў TUT.BY, якія знаходзяцца пад следствам: галоўнага рэдактара Марыну Золатаву, дырэктара Людмілу Чэкіну, журналістак Вольгу Лойку і Алену Талкачову[21].

    Абмежаванне доступу да інфармацыі

    Перыяд адзначыўся ўнясеннем зменаў у працэдуру блакіроўкі непажаданых сайтаў, а таксама ў арганізацыю доступу спецслужбаў да кантэнту інтэрнэт-рэсурсаў.

    23 верасня была апублікаваная пастанова Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце (ААЦ) (набыла моц праз месяц пасля яе афіцыйнага апублікавання). Калі раней інтэрнэт-правайдары правяралі спіс абмежаванага доступу адзін раз у дзень, то цяпер яны абавязаныя рабіць гэта кожныя тры гадзіны на працягу дня і абмяжоўваць доступ да таго ці іншага «забароненага» інтэрнэт-рэсурсу на працягу чатырох гадзінаў з моманту ўнясення ў спіс[22].

    18 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 368 «Аб узаемадзеянні аператараў электрасувязі, пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў з органамі, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць», які прадугледжвае стварэнне спецыяльнай інфармацыйнай сістэмы электроннага ўзаемадзеяння са спецслужбамі. У якасці тых, хто можа сачыць за карыстальнікамі, вызначаныя ААЦ і КДБ. Калі раней сачэнне ў рэжыме рэальнага часу вялося толькі за карыстальнікамі аператараў электрасувязі, то цяпер яно стане абавязковым для пастаўшчыкоў паслуг электрасувязі і ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў. Тыя з іх, якіх вызначаць ААЦ і КДБ, будуць абавязаныя ў трохмесячны тэрмін зарэгістравацца ў сістэме і настроіць свае рэсурсы для бесперашкоднага доступу сілавікоў у рэжыме анлайн[23].

    Працягваліся блакіроўкі незалежных анлайн-СМІ і сайтаў грамадскіх арганізацыяў. Так, былі заблакаваныя сайты выданняў «‎Вячэрні Бабруйск», «‎Бабруйскі кур’ер», «Народная Воля», CityDog.io, навінавыя сайты belprauda.соm і s13.ru, сайт «Польскага радыё», сайт экалагічнай накіраванасці «‎Зялёны партал», а таксама сайт праваабарончай ініцыятывы «Журналісты за талерантнасць», «люстэрка» сайта Беларускай асацыяцыі журналістаў[24].

    Сайт навінаў пра Мінск і Беларусь ‎Blizko.by быў часова заблакаваны па рашэнні Міністэрства інфармацыі з‑за ўзгадвання ў адной з публікацыяў блогера Антона Матолькі, уключанага ў пералік «‎тэрарыстаў». Пасля разблакавання на сайце зніклі палітычныя навіны, у тым ліку архіўныя[25].

    Сацыяльная сетка «УКантакце» заблакавала шэраг старонак і групаў беларускіх незалежных СМІ – «Хартыі’97» і «Флагштока» паводле скаргі Міністэрства інфармацыі Беларусі, «Люстэрка» і беларускай «Медыязоны» – па патрабаванні Генеральнай пракуратуры Расіі[26].

    З 1 жніўня спыніў вяшчанне тэлеканал «БелБізнесЧэнэл», паведаміўшы пра гэта на сваёй старонцы ў Face­book без указання прычынаў. Гэта быў адзіны ў Беларусі тэлеканал пра бізнес, пабудаваны на рэтрансляцыі праграмаў расійскага тэлеканала РБК і здымцы ўласных праграмаў на беларускую тэматыку[27].

    22 верасня выйшаў апошні нумар газеты «УзГорак». Па не паведамленых публічна прычынах рэдакцыя вырашыла прыпыніць выхад друкаванага выдання пасля 12 гадоў працы[28].

    Падзеі ў дзяржаўным медыясектары

    26 жніўня міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў заявіў, што досвед стварэння медыяхолдынга ў Мінскай вобласці будуць укараняць ва ўсіх рэгіёнах краіны, бо «сёння гэта адзіная магчымасць утрымаць ва ўмовах трансфармацыі аўдыторыю сваіх раёнаў». Маецца на ўвазе стварэнне ўзбуйненых рэдакцыяў для раённых дзяржаўных газетаў з цэнтральным кіраваннем і адзінай рэдакцыйнай палітыкай[29].

    Адыёзныя беларускія прапагандысты зазналі абмежаванні з боку кампаніі Apple, якая заблакавала доступ праз краму прыкладанняў App Store да Telegram-каналаў супрацоўніка СТВ Рыгора Азаронка і супрацоўніцы «Беларусь‑1» Ксеніі Лебедзевай у сувязі з наяўнасцю «паклёпніцкага, дыскрымінацыйнага ці подлага кантэнту», і кампаніі Meta, якая заблакавала старонку Рыгора Азаронка ў Face­book.

    Міністэрства інфармацыі Беларусі, якое пастаянна ініцыюе блакіроўку сайтаў незалежных СМІ, у адмысловай заяве назвала гэтыя дзеянні «удушэннем свабоды слова»[30].

    Сталі вядомыя выпадкі жорсткай цэнзуры ў дзяржаўных СМІ.

    Так, галоўны рэдактар барысаўскай раённай газеты «Адзінства» Кацярына Вараб’ёва была вымушаная звольніцца пасля таго, як яна ў інтэрв’ю праўладнаму блогеру паскардзілася на праблемы райцэнтраў[31].

    На «Гомельскім гарадскім радыё» звольнілі некалькіх супрацоўнікаў, у прыватнасці радыёвядучых Арцёма Забірана і Яраслава Бычкоўскага. Іх абвінавацілі ў падтрымцы пратэстуючых у 2020 годзе, пасля таго як яны ў эфіры 11 кастрычніка павіншавалі з днём народзінаў расійскага незалежнага журналіста і відэаблогера Юрыя Дудзя (некалькі ягоных відэа былі прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»), а ў іх у сацсетках знайшлі крамольныя публікацыі[32].

    Тэлеканал «Гродна Плюс» з гэтай жа нагоды прынёс выбачэнні гледачам: на тэлеканале паведамілі, што 11 кастрычніка інжынер відэамантажу выпусціла ў ранішні эфір архіўны запіс 2019 года рубрыкі «Асоба дня», дзе гаворка вялася пра Юрыя Дудзя. Тэлеканал выказаў падзяку тэлегледачам «за пільнасць», бо «падобнай інфармацыі не месца ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала»[33].

     

    [4] https://baj.media/be/content/palitznyavolenuyu-zhurnalistku-kseniyu-luckinu-asudzili-na-8-gadou-kalonii

    https://baj.media/en/content/journalist-ksenia-lutskina-sentenced-8-years-prison

     

    [7] https://baj.by/ru/content/zhurnalista-alesya-lyubenchuka-prigovorili-k-3-godam-lisheniya-svobody

    https://baj.media/en/content/journalist-ales-lubianchuk-sentenced-3-years-prison

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Рэпрэсіі супраць журналістаў і медыя ў 2024 годзе, спіс зняволеных

    У табліцы сабраныя ўсе вядомыя нам выпадкі, у якіх Беларуская асацыяцыя журналістаў бачыць парушэнне правоў журналістаў у сувязі з іх прафесійнай дзейнасцю. Можаце дапоўніць? Напішыце нам на office@baj.media! На дадзены момант ў няволі застаюцца прадстаўнікі медыя: Кацярына Андрэева, Ігар Лосік, Андрэй Аляксандраў, Дзяніс Івашын, Анджэй Пачобут, Марына Золатава, Людміла Чэкіна, Валерыя Касцюгова, Дзмітрый Наважылаў, Ірына Слаўнікава, Андрэй Кузнечык, Сяргей Сацук, Канстанцін Залатых, Алесь (Аляксандр) Любянчук, Павел Мажэйка, Яўген Меркіс, Дзмітрый Семчанка, Андрэй Фамін, рэдактар самвыдатаўскіх газет «Веснік» Ларыса Шчыракова, Павел Падабед, Вячаслаў Лазараў, Аляксандр Манцэвіч, Ігар Карней, Аляксандр Зянкоў, Алесь Сабалеўскі, Яўген Глушкоў, Аляксандр Ігнацюк, Алесь Марчанка, Антон Казельскі, Алена Цімашчук, Яўген Нікалаевіч, Данііл Палянскі, Ігар Ільяш, Вольга Радзівонава Сяргей Чабоцька Андрэй Толчын Рэдацыя "Інтэкс-прэс"
    05.12.2024

    Экстремизм и медиа. Аналитика БАЖ

    29.12.2023

    ЛІЧБЫ ГОДА. Пераслед журналістаў і медыя ў 2023 годзе

    22.01.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці