Барыс Гарэцкі: Завочная вытворчасць — слова года для беларускай медыясупольнасці
Тэндэнцыі канца года ў журналістыцы: рэпрэсіі супраць рэдакцый, якія ў Беларусі хоць і адмовіліся ад палітычных тэмаў, але працавалі. Такім чынам новыя прозвішчы дадаюцца да спісу журналістаў за кратамі, хаця трое з нашых калег у 2024 годзе – выйшлі на волю.
Іншая тэндэнцыя – так званая завочная судовая вытворчасць, якая пашыраецца. Нават гэта можна вызначыць як слова года, кажа ў інтэрв’ю Беларускаму Радыё Рацыя намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
— Завочная вытворчасць, напэўна, слова года для беларускай медыясупольнасці. У гэтым годзе надзвычай моцна актывізаваліся рэпрэсіўныя захады ўладаў у бок журналістаў, якія выехалі з Беларусі.
Амаль 60 ператрусаў зафіксавана на дадзены момант. Я баюся, што да канца года іх стане яшчэ больш. І большасць з гэтых ператрусаў – гэта ператрусы ў людзей, якія выехалі з Беларусі, а сілавікі прыходзілі ў Менску і іншых гарадах да іх родных.
Праводзячы гэтыя завочныя вытворчасці, завочныя крымінальныя справы, арыштоўваюць маёмасць, забіраюць рэдакцыйныя пасведчанні. Гэта адна з сумных адметнасцяў гэтага года.
Зразумела, што гэта лепш, чым калі чалавека затрымліваюць у Беларусі, з другога боку, зразумела, што гэта ціск на родных. У многіх выпадках сілавікі наўпрост кажуць, што яны хочуць ад родных, што трэба перадаць самому журналісту ці журналістцы, камусьці кажуць вяртацца, ці прапануюць спыніць сваю дзейнасць і яшчэ нейкія патрабаванні. Але самыя прыкрыя выпадкі, калі родных прымушюць запісваць пакаяльныя відэа. Гэта класіка 37-га года, калі чалавека вінавацяць у тым, што ў яго не такі сын ці не такая дачка.
Здаецца, яшчэ адна асаблівасць году — калі [пакаяльныя] відэа ператварыліся ў аўдыя. Міністрэрства інфармацыі раскрытыкавала сілавікоў…
— Хутчэй за ўсё гэта звязана з пагрозай далейшых выдаленняў каналаў з тэлеграма — я думаю, што яны пайшлі ў аўдыёфармат выключна для таго, каб абараніць сябе.
Калі ж казаць пра відэа, то сёння TikTok стаў мэйнстрымам у сферы прасоўвання медыякантэнту. Напэўна, сёння ўжо ўсе медыі маюць свае ціктокі, таму што беларуская аўдыторыя надзвычай адкрытая да гэтай сацсеткі. Нават калі ты робіш нешта не надта ўмела ці дасканала, усё роўна гэтыя ролікі працуюць, залятаюць, статыстыка паказвае іх эфектыўнасць. Таму яшчэ адно слова года — гэта цікток, і многія рэдакцыі сёлета могуць пахваліцца выдатнымі лічбамі.
Раней хвалі рэпрэсій былі заўсёды звязаныя з электаральнымі цыкламі. Зараз таксама нібыта ёсць у нас нейкія выбары, выбарчая кампанія электаральная. З гэтым таксама можна звязаць ціск [на медыі]?
— Апошнія чатыры гады ціск нікуды не змяншаўся. За гэты год мы бачылі некалькі хваляў рэпрэсій. Адна з іх летам, калі пачыналіся масавыя завочныя вытворчасці супраць журналістаў.
Цяпер мы адчуваем подых так званых выбараў. На мінулым тыдні ў Беларусі разграмілі дзве рэдакцыі. Былую рэдакцыю Intex-Press у Баранавічах, якая цяпер выходзіла пад лагатыпам BAR24, проста пасадзілі за краты.
Фактычна іх праца спыненая, хоць медыя даўно адыйшло ад грамадска-палітычнай павесткі. Але так як выданне стварала сур’ёзную канкурэнцыю дзяржаўным СМІ ў Баранавічах, то проста знішчылі жывую рэдакцыю. На дадзены момант пяцёра чалавек у следчым ізалятары — падобна, што іх чакае вельмі сур’ёзная крымінальная справа, на жаль.
Гэта было на пазамінулым тыдні, а на мінулым тыдні [разграмілі] яшчэ адну рэдакцыю, якую мы пакуль публічна не называем. З прамежкам у адзін тыдзень у Беларусі знішчылі два медыі, якія не пісалі пра палітыку, бо ніхто ўжо ў Беларусі не можа пісаць пра палітыку. Але нават такія выданні перад так званымі выбарамі «прыхлопваюць». У нас зараз плюс 9 калег за кратамі.
Беларуская асацыяцыя журналістаў нагадвае, што сёння не менш 45 супрацоўнікаў медыя ў Беларусі знаходзяцца за кратамі. Усяго па стане на 18 снежня прызнаныя палітычнымі вязнямі 1276 чалавек. Па розных ацэнках беларусаў, пацярпелых ад рэпрэсій, значна больш.