• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Арганізатары спалохаліся» — Алексіевіч пра патрабаваньне да журналістаў узгадняць публікацыі зь яе сустрэчы з айцішнікамі

    9 студзеня мае адбыцца адкрытая сустрэча з нобэлеўскай ляўрэаткай Сьвятланай Алексіевіч, якую ініцыявала кампанія Andersen People. Высьветлілася, што арганізатары патрабуюць у журналістаў узгадняць зь імі матэрыялы, якія яны падрыхтуюць па выніках.

    Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч назвала абсалютным глупствам патрабаваньне арганізатараў сустрэчы да журналістаў узгадняць матэрыялы.

    «Я ўпершыню з такім сустракаюся, і буду зьвязвацца з арганізатарамі, каб патлумачыць ім сваю пазыцыю. Калі аўтар часам патрабуе ўзгадненьня, я гэта разумею, але калі арганізатары сустрэчы…», — сказала яна Свабодзе.

    «Я ня ведала пра такія патрабаваньні, калі пагаджалася на сустрэчу. Гэта прынамсі, дзіўна, калі не сказаць больш жорстка. Я бачу, што цяпер шмат перастраховак, зьвязаных з сустрэчамі са мной. Гэта і сытуацыя з маімі кнігамі, якія бібліятэкі адмовіліся ўзяць. Праўдападобна, што самі арганізатары спалохаліся», — выказала сваю вэрсію нобэлеўская ляўрэатка.

    «Праграміст пастаянна думае, — гаворыцца на старонцы Ander­sen Peo­ple ў FB. — І адзіны спосаб расслабіцца — гэта нейкі час думаць не пра працу. А пра што-небудзь глыбокае, узвышанае слушнае. Напрыклад, пра літаратуру. 9 студзеня адбудзецца сустрэча зь першым Нобэлеўскім ляўрэатам незалежнай Беларусі, дзе вы зможаце задаць уласныя пытаньні і даведацца, што Святлана Аляксандраўна думае пра цяперашні сьвет, сучасную культуру і інфармацыйныя тэхналёгіі. Ніякай палітыкі, толькі гутарка паміж разумнымі людзьмі. У кожнага будзе магчымасьць задаць хвалюючае яго пытаньне, аўтар найлепшага — атрымае падпісаны экзэмпляр кнігі. Уваход бясплатны».

    ​Паколькі колькасьць месцаў у залі абмежаваная, арганізатары прасілі зарэгістравацца жадаючых. Неўзабаве зьявілася паведамленьне, што месцы скончыліся, адзначае партал dev.by.

    Каб СМІ маглі трапіць на сустрэчу, журналістам трэба запоўніць спэцыяльную форму, у якой яны абавязваюцца аддаць матэрыял з сустрэчы на зацьвярджэньне.

    «Запаўняючы гэтую анкету, вы згаджаецеся перад публікацыяй даць вашыя матэрыялы на зацьвярджэньне арганізатарам мерапрыемства. Адпраўляйце іх па адрасе n.izoitko@andersenlab.com з пазнакай «Алексіевіч — СМІ». Калі вы парушыце гэтае пагадненьне, мы будзем вымушаныя абмежаваць ваш доступ на нашы мерапрыемствы ў будучыні. Спадзяемся на сумленнае, прадуктыўнае і доўгачасовае супрацоўніцтва», — гаворыцца ў форме.

    Журналісты dev.by зьвярнуліся да арганізатараў мерапрыемства з просьбай растлумачыць сытуацыю. Але пасьля пісьмовых кантактаў у прадстаўнікоў Ander­sen Peo­ple пазыцыя зьмянілася:

    — Мы ў цэлым супраць асьвятленьня гэтай сустрэчы ў СМІ, — сказалі ў Ander­sen Peo­ple, — Гэта для таго, каб мець магчымасьць кантраляваць асьвятленьне сустрэчы.

    — Гэта ініцыятыва Ander­sen Peo­ple або ўмова Святланы Алексіевіч? Хто менавіта будзе правяраць? Вы ці яна?

    — У дадзеным выпадку, гэта ня мае значэньня.

    Вось як пракамэнтаваў сытуацыю прадстаўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі ў Фэйсбуку: «Аб свабодзе слова ў Беларусі. Арганізатар сустрэчы са Святланай Алексіевіч! IT-кампанія Ander­sen патрабуе ад журналістаў узгадніць тэкст перад публікацыяй… Ганьба!»

    На сустрэчу 9 студзеня пойдзе і карэспандэнт Свабоды.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці