833

У суботу — анлайн-марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!» Сабраныя грошы пойдуць на падтрымку палітвязням і іх родным

28.07.2023 Крыніца: Аўтар для сайта БАЖ

Барацьба з несправядлівасцю і злом — забег на доўгую дыстанцыю. Гэта не навіна. А навіна ў тым, што ў суботу, 29 ліпеня, незалежныя беларускія медыя аб’яднаюцца, каб правесці анлайн-марафон салідарнасці «Нам не ўсё адно!». Сабраныя грошы будуць накіраваны палітвязням і іх родным. У мерапрыемствы будуць удзельнічаць больш за 20 незалежных СМІ. БАЖ таксама далучыцца да акцыі.

З адпаведнай ініцыятывай выступіла прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вольга Гарбунова са сваёй камандай.

Трансляцыя, падчас якой будзе магчымасць зрабіць ахвяраванні, будзе весціся адначасова на шматлікіх незалежных YouTube-пляцоўках з 10-й ранку да 10-й вечара па мінскім часе 29 ліпеня.

Усе данаты будуць збірацца на адзіны рахунак, адкуль сабраныя грошы размяркуюцца паміж фондамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія дапамагаюць палітзняволеным і іх родным.

Гледачоў марафона, якія знаходзяцца ў Беларусі, арганізацыйная група заклікае клапаціцца пра сваю бяспеку: не рэпосціць, не лайкаць і не каментаваць трансляцыю са сваіх персанальных акаўнтаў, данаціць грошы толькі праз карткі і рахункі сяброў і блізкіх, якія жывуць за мяжой.

У арганізацыі і правядзенні марафону ўдзельнічаюць больш за 20 незалежных медыя, сярод якіх — «Белсат TV», «Еўрарадыё», «Зеркало», «Звычайны ранак», «Радыё Свабода», «Радыё Ўнэт», «Страна для жизни», а таксама «Беларускі расследавальніцкі цэнтр», «Брестская газета», «Маланка Медиа», «Медыязона», «Наша Ніва», «Радыё Рацыя», «Салідарнасць», «BPN/Pozirk», «Hrodna.life», «Kyky.org», «Nexta», «Reform.by», «Tribuna.com» і іншыя. 

Адзначым, што ў марафоне таксама прыме ўдзел БАЖ. А карыстаючыся нагодай, заўважым, што ў траўні ў Вільні стартаваў Марафон салідарнасці з беларускімі палітзняволенымі рэпарцёрамі.

Да акцыі ўжо далучыліся ў Германіі, Швецыі, Фінляндыі, Даніі ды іншых краінах.

Чытайце яшчэ:

Андрэй Бастунец: Незалежныя медыі ачомаліся, але, калі сітуацыя не зменіцца, трэба думаць, як жыць далей

«Я не веру, што пасля смерці Лукашэнкі прыйдзе іншы дыктатар». Размова з беларускамоўным дэпутатам літоўскага Сейма

«Неяк апошнім часам, выбіраючы кнігі, думаеш: а што яна табе дасць?» Андрэй Скурко аб прачытаным і адрэфлексаваным

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!