• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Любоў Лунёва: “Жанчыны ў гарачых кропках працуюць больш стрымана за мужчын” (фота, відэа)

    Журналістка Любоў Лунёва распавяла, чым адрозніваліся вулічныя акцыі розных дзесяцігоддзяў незалежнай Беларусі, прыгадала шмат смешных выпадкаў з рэпарцёрскай працы і падзялілася карыснымі парадамі.

    Сустрэча адбывалася ў офісе ГА “БАЖ”.

    Свой выступ Любоў Аляксееўна пачала з разбурэння міфу пра тое, што рэпартаж з умоўна небяспечнага месца — гэта выключна мужынская справа. “Жанчыны ў гарачых кропках працуюць больш стрымана за мужчын,” — сказала яна і прывяла прыклад хваляванняў у Багдадзе, калі рэпартажы вялі толькі полька і нарвежка, а іх калегі-мужчыны кудысьці зніклі.

    Любоў Лунёва вучылася на гістарычным факультэце БДУ і да сярэдзіны 1990‑х нават не думала пра журналісцкую дзейнасць. Яе першы выступ на “Радыё Свабода” адбыўся ў 1995 годзе ў якасці ўдзельніцы студэнцкіх пратэстаў. Тады, нават не дачакаўшыся вынікаў рэферэндуму 14 мая, кіраўнік справамі прэзідэнта Іван Ціцянкоў зняў з рэзідэнцыі і падраў бел-чырвона-белы сцяг.

    У адказ студэнты БДУ павесілі сцяг БССР над прыбіральняй у корпусе гістфака і далучыліся да пратэстаў апазіцыі. Любоў Лунёва ўпершыню пабачыла брутальны разгон вулічнай акцыі.

    Аднак удзел у акцыях пратэстаў 1990‑х не меў такіх наступстваў, як цяпер. Не было цяжкіх траўмаў, нікога не выключалі і не звальнялі, штрафы давалі зусім малыя. Нават уявіць было складана, што штраф можа сягаць памеру некалькіх заробкаў.

    Сітуацыя мянялася вельмі хутка і не ў лепшы бок. Ужо з канца 1990‑х затрыманне на акцыі стала лічыцца працоўным парушэннем, двух лістоў з міліцыі было дастаткова для звальнення. Пачалося прысуджэнне вялікіх штрафаў.

    У красавіку 1997-га падчас пратэстаў супраць аб’яднання з Расіяй упершыню збілі журналістаў.

    У пачатку 2000‑х дыпламаты замежных дзяржаў (яны тады яшчэ хадзілі на акцыі) выстаўлялі Лукашэнку прэтэнзіі аб парушэнні правоў грамадзян на мірныя сходы. Тады АМАПу быў спушчаны загад удзельнікаў акцый “на камеру” не біць, а журналістаў і палітыкаў — увогуле не чапаць. Але са зменай міліцэйскага кіраўніцтва гэты загад пераасэнсавалі, пасля Плошчы-2006 сталі папросту не даваць аператарам здымаць:

    “Камандзірам АМАПу стаў Падабед і давёў да сваіх падначаленных, каб журналістаў і палітыкаў не білі. Бо ўжо зразумелі, што калі журналіст упаў і яму сталі на руку, то будзе дадатковае разбіральніцтва. І тут пачалася для журналістаў такая непрыемнасць: часам некаторыя палітыкі, калі бачылі, што пачынаецца хапун, падыходзілі і станавіліся побач. А ў гэтых жа загад — затрымаць і ў аўтазак. Пакуль журналісты стаяць, нікога збіваць не будуць. Але ўсе ведалі, што потым дастанецца па дарозе ў міліцыю. Даходзіла да таго, што камандзір роты мог сказаць: “Таварыш Лебедзько, Вы доўга будзеце за женскіе плечы пратацца?” Такія былі казусы.

    Калі пачалася Плошча-2006, ніхто не ведаў, што паўстане намётавы лагер. Менавіта ў той год пачалося жорсткае супрацьстаянне паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі медыя.

    Раней было: ну, сказаў Лукашэнка пра “чэсныя” і “нячэсныя” медыя, ну і ладна. А тут ужо людзі пачалі ладзіць перфомансы “БТ хлусіць”. Дзяржаўнае тэлебачанне паказвала намёты з даху Палаца рэспублікі, маўляў, тут стаіць 15 чалавек — і тыя неадэкваты. Выкарыстоўваўся мантаж, маглі п’яніцу якога-небудзь паказаць са сцягам, хаця яго ніхто да таго не бачыў.

    Тое ж рабіла расійскае тэлебачанне, калі пачалася акупацыя Крыма і Данбаса. Гэтыя фэйкі былі абкатаныя ў нас у 2006 годзе. Падчас разгону намётавага лагера сур’ёзна пацярпеў толькі адзін журналіст, амерыканскі, з The Wall Street Jour­nal. Бег, праваліўса ў яму, зламаў сабе нагу. Былі затрыманыя журналісты, дэпутаты польскага Сейма, шмат замежнікаў. Гэта быў, канечне, скандал”.

    Маладым калегам Любоў Лунёва параіла:

    • журналіст павінен прымусіць супрацоўнікаў міліцыі сябе паважаць. Каб АМАПавец зразумеў, што журналіст мае рацыю і мацнейшы нават за ягонага начальніка.

    • На масавых акцыях задача журналіста ацаніць максімальна дакладна колькасць удзельнікаў, назіральнікаў (калі яны ёсць), зразумела данесці да чытача, чаму прысвечана акцыя, якія асноўныя лозунгі, хто выступаў (калі гэта мітынг). Калі нейкая частка ўдзельнікаў аддзяляецца, паведаміць, колькі чалавек і куды пайшлі, што іх там чакае. Назваць кіраўнікоў міліцыі, пажадана званне і прозвішча.

    • Вырашыць для сябе ступень асабістага ўдзелу (ці дапамагаць удзельнікам, ці прыцягваць да сябе ўвагу).

    • Калі вядзеце стрым, не абмяжоўвайцеся дубляваннем таго, што гледачы і так бачаць на відэа. Шукайце дадатковую інфармацыю, давайце рэтраспектыву.

    • Не забывайцеся на гумар. З ім любая сітуацыя ўспрымаецца прасцей.

    • Задавайце нечаканыя пытанні, калі трэба “пераключыць” чалавека.

    Напрыклад, калі ў натоўпе пачынаецца паніка, можна спытаць ва ўдзельніка акцыі што-небудзь кшталту серыі ягонага пашпарта. Тады ёсць шанец, што чылавек задумаецца, “выйдзе” з сітуацыі і супакоіцца.

    Аднойчы Любоў Аляксееўна пасля адмовы размаўляць на камеру спытала: “А Ваша маці ведае, што Вы паліце?” Чалавек сумеўся, інстынктыўна пацягнуўся выкінуць цыгарэту, а потым, пэўна, узгадаўшы, што яму даўно за 40 год, расслабіўся і пайшоў на кантакт.

    На думку Любові Лунёвай, сітуацыя для журналістаў у Беларусі пагаршаецца: “Раней працавала Бюро няшчасных выпадкаў. Ім можна было патэлефанаваць, і яны мусілі шукаць, казаць, ці ў СІЗА чалавек, ці ў шпіталі. А цяпер яго няма, скасавалі, няма куды тэлефанаваць. Ёсць нумар міліцыі, а толку? Да таго ж паўсюль, акрамя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, прэс-службы быццам бы набіраюць на кастынгу — ад іх не дабіцца ніякай інфармацыі.

    У нас усё пагаршаецца, эканоміка, стаўленне да журналістаў…

    Раней студэнты былі галоўнымі ўдзельнікамі ўсіх акцый, то цяпер не так. Самыя актыўныя з’ехалі, а тыя, што прыйшлі ім на змену, нават не разумеюць сітуацыі.

    Мы рабілі апытанку каля юрфака. Пыталі, што больш істотна: Канстытуцыя ці дэкрэты прэзідэнта? І, здаецца, 92 % сказалі, што дэкрэты. Дык гэта будучыя юрысты”.

    Падчас сустрэчы слова ўзяла сябра праўлення ГА “БАЖ” Жана Літвіна: “Люба для мяне — сімвал Плошчы, сімвал вулічных акцый 1990‑х. Найбольш істотнае — гэта, канечне, здабытая і аператыўна перададзенная інфармацыя. Акрамя таго Люба — баец. Яна  заўсёды была ў самых гарачых кропках. Хачу сказаць аб прэстыжы прафесіі. Лунёву ведала ўсё міліцэйскае кіраўніцтва, звярталася “Аляксееўна”, паважала.

     Самае галоўнае ў экстрымальных сітуацыях — бачыць адзін аднаго, падтымліваць. Мы на працы, мы выконваем свае прафесійныя абавязкі, ніхто не мае права нам перашкаджаць. Варта памятаць, што ў нашай прафесіі мусіць быць прэстыж, трэба бараніць яго.

    Люба шыкоўныя словы сказала: “Прымусіць сябе паважаць”.

     

    Фота Алены Ляшкевіч

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці